Вы тут

Што чакае школы з 1 верасня?


У новы навучальны год сістэма адукацыі нашай краіны ўступае з новай рэдакцыяй Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. У яе былі ўключаны змяненні, якія адбыліся за апошнія дзесяць гадоў. У дакумент унесена больш за 200 змяненняў і правак, уключана 17 новых артыкулаў (усяго іх 297).

Асноўнае новаўвядзенне Кодэкса — абавязковая агульная сярэдняя адукацыя. У мінулай рэдакцыі абавязковай была базавая адукацыя. Агульную сярэднюю адукацыю можна будзе атрымаць як у школе, так і паралельна з атрыманнем прафесіі ў каледжы. Акрамя таго, новай рэдакцыяй вызначана інклюзіўная адукацыя, якая прадугледжвае асобную работу па стварэнні ўсіх неабходных умоў не толькі для падтрымкі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і іх навучання, але і для атрымання імі прафесіі з наступнай сацыялізацыяй.


Выхаваўчы патэнцыял урока

1 верасня за школьныя парты сядуць 115 тысяч першакласнікаў (летась іх было на тысячу менш). Агульная ж колькасць школьнікаў перавысіць 1 мільён 85 тысяч чалавек. Тэма першага ўрока ў Дзень ведаў — «У гістарычнай памяці сіла і адзінства беларускага народа».

Як расказала начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова, традыцыйным падарункам да новага навучальнага года стане адкрыццё ў краіне чатырох новых школ. Адна з іх (на 471 месца) адчыніць свае дзверы для дзяцей у Кобрыне. Школа на 321 месца рыхтуецца да адкрыцця ў Століне. Таксама новая школа на 720 месцаў прыме дзяцей у Смалявічах. А ў Мінску з'явіцца школа, разлічаная на 1020 вучняў. Усяго ж у краіне будзе функцыянаваць 2901 дзяржаўная ўстанова адукацыі.

Для падвозу 53 тысяч навучэнцаў плануюць задзейнічаць 1,5 тысячы школьных аўтобусаў, у тым ліку 86 спецыяльна абсталяваных для навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

— Асаблівая ўвага ў гэтым навучальным годзе, як, дарэчы, і ў папярэднім, будзе аддавацца выхаваўчаму патэнцыялу ўрока. Мы гаворым, што кожны ўрок павінен не толькі несці веды па сваім прадмеце, але і выхоўваць навучэнцаў, — падкрэслівае Ірына Каржова. — Для гэтага Міністэрства адукацыі дае адпаведныя рэкамендацыі па асвятленні тых ці іншых тэм, напрыклад рэкамендацыі па асвятленні тэмы генацыду беларускага народа ў рамках выкладання розных навучальных прадметаў.

У 2021/2022 навучальным годзе завяршыўся пераход на абноўленыя навучальныя праграмы, які ажыццяўляўся паэтапна з 2015 года. «Таму ў новым навучальным годзе ніякіх карэнных змяненняў не адбудзецца, — запэўнівае начальнік упраўлення. — Навучальныя праграмы змяняліся кропкава, з улікам заўваг і прапаноў, якія паступалі ад педагогаў-практыкаў з месцаў. Акрамя таго, адбыліся змяненні ў Тыпавым вучэбным плане на 2022/2023 навучальны год».

Як прыклад, у новым навучальным годзе ў 10-х і 11-х класах павялічыцца колькасць гадзін на вывучэнне прадметаў «Беларуская мова» і «Руская мова». Калі раней навучэнцы на старшай ступені школы вывучалі беларускую і рускую мовы па гадзіне ў тыдзень, то цяпер у адным з паўгоддзяў у вучняў будуць два ўрокі беларускай і адзін — рускай, а ў другім паўгоддзі — наадварот. Профільныя класы гэта не закране. А вось колькасць гадзін, што адводзяцца на вывучэнне прадмета «Замежная мова», зменшыцца на старшай ступені школы на гадзіну ў тыдзень.

