Вы тут

Рыма Абызава: Праз Купалу Беларусь стала больш зразумелай


На 140-ы дзень нараджэння Янкі Купалы да яго прыехалі госці з Татарстана, з тых самых мясцін, якія яго прынялі падчас вайны, калі давялося пакінуць радзіму. У сяле Пячышчы ёсць музей Янкі Купалы, дзе ахоўваюць памяць пра беларускага паэта. Адтуль нават прывезлі падарунак мінскаму музею Янкі Купалы — памятны медаль, які стварыў скульптар Цімафей Цюрын. Яго ўручыла дырэктар музея Янкі Купалы ў Пячышчах Рыма Абызава. З ёй мы размаўляем пра куточак Беларусі, які з'явіўся ў Татарстане дзякуючы паэту.


Пра адметнасць музея:

— Казань і Пячышчы падзяляе толькі рака Волга. Наш музей знаходзіцца на правым беразе ракі, у гэтым будынку знаходзілася вялікае мукамольнае прадпрыемства. У канцы ХІХ стагоддзя вядомыя ў Казанскай губерні купцы Аконішнікавы заснавалі тут паравы млын. Пасля рэвалюцыі ўсё было нацыяналізавана. Адно з найбуйнейшых у Паволжы мукамольных прадпрыемстваў дзейнічала да 2020 года, цяпер яно закрытае. Сам будынак млына мае арыгінальную канструкцыю. Уся гэтая гісторыя адлюстравана ў нашай экспазіцыі.

Акрамя таго, ёсць міні-экспазіцыя, звязаная з геалогіяй. Як толькі ў ХVІІ стагоддзі ўтварыўся Казанскі імператарскі ўніверсітэт, адкрылася кафедра геалогіі і мінералогіі, навукоўцы звярнулі ўвагу на правы бераг: тут знаходзіцца геалагічны разрэз Пермскай сістэмы Зямлі. Таму студэнты геафака ў нас праходзяць практыку. Наш правы бераг — сяло Пячышчы і Верхні Услон — наведваюць і тыя, хто цікавіцца геалогіяй.

Да рэвалюцыі правы бераг карыстаўся попытам у інвестараў, прамыслоўцаў. Была тут таксама буйная горназдабыўная вытворчасць. З канца ХVІ стагоддзя асвойвалі правы бераг Волгі, дзе паўстаў населены пункт Пячышчы. Калісьці тут былі падлогавыя земляныя печы, потым газагенератарныя — назва пайшла менавіта адсюль.

А падчас вайны склалася так, што Янка Купала, не даехаўшы да Казані, аблюбаваў правы бераг. Застаўся па запрашэнні дырэктара мукамольнага прадпрыемства. Думаю, невыпадкова ён выявіў жаданне застацца ў Пячышчах: маляўнічы бераг Волгі, сельская мясцовасць — гэта яго прыцягнула.

Адкрыўся музей Янкі Купалы 28 мая 1975 года. Але будаваўся ён некалькі гадоў і быў створаны па ініцыятыве Саюза пісьменнікаў Татарскай АССР. Закі Нуры, які ўзначальваў пісьменніцкую арганізацыю Татарстана, ваяваў у партызанскім злучэнні Канстанціна Заслонава ў Беларусі. І Уладзіслава Францаўна прыязджала ў Пячышчы ў 1950 годзе. Яна брала ўдзел у адкрыцці мемарыяльнай дошкі Янкі Купалы, наогул адыграла вялікую ролю ва ўвекавечанні памяці Купалы. Гэта відаць і па пасляваенных фотаздымках, зробленых падчас яе прыездаў. Трэба адзначыць, што ў 1975 годзе ва ўрачыстай абстаноўцы адкрыўся толькі мемарыяльны пакой, музей працаваў на грамадскіх пачатках.

Пра судакрананне

— На той момант я была дзіцем, але памятаю, што для вёскі гэта стала важнай падзеяй. Я ўраджэнка Верхняга Услона, але гэта побач з Пячышчамі, пешшу можна дайсці. Будучы дзецьмі, мы не вельмі разумелі, што гэта за музей. Другую экспазіцыю адкрылі ў 1983 годзе, і мы, старшакласнікі, ужо ўдзельнічалі ва ўрачыстасцях.

