Вы тут

Лукашэнка: Зямельныя рэсурсы, дзяржаўная ўласнасць, фінансы — тры кіты любой улады


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з кіраўніцтвам Савета міністраў, дзе былі разгледжаны два праекты, па якіх пры прыняцці рашэнняў узніклі пытанні. Адзін з іх — Указ «Аб распараджэнні маёмасцю», другі — законапраект «Аб дадатковых мерах у сацыяльна-працоўнай сферы».


У нарадзе прынялі ўдзел прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка, а таксама віцэ-прэм’еры, прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта, міністэрстваў і ведамстваў, губернатары абласцей.

Пераразмеркаванне паўнамоцтваў

Гаворачы аб Указе «Аб распараджэнні маёмасцю», кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў мінулым годзе было дамоўлена сканцэнтраваць у адным прававым нарматыўным акце ўсе найважнейшыя палажэнні ў гэтай сферы з абсалютна празрыстай схемай іх рэалізацыі. «Так, у Беларусі нам удалося пазбегнуць, як кажуць, „ашалелай“, агульнай, прыватызацыі, як яе раней называлі, шокавай прыватызацый, — падкрэсліў беларускі лідар. — У краіне ўстойліва працуюць прадпрыемствы, якія даўно існуюць, ствараюцца новыя вытворчасці, у тым ліку на дзяржаўных прамысловых пляцоўках. Аднак эфектыўнасць выкарыстання дзяржмаёмасці неабходна павышаць. Гэта датычыцца і прыватнай вытворчасці».

Урадам падрыхтаваны комплексны праект, які рэгламентуе, як належыць распараджацца не толькі цалкам дзяржаўнай маёмасцю, але і маёмасцю гаспадарчых таварыстваў з доляй дзяржавы. Прэзідэнт заўважыў, што асноўныя змены звязаныя з пераразмеркаваннем паўнамоцтваў паміж органамі дзяржаўнай улады. «Гэта правільна, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Прашу яшчэ раз заўважыць, як я адзначаў раней: паўнамоцтвы размяркоўваюцца знізу да верху, зверху да нізу. У асноўным — зверху да нізу: ад Прэзідэнта да іншых органаў улады, па вертыкалі. Гэта трэба рабіць».

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на два фундаментальныя пытанні. «Гэта зямля сельгаспрызначэння (зямельныя рэсурсы і лясныя ўгоддзі), а таксама дзяржаўная ўласнасць, — паведаміў беларускі лідар. — Што датычыцца ўласнасці, Прэзідэнт, як бы не хацеў, але не можа гэтыя паўнамоцтвы поўнасцю перадаць па вертыкалі ўніз. Не павінна так быць. Патрэбен кантроль. Аднак і тое, і іншае пытанне ў пэўнай ступені перадаваць па вертыкалі ўніз трэба».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нядаўна былі прынятыя рашэнні па зямельных рэсурсах, участках. «Мы прынялі рашэнні па асобных пытаннях перадаць паўнамоцтвы старшыням райвыканкамаў, — удакладніў ён. — І правільна. Чаму Прэзідэнт павінен вырашаць сітуацыю, калі нехта будаваўся і паўметра вылез плотам на чужую тэрыторыю? І Прэзідэнт павінен гэта або адымаць, або плот пераносіць? На месцы людзі вырашаць. Аднак ёсць пытанні выдзялення земляў сельгаспрызначэння, лясных масіваў пад забудову або яшчэ пад іншае — гэта застаецца за Прэзідэнтам. Няма неабходнасці сёння аддаваць гэтыя пытанні нават на ўзровень губернатараў». Гэты вопыт, па словах кіраўніка дзяржавы, ужо быў.

— Зямельныя рэсурсы, дзяржаўная ўласнасць, фінансы — тры кіты любой улады, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Яшчэ раз паўтару: мы акуратна, спакойна ў гэтым кірунку рухаемся. Можа быць, мы прыйдзем да таго, што ўвогуле Прэзідэнт не будзе займацца гэтымі пытаннямі. Магчыма, нават урад толькі часткова будзе займацца імі.

Аднак большасць рашэнняў з гэтага часу, па словах Аляксандра Лукашэнкі, будзе прымацца на месцах. «Але хацелася б пачуць, да чаго прывядуць дадзеныя прапановы ўрада? — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. — Ці не страціць дзяржава кантроль за продажам найбольш прывабных актываў? Ці не створым мы лазейкі для карупцыі і спекуляцый? Вопыт суседніх краін нас папярэджвае аб гэтым».

