Вы тут

Пошук аднапалчанцаў, сур’ёзная аперацыя і свята лёну


Дзе ж вы ўсе цяпер, сябры-аднапалчане...

Павестку на службу ў войска я атрымаў вясной 1969-га і, відаць, да скону буду помніць дзень 15 мая, калі разам з такімі ж прызыўнікамі (усяго звыш трохсот чалавек), пад гукі незабыўнага марша «Развітанне славянкі» ў выкананні зводнага духавога аркестра, як умеў, маршыраваў ад Мінскага абласнога ваенкамата да чыгуначнага вакзала. Рух транспарту па праспекце Машэрава (цяпер Пераможцаў) на гэты час быў спынены. Абапал праспекта, на тратуарах, стаяла мноства людзей: прызыўнікоў віталі сваякі, сябры, каханыя і проста знаёмыя дзяўчаты...


Нас, будучых дэсантнікаў, менавіта вось так праводзілі на службу.

А здымак я зрабіў праз некалькі месяцаў. На ім — удзельнікі семінара, сакратары камсамольскіх арганізацый з усіх падраздзяленняў 76-й гвардзейскай паветрана-штурмавой Чарнігаўскай Чырванасцяжнай дывізіі. У цэнтры — намеснік начальніка палітаддзела гвардыі маёр Левін. У другім радзе шостым злева стаіць мінчанін, радавы Аляксандр Марозаў. На кукішках, восьмы злева ў чацвёртым радзе — гвардыі радавы Тукаль...

Вельмі хацелася б стэлефанавацца, убачыцца з Віктарам Марцінкевічам, Генадзем Гладковым, Мікалаем Халадзінскім, Ігарам Валентам і многімі-многімі іншымі. Цешу сябе надзеяй, што яны жывыя-здаровыя, што, адзначыўшы дзень ПДВ, убачаць вось гэты здымак, успомняць службу і мо адгукнуцца?

Міхаіл ТАГІЛЬ

Салігорскі раён


Вы робіце вялікую справу — вяртаеце людзей да прывычнага жыцця

Больш за 30 гадоў я выпісваю газету «Звязда». Падабаецца яе аператыўнасць, беларускасць, веданне жыцця, разуменне клопатаў людзей і жаданне дапамагчы ім у штодзённых справах. Для мяне як настаўніцы «Звязда» — незаменная дарадчыца ў падрыхтоўцы да ўрокаў, музейных экспанатаў, пазакласных мерапрыемстваў... Але ж цяпер зусім пра іншае.

Не так даўно мне прыйшлося звярнуцца ў клінічную бальніцу № 5, перанесці досыць складаную аперацыю. І яна сама, і далейшае лячэнне прайшлі паспяхова: як той казаў, без сучка ці задзірынкі, за што хочацца шчыра падзякаваць хірургу Аляксандру Міхайлавічу Фурсевічу, анестэзіёлагу Вользе Сяргееўне Амельчанцы, медсёстрам Міраславе Генадзеўне Урбан, Маргарыце Анатолеўне Казачонак, Ірыне Васілеўне Аляксандравай, Яне Іванаўне Дарашэвіч, усяму малодшаму персаналу.

Дзякуючы прафесіяналізму, добразычлівасці і зладжанай рабоце гэтых людзей я (і без сумнення, многія іншыя!) змагла паправіць сваё здароўе, вярнуцца да прывычных спраў. Так што нізкі паклон нашым медыкам і самыя шчырыя пажаданні моцнага здароўя, поспехаў, дабрабыту, упэўненасці ў тым, што вы робіце найвялікшую справу — вяртаеце людзей да жыцця.

Аліна ПАХВАЛЁНАЯ

г. Мінск


Быў бы настрой, а фэст… прыдумаем!

«Некалькі гадоў таму мы праводзілі свята кветак. Сёлета — захацелася нейкага новага. Дык чаму б не лёну? — расказвае загадчыца Аюцавіцкага сельскага клуба Вераніка Лабанава. — У конкурсах на найлепшы сноп і льняны вянок бралі ўдзел і дарослыя, і дзеці. Гасцей прымалі з розных куткоў краіны: з Мінска, Гродна, Карэліч...

Забягаючы наперад, скажам: там было на што паглядзець, што паслухаць і чым падсілкавацца.

— На кожнае свята я пяку дома хлеб і здобу, — кажа Людміла Ламаносава. — Рэцэпт крэкераў досыць просты: 500 г мукі, 200 г вады, тры лыжкі семені лёну, па чайнай лыжцы цукру і разрыхляльніка, крыху солі і ўсё ў духоўку. За 15-20 хвілін атрымліваецца вось такая смаката!

Сацыяльны работнік Таццяна Жураўлёва ўпрыгожыла святочны стол булкай у форме кветкі лёну:

— Я пякла яе па рэцэпце царскага куліча. Спачатку ставіла рошчыну, потым асобна ўзбівала 10 бялкоў і 10 жаўткоў, дадавала 200 г сметанковага масла, ванільны цукар, куркуму для залацістасці... Плюс шклянка цукру, соль, сода. Каб цеста не чарсцвела, дадаю алей...

Гаспадынькі так шчыра запрашалі пакаштаваць свае шэдэўры, — цяжка было адмовіцца! Усё і напраўду атрымалася смачным, а галоўнае, вельмі карысным, бо, як вядома, семя лёну ўмацоўвае імунітэт, памяншае колькасць шкоднага халестэрыну, здымае запаленне ў страўніку, нармалізуе ціск...

— Сёння я прыгатавала грэчаскі салат, у які дадала семя лёну і льняны алей, — кажа Галіна Нарбутовіч. — Гэтыя інгрэдыенты дадаюць незвычайныя ноткі.

Але ж не хлебам адзіным... На фэсце ўшанавалі сямейную пару Кулакоўскіх, якія адзначылі льняное вяселле. Сужэнцы кажуць, што жывуць разам ужо 18 гадоў, што ў іх на дваіх пяцёра дзяцей і восем унукаў, аднак шлюбам яны пабраліся толькі ў 2018-м...

Падарунак атрымала і шматдзетная сям'я Чабаценкаў.

На свяце вызначылі аўтараў найлепшага вянка (ім, на думку гледачоў, стала 10-гадовая Дар'я Рабікіна, якая прыехала ў Аюцавічы да бабулі) і найлепшага снопу.

— Да гэтага конкурсу я рыхтавалася загадзя, — расказала яго пераможца — бібліятэкар Наталля Гаркавая. — Лён ірвала, калі быў зялёны (тады сцяблінкі не ломяцца)... Потым сушыла, упрыгожвала блакітнымі кветачкамі і капялюшыкам з ільняных нітак. Прыемна, што маю работу людзі ацанілі... Я вельмі люблю вось такія святы, яны патрэбныя вяскоўцам, каб пабыць разам, пагутарыць, павесяліцца.

На фэсце працавала дзіцячая забаўляльная пляцоўка, можна было купіць сувеніры. Музычныя нумары дарылі самадзейныя артысты Карэліччыны. Свята адбылося!

Іна ЛЕЙКА

г. Карэлічы

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.