Яшчэ адно змяненне звязана з уступленнем у дзеянне новай рэдакцыі Канстытуцыі Беларусі: у навучальныя праграмы па гісторыі Беларусі і грамадазнаўстве былі ўнесены карэкціроўкі, якія прадугледжваюць вывучэнне змяненняў і дапаўненняў, прынятых на рэспубліканскім рэферэндуме 27 лютага 2022 года.

Зменяцца пералік і форма здачы выпускных іспытаў. Так, адзінаццацікласнікі ў сярэдзіне мая будуць здаваць цэнтралізаваны экзамен па беларускай ці рускай мове (на выбар) і матэматыцы. Для гэтага на базе ўстаноў адукацыі адкрыюць больш за 100 спецыяльных пунктаў. Школьнікаў туды будуць дастаўляць арганізавана. Кантраляваць працэс і апрацоўваць вынікі будзе Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў, які займаецца правядзеннем у краіне цэнтралізаванага тэсціравання.

Запрашаюць новыя факультатывы...

З 1 верасня беларускіх школьнікаў чакаюць новыя факультатывы, распрацаваныя Міністэрствам адукацыі. Цяпер іх дазволена праводзіць і па суботах. Сярод іх — вучэбная праграма факультатыўных заняткаў «Міжпрадметныя грані матэматыкі» для навучэнцаў восьмых—адзінаццатых класаў і факультатыў «У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію» (па вучэбных прадметах «Інфарматыка», «Фізіка», «Геаграфія», «Матэматыка», «Хімія», «Біялогія») для старшакласнікаў. У рамках апошняга факультатыву навучэнцаў будуць знаёміць з гісторыяй узнікнення і развіцця прамысловасці, тэхналогіямі аўтамабіле-, прыбора- і машынабудавання. Раскажуць, як развіваюцца такія галіны, як энергетыка, металургія, архітэктура і будаўніцтва, праінфармуюць, што новага ў прыродакарыстанні і ахове навакольнага асяроддзя...

Таксама Міністэрства адукацыі зацвердзіла праграму новага факультатыву пад назвай «Мой псіхалагічны дабрабыт і дапамога аднагодкам у крызіснай сітуацыі». Факультатыў, у першую чаргу, накіраваны на тое, каб даць падлеткам магчымасць вывучыць сябе, сваю асобу, прапрацаваць навыкі самадапамогі, навучыцца аказваць пасільную дапамогу сябрам.

Падчас заняткаў школьнікі даведаюцца, што такое псіхічнае здароўе, як перамагчы стрэс, у чым выяўляецца крызіс і як яго пераадолець, як устанавіць асабістыя межы, як навучыцца думаць пазітыўна, што такое асобасны рост і яшчэ шмат важных рэчаў.

Нараўне з традыцыйнымі метадамі навучання на новых факультатывах будуць задзейнічаны кейс-тэхналогіі, метад праектаў, дыскусіі, гульнявыя метады, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, патэнцыял адукацыйных экскурсій, выязных заняткаў, анлайн-семінараў і вэбінараў.

Акрамя таго, быў распрацаваны і працяг вучэбнай праграмы факультатыўных заняткаў «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму» для шостага (сёмага) класа. Яе змест грунтуецца на ўзаемадзеянні ўстаноў адукацыі з Царквой. У цэнтры ўвагі — выхаванне маральна сталай, духоўна развітой асобы, здольнай усведамляць адказнасць за лёс сваёй Айчыны, усведамленне значэння Царквы як найважнейшага сацыяльнага інстытута.

Новы Кодэкс аб адукацыі прадугледжвае конкурсны адбор у 10-я класы гімназій. Ён будзе ажыццяўляцца па сярэднім бале пасведчання аб агульнай базавай адукацыі і адзнак прадметаў, якія навучэнцы будуць вывучаць на павышаным узроўні.