Некалі ў будынку дома была кантора, яе перавялі ў іншае месца, вызваліўся паверх і музей яшчэ пашырыўся. Калі мне прапанавалі ўзначаліць музей, не адразу рашылася. Працавала педагогам у школе, а музей мне здаваўся зусім іншым асяроддзем. Натхніла Беларусь. Я пагадзілася, і мне адразу ж паставілі задачу: прыцягваць як мага больш наведвальнікаў. Экспазіцыі гатовыя, іх трэба толькі дапрацоўваць. Па запрашэнні калег з Мінскага музея Купалы я наведала Беларусь, убачыла, як тут ставяцца да роднага паэта, як творча падыходзяць да захавання яго спадчыны. І ў мяне ўзніклі ідэі, якія можна было б увасобіць у нас.

Адбылася сустрэча з беларускай суполкай Казані — іх далучаем да нашага жыцця. Сама стала вывучаць творчасць Купалы, супастаўляла з татарскімі паэтамі — гэта неабходна ў нашай рэспубліцы. Так паўстаў праект «Тукай і Купала — народныя паэты». Вывучыўшы іх творчасць больш глыбока, зразумела, што ў іх блізкае светаадчуванне — як быццам яны стваралі, знаходзячыся побач, але кожны на сваёй мове.

Наш музей — адзін з 13 філіялаў Нацыянальнага музея Рэспублікі Татарстан, і ўсе імкнуцца знайсці пункты судакранання. Вось і мы шукалі, напрыклад, што можа быць агульнага ў музея Купалы з музеем Горкага? А гэта асобная цікавая тэма: Горкі і Купала. З'явілася ідэя правесці выставу ў музеі Горкага. Разам з мінскімі калегамі думалі пра новыя праекты. Я задавала пытанне: «Як раскрыць Купалу не толькі як паэта, але як чалавека, як асобу?» Калі даведалася пра тое, што яго любімыя кветкі — ружы, мы абвясцілі конкурс на найлепшы фотаздымак руж. Нас нават падтрымалі дачнікі! І ў музеі Горкага мы ажыццявілі праект «Ружы Купалы», які карыстаўся поспехам.

Аднойчы, падчас работы Інтэрмузея ў Маскве мы гутарылі з калегай з мемарыяльнага музея Мусы Джаліля, значнага татарскага паэта, Героя Савецкага Саюза. Мы шукалі пункты судакранання, і я прапанавала назву: «Два жыцці — два лёсы». Гэта асобы, чые жыццё абарвалася падчас вайны з фашызмам. Вырашылі, што яны прадставяць у нас сваю выставу. Дачка Мусы Джаліля жыве ў Маскве, штогод прыязджае на Дзень памяці паэта. Мы вырашылі запрасіць яе да нас у музей. Тым больш што Джаліль таксама звязаны з Беларуссю. А калі ладзіцца новы праект, то запрашаюцца прыхільнікі двух музеяў адразу — пашыраецца прастора для зносін. Так паступова, праз партнёрства, мы і Купалу папулярызуем.

Таксама трэба было раскручваць тэму беларускай мовы. У Татарстане гэта рабіць цяжкавата. У нас ёсць кантакты з беларускай суполкай, гэта людзі, якія прыехалі да нас у савецкі час, у асноўным вайскоўцы і іх сем'і, яны ўжо далёка ад традыцый радзімы. Таму я вырашыла прыцягнуць да справы сваіх дачок-блізнятак. Яны скончылі музычную школу. Вывучылі адну з беларускіх песень, праспявалі на свяце. Спадабалася. Пачалі больш цікавіцца, вывучаць беларускую мову, пабывалі ў Беларусі. У Казані ёсць Асамблея народаў Татарстана, вельмі шмат актыўных дыяспар. Мы сталі праводзіць сумесныя мерапрыемствы, у якіх мае дзяўчаты прадстаўляюць беларускую культуру — уступілі ў беларускую суполку. Так у нас пры музеі ўтварыўся дуэт «Ружа-кветка». Яны спяваюць песні на словы Купалы і народныя, шмат працуюць над вымаўленнем. Я пачала прыцягваць сваіх сяброў і сваякоў, далучыліся блізкія супрацоўнікаў музея. І прыцягваем школьнікаў, якім цікава ўдзельнічаць у нашых імпрэзах. Ёсць чытальнікі, якія хочуць праявіць сябе.

