Вы тут

Чаму сузалежнасць — гэта бесперспектыўны сцэнарый для шчасця


Кожнаму чалавеку патрэбен іншы чалавек. Такі закон прыроды, што толькі ў пары і побач з іншымі мы можам існаваць гарманічна і паўнавартасна. З самага нараджэння дзіцяці патрэбен клопат бацькоў, пасля ў нашым жыцці з'яўляюцца сябры, настаўнікі, а потым прыходзіць каханне, мы ствараем сям'ю. Але не заўсёды знаходжанне побач з іншымі людзьмі прыносіць радасць, бо часам адносіны пераўтвараюцца ў сузалежныя. Мы вырашылі распытаць спецыяліста, з чаго ўсё пачынаецца і ці ёсць магчымасць выратаваць адносіны, не страціўшы ў іх саміх сябе.


— Вельмі часта прычыны рызыкі трапіць у сузалежныя адносіны бяруць свой пачатак у дзяцінстве. Спачатку такія адносіны могуць сфарміравацца паміж дзіцем і бацькамі, — тлумачыць псіхолаг Вера Прохарчык. — Бо сузалежныя адносіны — гэта такая мадэль паводзін, калі адзін чалавек (сузалежны) цалкам сканцэнтраваны на другім і яго жыцці. Сузалежныя людзі імкнуцца кантраляваць дзеянні свайго партнёра, маніпуляваць ім, спрабуюць яго змяняць і разам з тым моцна непакояцца. Такія адносіны могуць быць як паміж мужчынам і жанчынай, так і паміж мамай і дзецьмі. Фарміруецца такая схільнасць як наступства пэўных умоў выхавання. Напрыклад, калі ў сям'і ёсць чалавек з алкагольнай, наркатычнай залежнасцю альбо нехта мае псіхічнае расстройства, або дзецям даводзіцца сутыкацца з фізічным, эмацыянальным гвалтам. Можа быць і так, што на дзіця не звяртаюць увагі, не лічацца з яго меркаваннем і інтарэсамі. У выніку маленькі чалавек не атрымлівае і не адчувае любові, клопату і ўвагі дарослых, а наадварот, яго могуць толькі прыніжаць, крытыкаваць і караць. А калі дзіця раптам яшчэ і кідаюць, то тады і можа сфарміравацца сузалежнасць.

Паколькі дзеці адчуваюць у свой бок абыякавасць, але не разумеюць паводзін бацькоў (бо тыя нічога не тлумачаць), то праз некаторы час пачынаюць думаць, нібыта самі адказныя за адносіны дарослых. І каб неяк ім дагадзіць, пачынаюць падладжвацца пад эмацыянальны стан тых людзей, хто знаходзіцца побач з імі. А ўжо ў дарослае жыццё такія дзеці ідуць з засвоенай нормай, што яны ва ўсім вінаватыя, а іх інтарэсы не маюць ніякага значэння. І так адбываецца з-за нізкай самаацэнкі. У выніку чалавек падсвядома прыцягвае ў сваё жыццё людзей, з якімі перажывае сцэнарыі, набліжаныя да падзей дзяцінства. Тады ўсё складваецца, нібы пазл. Напрыклад, жанчына падстройваецца пад партнёра, робіць усё, каб той быў задаволены, а сябе пры гэтым не заўважае і нават не ведае, што ёй патрэбна. Увогуле, яна лічыць, што не вартая любові, а калі атрымлівае яе ці наогул любую ўвагу ў свой бок, то за гэта трэба быць удзячнай. Адсюль пазіцыя, што жонка павінна і мыць, і прыбіраць, і гатаваць незалежна ад таго, ці атрымлівае яна сама ад гэтага задавальненне. А калі партнёр за нешта крытыкуе, то гэта яна вінаватая і штосьці робіць недастаткова добра. Сітуацыю, калі камфорт і інтарэсы іншых людзей на першым месцы, можна назіраць не толькі ў адносінах любоўнай пары, але і паміж начальнікам і падначаленым, паміж маці і дзіцем.

— Калі ў чалавека не сфарміравана ідэнтычнасць (няма разумення, хто ён і што з сябе ўяўляе), то ён імкнецца зліцца з тым, хто побач, бо толькі тады пачынае адчуваць сябе паўнавартасным, — адзначае спецыяліст. — Калі іншыя, напрыклад, кажуць такой жанчыне, што трэба рабіць, то яна задаволеная.