Таксама беларускі лідар пацікавіўся, якія навацыі прапанаваны ў адносінах да гаспадарчых таварыстваў, якія механізмы прадугледжаны для ўключэння ў абарот незадзейнічаных плошчаў прадпрыемстваў, і самае важнае — ці будзе ад гэтага эфект? «Калісьці мы прымалі рашэнне наконт таго, што пустуючыя аб’екты незавершанага будаўніцтва савецкіх часоў будуць задзейнічаны, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Як тут разгарнуліся мясцовыя органы ўлады?»

Акрамя таго, Прэзідэнт папрасіў далажыць аб прапановах па праекце экспертнага савета пры Савеце Рэспублікі і Мінскага гарвыканкама. «Вы добра ведаеце мае патрабаванні: заканадаўства не павінна мяняцца занадта часта, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — І калі мы бачым, што змяненні сапраўды саспелі, то павінны пераканацца, што ўсё ўлічана». 

«Дзейнічаем ва ўмовах ваеннага часу»

Другое пытанне, якое разгледзелі на нарадзе з кіраўніком дзяржавы, — законапрект «Аб дадатковых мерах у сацыяльна-працоўнай сферы». Урад прапануе прыняць меры па забеспячэнні стабільнасці ў сацыяльна-працоўнай сферы ва ўмовах санкцый. Меры часовыя. Дзейнічаюць да канца 2022 года. «Адразу пытанне: ці трэба нам на паўгода прымаць законапраекты», — запытаў Прэзідэнт.

У гэтым законапраеце, па-першае, каб падтрымаць працоўныя калектывы, прапануецца аказваць мэтавую дзяржаўную падтрымку наймальнікам. «Гэта значыць, ёсць розныя прадпрыемствы. Але адным мы акажам падтрымку, таму што яны дрэнна працуюць аб’ектыўна ці суб’ектыўна, іншым мы не дапаможам. Але тады ўзнікае пытанне, навошта працаваць? Навошта мне ўпірацца? У мяне ўсё добра, бо працуе калектыў, а там правалілі па суб’ектыўных прычынах — ім адразу з бюджэта грошы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па-другое, дадзеным законапраектам пашыраюцца магчымасці наймальнікаў па арганізацыі працы. Гэта павінна забяспечыць стабільную работу прадпрыемстваў і стварыць дадатковы рэсурс, каб больш эфектыўна задзейнічаць работнікаў, не дапусціць падзення іх даходаў.

«Хто перашкаджае ў цяперашніх умовах эфектыўна задзейнічаць працаўнікоў і зрабіць так, каб прыбыткі не падалі, а раслі. Дык заўсёды ж была такая мэта перад кіраўніком, каб даходы не падалі, а раслі», — заўважыў Прэзідэнт. Віцэ-прэм’ер Юрый Назараў растлумачыў, што маецца на ўвазе. У Працоўным кодэксе ёсць пэўныя абмежаванні па працягласці звышурочных работ, колькасці выхадных дзён, якія можна выкарыстоўваць, па пераводзе работніка па рашэнні наймальніка на іншую працу.

«Калі толькі гэта, лічыце, што гэта прынята. Лепш акуратна дамовіўшыся, пагаварыўшы, калі гэта трэба часова ці пастаянна, навучыць, перавучыць ці не вучыць і перавесці работніка на іншую працу. Усякае бывае. І калі ніхто не разумее, а павінны разумець, што мы дзейнічаем, (я пра гэта казаў на ўрачыстым сходзе) ва ўмовах ваеннага часу. Калі людзі гэтага не разумеюць, дык што, гарачую вайну развязаць? Тады ж ніхто не пытаецца, куды каго пераводзіць. Але калі гэта звязана з тым, што кіраўнік будзе спадзявацца на Галоўчанку, Назарава ці Качанаву, гэтага не будзе», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Па-трэцяе, у законапраекце ўстанаўліваюцца дадатковыя меры сацыяльнай абароны сем’яў, якія трапілі ў складаную фінансавую сітуацыю. На гэта Прэзідэнт заўважыў, што лепей за ўсё сем’і відаць на месцах. У Мінску іх бачаць кіраўнікі адміністрацый і старшыня Мінгарвыканкама, на вёсцы — старшыні сельскіх саветаў, старшыні райвыканкамаў.

«І калі гаворым аб падтрымцы, дык гэта ж грошы. Дык давайце дадзім ім грошы і проста іх абавяжам, каб яны дапамагалі гэтым сем’ям. Калі вы думаеце, што Лукашэнка, Галоўчанка ці Качанава лепш бачаць з Мінска, каму дапамагчы, вы памыляецеся. Мы проста павяжам па руках і нагах мясцовыя ўлады ў сувязі з аказаннем гэтай падтрымкі... Я за тое, каб падтрымаць тых, каму патрэбная падтрымка. А падтрымаць могуць толькі тыя, хто непасрэдна з гэтымі сем’ямі. Мы толькі можам канцэптуальна ўказаць і паставіць на кантроль, як на месцы губернатар, старшыня райвыканкама і сельскага савета аказвае гэтую падтрымку сем’ям», — заявіў ён.

