Ліпень... Час прымаць багатыя падарункі лета! Пакаштаваць парэчкі, агрэст, яблыкі, чарніцы і — абавязкова паласавацца свежым мёдам. Рапсавы, ліпавы, грэчкавы, баркуновы, разнатраўе — такім мядовым асарці не кожная краіна можа пахваліцца! З'ездзілі ў Старыя Дарогі, зазірнулі ў пчаліныя магазіны і выявілі, як сёлета адбываецца салодкая справа.
Дом Васілюкоў — сам што вулей: двор стракаціць ад мноства кветак (адчуваецца клопат гаспадыні), ганак упрыгожаны ружамі, вінаградам. Да веранды прымацаваны арэлі — дамоў да Рыгора Эдуардавіча з супругай Ірынай Міхайлаўнай завітваюць дзеці: сын з нявесткай, дачка, гасцюе тут і маленькая ўнучка.
Толькі ўселіся з гаспадаром папіць гарбаты, пакаштаваць мядку (у адной руцэ лыжку трымаю, у другой — ручку, такі вось мультыжурналіст), а тут завітваюць суседзі з вядром буйных, спелых клубніц: жанчына з дзяўчынкай прыйшлі мяняцца на мёд.
— Будзеш мёд есці, га? А з блінамі ці любіш? — пытаецца жанчына ў меншай, пакуль Рыгор Эдуардавіч поркаецца са слоікамі ў хаце. Дзяўчынка задаволена ківае, паглядаючы на арэлі. А я паглядаю на мёд, якога на нашым «стале перагавораў» ажно тры віды. Цікава, як даўно займаецца гэты чалавек развядзеннем пчол?
— Як толькі змог дацягнуцца да вулея, так і пачаў дапамагаць бацьку акурваць, асвойваць бортніцтва, — згадвае мужчына, паказваючы фотаздымак, дзе маленькі хлопчык сядзіць на самаробным трактарчыку з прычэпам вулляў. Цяпер яму — 55, атрымліваецца, што Рыгор Эдуардавіч у пчалаводстве ўсё жыццё. І праўда, вопыту яму не пазычаць!
Рыгор Васілюк па прафесіі музыкант, і сёння іграе на баяне. Родам з Хойнікаў Гомельскай вобласці, скончыў Мазырскае музычнае вучылішча па спецыяльнасці «Выкладчык па класе баяна. Дырыжор аркестра народных інструментаў».
У Старыя Дарогі трапіў выпадкова: месца яму спадабалася: ціха, утульна, а галоўнае — знайшлася работа па спецыяльнасці. З таго часу Рыгор Эдуардавіч і выкладае у школе ўрокі музыкі, у дадатак настаўніку даручылі весці працоўнае навучанне.
Пакуль слухала біяграфію, падумала: хоць Рыгор Васілюк і выкладчык з вялікім стажам, і вопытны пчаляр, але перада мной — малады, жыццярадасны і поўны энергіі чалавек. Магчыма, гэта сям'я ўплывае на настрой, а можа, справа ў пчалярстве, якім наш герой пачаў займацца яшчэ з дзяцінства? Усё больш і больш хочацца трапіць на месца яго тварэння — пчальнік.
Выязджаем са Старых Дарог.
— Пчаляр — шматгранны чалавек. Гэта з работай па дрэве, і расліназнаўца... Глядзіце налева: скрыпень — добрая кармавая база, далей маліннік, цвісці можа доўга, нават у час плоданашэння... А там, глядзіце, жоўценькі такі — гэта той самы баркун — выдатны медазбор! Мёд з дзядоў збіраюць, з канюшыны. З ружовай канюшынай пчале працаваць складана — хабаток не дастае. А вось белая канюшына — добрая альтэрнатыва, — распавядае суразмоўнік пра краявіды Старадарожчыны, як пра свой агарод. Так вось не ведаеш, што за расліна: расце і расце пры дарозе, аднак менавіта з яе нектар можа трапіць у слоік мёду, якім вы ласуецеся на працягу года.
Спыняемся каля вёскі Паськава Горка. Сімвалічная назва для пчальніка! На ўскрайку лесу размяшчаецца пчаліны табар. Табар, бо пасека Васілюка заўсёды вандруе, домікі стаяць акурат на калёсах. Гэта спрыяе пошуку найлепшага месца, новай кармавой базы, а значыць, і розных відаў мёду.
Разам з намі прыехаў і сябар Рыгора Эдуардавіча, калега па рамястве, Уладзімір Уладзіміравіч Барцэвіч, які ў свой час вучыўся пчалярству ў бацькі Рыгора — Эдуарда Піліпавіча Васілюка. Агледзелі кожны домік, змералі вагу вулею і накіраваліся далей, у поле. У нос б'е алейны пах, сонца пячэ, пчолы гудуць...А Рыгор Эдуардавіч і Уладзімір Уладзіміравіч здымаюць першы, другі слаі вулея — магазіны. Менавіта тут знаходзіцца мёд. А вось ніжэй, у так званым падвале, месціцца расплод, там мёду амаль няма, запоўнены ён пяргой і мноствам пчолак, якія гатуюцца да сваёй місіі альбо ўжо вылупіліся з яйца. Усе мы былі ў экіпіроўцы, аднак пчаляры даставалі кожны магазін голымі рукамі. Пчолы вялі сябе спакойна: прыляталі на соты і адляталі зноў у поле, ніякіх адхіленняў, як на канвееры!
