Вы тут

Ангорскі казёл Барыс шукае нявесту


Больш за 150 жывёлін, у тым ліку экзатычных, а таксама чырванакніжныя зубры ўтрымліваюцца ў цэнтры экалагічнага турызму ў Бабавічах Гомельскага раёна. Крыху больш за год таму тут з’явіўся яшчэ адзін насельнік — ангорскі казёл Барыс. Такую мянушку яму далі ранейшыя гаспадары, і кіраўнік цэнтра Васіль Антонаў мяняць яе не стаў.


Заснавальнік цэнтра прызнаўся, што даўгашэрснага казла ангорскай пароды яму падарылі, такіх жывёл у Беларусі не разводзяць. Пяцігадовы Барыс (па чалавечых мерках — у самой сярэдзіне жыццёвага шляху) вырас на аграсядзібе, таму ахвотна пазіруе і фатаграфуецца з наведвальнікамі цэнтра экалагічнага турызму.

— Асабліва калі бачыць, што да яго ідуць з пачастункам — яблыкам або морквай, — усміхаецца Васіль Антонаў. — Барыс сілкуецца тым жа, што і хатнія козы, таму з яго ўтрыманнем праблем няма. Карміць жывёл наведвальнікам цэнтра мы не забараняем — дзецям гэты працэс асабліва падабаецца. Аднак ёсць абмежаванні: можна купіць у нас ужо падрыхтаваныя порцыі прысмакаў альбо прынесці з сабой вымытую гародніну і садавіну. А вось даваць хлеб катэгарычна нельга — гэта прадукт толькі для людзей.

Ветэрынарны ўрач, які працуе ў цэнтры, рэгулярна аглядае ўсіх птушыных, пухнатых і рагатых «пастаяльцаў» і пры неабходнасці прызначае курс прафілактычных мерапрыемстваў. Напрыклад, раз на паўгода Барысу даюць супрацьгліставыя прэпараты, своечасова робяць прышчэпкі, неабходныя для падтрымання яго здароўя.

— За год, які ангорскі казёл жыве ў цэнтры, ён стаў мясцовай славутасцю нараўне з зубрамі, братамі-двайнятамі Бяшай і Буяшай, — працягнуў Васіль Антонаў. — І за гэты час рогі ягоныя, і так не маленькія, яшчэ павялічыліся ў памеры. Каб насіць такі цяжар, хоць і прыгожы, трэба быць вельмі цягавітым і моцным. Таму Барыс — сапраўдны волат: яго вага складае каля 150 кілаграмаў!

Тое, што пароду ангорскіх коз, таксама як і авечак, выводзілі дзеля атрымання поўсці, адбілася і на вонкавым абліччы Барыса. Нажаль, прафесійных стрыгаляў у нас у краіне няма, таму «грумінг» яму робяць саматугам.

— Нядаўна яго прывялі ў парадак, так што цяпер хоць жаніцца! — смяецца Васіль Антонаў і дадае: — Вось толькі нявесты яму знайсці не можам. Другой асобіны гэтай пароды, ды яшчэ і жаночага полу, у Беларусі сапраўды няма. Таму думаем знайсці яму сяброўку са звычайных хатніх коз, але буйнага, як гаворыцца, памеру «плюс сайз». Можа, атрымаем казлянят з доўгай шаўкавістай поўсцю.

Зрэшты, развядзенне такой пароды ў нашай краіне пакуль нерэнтабельна. Нават калі і атрымаецца вырошчваць ангорскіх коз і атрымліваць ад іх поўсць, якая адпавядае патрабаванням па яе далейшай перапрацоўцы, праводзіць гэты працэс няма каму. У Беларусі няма спецыялістаў і вытворчасцяў, якія б займаліся вырабам шкур і апрацоўкай воўны ў прамысловых маштабах.

— Хоць гэты кірунак даволі перспектыўны і рэнтабельны — ва ўсім свеце шануюцца рэчы з натуральных матэрыялаў, а ангорская поўсць — адна з самых запатрабаваных і дарагіх.

Пакуль «ангорац» Барыс сумуе ў адзіноце, да яго не зарастае сцежка цікаўных: у сацсетках усё часцей можна сустрэць сэлфі з прадстаўніком рэдкай пароды хатняй жывёлы, апетай у казках і фальклоры. Вось і пачынаючая фотапаляўнічая Ліза Лямешка не ўпусціла магчымасці адлюстраваць рагатага прыгажуна ў розных ракурсах. Дзяўчына засталася задаволеная: ёй удалося не проста сфатаграфаваць экзатычную жывёліну, але і «злавіць» яе эмоцыі.

Ірына ГРАМЫКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.