Вы тут

Таліну да калапсу недалёка. Куды рушаць эстонскія ўлады?


Эстонскай эканоміцы пагражае крызіс, лічыць дырэктар Эстонскага інстытута кан'юнктуры Мале Ёзінг. Пра гэта паведаміў партал Delfі. «Калі меркаваць па прагнозе, рост абаротаў запаволіцца, а праз паўгода прадпрымальнікам прыйдзецца цяжэй, чым цяпер», — падкрэсліла эксперт. Яна дадала, што эстонская эканоміка ўжо знаходзіцца ў фазе падзення і наступленне калапсу вельмі верагоднае. «Для таго каб мы не аказаліся ў крызісе, павінен здарыцца цуд», — адзначыла кіраўнік інстытута. Раней прэм'ер-міністр балтыйскай краіны Кая Калас ужо заявіла, што Эстонію чакае суровая зіма на фоне рэкорднага ўзроўню інфляцыі і энергетычнага крызісу. Усё гэта шмат у чым — вынік дзеянняў афіцыйнага Таліна, стратэгія якога ўжо прывяла да падзення ўзроўню жыцця людзей і змрочных перспектыў наперадзе. Куды ж рушаць эстонскія ўлады?


Сумнае лідарства

Эстонія працягвае ўтрымліваць сумнае лідарства — у мінулым месяцы ў чарговы раз зафіксаваны найвышэйшы ўзровень гадавой інфляцыі сярод краін еўразоны. Трывожны паказчык складае 22 працэнты. Пра гэта паведамілі ў Еўрастаце. Адметна, што ў тройку эканамічных аўтсайдараў уваходзяць яшчэ дзве прыбалтыйскія дзяржавы: Літва — з 20,5 працэнта і Латвія — з 19,2 працэнта. Для параўнання: самымі паспяховымі краінамі аказаліся Мальта і Францыя, дзе інфляцыя не перавысіла адпаведна 6,1 і 6,5 працэнта.

Еўрастат зафіксаваў, што ў чэрвені ў еўразоне назіраўся рост інфляцыі, якая склала 8,6 працэнта ў параўнанні з мінулым месяцам, калі яе ўзровень спыніўся на адзнацы 8,1 працэнта. Як адзначаюць эксперты, такія паказчыкі сталі вынікам хуткага росту цэн на энерганосьбіты, што прывяло да павелічэння кошту прадуктаў харчавання.

Па шэрагу важных груп тавараў і паслуг цэны ў Эстоніі ўзраслі значна больш, чым у сярэднім у еўразоне. Перш за ўсё Талін лідзіруе ў росце кошту энергарэсурсаў і арэнды жылля. Пра гэта гаворыцца ў каментарыі Міністэрства фінансаў да паведамлення Дэпартамента статыстыкі, якое датычылася чэрвеньскай інфляцыі. У Мінфіне адзначылі, што спажывецкія цэны працягваюць хутка расці. Галоўным лакаматывам інфляцыі па-ранейшаму застаецца імклівае павышэнне кошту прадуктаў харчавання і энергарэсурсаў. Прычым цанавы ціск у еўразоне паступова набыў шырэйшую базу, што адлюстравалася ў падаражэнні не толькі прамысловых тавараў, на якія ўплываюць глабальныя праблемы з пастаўкамі, а і шэрага паслуг. Прыбалтыйская краіна больш за ўсё выдзяляецца ў сектары арэнды жылля. Калі ў еўразоне гэты паказчык складае менш за два працэнты, то ў Эстоніі расцэнкі за год узраслі на 30 працэнтаў. Сваю ролю тут таксама адыгралі паслабленне каранавірусных абмежаванняў і хуткае аднаўленне міжнародных паездак.

Пачалі красці дровы

Рост кошту электрычнасці і газу ў Эстоніі далёка апярэдзіў падаражанне астатніх катэгорый тавараў. Калі ў еўразоне цэны на энергарэсурсы (электраэнергію, газ, маторнае паліва і ацяпленне) у чэрвені ўзраслі на 42 працэнты, то ў Эстоніі — на 88. «З улікам бягучых ф'ючарсных цэн на энерганосьбіты ў найбліжэйшы ацяпляльны сезон, верагодна, убачым больш высокія ўзроўні цэн на электрычнасць і газ у параўнанні са снежнем мінулага года, калі мы пацярпелі ад дэфіцыту электраэнергіі», — паведамілі ў Міністэрстве фінансаў. Дарэчы, расцэнкі ўзляцелі ўжо цяпер. Сярэднясутачны кошт электраэнергіі ў эстонскай цанавой зоне біржы Nord Pool днямі павялічыўся да 215,56 еўра за мегават-гадзіну і ў 30 разоў (!) перавысіў тарыф у Фінляндыі, які складае ўсяго 7,13 еўра.

