Калі казаць пра «здаровыя прадукты» — то-бок пра тое, што ўключыць у рацыён для добрага самаадчування, даўгалецця і моцнага імунітэту, дзевяць з дзесяці сучасных людзей першым у спісе назавуць мёд. І нездарма. Гэты ўнікальны прыродны «вітамінны комплекс» паскарае выздараўленне пры прастудах і грыпе, падтрымлівае імунітэт, умацоўвае сасуды, выводзіць таксіны і шлакі. У нашы дні мёд прадаецца круглы год, але спецыяльна па мёд адпраўляцца на рынак або да знаёмага пчаляра мэтазгодна восенню, звычайна ў верасні. Як купіць сапраўдны мёд? І ў якую суму абыдзецца спажыўцу «эліксір здароўя» ў гэтым годзе?
Шанц набыць «няправільны мёд» для чалавека, што ў мёдзе не разбіраецца, у сезон ёсць. Але «няправільныя» пчолы тут вінаватыя не заўсёды — часам вінаватыя «няправільныя» прадаўцы. Варта разумець, што прадукт на прылаўку, хутчэй за ўсё, вы набываеце не непасрэдна ў пчаляроў.
Мёд сапраўды прадукт, які валодае ўнікальнымі якасцямі, распавялі ў РНПЦ харчавання НАН Беларусі. Гэта так званы прыродны антыбіётык. Антыбактэрыяльны эфект мёду абумоўлены ўтрыманнем у ім пераксіду вадароду. Мёд выкарыстоўваецца ў традыцыйнай медыцыне пры лячэнні туберкулёзу, хвароб вачэй, інфекцый горла, бранхіяльнай астмы, заражэння гельмінтамі, экзэмы, запораў, для гаення язваў і г. д. Са старажытных часоў мёд наносілі на раны для гаення і прадухілення развіцця інфекцыі. Сучасная медыцына даказала эфектыўнасць выкарыстання мёду супраць залацістага стафілакоку, а таксама супраць многіх бактэрыяльных патагенаў і грыбкоў. Але гаворка ідзе аб якасным мёдзе. Няякасны — у лепшым выпадку ўсяго толькі адкладзецца на таліі ў выглядзе лішніх складачак, што псуюць настрой. «Няправільным» мёд можа быць па розных прычынах — напрыклад, недаспелы. А таксама разведзены, цукровы і наогул штучны. «Няправільныя пчолы» таксама могуць быць датычныя: напрыклад, мёд закупілі оптам у чалавека, які апрацаваў сваіх пчол антыбіётыкамі. Або нектар пчолкі збіралі з апрацаваных якімі-небудзь хімічнымі прэпаратамі раслін.
Недаспелы мёд — той, які забралі ў пчол раней за патрэбны час. Нектар, які пчолы прыносяць у вулей, — гэта больш за 50 % вады, якая павінна выпарыцца ў працэсе паспявання мёду. За гэты час мёд і набывае тыя самыя карысныя ўласцівасці, якія мы пералічылі вышэй. Нутрыцыёлагі адзначаюць, што вільготнасць сталага мёду — не больш за 19-20 %.
Калі вады больш, мёд будзе нашмат менш карысны, да таго ж ён мае ўласцівасць хутка псавацца.
«Цукровы мёд» — гэта і не мёд зусім: карысныя ўласцівасці ў ім адсутнічаюць, застаецца толькі слодыч і «эфект плацэба». Атрымліваецца ён, калі замест нектара пчолы сілкаваліся цукровым сіропам.
У славянскіх краінах грамадзяне, якія ведаюць англійскую мову, часам выкарыстоўваюць прыказку «No money — no honey», то-бок «Няма грошай — няма мёду». Лінгвісты кажуць, што на самай справе прыказка гучыць інакш: «No bees — no honey, no work — no money» (няма пчол — няма мёду, няма працы — няма грошай), і перакласці яе зручней за ўсё рускай ідыёмай «Без труда не выловишь и рыбку из пруда». У нас, скараціўшыся, прыказка набыла іншыя нюансы сэнсу — маўляў, «за задавальненне прыйдзецца заплаціць». Аб чым гэта я? Ды аб тым, колькі сёння спажыўцу прыйдзецца заплаціць за мёд. Тры літры гэтай восенню абыдуцца непасрэдна ў пчаляроў у суму парадку 45—50 рублёў. На рынку літр мёду ў сярэднім каштуе 20 рублёў. Даражэй за ўсё — грэцкі і лясны, гэтыя віды будуць каштаваць 22 рублі за літр.