У школы вяртаецца дапрофільная падрыхтоўка, гэта значыць на ўзроўні 8-9-га класаў ва ўсіх школах дырэктары змогуць фарміраваць дапрофільныя класы. Гэта неабходна рабіць для таго, каб да моманту заканчэння 9-га класа маладыя людзі маглі або зрабіць выбар сваёй далейшай траекторыі навучання на ўзроўні каледжа, або працягваць навучанне на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі і рабіць усвядомлены выбар профілю.

На старшай ступені школы па-ранейшаму будуць дзейнічаць профільныя класы з вывучэннем асобных дысцыплін на павышаным узроўні, профільныя класы прафесійнай накіраванасці (педагагічныя, спартыўна-педагагічныя, аграрныя, ваенна-патрыятычныя) і базавыя класы, вучні якіх будуць знаёміцца з прафесіямі рабочых (служачых). У абноўлены пералік уваходзіць больш як 80 прафесій: сярод іх пчаляр, пекар, пячнік, кухар,
радыёманцёр, аператар электроннага набору, садоўнік, фатограф, візажыст, афіцыянт і іншыя. Новы пералік ствараўся з улікам патрэб рынку працы ў рэгіёнах.

Што датычыцца ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, то ў бягучым годзе закупляецца абсталяванне для 230 кабінетаў працоўнага навучання і для 380 кабінетаў біялогіі.

Ірына Каржова заўважыла, што да выкарыстання ў адукацыйным працэсе будуць дапушчаны дзённікі навучэнцаў, распрацаваныя ў 2022 годзе. У адпаведнасці з новай рэдакцыяй Кодэкса аб адукацыі ў іх былі абноўлены правы і абавязкі навучэнцаў, а таксама пералік дзяржаўных свят і знамянальных дат. На форзацы дзённікаў размешчана рэклама Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі.

Новыя магчымасці ў падрыхтоўцы кадраў

У 2022—2023 годзе на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі будуць навучацца 60 тысяч чалавек і больш як 100 тысяч — на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Як расказала намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра Пятрова, у краіне будуць функцыянаваць 122 установы прафтэхадукацыі, 110 устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама іншыя ўстановы, якія рэалізоўваюць такія праграмы, напрыклад, філіялы ВНУ, гімназіі-каледжы мастацтваў, філіялы Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі.

— Адзначу, што мы ўступаем у эру абноўленага Кодэкса аб адукацыі, таму ўводзіцца адзінае найменне для ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі — каледж. Гэта не значыць, што рэзка зменіцца структура падрыхтоўкі кадраў, у каледжах будуць рыхтаваць на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі кваліфікаваных рабочых і служачых, а таксама спецыялістаў сярэдняга звяна і рабочых з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. У прынцыпе, абедзве гэтыя траекторыі падрыхтоўкі кадраў запатрабаваныя эканомікай, — падкрэсліла Аляксандра Пятрова. — Змяненняў у змесце ў сувязі з перайменаваннем і пераходам на адзіны від — каледж — не плануецца, аднак установы адукацыі могуць пашырыць пералік праграм падрыхтоўкі ў адпаведнасці з патрэбамі рэгіёна і базавых арганізацый. Напрыклад, адкрыць падрыхтоўку рабочых з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Такія рабочыя вылучаюцца высокім узроўнем кваліфікацыі, іх падрыхтоўка накіравана на патрэбы высокатэхналагічных вытворчасцяў — там, дзе насамрэч патрэбныя рабочыя з высокім разрадам, якія могуць абслугоўваць найноўшае абсталяванне.

Змест адукацыйных праграм у прафесійнай школе змяняецца ў сувязі з тым, што змяняюцца тэхналогіі вытворчасці, патрабаванні да рабочага месца. Адпаведна, адбываецца абнаўленне вучэбна-праграмнай дакументацыі і адукацыйных стандартаў. Па словах Аляксандры Пятровай, толькі ў бягучым годзе былі абноўлены стандарты па 17 спецыяльнасцях прафесійна-тэхнічнай і 37 спецыяльнасцях сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Таксама з 1 верасня ўступае ў дзеянне новы Агульнадзяржаўны класіфікатар спецыяльнасцяў і кваліфікацый. Новая рэдакцыя гэтага дакумента была прыведзена ў адпаведнасць з відамі эканамічнай дзейнасці, якія сёння існуюць. «Таму сёлета нас чакае маштабная распрацоўка вучэбна-праграмнай дакументацыі і адукацыйных стандартаў пад новы класіфікатар», — заўважыла Аляксандра Пятрова.

