Вы тут

Кніжныя ілюстрацыі Алены Карповіч змяшчаюць у сабе цэлы свет


Паўнаважкія яблыкі на яе акварэлях нібыта выпраменьваюць святло, палявыя кветкі ўражваюць далікатнасцю і багаццем адценняў. А кніжныя ілюстрацыі, яркія і жывыя, змяшчаюць у сабе цэлы свет — не менш важны, чым свет пісьменніка. Госця «Алесі» — Алена Карповіч, член Саюза мастакоў Беларусі, педагог Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў, удзельніца шматлікіх выставак у нашай краіне і за яе межамі. 


«Падштурхнуць узяцца за пэндзаль можа што заўгодна»

— Алена Аляксееўна, Вы скончылі Акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «мастак-графік». Як выбіралі прафесію?

— Пасля дзявятага класа разважала, куды паступаць, выбрала мастацкае вучылішча. Да гэтага зусім не вучылася маляванню. Цяпер дзіўляюся сваёй смеласці, але тады мяне гэта не бянтэжыла. І паступіла. Са мной вучыліся людзі, якія «даўно ўсё ведалі», а для мяне ўсё было ўпершыню. Напрыканцы вучобы мая аднакурсніца сказала: «Ты так добра малюеш! Табе трэба паступаць на графіку». Графіка мне сапраўды падабалася. Так вызначылася маё жыццё, прафесійнае і асабістае: паступіла ў Акадэмію, там жа пазнаёмілася з мужам.

— Як хутка знайшлі сваю нішу ў мастацтве?

— Праз год пасля заканчэння Акадэміі пайшла ў адпачынак па догляду дзіцяці, і тут... акварэль палілася патокам. Тады я пачала па-сапраўднаму пісаць як мастак — да таго толькі выконвала работы ў рамках праграмы. Добра, што я ўжо скончыла Акадэмію, — ніхто не казаў мне, як трэба. Нас вучылі класічнай манеры шматслойнай акварэлі, а я стала выкарыстоўваць тэхніку «ала прыма», «мокрае» пісьмо. Сама асвойвала і падбірала прыёмы, пэндзлі, фарбы, паперу.

— Некаторыя лічаць акварэль толькі этапам у авалоданні мастацтвам малявання, іншыя — самай складанай з тэхнік. А як Вы яе ахарактарызуеце?

— Акварэль падобная да паэзіі. Алей, гуаш, акрыл ставяць задачай блізкасць да арыгіналу. Акварэль не ў стане перадаць натуру. У яе не набіраецца тон, яна празрыстая. Жыве самастойным жыццём, цячэ, як верш, у ёй галоўную ролю адыгрывае эмоцыя. Кажуць, не мастак выбірае акварэль, а акварэль мастака, бо не ўсіх задавальняе яе непрадказальнасць. Акварэль вельмі адчувальная да ўнутранага стану таго, хто піша, яна — настрой, недамоўленасць. Пішацца на паперы і разводзіцца вадой, што робіць яе таннай і спрашчае працу з ёй. Але гэтая тэхніка ўсё ж для віртуозаў, для тых, хто прапануе сваё арыгінальнае прачытанне свету.

— Вашы работы ўражваюць цеплынёй і гарманічнасцю. Што Вас натхняе? Адкуль бераце сюжэты?

— Сюжэты паўсюль. Падштурхнуць узяцца за пэндзаль можа што заўгодна — кружка на стале, яблык. Быў год, калі ў мамы ў садзе саспела шмат яблыкаў, я часта іх пісала, бо яны прыгожыя, ладныя.Так атрымалася серыя «Яблычны год». Мастак увесь час настроены на ўспрыманне навакольнага свету, заўважае нюансы колераў, кантрасты, нечаканае асвятленне. У 2019 годзе ў Слоніме праходзіў Дзень беларускага пісьменства, мой муж, мастак газеты «СБ. Беларусь сегодня» Алег Карповіч, прадстаўляў там сваю выставу малюнкаў, на яе прыходзіла шмат людзей. Я назірала за ўсім, што адбывалася, — з гэтага атрымалася серыя «Слонім-2019». Трэба глядзець на свет адкрытымі вачыма, тады шмат чаго заўважаеш. І калі штосьці мяне зачапіла, ведаю: я гэта напішу!

— Калі прымаецеся за працу, што важней — інтуітыўнае азарэнне або прадуманы разлік?

— Часам ад жадання да рэалізацыі праходзіць шмат часу. Карціна павінна саспець унутры і толькі потым выплюхнуцца на паперу. Я яшчэ не ведаю, што будзе ў правым верхнім куце, але ўзнікае нейкі колер, кладзецца на ліст і дыктуе ўсе астатнія каляровыя плямы. Галоўная складанасць — вызваліць час для творчай працы ў сваім жыццёвым раскладзе.