Ад чаго залежыць кошт мёду? Як заўсёды, ад эксклюзіўнасці прадукту і складанасці яго атрымання. Напрыклад, ліпавы мёд даражэйшы: перыяд цвіцення ліпы драбналістнай, з якой збіраюць нектар пчолы, кароткі, і такога мёду заўсёды менш, чым іншых відаў. А вось рапсавага мёду, напрыклад, пчолы збіраюць больш, і таму ён таннейшы. Таксама ўлічваюцца транспартныя выдаткі.
— Лугавы мёд — вуллі на лузе (у нас пасекі ў дзвюх вёсках), і везці іх нікуды не трэба, — растлумачылі ў фірменным кіёску сямейнай пасекі з Гродзенскай вобласці. — А на грэчку мы возім, і ў лес таксама. Таму грэцкі і лясны мёд даражэйшыя.
У нашых шыротах можна сустрэць каля 7-8 відаў мёду. А ўсяго ў свеце іх больш за шэсць дзясяткаў. Гатунак мёду залежыць ад раслін, з якіх пчолы збіраюць нектар. На рынках гэтай восенню, як заўсёды, прадстаўлены і цёмныя, і светлыя гатункі.
— Якія з іх больш карысныя? Ну, гэта на аматара. Самымі карыснымі лічацца цёмныя гатункі, але яны проста валодаюць больш выразным смакам і мікраэлементаў у іх больш, чым у светлых. Затое яны больш алергенныя, — тлумачыць прадавец мёду Святлана. — Светлыя гатункі маюць меней выразную слодыч і водар ў іх больш далікатны. Сама я люблю найбольш светлы, рапсавы мёд — ён на смак падобны нават не на мёд, а на карамель.
Абсалютна ўсе гатункі мёду валодаюць супрацьпрастудным дзеяннем, кажа суразмоўніца. Але ў розных відаў ёсць і свае асаблівыя якасці. Напрыклад, ліпавы мёд лічыцца найбольш каштоўным — акрамя ўзмацнення імунітэту ён нармалізуе работу стрававальнай сістэмы, падтрымлівае працаздольнасць нырак і жоўцевага пузыра, мае мачагонны эфект і павышае стрэсаўстойлівасць. Якасны ліпавы мёд мае драўняныя ноткі ў водары і лёгкі карамельны прысмак. Грэцкі мёд — цёмна-карычневы. Дакладней, колеру цёмнага бурштыну. Галоўная яго каштоўнасць — у высокім утрыманні жалеза, таму менавіта гэты гатунак падыдзе тым, у каго нізкі гемаглабін. Яшчэ ён змяшчае медзь, кальцый, фосфар і цынк. Валодае яскравымі антысептычнымі ўласцівасцямі (пры пнеўманіі, а таксама ковідзе лепш выбіраць менавіта яго). Да таго ж ён здольны нармалізаваць мікрафлору кішэчніка (напрыклад, пасля працяглага прыёму антыбіётыкаў). Так званы лугавы мёд аднаўляе мышцы пасля фізічных нагрузак і падтрымлівае цэнтральную нервовую сістэму.
— Лугавы майскі мёд у нас з рапсам, — кажа прадавец з Гродзенскай сямейнай пасекі. — Рапсавы мёд валодае выяўленым аднаў-
ляльным дзеяннем — усе тканінкі і клеткі пры рэгулярным яго ўжыванні аднаўляюцца ў паскораным рэжыме.
Лясны мёд багаты вітамінам С і антыаксідантамі, а таксама каліем, магніем і цынкам. Ён умацоўвае імунную сістэму, абараняе арганізм ад хвароб сэрца і лепш за ўсё лечыць кашаль. А яшчэ лясны мёд мае больш нізкі глікемічны індэкс, чым іншыя гатункі. Сланечнікавы мёд — выратаванне для гіпертонікаў: ён умацоўвае сценкі сасудаў.