Паводзіны пчол залежаць і ад іх пароды. У Рыгора Эдуардавіча іх дзве: карніка і бакфаст. Раней разводзілі карпатак, каўказянак, у апошніх — доўгі хабаток, таму яны лепш дастаюць да кветак, дарэчы, збіраюць канюшынавы нектар. Карніка — працавітая і мірная пчала. Сёння вялікім попытам карыстаецца від селекцыі бакфаст. Ва Уладзіміра Барцэвіча таксама гэтая парода — жоўценькія такія, руплівыя, пародзістыя пчолкі.
Як мы ужо раней казалі, мёд — далёка не адзіны прадукт пчалярства. Акрамя яго, можна каштаваць пылок (чысты бялок), пяргу, выкарыстоўваць у касметычных мэтах пропаліс і воск. Вядома, перад спробай варта праверыць сябе на алергію. Рыгор Эдуардавіч падзяліўся рэцэптам мазі, якую можна прымяняць пры апёках, трэшчынах, пры гаенні ран: 50 г воску і вараны курыны жаўток злучыць у 200 мл разагрэтага алею. Зрабіць аднародную масу і працэдзіць праз марлю. Мазаць лепш нанач, чым-небудзь захутваючы.
Разводзіць пчол у Беларусі можна і трэба, бо, па-першае, у нас досыць вялікі выбар медазбору, што дае магчымасць атрымліваць прадукт на любы густ, і, па-другое, гэта можа стаць выдатным бізнесам. Аднак дзе адкрываецца новае, там могуць быць закрануты інтарэсы старога. Пытаюся ў пчаляроў пра заканадаўчую культуру развядзення пчол:
— Пашпарт — абавязковая рэч для кожнага пчаляра. На жаль, нашы падапечныя таксама хварэюць, а гэта не найлепшым чынам адбіваецца на выніку іх работы і, што самае страшнае, — яны могуць заразіць іншых, здаровых пчол, якія прыляцелі з чужога пчальніка. Значыць, хвароба занясецца і туды, заразіць здаровы расплод іншага гаспадара, — тлумачыць Рыгор Эдуардавіч.
Такім чынам, пашпарт пасечніка — і павага да працы сваіх крылатых падапечных, і павага да гаспадароў іншых пчоласем'яў. Атрымайце яго ў ветстанцыі вашага раёна — пераканайцеся, што вашыя пчолы здаровыя ды прынясуць вам добры ўраджай, і праблем з законам не будзе.
Хваробы і гібель пчолак выклікаюць розныя фактары. Гэта і васковая моль, і шэршні, і стракозы, і дзікія восы, якія з'ядаюць пчалу альбо тое, што яна вырабляе. Не меншы негатыўны ўплыў тут аказвае і чалавек, а менавіта яго сельскагаспадарчая дзейнасць: апрацоўка раслінных культур пестыцыдамі, іншымі хімікатамі супраць пустазелля, шкоднікаў, падкормка зямлі рознымі ўгнаеннямі для актыўнага росту. Так, калі месца медазбору апрацуюць, пчалу можа адпудзіць хімічны запах, і яна вымушана будзе траціць энергію на пошукі іншага месца. У найгоршым выпадку насякомае можа атруціцца хімікатам і загінуць. Як быць пчаляру, калі ён абраў кармавой базай для пчол, напрыклад, грэчку ці рапс?
— Мець добрыя зносіны з аграномам. Калі чалавек разумее важнасць ролі пчалы ў апыленні ягонага поля, ён папярэдзіць, калі будзе праходзіць апрацоўка, каб пчалавод паспеў перавезці пчол на бяспечную адлегласць. Дарэчы, бяспечным будзе не менш як 6-10 кіламетраў, інакш пчала можа па памяці даляцець на былое месца збору, а нам тое не трэба, — расказвае Рыгор Васілюк.
— Ураджай непасрэдна залежыць ад апылення, — далучаецца да размовы Уладзімір Барцэвіч. — Калі апылення няма — дык і ўраджай сціплы. Пчолы не проста збіраюць нектар, там, дзе яны пабылі, разнеслі пылок, расліна пладаносіць у разы лепш. На жаль, не ўсе гэта разумеюць, тут важна супрацоўнічаць, тлумачыць, дамаўляцца.
Пакідалі пчальнік стомленыя ад спякоты, пад гудзенне пчолак, назіраючы краявіды Старадарожчыны: роўныя палі, аброслыя маліннікам канавы, праязджалі над ракой Арэсай. «Няўжо той самай, з Купалавай паэмы?» — падумала я. Так і ёсць, бо менавіта тут, у Старадарожскім раёне, знаходзіцца яе выток, і нясецца Арэса далей па Міншчыне на Гомельшчыну. Адсюль пачынаецца Палессе...
Факты:
• У Беларусі багатае выдзяленне нектару адбываецца каля 17 дзён у год.
• Самы багаты медазбор выпадае на 1-ю палову лета.
• За суткі пчоласям'я можа прынесці каля 10 кг нектару.
• Жыццё насякомага залежыць ад таго, якую функцыю яно выконвае. Пчаламатка жыве да 8 гадоў, але перыяд высокай пладавітасці маткі — 1-2 гады. Рабочая пчала жыве 1-2 месяцы (калі яна паявілася ў сезон медазбору) і да 9 месяцаў (у перыяд спячкі).
Кацярына НАЗАРАВА
Фота аўтара
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.