— А рытуалы нейкія ёсць, звязаныя з творчасцю?

— Калі саджуся пісаць, мне важна, каб у гэты момант нішто не адцягвала ўвагу, каб я была дома адна. Часам ідэя так захопіць, што сама адкладаю ўсе справы. Бывае, пішу гадзіны дзве, кладу пэндзлік і адчуваю: забалела горла. Бо ідзе вялікая эмацыянальная аддача. Мне нехта казаў: вашымі работамі можна лячыцца... Дарэчы, на замову творчыя работы не пішу ніколі. 

— Немагчыма ўявіць у Вас, скажам, ірваную тэхніку.

— Калі не разлічваеш на эфект, не ставіш мэты прыцягнуць увагу, карціна нараджаецца такой, якой вынашаная. Калі пішу, не думаю пра тое, як ацэняць маё тварэнне прафесіяналы ці гледачы. Аднак адбіраючы для выстаўкі гатовыя работы, задаю сабе пытанне: ці будзе тая ці іншая з іх карысная маім вучням? А часам кажу сабе: ну добра, і няхай, я пакажу ім тое, чаму не вучыла, можа, гэта да нечага іх падштурхне.

— Узаемадзеянне з гледачом на выстаўцы, зваротная сувязь важныя для Вас?

— Так, энергія гледача, яго рэфлексія важныя. Заўсёды чытаю, што пішуць у кнізе водгукаў. Часта проста на выстаўцы атрымліваю прапановы аформіць кнігі. Праўда, не вельмі люблю мітусню, звязаную з арганізацыяй выстаўкі, больш прываблівае сам працэс творчасці. У мяне былі персанальныя і калектыўныя выстаўкі, атрымлівала запрашэнні ад розных пляцовак. Часта ініцыятыва зыходзіць ад маіх вучняў. І муж пераконвае: запрасілі — значыць, трэба выстаўляцца.

«Бачыць свет вачыма дзіцяці»

— Чытала, Вы аформілі больш за сто кніг…

— Так, больш. Скончыўшы Акадэмію, афармляла кнігі ў беларускіх выдавецтвах, затым на працягу двух гадоў — у расійскіх. Некаторы час супрацоўнічала з мінскім выдаўцом Дзмітрыем Харчанкам, у год рабіла па 10 невялікіх дзіцячых кніжак. Яны распаўсюджваліся па ўсёй тэрыторыі Расіі — у Сібіры быў нават клуб аматараў маіх ілюстрацый.

— У Вас пазнавальная тэхніка: сакавітыя і яркія фарбы, дэталі выпісаны рэалістычна, з любоўю. Ці доўга шукалі свой стыль?

— У Акадэміі мяне навучылі маляваць людзей, правільнай кампазіцыі. А потым у мяне нарадзілася дзіця, і з’явіліся новыя вобразы, эмоцыі. Выйшла на працу ў мінскую школу № 26 з мастацкім ухілам (цяпер гэта Мінская дзяржаўная гімназія-каледж мастацтваў), вучыла маляваць дзяцей шасцігадовага ўзросту. Для ілюстратара вельмі важна ўмець бачыць свет вачыма дзіцяці. Вось малюем гусака, які гуляе... а дзе? У што апрануты? Аб чым думае? З кім сябруе? Куды далей пойдзе? Маленькім дзецям трэба не проста расказваць малюнкам, а прыдумляць гісторыю, зацікаўліваць.

— Вы афармлялі кнігі Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, Валянціны Паліканінай, Алеся Карлюкевіча, Генадзя Аўласенкі, Ніны Галіноўскай і іншых аўтараў. Калі берацеся за працу, як будуецца Ваша ўзаемадзеянне з тэкстам? Як выбіраеце стылістыку?

— Спадзяюся, выдаўцы ведаюць кола тэм, у якіх я працую. Вядома, я намалюю і гісторыю пра прынцэс, але патрачу больш часу і высілкаў. Чытаючы тэкст, адразу адзначаю: о, вось гэта я ведаю, як намаляваць! Макет клею сама, каб ведаць, колькі месца застанецца для ілюстрацый. Але яшчэ да макета пачынаю маляваць тое, што зачапіла: кветкі, звяроў, дзяцей... Цяпер афармляю кнігу Ніны Галіноўскай і ўжо намалявала, як гусь вязе пеўняў у вазку. Я ніколі яшчэ не малявала такога — вельмі цікава!

— Ці важна цалкам акунуцца ў свет аўтара? Або лепшы вынік будзе, калі мастак абапіраецца на ўласныя ўражанні?

