Вы тут

Прэм’еры, гастролі і думкі пра новую беларускую оперу і балет


На адкрыццё сезона тэатр прапануе гледачам прэм’еры, якія былі прадстаўлены ў канцы мінулага сезона — балет на музыку Пятра Чайкоўскага «Спячая прыгажуння» у харэаграфіі Вялянціна Елізар’ева і опера Гаэтана Даніцэці «Любоўны напой» у пастаноўцы Ганны Маторнай. Але ад юбілейнага сезона заўсёды хочацца чакаць адметнасцяў, якія б радавалі і публіку, і артыстаў тэатра.


Фота Міхаіла Несцерава

Прэм’еры

— Юбілей — гэта перш за ўсё людзі, асобы ў гісторыі, — адзначыла генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Кацярына Дулава. — І творы, якія абраныя для гэтага сезона як прэм’ерныя, маюць адметную гісторыю. Яны ёсць у афішы любога тэатра як найбольш запатрабаваныя. Так атрымалася, што ў 90-ты год працы Вялікага тэатра ў яго афішы з’явяцца любмыя пастаноўкі. Гаворка пра балет «Жызэль», які прадставіць галоўны белетмайстар тэатра Ігар Колб, і пра балет «Дон Кіхот» у пастаноўцы Валянціна Елізар’ева. Таксама будзе прэм’ера «Сівільскага цырульніка», якую мы збіраемся ажыццявіць з італьянскай групай пастаноўшчыкаў. Гэта творы, якія ўпрыгожваюць сусветныя афішы. І з’явіцца абсалютна новы спектакль, які дагэтуль не быў у нашай афішы, — «Гісторыя Кая і Герды» («Снежная каралева») кампазітара Сяргея Баневіча, казачная калядная опера ў пастаноўцы Ганны Маторнай. Прэм’еры юбілейнага года вельмі цёплыя, прыгожыя і традыцыйныя па сваёй сутнасці. 

Гастролі

Гэтая частка жыцця тэатра сёлета насычаныя: спачатку балетная трупа едзе на фестываль у Каралеўства Тайланд, а напрыканцы кастрычніка нашы спектаклі можна ўбачыць у афішы Вялікага тэатра Расіі. 

Фота Міхаіла Несцерава

— У Тайландзе мы паказвалі свае спектаклі неаднойчы, — адзначае мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра Беларусі Вялянцін Елізар’еў. — Гэта самы вялікі азіяцкі фестываль оперы і балета, але гэтым разам у ім бярэ ўдзел толькі наша балетная трупа, нас запрасілі без оперы, бо сёлета фестываль больш балетны. Там падрыхтаваная публіка, нас звычайна добра сусткараюць. Пасля амаль адразу мы выязджаем у Маскву, будзем паказваць свае спектаклі на гістарычнай сцэне Вялікага тэатра Расіі. Гэта абменныя гастролі: у наступным годзе Вялікі тэатр Расіі прывязе свае спектаклі да нас. Нас запрасілі з операй «Дзікае паляванне караля Стаха» — гэта вельмі яркі касцюмаваны спектакль, які паставіла галоўны рэжысёр Вялікага тэатра Беларусі Ганна Маторная, і з балетам «Шчаўкунок» — вечны спектакль, які стала трымаецца ў нашым рэпертуары і карыстаецца любоўю гледачоў. А далей мы будзем займацца новымі пастаноўкамі. 

Праекты

Валянцін Елізар’еў збіраецца працаваць над балетам «Дон Кіхот» і ўдакладняе: гэта складана назваць новай пастаноўкай, бо харэограф ужо рабіў гэты спектакль. Вечная класіка, спектакль вясёлы, задорны, яго вельмі любіць і публіка, і трупа, але далёкі ад рамана Сервантэса, хоць там ёсць і Дон Кіхот, і Санча Панса. Елізар’еў крыху перарабіў сюжэт драматургічна, і пераасэнсаваў харэаграфічна — мы ўбачым гэтую гісторыю ў сакавіку ў новым мастацкім прачытанні. І, напэўна, з новым дырыжорам, якога ў тэатры ўжо вельмі чакаюць... Спектакль «Сівільскі цырульнік» запланаваны на канец сезона, над ім тэатр будзе працаваць з італьянскай пастановачнай групай. Бачылі маленькія фрагменты спектакля гэтых пастаноўшчыкаў, — яны падаліся даволі цікавымі кіраўнікам беларускага тэатра, акрамя таго, праца ідзе па рэкамендацыі выдатнага італьянскага дырыжора Рыкарда Муці. Мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра Беларусі спядзяецца, што гэта будзе новая форба супрацоўніцтва з цікавымі замежнымі пастаноўшчыкамі — гэтая традыцыя была і будзе. 

— Пішацца новы беларускі балет, пішацца новая беларуская опера, але па тэрмінах не атрымліваецца ўкласціся з імі ў юбілейны сезон. Над творамі працуюць кампазітары Алег Хпадоска і Вячаслаў Кузняцоў. 

— У нашым рэпертуары ёсць творы нацыянальнай тэматыкі: балеты «Страсці», «Князь Вітаўт» і «Настасся», дзве оперы — «Сівая легенда» і «Дзікае паляванне караля Стаха», — падкрэслівае генеральны дырэктар Кацярына Дулава. — Адмыслова ладзілася нарада наконт твораў па нацыянальнай тэматыцы для Вялікага тэатра: што б мы хацелі ўвасобіць на сцэне? Такая задума ўжо ёсць — вялікая, сур’ёзная, сапраўдная. Гэта будзе опера, мне б хацелася, каб такі праект ажыццявіўся ў 2024 годзе, на 23 год спланаваць было б тэхнічна складана. Гэта абсалютна новы тэкст. Балетны сюжэт пакуль абмяркоўваецца, задумы могуць быць самыя нечаканыя. Тыя сцэнарныя прапановы, якія паступілі ў выглядзе сюжэтаў ад нашых дзеячаў літаратуры, мастацтва, гісторыі, філасофіі, — будуць прадметам абмеркавання на асобнай нарадзе. Таму што я прыйшла з пранановай: нам патрэбныя свой «Князь Ігар», свой «Іван Сусанін», «Барыс Гадуноў», «Хаваншчына»... Патрэбныя сюжэты, якія б прадстаўлялі нашу краіну, з сур’ёзнай музыкай, духоўна магутныя і заўважныя ў творчым жыцці тэатра. Прасцей было б узяць гісторыю, паглядзець, што было ў партфелі беларускай оперы і беларускага балета раней, пачынаючы з адкрыцця тэатра. Але разумеючы, што жыццё рухаецца наперад, нам хацелася б новых твораў. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Прэв’ю: bolshoibelarus.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.