Вы тут

Духмяныя булачкі Таццяны Чарнухі ведаюць аграрыі ўсяго раёна


Таццяна Чарнуха шчыруе ў сталовай СУП «Ліпаўцы» Віцебскага раёна ўжо 26 гадоў. На пяшчотных далонях загадчыцы ляжыць вялікі цяжар адказнасці за сілы для жніва мясцовых аграрыяў. 


Віцебская вобласць урачыста перасягнула мільённы намалот. Для паўночнага рэгіёна, які заўсёды лічыўся зонай разыкі для земляробства, гэта своеасаблівы рэкорд, які віцебскія хлебаробы ўстанавілі ў трэці раз: мільённая мяжа была дасягнута ў 1976 і 2014-х гадах. На сённяшні дзень у вобласці засталося ўбраць яшчэ каля 10 працэнтаў плошчаў, таму вынік будзе яшчэ вышэйшым. Што стаіць за дасягненнямі кожнай гаспадаркі, якія рупліва фарміруюць каравай рэспублікі? Адказ адназначны — людзі. Апантаныя сваёй справай прафесіяналы-хлебаробы, якія цалкам усведамляюць важнасць унёску кожнага ва ўборачную кампанію. Хтосьці шчыруе на залатых нівах ад відна да відна, а хтосьці — сярод шэрагу бурлівых рондаляў у сталовых, забяспечваючы механізатарам гарачае харчаванне непасрэдна на працоўных месцах. Адна з такіх «байцоў нябачнага фронту» — загадчыца сталовай СУП «Ліпаўцы» Таццяна Чарнуха.

Акрамя традыцыйных страў з-пад яе лёгкай рукі абавязкова, кожны дзень выходзяць духмяныя булачкі, якія вельмі да спадобы аграрыям. Гэта «разыначка» мясцовай сталовай робіць яе адметнай ва ўсім раёне, чакаюць вадзіцелі, механізатары, пастухі, работнікі зернесушыльнага комплексу часцінку душэўнага хатняга смаку, якога так не хапае ў гарачыя дні жніва. Штодзень Таццяна разам з памочніцамі гатуе каля 150 абедаў і 50 вячэр. Двухразовае харчаванне ў «Ліпаўцах» гарачае, для ўсіх удзельнікаў палявых работ бясплатнае — гэта адзінае прадпрыемства ў раёне, якое стварыла для працаўнікоў такія ўмовы. На кухні шчыруюць утрох — Таццяна выконвае абавязкі і загадчыцы, і кухара, дзве памочніцы развозяць абеды. 

«Гатуем смачна, як дома. Ахвотна прымаем заказы з палёў — і дзеруноў мужчынам хочацца, і лянівых галубцоў. Яшчэ ў спякоту даспадобы працаўнікам халодныя супы, а яшчэ хатнія саленні — адмысловыя агуркі і памідоры. Адным словам, падтрымліваем, як можам, каб у камбайнераў пасля цяжкага дня за стырном былі сілы яшчэ зрабіць некалькі кругоў па хлебнай ніве», — усміхаецца Таццяна Уладзіміраўна.

На пытанне, у чым заключаецца сакрэт нястомнасці, загадчыца адказвае, што ў добрым настроі, які, як правіла, з’яўляецца найлепшай спецыяй. А яшчэ — адданасць абранай прафесіі і поўная адказнасць за сваю справу. З 7 гадзін раніцы і да 5 вечара кожны чалавек, які прыйдзе ў сталовую, не павінен застацца галодным. Так, дарэчы, ніколі і не здараецца, нават нас у 9 раніцы жанчына ветліва сустракала са свежым печывам. 

Сталовая стала для Таццяны Уладзіміраўны месцам прафесійнага станаўлення і вытворчых поспехаў. Сюды яна прыйшла адразу пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці і ўжо 26 гадоў не згасае на кухні запалены ў вачах агеньчык. Да графіку без выхадных вясковаму чалавеку не прывыкаць: днём шчыруе ў сталовай, вечарам — займаецца ўласнай гаспадаркай, і на ўсе хапае часу гэтай далікатнай, але ад гэтага зусім не слабай жанчыне. Муж працуе ў лясгасе, а па нялёгкай сцяжынцы сельскай гаспадаркі разам за маці пайшла дачка Дзіяна — яна працуе пасля горацкай акадэміі ў «Ліпаўцах» эканамістам, а сын ідзе ў сёмы клас. Гэтая гармонія — сямейная і прафесійная — дае Таццяне Уладзіміраўне сілы і натхнення на новыя поспехі, якія не застаюцца незаўважнымі. 

Са шчырымі словамі падзякі за нялёгкую, але вельмі важную працу да яе завіталі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыяльнага сходу Ірына Палякова і прафсаюзны лідар аграрыяў раёна Таццяна Дзіканава. У межах акцыі «Жанчыны за ўраджай», якую дэпутат і прафсаюз работнікаў АПК праводзяць у выбарчых акругах, загадчыца была адзначана падзякамі і падарункамі. 

«Дзякуючы вашай шматгадовай і плённай працы, надзейнасці і самааддачы фарміруецца моцны падмурак харчовай бяспекі нашай краіны. Ад вас залежыць сапраўды вельмі шмат, нягледзячы на тое, што вы не шчыруеце на палях. Жадаю вам моцнага здароўя і дабрабыту, заставайцеся на такім жа высокім узроўні», — павіншавала Ірына Палякова. 

«Праца ў галіне сельскай гаспадаркі ніколі не была лёгкай, вы з гонарам на працягу 26 гадоў стаіце ў страі. Гэта паказчык шчырай любові да прафесіі, нягледзячы на цяжкія выпрабаванні жнівом. Вытворчыя поспехі ўсяго прадпрыемства — гэта і ваша заслуга. Дзякуй за тое, што вы нястомна на працягу доўгіх гадоў уносіце вялікі ўнёсак у наш агульны каравай», — адзначыла Таццяна Дзіканава.

Па словах Ірыны Міхайлаўны, акцыя «Жанчыны за ўраджай», якая праводзіцца ў Віцебскім, Гарадоцкім і Шумілінскім раёнах, накіравана на жанчын, якія шмат гадоў прысвяцілі сельскай гаспадарцы. Вагаўшчыцы, загадчыцы зернесушыльнымі комплексамі і сталовымі, аграномы — сярод гэтых прафесій нельга падвесці вынікі, але іх уклад у развіццё краіны вялікі. Нашы моцныя прадстаўніцы прыгожага полу не лічаць свае прафесійныя дасягненні подзвігамі, але словы падзякі за, здавалася б, нябачную працу расчульваюць кожную і раскрываюць крылы.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.