Вы тут

Што вядома пра новую тэнісную зорку — Крысціну Дзмітрук


У беларускім жаночым тэнісе — чарговая перамога. Крысціна Дзмітрук заваявала тытул у адзіночным разрадзе на турніры серыі ITF Women’s World Tennis Tour з прызавым фондам $25 000 у Іспаніі. Для 18-гадовай спартсменкі гэта трэці адзіночны тытул у кар’еры і першы тытул на турнір з прызавым фондам $25 000. Гэтая тэнісістка збіраецца і далей здзіўляць тэнісных аматараў. Расказваем, што вядома пра ўзыходзячую зорку тэніса.


З 2018 па 2020 гады Крысціна заваявала пяць юніёрскіх тытулаў. Падчас свайго выступлення на юніёрскім узроўні яна ўваходзіла ў топ-10 сусветнага юніёрскага рэйтынгу. «Я добра разумею, што на дарослым узроўні яшчэ больш моцных і таленавітых тэнісістак. Аднак мне цікава „заходзіць“ у дарослы тэніс. Гэта як выклік самой сабе. Гэта цяжка, але цікава. Цяжкасці не даюць мне расслабіцца». — расказвала Крысціна год таму ў інтэрв’ю «Звяздзе».

Тэнісістцы аднолькава цікавы і парны, і адзіночны разрад. Сярод яе адзіночных тытулаў пачэснае месца займае перамога ў парным разрадзе юніёрскага турніра Уімблдона. Тытул яна заваявала разам з расіянкай Дзіянай Шнайдэр. У 2019 годзе ў яе быў тытул у пары на турніры ў Турцыі. Крысціна ўпэўнена, што з парнай гульні можна многае пераняць для адзіночнай — злёт, прыём, касыя.

У арсенале Крысціны Дзмітрук — матч супраць першай ракеткі Беларусі Арыны Сабаленкі. Праўда, Крысціна яго прайграла. «Чаго хаваць — хвалявалася, нават па гульні гэта было відаць. Але я перажывала не за тое, як пройдзе матч, свае шанцы я разумела, а перажывала за тое, як пакажу сябе ў гэтым матчы», — успамінала Крысціна. Ну затое які вопыт.

Свой стыль гульні Крысціна называе разнастайным. «Трэба адразу паказаць, што ты мацнейшы і вышэйшы, прымусіць саперніцу нервавацца. Я пачынаю з неагрэсіўнага тэніса, а першыя 2-3 геймы гляджу, што саперніца робіць, як яна гуляе справа, што робіць з прыёму, як падае. А потым, калі разумею стыль гульні, то ўжо выбіраю тактыку і стыль сваёй гульні на гэты матч». — расказвала Крысціна. Тэнісістка адзначала, што можа гуляць і ў абароне, і ў атацы, увесь матч мяняючы сваю гульню.

Куміраў у маладой тэнісісткі няма. Ад кожнага топавага спартсмена яна стараецца браць нешта сваё. Напрыклад, паводзіны на корце і характар — ад Вікторыі Азаранкі, пластычнасць — ад Гаэля Манфіса.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Беларуская тэнісная федэрацыя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.