Вы тут

Беларускія і расійскія ВНУ заключылі 1,5 тыс дагавораў


У Віцебску — Маладзёжнай сталіцы-2022 — на базе ВДУ імя П.М.Машэрава прайшло пасяджэнне Рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі. На парадку дня — пытанні развіцця міжнароднай дзейнасці ўстаноў вышэйшай адукацыі і нарошчванне экспарту адукацыйных паслуг. Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства адукацыі. 


Павышэнне канкурэнтаздольнасці вышэйшай адукацыі на міжнароднай арэне вызначана адной з асноўных задач развіцця беларускай прафесійнай адукацыі ў Дзяржаўнай праграме «Адукацыя і маладзёжная палітыка на 2021-2025 гады» і Канцэпцыі развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года.

У якасці паказчыкаў, якія характарызуюць дасягненне мэт, — доля устаноў вышэйшай адукацыі, якія ўвайшлі ў 5 тысяч найлепшых універсітэтаў свету ў міжнародных рэйтынгах, а таксама колькасць замежных студэнтаў ва ўстановах адукацыі.

Міністр адукацыі Андрэй Іванец звярнуў увагу прысутных на якасны паказчык: у 2020 і 2021 гадах назіраўся значны рост кантынгенту замежных студэнтаў. Калі ў 2019/2020 навучальным годзе ў беларускіх ВНУ навучаліся 26 тысяч замежных грамадзян, то ў 2021/2022 годзе — ужо больш за 32 тысячы.

У якасці станоўчага прыкладу можна назваць рост экспарту ў Кітай. Найбольшай папулярнасцю беларуская вышэйшая адукацыя традыцыйна карыстаецца ў жыхароў Паўночнага і Паўднёвага Цэнтральнага Кітая. На гэты момант дзейнічаюць каля 550 пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж беларускімі і кітайскімі ўніверсітэтамі.

Міністр адукацыі Андрэй Іванец падкрэсліў у сваім выступленні: «На сённяшні дзень Расія — наш асноўны партнёр. Паміж беларускімі і расійскімі ўніверсітэтамі заключана каля 1,5 тысячы міжвузаўскіх дагавораў, у рамках якіх рэалізуецца акадэмічны, прафесарска-выкладчыцкі і інфармацыйны абмен. Расійскія студэнты могуць удзельнічаць у агульным конкурсе на бюджэтнае навучанне ў беларускіх ВНУ пры ўмове прадастаўлення сертыфіката аб праходжанні цэнтралізаванага тэсціравання».

Трэба адзначыць, што на сённяшні дзень айчынныя ўніверсітэты рэалізуюць з замежнымі ВНУ больш за 200 сумесных адукацыйных праграм.

Досыць ёмістым з’яўляецца і аб’ём рынка адукацыйных паслуг Азіі. Колькасць студэнтаў са Шры-Ланкі, Індыі, Ірана, Ірака і Ізраіля ў 2021/2022 годзе склала 71,6% ад усяго азіяцкага рынку без уліку Кітая. Перспектыўнымі краінамі дадзенага рэгіёна таксама з’яўляюцца В’етнам, Ліван, Іарданія, Пакістан, Сірыя.

Рашэнне задач па выхадзе на міжнародны адукацыйны рынак кіраўніцтва ведамства бачыць ва ўдзеле ў спецыялізаваных кірмашова-выставачных мерапрыемствах для прэзентацыі адукацыйных магчымасцяў беларускіх устаноў адукацыі, эфектыўнай рэкламе праз Інтэрнэт-рэсурсы і сацыяльныя сеткі, укараненні англамоўных праграм навучання, узаемадзеянні з беларускімі пасольствамі.

Міністр адукацыі перакананы, што аб’ём экспарту ўніверсітэта залежыць ад яго рэпутацыі і маркетынгавай дзейнасці па прасоўванні адукацыйных праграм. На рэпутацыю можна працаваць рознымі спосабамі, гэта можа быць сумесная работа ў міжнародных праектах і навуковых даследаваннях, правядзенне знакавых навуковых даследаванняў і публікацыя вынікаў у вядучых навуковых выданнях, удзел у міжнародных канферэнцыях і выставах, а таксама ў розных конкурсах, алімпіядах, чэмпіянатах, з’яўленне пазітыўнай інфармацыі аб нашых універсітэтах у міжнароднай прэсе — стварэнне інфападстаў, удзел у выязной акадэмічнай мабільнасці студэнтаў і работнікаў, запрашэнне на стажыроўкі і інш.

«Гэтыя меры працуюць эфектыўна і прыносяць доўгатэрміновы вынік, калі яны рэалізуюцца ў комплексе. А кропкавая праца мае вельмі кароткачасовы вынік», — канстатаваў Андрэй Іванец.

На пасяджэнні Рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі былі пастаўлены задачы па экспарту паслуг для аператыўнага іх вырашэння. Неабходна вырашыць пытанне з прафесарска-выкладчыцкім саставам, падрыхтаваным для работы з замежнымі грамадзянамі, у тым ліку для выкладання на замежных мовах, трэба прааналізаваць спектр прапанаваных англамоўных праграм на іх адпаведнасць попыту. Акрамя таго, трэба сфарміраваць пералік спадарожных паслуг па суправаджэнні працэсу навучання замежных грамадзян (паслугі персанальнага ментара, дадатковыя кансультацыі, тэматычныя або моўныя курсы, адукацыйныя экскурсіі, звязаныя з прадметамі, што вывучаюцца і інш.).

У адпаведнасці з Планам мерапрыемстваў па рэалізацыі Канцэпцыі развіцця экспарту адукацыйных паслуг на 2022-2025 гады ўстановы вышэйшай адукацыі ў 2022 годзе павінны распрацаваць свае стратэгіі павышэння экспарту адукацыйных паслуг.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота прэс-службы Міністэрства адукацыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.