Вы тут

Губернатары ўсіх абласцей прынялі ўдзел ва ўрачыстых лінейках


Святочнае хваляванне са школьнікамі падзялілі кіраўнікі беларускіх рэгіёнаў.


Старшыня Брэсцкага выканаўчага камітэта Юрый Шулейка павіншаваў дзяцей, іх бацькоў і педагогаў падчас урачыстага адкрыцця будынка пачатковых класаў гімназіі ў Іванаве. Аварыйнае памяшканне было мадэрнізавана за паўгода на сродкі аблвыканкама, на гэта спатрэбілася каля двух мільёнаў рублёў. У абноўленых класах за парты сядуць 176 вучняў, з іх 53 — першакласнікі.

Усяго ў Брэсцкай вобласці ў школах, гімназіях і ліцэях у бягучым навучальным годзе будзе займацца больш як 171 тысяча дзяцей. У рэгіёне ў параўнанні з мінулым годам колькасць школьнікаў павялічылася на дзве тысячы. Званок упершыню прагучаў для 18 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак.

Старшыню Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Субоціна ўчора можна было сустрэць на ўрачыстай лінейцы ў гімназіі № 1 горада Віцебска. А напярэдадні губернатар узяў удзел у цырымоніі перадачы 25 новых школьных аўтобусаў «МАЗ» галоўнаму ўпраўленню па адукацыі паўночнага рэгіёна. Губернатар падзякаваў кіраўніцтву ААТ «МАЗ» за тэрміны і камфортныя для рэгіёна ўмовы пастаўкі, дзякуючы чаму абласному бюджэту ўдалося сэканоміць звыш мільёна рублёў. Школьны парк Віцебшчыны складаюць 287 аўтобусаў, за пяць апошніх гадоў ён абноўлены амаль на 80 працэнтаў.

У новым навучальным годзе за парты вобласці села звыш 116 тысяч вучняў, 12 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак званок паклікаў у школьнае жыццё ўпершыню.

Яшчэ напярэдадні Дня ведаў першакласнікі Рудняцеляшоўскага дзіцячага садка — базавай школы ў Гомельскім раёне атрымалі партфелі з рук старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко. Акрамя таго, усе дзеці, якія прысутнічалі на ўрачыстай лінейцы, атрымалі салодкія падарункі. У новым навучальным годзе ў Рудняцеляшоўскую школу прыйшлі 64 вучні з пяці населеных пунктаў раёна. Дзяцей на заняткі падвозіць новенькі аўтобус. Згаданая ўстанова адукацыі чакае атрымання статусу сярэдняй школы.

Да першакласнікаў і выпускнікоў сярэдняй школы № 41 Гродна звярнуўся ў Дзень ведаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік. Першым ён пажадаў цікавай вандроўкі ў краіну ведаў, другім — здзяйснення мар і самарэалізацыі.

Буйніцкую сярэднюю школу 1 верасня наведаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. Дадзеная ўстанова адукацыі сёлета прыняла 510 дзяцей, з іх 64 — першакласнікі, і гэта на цэлы клас больш, чым летась. У той жа самы дзень у школы Магілёўскай вобласці прыйшлі 115 тысяч вучняў, з іх 12 тысяч — першакласнікі.

Новую школу ў Смалявічах адкрываў кіраўнік Цэнтральнага рэгіёна Аляксандр Турчын. Сярэдняя школа № 5 Смалявіч, акрамя вучэбных і лінгафонных кабінетаў, камп'ютарных класаў можа пахваліцца спартыўнымі і трэнажорнымі заламі, майстэрнямі, басейнам, студыяй харэаграфіі і кабінетам кітаязнаўства. Ёсць у школе і музейны пакой.

Для Мінска школьнае наваселле ў пачатку навучальнага года — традыцыя. Мэр беларускай сталіцы Уладзімір Кухараў разам са Старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай адкрываў сярэднюю школу № 226, што ў новым мікрараёне «Минск-Мир». «Вельмі прыемна, што шмат дзяцей прыйшло ў гэту новую школу, адкрыццё якой было доўгачаканым і якая была вельмі патрэбная. Сёння мы з упэўненасцю можам сказаць, што яна сапраўды —цудоўны храм ведаў. І самае галоўнае, што тут цудоўныя настаўнікі», — падкрэсліў старшыня Мінгарвыканкама.

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.