— У свет аўтара я магу акунуцца заўсёды, але добра, калі мы з ім на адной хвалі. Калі ёсць тыя самыя асабістыя ўражанні. Пакуль дзіця расло, мы трымалі дома хамячкоў. І калі мне давялося афармляць кніжку пра Хомачку, яна лягла на добрую базу: пра хамячкоў я ведаю шмат. Знаёмая тэма атрымлівае глыбейшы эмацыянальны водгук, абрастае дэталямі, якіх не знойдзеш у кніжцы, іх трэба ўяўляць.

— Свет Вашых ілюстрацый поўны гармоніі. Што дапамагае папаўняць яе запасы? Як Вы адпачываеце?

— Да пандэміі магла з’ехаць на дзень у Вільнюс, пабыць у адзіноце, пераключыць увагу ад надзённых клопатаў. Не так даўно ў нас з’явілася дачная хатка. Там яшчэ немагчыма жыць, але я прыязджаю туды, каб пастаяць на тэрасе, паслухаць спевы птушак. Я пасадзіла там ружы. Мне хапае правесці там гадзіны тры, каб аднавіць унутраную раўнавагу.

— Як у сённяшнім моры кніжнай прадукцыі выбраць добра аформленую кнігу для дзіцяці?

— Бацькі павінны разумець, чаго яны жадаюць для дзіцяці ў далейшым, бо свае першыя кнігі ён запамінае на ўсё жыццё. Часам мае вучні кажуць: «У мяне ў дзяцінстве была кніжка, я толькі цяпер даведаўся, што гэта вы яе аформілі!» Вырашайце самі, якія карцінкі павінны быць у кнізе ў вашага дзіцяці, а пасля — у ягонай свядомасці: пра космас, пра сабачку... або пра робатаў, пра вайну. Ці трэба, каб ваш сын ці дачка з дзяцінства гарталі кнігі, у якіх страляюць? Кніжнае мастацтва развіваецца такім чынам, што конкурсы кнігі часам вітаюць нестандартны погляд мастака на свет, але з асаблівых поглядаў розных мастакоў трэба выбіраць тое, што вы хацелі б укласці свайму дзіцяці ў мозг і душу.

«Цікавая ілюстрацыя — не падрадкоўнік»

— Што патрэбна, каб мастак адбыўся?

— Сваім вучням, калі яны заканчваюць гімназію і раздумваюць аб будучыні, я кажу: калі можаш не маляваць — не малюй. Таму што ў гэтай працы ўзнагародай з’яўляецца сам працэс, шмат грошай тут не заробіш. А праца мастака — гэта такі спосаб бачыць наваколле. Без выходных, без адпачынкаў, 24/7.

Але цешыць тое, што мы жывём ў такі час, калі дасягненні тэхнічнага прагрэсу дазваляюць пазбегнуць маруднага этапу авалодвання традыцыйнымі тэхналогіямі. Сёння, калі ў цябе ёсць ідэя і хоць бы мінімальныя навыкі працы ў графічных праграмах, ты можаш адразу яе рэалізаваць. Камп’ютар не зможа палепшыць вашыя мастацкія здольнасці, але ён дапамагае надзвычай паскорыць працэс.

Але і тут ёсць пэўная пастка, бо недахоп мастацкай адукацыі можа не дазволіць здзейсніць задуманае менавіта так, як хацелася б.

— Густ даецца ад нараджэння або яго можна развіць?

— Можна развіць адчуванне колеру, адчуванне пластыкі, гарманічнае ўспрыманне каларытаў, форм, фактур. Але нешта ў чалавеку павінна быць ад пачатку. Каго Бог пацалаваў у цемечка, той дасягне высокага ўзроўню ў развіцці, а калі чалавек не мае адоранасці — то пэўнай мяжы. Дызайнеру патрабуецца не фатаграфічнае капіраванне натуры, а творчы складнік, эмацыянальная апрацоўка візуалу.

— Якую галоўную параду Вы далі б пачаткоўцам — ілюстратарам дзіцячай кнігі?

— Чытаць паміж радкоў. Мне здаецца, цікавая ілюстрацыя — не падрадкоўнік, мастак не павінен прытрымлівацца тэксту літаральна. Калі кошка бяжыць, задумайцеся, куды яна бяжыць? За кім? А дзе ў яе лапка — можа, яна трапіла ў норку да мышкі? Адкуль на стале кружка? Хто піў з яе? Прыдумайце, як будзе развівацца гісторыя далей. Гэта і ёсць сааўтарства мастака і пісьменніка. Такі падыход асабліва важны для дзіцячай кнігі, у якой свет выяўленчы не менш важны, чым свет тэксту.

Алена БРАВА

Фота з асабістага архіва Алены Карповіч

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.