Яна дадала, што, акрамя лабараторый і вучэбных майстэрняў, у сістэме прафадукацыі функцыянуюць 52 рэсурсныя цэнтры. У новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі яны называюцца «цэнтрамі кампетэнцый». На сенняшні дзень праз іх прайшло ўжо больш як 27 тысяч чалавек.

Цэнтры кампетэнцый — гэта структурныя падраздзяленні ўстаноў адукацыі, аснашчаныя сучасным абсталяваннем, якое пастаянна абнаўляецца і якое немагчыма мець у кожнай установе адукацыі. У Кодэксе прапісана сеткавая форма ўзаемадзення пры рэалізацыі адукацыйных праграм, гэта значыць, усе навучэнцы профільных спецыяльнасцяў будуць мець доступ да матэрыяльна-тэхнічнай і вучэбнай базы цэнтраў кампетэнцый і праходзіць там падрыхтоўку на найноўшым абсталяванні ў рамках, напрыклад, вучэбнай практыкі, вытворчага навучання, у рамках выканання лабараторных або практычных работ.

Акрамя таго, на базе цэнтраў кампетэнцый вядзецца падрыхтоўка да рэспубліканскіх і міжнародных чэмпіянатаў прафесійнага майстэрства. Апошні рэспубліканскі чэмпіянат праходзіў у 2020 годзе па 47 кампетэнцыях. У яго фінале было прадстаўлена больш як 300 удзельнікаў.

«Увогуле, мы не плануем збаўляць тэмпы чэмпіянатнага руху, — запэўніла Аляксандра Пятрова, — паколькі, як паказала практыка, гэта матывуе нашых навучэнцаў, стымулюе інтарэс з боку школьнікаў працягнуць сваё навучанне ва ўстановах прафесійнай адукацыі, прыцягвае да сістэмы ўвагу не толькі патэнцыяльных навучэнцаў, але і заказчыкаў кадраў, якія разам з намі арганізоўваюць дадзеныя спаборніцтвы, вывучаюць стандарты сучасных інавацыйных вытворчасцяў. У верасні нас чакае Размеркаваны Еўразійскі чэмпіянат прафесійнага майстэрства ў Маскве і Саранску, мы будзем удзельнічаць у чэмпіянаце высокатэхналагічных галін прамысловасці ў Екацярынбургу, першым чэмпіянаце «Прафесіяналы» ў Санкт-Пецярбургу, першым чэмпіянаце высокіх тэхналогій у Вялікім Ноўгарадзе. А ў маі 2023 года адбудзецца ўжо пяты нацыянальны чэмпіянт прафесійнага майстэрства, на які, па традыцыі, будуць запрошаны і ўдзельнікі з іншых краін».

Будзь у курсе!

Раней шмат пытанняў узнікала адносна таго, у якім узросце трэба прымаць дзяцей у першы клас. Цяпер першакласнікамі могуць стаць хлопчыкі і дзяўчынкі, якія дасягнулі шасцігадовага ўзросту да 1 верасня. Па заяве аднаго з законных прадстаўнікоў вучня пачаць навучанне ў школе можа дзіця, якому 6 гадоў спаўняецца з 1 да 30 верасня. Варта адзначыць, што згодна з новай рэдакцыяй Кодэкса кіраўнік установы адукацыі можа прыняць дзіця ў першы клас на падставе заявы аднаго з яго законных прадстаўнікоў і рашэння педагагічнага савета, калі будучаму вучню споўніцца 6 гадоў да канца каляндарнага года.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.