Прэзідэнт пацікавіўся, ці не пагаршае Закон становішча працоўных? Якія выдаткі лягуць на бюджэт і які эфект атрымаецца ад такога страхавання наймальнікаў? Ён запытаў, ці не прывядуць прапанаваныя новаўвядзенні да таго, што прадпрыемствам будзе больш выгадна атрымаць дзяржпадтрымку, чым варушыцца самім? І, галоўнае, па словах кіраўніка дзяржавы, калі меры часовыя, то ці трэба замацоўваць іх у законе?

«Гэта пайшоў ужо перакос у нас у краіне. Канстытуцыю прынялі, яшчэ законы ў развіццё не прынялі. А давай усё ў законы запіхнем, тое, што раней рэгулявалася нават не ўказамі Прэзідэнта, а распараджэннямі і рашэннямі ўрада. Я вам гавару як былы заканадавец, які займаўся гэтым. Закон — гэта год, паўтара, а то і два. Наскокам не атрымаецца, калі па-сапраўднаму. Сёння палатамі парламента кіруюць аксакалы, якія гэта цудоўна разумеюць. І ці трэба нам гэта ўсё запіхваць, асабліва часова да канца гэтага года, у закон? Пакуль прымем закон, час сыдзе. Навошта мы гэта робім», — сказаў ён. Беларускі лідар нагадаў, што закон рэгулюе найбольш працяглыя ўстойлівыя сувязі і адносіны, калі тэарэтычна даваць азначэнні, — «Навошта часовыя меры, якія яшчэ трэба падумаць, ці прымаць, рэгуляваць законам? Мяркую, трэба гэта рабіць падзаконнымі актамі», — дадаў ён.

«Долары на хлеб не намажаш»

На нараду таксама былі запрошаныя і губернатары абласцей, каб абмеркаваць уборачную кампанію.

«Кожны дзень свет палохаюць голадам да восені і зімы — нябачаным з часоў Вялікай Айчыннай вайны. Дыму без агню не бывае, нагнятаецца сітуацыя як з пандэміяй, яшчэ з нечым. Голаду быць, і не толькі таму, што не вывезлі ўкраінскае збожжа ці Расія, якая, як Пуцін гаворыць, сёння да 50 мільёнаў тон пшаніцы гатова рэалізаваць, пад санкцыямі... Вы бачыце бездапаможнасць, з якой цэлая ААН спрабуе прадухіліць непазбежны крызіс . 50 краін свету крытычна залежаць ад гэтага харчавання. Дык гэта яшчэ кветачкі», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што шалёны махавік санкцый у дачыненні да мінеральных ўгнаенняў, нафтапрадуктаў, лагістыкі перавозак (фрахт, страхоўка) пагражае сарваць і наступныя аграсезоны і проста абрынуць рынкі харчавання.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, сёлета яшчэ хлеб будзе: год добры, у Расіі ўраджай, ва Украіне нешта збяруць. «І ў нас калі мы расхлябана сябе паводзіць не будзем, мы атрымаем хлябоў столькі, колькі нам трэба для людзей і жывёл. Мы вывозіць пшаніцу і іншыя культуры не будзем, хаця можам. Акрамя рапсу, лёну тэхнічных культур, бульбы, якой у нас хапае. Збожжавыя мы вывозіць не будзем, трэба гэта ўсё прапусціць праз жывёлагадоўлю, атрымаць мяса і малако», — сказаў ён

Прэзідэнт адзначыў, што цэны на прадукты харчавання будуць расці ў цэлым. Рост цэн на збожжавыя пацягне імгненны рост на іншыя віды харчавання, прадукты жывёлагадоўлі. Цэны ўжо пабілі ўсе гістарычныя рэкорды. Ён прывёў у прыклад пшаніцу, якая толькі за апошнія паўгода падаражэла на 60 працэнтаў. «Як аказалася, долары на хлеб не намажаш», — заўважыў ён.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў пра папярэдні скачок цэн на пшаніцу ў 2008 годзе, які скончыўся сумна вядомай «арабскай вясной». «Калі голад і не хапае ежы, пачынаюцца вайны. Збожжа стала вялікай палітыкай і, па сутнасці, зброяй. Таму я вам кажу, калі будзе працаваць эканоміка, будзе што паесці і ў што апрануць людзей, гэта гарантыя таго, што мы вытрымаем. А калі ўрад не праваліць іншыя сектары эканомікі і прадпрыемствы, то ніякія санкцыі нам не страшныя», — канстатаваў ён.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз нагадаў, што сітуацыя на харчовым рынку — шанец добра зарабіць. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што сёлетняя ўборачная кампанія павінна прайсці на найвышэйшым узроўні арганізацыі і дысцыпліны. Пры гэтым (размова нядаўна была ў Оршы) недапушчальна страціць тэмпы нарыхтоўкі кармоў як трывалай базы жывёлагадоўлі.