Афіцыйны Талін не прагназуе запаволення інфляцыі ў найбліжэйшыя месяцы. «У апошнія тыдні ўзраслі рызыкі збояў далейшых паставак газу ў Еўропу, што таксама адбілася ў коштах ф'ючарсных кантрактаў на энергарэсурсы. Гэта азначае, што ў другой палове года энергарэсурсы будуць важным фактарам уздзеяння на спажывецкія цэны. Таму і ў другім паўгоддзі, і ў найбліжэйшыя месяцы на запаволенне інфляцыі, відавочна, разлічваць не даводзіцца», — адзначылі ў эстонскім Мінфіне.

«На жаль, у мяне няма добрых навін для спажыўцоў, таму што цэны на энергію вельмі высокія, у тым ліку на газ, нафтапрадукты і гэтак далей», — заўважыла старшыня праўлення эстонскага энергетычнага дзяржканцэрна Eestі Energіa Ханда Сутэр, нагадваючы, што нядаўна Эстонія адмовілася ад расійскага газу, паведаміў vz.ru. Відавочна, што прыбалтыйская краіна перажывае вельмі жорсткі эканамічны крызіс і шукае шляхі эканоміі вуглевадародаў. Спажыванне прыроднага газу ўжо ўдалося значна знізіць, а да зімы яго неабходна скараціць яшчэ больш. Аб гэтым заявіла прэм'ер-міністр Эстоніі Кая Калас. У краіне склалася складаная сітуацыя з забеспячэннем энергетычнымі рэсурсамі. Прадстаўнікі энергетычнага бізнесу прапаноўвалі пачаць выкарыстоўваць сланцавы мазут у якасці альтэрнатывы прыроднаму газу.

У краіне падаражэла нават драўнянае паліва. У пачатку ліпеня бягучага года кошт кубічнага метра бярозавых дроў дасягнуў рэкорднай адзнакі 160 еўра. У прыбалтыйскай краіне склалася настолькі цяжкая сітуацыя, што людзям даводзіцца красці дровы з кастровых пляцовак Цэнтра кіравання дзяржаўнымі лясамі.

Надзвычайная сітуацыя

Адзін з найбуйнейшых гарадоў Эстоніі — Нарва — быў вымушаны абвясціць надзвычайную сітуацыю. Справа ў тым, што тэндар на закупку газу, абвешчаны прадпрыемствам Enefіt Power, які забяспечвае ў горадзе ацяпленне, праваліўся, і адбылося гэта з прычыны адсутнасці прапаноў. Прапанавалася рэзка павысіць тарыфы, але, па словах мэра Катры Райк, для Нарвы гэта б стала катастрофай. Яна нагадала, што кожны чацвёрты нарвіцянін — пенсіянер.

З-за перабояў з пастаўкамі блакітнага паліва ў Саюзе гарадоў і валасцей Эстоніі (ELVL) лічаць неабходным увесці агульнанацыянальны рэжым надзвычайнай сітуацыі. «Мы лічым, што сітуацыю, калі работа цэнтралізаванага цеплазабеспячэння можа быць перарваная з-за недахопу газу па ўсёй краіне, нельга вырашыць на ўзроўні мясцовага самакіравання. Перабоі з газазабеспячэннем у маштабах усёй краіны або пагроза іх узнікнення не з'яўляюцца пытаннямі мясцовага ўзроўню. Праблема ў тым, што нават калі газ ёсць, то які будзе яго кошт і што гэта будзе азначаць для жыхароў?» — заўважыў выканаўчы дырэктар ELVL Вейка Лухалайд.

Ён паведаміў аб тым, што ўзнікла зачараванае кола: для выкарыстання «альтэрнатыўных відаў паліва» патрабуецца дазвол Дэпартамента навакольнага асяроддзя, а ведамству, каб яго выдаць, у сваю чаргу, неабходнае рашэнне аб надзвычайнай сітуацыі. «Мы лічым, што цяперашняя сітуацыя адпавядае прынамсі дзвюм умовам: ёсць істотныя перабоі з пастаўкамі прыроднага газу, а рыначныя механізмы не забяспечваюць дастатковага ўзроўню. Так што гаворка ідзе аб надзвычайнай сітуацыі на дзяржаўным узроўні або яе пагрозе», — лічыць Лухалайд.

Выканаўчы дырэктар ELVL растлумачыў, што рызыка спынення цеплазабеспячэння можа ўзнікнуць, калі фірмы не здолеюць атрымаць неабходны прыродны газ. «Узнікненне такой сітуацыі не залежыць ад канкрэтных мясцовых самакіраванняў. У сувязі з гэтым давядзецца вырашаць сітуацыі, абумоўленыя цяжкасцямі з пастаўкамі, з дапамогай надзвычайнай сітуацыі, якая кіруецца на дзяржаўным узроўні», — прапанаваў эксперт.

Лухалайд таксама адзначыў, што ў выпадку атрымання дазволу на выкарыстанне сланцавага мазуту ім яшчэ трэба будзе запасціся. Аднак яго аб'ёмы таксама абмежаваныя і ўжо закантрактаваныя. «Каб мець магчымасць выкарыстоўваць альтэрнатыўныя крыніцы энергіі зімой, гэтым трэба заняцца ўжо цяпер», — адзначаецца ў звароце ELVL.