Я і сама пачала вывучаць беларускую мову. Ад нараджэння нясу рускую і татарскую культуру: мама — татарка, а тата — рускі. А тут ужо па волі лёсу далучаюся да беларускай. Уявіце, калі наведвальніка ў нашым музеі сустракаюць на трох мовах — гэта цікавінка, якая кранае і запамінаецца.

Пра памяць:

— Былі людзі, якія памяталі Купалу. Некалькі гадоў таму мы праводзілі ў апошні шлях Ганну Сяргееўну Шаронаву, ёй было 97 гадоў. Былая настаўніца пачатковых класаў, яна ахвотна прыходзіла ў музей на сустрэчы. Нешматслоўная была, больш гаварыла пра Уладзіславу Францаўну. Таму што Купала хоць і жыў у Пячышчах, але стараўся наведаць сваіх калег у Казані, работнікаў акадэміі навук, якія таксама эвакуіраваліся ў Казань. Дома з'яўляўся бліжэй да вечара. А Уладзіслава Францаўна як гаспадыня была ў кантакце з мясцовымі жыхарамі, завітвала ў мясцовую школу, таму мы і яе стараемся прадставіць як асобу з яе дзіцячымі творамі, ці нават раскрываем яе радавод. З мясцовых жыхароў згадвалі пра сям'ю Купалы і тыя, хто працаваў на мукамольным прадпрыемстве. У рукапісах ёсць успаміны відавочцаў пра тое, як Купалу ўстанавілі рэпрадуктар. Рэпрадуктар быў устаноўлены на сельсавеце і яшчэ ў яго як у ганаровага госця. І рабочым стала прасцей — бо не трэба было спецыяльна ісці, каб паслухаць навіны. Яны прыходзілі на работу а 6-й раніцы ў першую змену. А ў яго каля дома былі лавачкі. Ён ставіў на акно рэпрадуктар, і рабочыя збіраліся, каб паслухаць зводкі Саўінфармбюро. Ёсць нават фотаздымак ваеннага часу, дзе паэт каля акна. Ён спускаўся да іх, браў люльку, у яго быў мяшэчак махоркі, ён раздаваў яе, і яны курылі разам. Згадвалі, як узімку днём, пакуль праз Волгу можна было перабірацца пешкі, ён пераходзіў на той бераг — у Казань. Многія рабочыя працавалі ў горадзе, таму была сцяжынка праз раку... На жаль, ужо нікога з відавочцаў не засталося. Каго паспелі, распыталі. Напрыклад, ёсць успаміны Клаўдзіі Міхайлаўны Грышанавай, якая маладой дзяўчынай працавала на прадпрыемстве, а ў 1942 годзе адправілася на фронт, адваявала, вярнулася і пайшла на заслужаны адпачынак з пасады галоўнага эканаміста. Калі яна збіралася на фронт, Купала падарыў ёй алоўкі і сшытак, сказаўшы: «Пішы, Клава, нам лісты з фронту» ... На жаль, сышлі тыя людзі, якія памяталі паэта.

Пра прысутнасць Беларусі

— Стараемся прыцягнуць беларусаў, якія тут жывуць, запрашаем на святы. Вядома, нам хочацца больш увагі. Але пакрысе зрухі адбываюцца. Калі прыязджаюць у рэспубліку беларусы з іншых рэгіёнаў ці нават з-за мяжы (нядаўна з Амерыкі да нас даехалі), то яны ў інтэрнэце шукаюць цікавінкі для сябе і са здзіўленнем даведваюцца, што на процілеглым беразе ёсць музей Янкі Купалы, куды можна даехаць на цеплаходзе за 30 хвілін. Часам прыязджаюць людзі, а мы ўжо самі вызначаем і ўдакладняем: «А вы выпадкова не беларусы?» І калі яны кажуць: «Так, адтуль» , — то мы сустракаем іх, як родных. А бывае, што правядзём экскурсію і бачым, што нешта хочуць сказаць. «З чымсьці нязгодныя?» — «Наадварот, мы паслухалі і цяпер прызнаёмся, што самі з Беларусі». Цяпер усе музеі зацікаўленыя ў водгуках у інтэрнэце, у сацсетках. Людзі пішуць водгукі — гэта таксама прыводзіць да нас наведвальнікаў.