«Маецца на ўвазе перш за ўсё другі ўкос травы, нармальны другі ўкос травы... Па-сялянску скажу: памрыце, але збярыце гэтыя травы. Загарніце ў плёнку або пакладзіце ў траншэі. Калі вы хочаце, каб было чым зімой карміць жывёлу. Сілас у нас будзе, але трэба ж скаціне пад нос, як сяляне гавораць, кінуць жменю канцэнтрату, камбікармоў. Глядзець на вашыя лічбы падзяжу жывёлы ўжо проста нясцерпна. Страчваем мільёны рублёў на роўным месцы», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт запатрабаваў ад Генеральнай пракуратуры, Камітэта дзяржаўнага кантролю і Адміністрацыі Прэзідэнта неадкладна дакладваць, як ідуць справы, і не толькі лічбы. «Я вас папярэдзіў, што, калі на нейкім прадпрыемстве высокі падзеж, ясна што гэта кармленне і ўтрыманне. Калі яны не могуць захаваць цяля ці парася, — неадкладна перадаць маладняк тым, хто можа яго ўтрымліваць. Праверце па гэтым крытэрыі. Калі не можаце прыняць рашэнне — дакладвайце. Больш на гэтую тэму я размаўляць не буду і ўжо прад’яўлю патрабаванні да Шведа (генеральнага пракурора — Зв.) і Герасімава (старшыні Камітэта дзяржкантролю — Зв.). Пра ўрад я ўжо не кажу, гэта іх сфера дзейнасці яны павінны кантраляваць і накіроўваць працу мясцовых органаў улады». — заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што якасць уборкі збожжавых, рапсу, кукурузы павінна быць узорнай! Вырашаны абсалютна ўсе пытанні, аб якіх прасілі аграрыі: паліва, тэхніка, угнаенні. «Пачынайце варушыцца і не хадзіце з працягнутай рукой — я пра губернатараў. За якасцю ўборкі — жалезабетонны кантроль ад Мінсельгасхарча і іншых кантралёраў», — падкрэсліў ён.

Па словах кіраўніка дзяржавы, часам страшна глядзець на поле пасля ўборкі. Салому раздрабнілі растрэслі і праз два тыдні пасля ўборкі поле зялёнае, збольшага ад пустазелля, але ў большай ступені ад таго, што велізарную колькасць зерня страцілі. І сеяць не трэба, усё ўзышло. «Таму страты недапушчальныя. Мільён тон страт — вы разумееце, колькі гэта грошай. Паўмільярда долараў можна зарабіць. Мы такую дапамогу сялу не аказваем, колькі вы губляеце на палях. Асабліва па рапсе — зерне дробнае, як макавае зярнятка. Трэба адрэгуляваць камбайны такім чынам, каб яго не губляць. Гэта вялізныя грошы», — растлумачыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што страта збожжа на палях будзе расцэньвацца па меншай меры як эканамічная дыверсія, па большай — як злачынства. Ён акцэнтаваў увагу, што кадры на месцах павінны быць мабілізаваны на 100 працэнтаў. Ніякай расхлябанасці і ашуканніцтва. Поўная зладжанасць і парадак па законах ваеннага часу.

«Ідзе гібрыдная вайна. СМІ, дыпламатыя, фінансы, эканоміка — усё задзейнічана. І правакацыі ваенныя пачаліся. Мабілізуйцеся, будзе ў засеках нешта — любую вайну вытрымаем. Пераканаўча вас прашу: з наступнага тыдня ўсе павінны прыступіць да ўборкі ўраджаю», — сказаў Прэзідэнт.

Вераніка КАНЮТА

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Падчас работы думаеш пра тое, каб больш сабраць». Буякі заваёўваюць папулярнасць ў Гродзенскім раёне

«Падчас работы думаеш пра тое, каб больш сабраць». Буякі заваёўваюць папулярнасць ў Гродзенскім раёне

Яшчэ гадоў 10-15 назад салодкія садовыя буякі можна было лічыць далікатэсам.

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.