Але як толькі сузалежная асоба застаецца ў адзіноце, яна пачынае адчуваць дыскамфорт. Альбо жанчына можа знаходзіцца ў саюзе з чалавекам, які мае наркатычную, гульнявую ці алкагольную залежнасці, але застаецца ў гэтых адносінах (яшчэ і апраўдвае паводзіны іншага), прымаючы пазіцыю ахвяры і тым самым страчваючы сябе. Не атрымліваецца нічога добрага і тады, калі ў сузалежных адносінах паводзіны жанчыны выклікаюць неадэкватны адказ з боку мужчыны. Найбольш страшнай яго формай можна лічыць сітуацыю, калі ён дазваляе сабе ў адрас жанчыны псіхалагічны, сексуальны ці фізічны гвалт. Варта ўлічваць, што сузалежны чалавек не ўмее і не будзе прасіць аб дапамозе і падтрымцы. У такіх умовах самаацэнка ў жанчыны моцна паніжаецца, што негатыўна і разбуральна адбіваецца на яе асобе. А калі сузалежны чалавек адважваецца не цярпець непаважлівае стаўленне да сябе, з'яўляецца надзея змяніць нешта да лепшага. Там з'явіцца ўжо два варыянты: ці сысці, ці пачаць працаваць над адносінамі. Перш за ўсё трэба звярнуць увагу на сябе, заняцца самапазнаннем, вызначыцца са сваімі інтарэсамі і межамі. Не баяцца казаць аб тым, што непакоіць і не задавальняе ў адносінах з партнёрам. Адметна, што часам мы па-свойму тлумачым нейкую праблему і апраўдваем паводзіны партнёра ў ёй, чаго ў здаровых адносінах не назіраецца. Аднак калі ў пары кожнаму важна зберагчы саюз і ёсць жаданне працаваць над памылкамі, то, аб'яднаўшы намаганні, можна дамагчыся жаданага.

— Рэдка бывае, што ў пары сыходзяцца сузалежны і нармальны чалавек, таму што сузалежнасць — гэта ўклад абодвух партнёраў. Аднак каб выйсці з такіх адносін, дастаткова, каб адзін у пары звярнуў увагу на сябе, — кажа псіхолаг. — Калі жанчына спыняецца і пачынае думаць і разумець, хто яна, у якіх адносінах яна знаходзіцца і наколькі яны адпавядаюць таму, што ёй хочацца, што яна адчувае, а таксама пачынае выбудоўваць свае межы, то і мужчына побач з часам стане па-іншаму сябе паводзіць. Нават калі адзін атрымлівае індывідуальную ці групавую тэрапію, дзе разбіраецца, чаму склалася ўсё такім чынам і што зрабіць, каб змяніць сітуацыю. Жанчына пачынае трансліраваць, як дапушчальна з ёю абыходзіцца, а калі змен не адбываецца, яна здолее сысці і разарваць такія адносіны. Апошні выпадак у маёй практыцы быў такі: жанчына стала больш сябе адстойваць, звяртаць увагу партнёра на яго ўспышкі агрэсіі, той, у сваю чаргу, прызнаў існуючую праблему і пагадзіўся над ёй працаваць.

У выніку работы над сабой чалавек выходзіць са зліцця з іншым, пачынае прыслухоўвацца і арыентавацца на сябе, свае патрэбы, і яго самапавага ўзрастае. А калі і іншы чалавек гатовы прыслухоўвацца і спраўляцца са складанасцямі разам з вамі, то каханне і павага ў выніку перамогуць, змяніўшы кожнага з вас да лепшага.

Як распазнаць сузалежныя адносіны

1. Зблытаная адказнасць. У здаровых адносінах кожны сам нясе адказнасць за свой стан і задавальненне сваіх патрэб. Калі ж вам хочацца пералажыць адказнасць за сваю бяспеку, шчасце на іншага, гэта сузалежнасць.

2. Размытыя межы. Гэта калі мы не адчуваем сваіх меж і не здольныя адсочваць, калі нашы межы заходзяць на тэрыторыю іншага чалавека. Пры гэтым мы страчваем здольнасць арыентавацца на свае патрэбы, бо для нас на першым месцы — патрэбы і жаданні партнёра.

3. Забарона на ўсведамленне і выяўленне пачуццяў. У сузалежных адносінах абое не абмяркоўваюць праблемы, не расказваюць пра свае пачуцці (пазітыўныя і негатыўная), страхі, бо гэта забаронена ці небяспечна.

4. Дрэнны ўнутраны стан. Калі ў адносінах мы не адчуваем пазітыўных эмоцый (любові, пяшчоты, павагі), а замест іх — занепакоенасць, страх, дэпрэсіўны настрой.

5. Ізаляцыя і страх выйсці з адносін. Мы не развіваемся і страчваем сувязі з роднымі, сябрамі, а пасля губляем здольнасць шукаць падтрымку па-за межамі нашых адносін з партнёрам. І нават адчуваючы, што яны не робяць нас шчаслівымі, мы ўсё роўна не знаходзім сіл спыніць іх, бо здаецца, быццам не маем іншага выбару.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.