А ў 2005 годзе на святкаванне 1000-годдзя Казані прыязджала дэлегацыя з Беларусі, і нават Прэзідэнт краіны. У адмысловай палатцы была сустрэча з суполкай беларусаў у Татарстане, мы на яе былі запрошаныя. Там прагучала думка, што гэта не проста музей Янкі Купалы, а куток беларускай культуры на зямлі Татарстана. Да нас завітваюць групы з Беларусі, якія прыязджаюць у рэспубліку па справах. Напрыклад, была дэлегацыя прамысловага комплексу, таксама прадстаўнікі нафтахіму, медыкі, якія прыязджалі на сімпозіум, да нас завітвалі. Натуральна, у такіх сітуацыях Татарстан хоча паказаць свае аб'екты. І часам праграма бывае шчыльная, і пра нас забываюць. А беларускі бок можа выказваць свае пажаданні. Так часта атрымліваецца, што вывучаючы чужую культуру, мы забываемся пра сваю. Але праз чужую сваё здаецца больш родным. Калі ўдалечыні ад радзімы людзі бачаць, што іх каштоўнасці і славутасці цікавыя, то многія пачынаюць па-іншаму глядзець на сваю культуру. Бывае, што прызнаюцца: «А ў Мінску мы не былі ў музеі Янкі Купалы, цяпер абавязкова сходзім».

Пра асветніцтва

— Сёлета ў межах святкавання 140-годдзя Купалы нам падарылі выстаўку юных мастакоў з Растова-на-Доне з ілюстрацыямі да твораў паэта. На тэрыторыі нашага раёна ёсць дзіцячая школа мастацтваў, з ёй мы супольна правялі акцыю «Чытаем Купалу разам». Падхапілі ідэю мінскага музея і выкарысталі некалькі гадоў таму. Цяпер у нас ладзіцца пастаянная акцыя ў рамках Дня памяці. Гучаць пераклады Купалы на розныя мовы. У Татарстане пражываюць прадстаўнікі 177 нацыянальных культур, актыўна працуе каля 30 суполак. Дзеці паслухалі вершы, і літаральна праз тыдзень нам прынеслі цудоўныя работы, якія цяпер экспануюцца ў адной выставачнай зале.

Я стараюся праз раённы аддзел адукацыі прыцягнуць у музей вучняў не толькі Пячышчанскай школы, а і Верхняга Услона. На канікулах усе хочуць некуды з'ездзіць, нешта паглядзець. А можа, для пачатку сваю малую радзіму вывучыць? А наш раён вялікі, з багатай гісторыяй. Напрыклад, праз Услон праязджаў Аляксандр Меншыкаў, калі вяртаўся з высылкі, а яго жонка захварэла, памерла і была пахаваная на нашай зямлі. Ці Керанскі са сваёй жонкай вянчаўся ў Крыжаўзвіжанскай царкве на нашым правым беразе, цяпер яна паўразбураная і патрабуе рэстаўрацыі. Ёсць людзі, якія падарожнічаюць у тым ліку дзеля таго, каб прыцягнуць увагу да аднаўлення гістарычных мясцін. Можна згадаць і паэта Яўгена Баратынскага — у іх таксама ў свой час была сядзіба на нашым правым беразе. У Казані ёсць музей Баратынскага, таксама намацваем шляхі да супрацоўніцтва. Хочацца адлюстраваць частку гісторыі нашага краю ў экспазіцыі музея. Купала ж нездарма абраў гэтыя мясціны...

Пра тое, што яднае

— Праз Купалу Беларусь стала больш зразумелай і больш блізкай. Калі мы адзначаем юбілейныя даты і запрашаем калег з Беларусі, то яны выступаюць на роднай мове. Я бачу нашых удзельнікаў — услухоўваюцца, захапляюцца, як ліецца беларуская мова. Традыцыі, культура становяцца блізкімі, нават густы ў адзенні мяняюцца. Таму Янка Купала для нас — свой чалавек, амаль член сям'і. 20-га жніўня ў нас плануецца адкрыццё абноўленай памятнай дошкі Янку Купалу, аўтарам якой з'яўляецца таксама Цімафей Цюрын. Чакаем у госці беларускую дэлегацыю для ўдзелу ў свяце паэзіі, прысвечаным 140-годдзю з дня нараджэння паэта.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.