Колькі мёду купляюць за сезон? Прадавец Ірына тлумачыць, што адзін пакупнік, які вырашыў «назапасіць здароўе», сёння купляе ў сярэднім літр-паўтара мёду. Пенсіянеры бяруць некалькі слоічкаў рознага мёду — сабе, дзецям, унукам. Моладзь аддае перавагу «цукеркам» — мёду ў сотах (у сярэднім 3—5 рублёў за штучку). Наогул, сярэднестатыстычны пакупнік мёду — жанчына ва ўзросце 40+. Хоць набываюць мёд і мужчыны. Пакупнікі, маладзейшыя за 30, больш
схільныя да ўсякага роду «вынаходстваў»: мёд з даданнем ягад (напрыклад, працёртай маліны) і арэхаў разлічаны ў большай ступені на іх.
Як жа праверыць, ці якасны мёд вам прапануюць? Спосабаў быццам шмат, але ні адзін з іх не дае стапрацэнтнай гарантыі.
Напрыклад, самы просты спосаб — капнуць кропельку мёду на ліст паперы. Калі кропля расцяклася, а вакол з'явілася мокрая пляма — мёд або няспелы, або разбаўлены вадой. Можна растварыць 1 чайную лыжку мёду ў цёплай або прахалоднай вадзе. Якасны мёд растворыцца цалкам, без асадка. Па інтэрнэце гуляюць «савецкія» спосабы з алоўкам або нагрэтым дротам. Але дакладна пацвердзіць, ці натуральны гэты мёд, пад сілу толькі лабараторнаму аналізу. Калі рабіць яго ў вашы планы не ўваходзіць, тады гэта — пытанне даверу да прадаўца. Таму лепш не купляць мёд на аўтатрасах або прыпынках грамадскага транспарту. Выбіраем буйныя рынкі, дзе адміністрацыя сочыць за якасцю тавару, або павільёны фірменнага гандлю пчаляроў (там звычайна пазначаны тэлефон і адрас вытворцы, і вас дакладна не падмануць).
Не лішнім будзе ведаць таксама, чым «сыры» мёд адрозніваецца ад пастэрызаванага (на той выпадак, калі вы аддаяце перавагу набыццю мёду ў гіпермаркетах). Пастэрызаваны мёд — нагрэты да 70 градусаў і астуджаны. Гэтая працэдура палягчае разліў, мёд становіцца прыгожым і празрыстым, яго крышталізацыя запавольваецца. Акрамя таго, пастэрызацыя забівае ўсе наяўныя ў мёдзе клеткі дражджэй, пасля чаго яго закісанне становіцца немагчымым. Праўда, пры пастэрызацыі мёд пазбаўляецца і большай часткі карысных уласцівасцяў.
Агульнавядома, што якасны мёд павінен быць цягучы — сцякаць з лыжкі тоненькім струменьчыкам і не расцякацца, а як бы «ўкладвацца ў пірамідку». А вось «зацукрываецца» любы сапраўдны мёд: адзін гатунак раней, другі пазней (несапраўдны «цукровы мёд» якраз заўсёды застаецца вадкім). Ліпавы мёд крышталізуецца прыкладна праз 5-6 месяцаў, сланечнікавы (за кошт высокага ўтрымання глюкозы) — у тры-чатыры разы хутчэй. Мёд акацыі мае ў складзе шмат фруктозы, а таму не крышталізуецца каля 12 месяцаў. Калі мед зацукраваўся, вярнуць яму вадкі стан можна, нагрэўшы на вадзяной лазні, але не вышэй за 40 градусаў, каб не знішчыць біялагічна актыўныя рэчывы, якія змяшчаюцца ў ім.
— Захоўваць мёд у халадзільніку можна, — распавяла прадавец. — Няпраўда, што ад гэтага ён губляе карысныя ўласцівасці. У вуллях мёд пчолы захоўваюць і зімой, а тэмпература там — каля нуля градусаў. Так што ў халадзільніку або ў тым жа склепе, на зашклёным балконе, дзе няма мінусавых тэмператур, мёд захоўвае карысныя ўласцівасці.
Галоўныя ўмовы захоўвання мёду — герметычная ёмістасць (гэты прадукт лёгка ўбірае староннія пахі) і сухое паветра: павышаная вільготнасць можа прывесці да закісання мёду.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Што змяняецца для аматараў сродкаў персанальнай мабільнасці?
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.