Велізарнае глупства

Эстонія здзейсніла велізарнае глупства, калі адмовілася ад расійскага газу і пачала закупляць электрычнасць на біржы, адзначыў news.ru колішні эстонскі муніцыпальны дэпутат Алег Култаеў. — А біржавая цана вельмі высокая. Дайшло да таго, што эстонцы сталі цікавіцца коштам электраэнергіі на біржы, каб вырашыць, калі ім мыць бялізну — па дзённых ці па начных цэнах.

Дадзеная сітуацыя непазбежна прывядзе да эканамічнага разбурэння.

«Чакаюцца няпростыя часы. Вытворцы ў паніцы — ім патрэбна сыравіна, а з-за санкцый яе прывезці з Расіі немагчыма. Напрыклад, расійскай драўнінай эстонскія фірмы гандлявалі ў Еўропе. Цяпер аўтамабілі ўжо праз граніцу праехаць не могуць. Усе дзеянні ўрада адмоўна адбіваюцца на насельніцтве — дзіка падаражэлі газ, электрычнасць, вада. Напрыклад, раней я, пражываючы адзін у аднапакаёвай кватэры, плаціў за электрычнасць 5-7 еўра ў месяц. Цяпер я плачу 20-25 еўра, пры тым што я бываю ў асноўным на рабоце, а не дома. Бензін падаражэў да двух еўра за літр. Даходы жыхароў Эстоніі за цэнамі проста не паспяваюць. На гэтым фоне, калі палітыкі прамаўляюць з нагоды і без яе гучныя і жорсткія заявы, нават не важна, пра Расію ці не, раздражненне і здзіўленне ахоплівае амаль усё грамадства», — сцвярджае былы муніцыпальны дэпутат.

Тым часам эстонскі ўрад з-за фінансавых цяжкасцяў вырашыў адмовіцца ад шэрагу важных сацыяльна значных праектаў з праграмы ўмацавання і аднаўлення эканомікі, паведаміў «Інтэрфакс». Сярод іх — узвядзенне талінскай бальніцы коштам 280 мільёнаў еўра. А вось на вайсковыя выдаткі грошай не шкадуюць. Агенцтва ЗША па супрацоўніцтве ў галіне абароны і бяспекі (DSCA) паведаміла, што амерыканскае знешнепалітычнае ведамства ўхваліла продаж Эстоніі да шасці рэактыўных сістэм залпавага агню M142 HІMARS, кошт якіх складзе 500 мільёнаў долараў. Аб гэтым паведаміў партал тэлерадыёвяшчання ERR.

Няма будучыні

Прэзідэнт Расійскай асацыяцыі прыбалтыйскіх даследаванняў Мікалай Мяжэвіч заўважыў Baltnews, што краіну чакае найскладанейшы перыяд. Эканомікі Эстоніі і іншых прыбалтыйскіх дзяржаў у выпадку сур'ёзнага крызісу могуць пачаць разбурацца вельмі хутка. «Эстонію не чакае нічога добрага не толькі ў галіне забеспячэння краіны палівам. Дрэнныя перспектывы ва ўсёй эканоміцы прыбалтыйскай рэспублікі. Дзяржава ўжо з'яўляецца лідарам па ўзроўні інфляцыі ў Еўрапейскім саюзе, а праблемы з пастаўкамі ў Эстонію блакітнага паліва выклічуць цяжкасці з забеспячэннем устойлівага функцыянавання аб'ектаў інфраструктуры. Суседнюю краіну чакаюць сур'ёзныя праблемы, і яны будуць вельмі вялікімі», — пракаментаваў Мікалай Мяжэвіч.

Навуковец заўважыў, што, цалкам магчыма, у дзяржаве ў рэшце рэшт будзе ўведзены рэжым надзвычайнай сітуацыі, але такая мера не дапаможа пазбегнуць палітычных ускладненняў і ўтварэння новых партыйных кааліцый. «У цяперашняй эканамічнай і знешнепалітычнай мадэлі Эстоніі няма будучыні. У выпадку калі краіна будзе ўпарціцца, будучыні не будзе ў яе самой», — лічыць Мікалай Мяжэвіч.

А тым часам міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу, які нядаўна ўступіў на пасаду, заявіў: «Наша жыццёва важная мэта нумар адзін, нумар два, нумар тры» заключаецца ў тым, што Расіі «трэба зламаць хрыбет з пункту гледжання эканомікі». Падобнага роду заявы сведчаць аб тым, што Эстонія да прамых закупак расійскага газу не вернецца. Прынамсі, не пры цяперашнім урадзе, тэрмін работы якога завяршаецца вясной наступнага года, з парламенцкімі выбарамі. Інакш кажучы, у Эстоніі хутчэй гатовыя замарозіць уласных грамадзян, чым дамаўляцца з суседзямі.

Жыхары краіны ад усёй гэтай сітуацыі ў літаральным сэнсе слова на мяжы нервовага зрыву. Вынікі даследавання псіхічнага здароўя насельніцтва Эстоніі, праведзенага Інстытутам развіцця здароўя, сведчаць, што ў параўнанні з дапандэмічным перыядам рызыка ўзнікнення дэпрэсіі і трывожных расстройстваў адчувальна павялічылася. Нядзіўна.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.