Вы тут

ХХІХ міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў» наведала аграгарадок Ленін. Фотарэпартаж


Штогадовае свята Дзень беларускага пісьменства нельга уявіць без аднаго з галоўных яго складальнікаў — Міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў» з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга. Сёлета яна пройдзе па новым маршруце і завершыцца ў горадзе Добрушы на галоўных урачыстасцях свята.


Гэтымі днямі ініцыятыўная група удзельнікаў пабывала ў гарадах і вёсках Гомельскай вобласці, якія экспедыцыя наведае на сваім шляху. На сустрэчах з кіраўніцтвам раёнаў, прадстаўнікамі праваслаўнай царквы, мясцовымі краязнаўцамі былі ўдакладнены месцы і час правядзення ўрачыстых мерапрыемстваў, сумесных набажэнстваў, навукова-творчых канферэнцый, гутарак, выставак матэрыялаў папярэдніх экспедыцый.

Асобую ўвагу экспедыцыі будуць прыцягваць мясціны, звязаныя са знакавымі падзеямі ў нашай гісторыі. Памяць пра мінулае стане галоўнай тэмай для выступленняў вядомых навукоўцаў, літаратараў — яны, як і ў мінулыя гады, разам з усімі удзельнікамі экспедыцыі будуць несці лампаду з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга.

Гэты фотарэпартаж зроблены ў Жыткавіцкім раёне. Ініцыятыўная група пабывала ў аграгарадку Ленін. Вёска з такой назвай упершыню згадвалася тут у 1568 годзе. Мясцовыя жыхары захоўваюць і перадаюць наступным пакаленням памяць пра мноства падзей з гісторыі свайго краю. Самымі змрочнымі былі часы, калі сюды ўварваліся фашысцкія акупанты. Лічбы, якія нагадваюць пра гады Вялікай Айчыннай вайны можна ўбачыць тут на многіх помніках. А яшчэ на граніце гэтых помнікаў нанесены трагічныя лічбы колькасці ахвяр ваеннага ліхалецця: мірных вяскоўцаў і ваеннапалонных чырвонаармейцаў. У ходзе карніцкіх аперацый захопнікі знішчылі будынак мясцовай царквы (быў заснаваны ў 1788 годзе). 

Ініцыятыўная група пабывала ў месцах трагічных падзей, аглядзела помнікі, завітала ў новую вясковую царкву, паслухала расповед пра мінулае ад мясцовага жыхара, былога настаўніка беларускай мовы і літаратуры Васіля Вярэніча. У Ленінскім сельскім доме культуры адбылася сустрэча з вяскоўцамі, на якой выступілі пісьменнікі, удзельнікі экспедыцыі. Была паказана рэтраспектыўная выстаўка фотаздымкаў пра папярэднія экспедыцыі, зробленых фотакарэспандэнтам газеты «Звязда» Яўгенам Пясецкім (ён удзельнічаў ва ўсіх папярэдніх дваццаці васьмі экспедыцыях). Такая ж сустрэча з жыхарамі прайшла і ў Жыткавічах, у зале раённай бібліятэкі.

Яўген ПЯСЕЦКІ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.