Вы тут

10 бацькоўскіх выказванняў, якія прыгнятаюць самаацэнку дзіцяці


Калі вы хочаце вырасціць шчаслівае і ўпэўненае дзіця, гэты артыкул для вас. Бо менавіта ў дзяцінстве фарміруецца самаацэнка, нараджаюцца комплексы, і складваюцца адносіны да людзей і да свету ў цэлым. Часам у стане крайняга раздражнення і незадаволенасці паводзінамі ўласных дзяцей, мы гаворым ім словы і выказваннi, якія казаць дзецям нельга. Бо бацькі для дзіцяці — безумоўны аўтарытэт, і праўдзівасць іх слоў, як правіла, не выклікае сумневаў. Кіньце казаць дзецям гадасці, нават калі вы думаеце, што робіце гэта несур’ёзна. Вось некаторыя выказваннi, пра якія неабходна забыцца, калі вы хочаце, каб у вас складаліся даверныя і паважлівыя адносіны.


«Ды каму ты наогул патрэбны» .... Вядома, калі вы кажаце дзіцяці гэтае выказванне, вы не ўкладваеце ў яго сур’ёзны сэнс, але на самай справе яно мае глыбокі адмоўны падтэкст, які паведамляе малому аб яго бескарыснасці і непатрэбнасці. Падумайце, вы сапраўды хочаце сказаць, што такi, якi ён ёсць, нікому не важны і не патрэбны?

Нельга! «Ты мяне нервуеш, раздражняеш». Правільна! «Мне не падабаецца тое, як ты сябе паводзіш», «Мне непрыемны твае паводзіны», «Твае паводзіны мяне засмуцілі».

«Навошта я цябе нараджала». Такiя словы не павінен чуць ні адзін малы. Ён жа не прасіў вас нараджаць яго. Гэтае рашэнне было толькі вашым. І таму толькi вы павінны несці за яго адказнасць. Гэта заўсёды траўма для малога, бо такія словы пераконваюць яго ў тым, што «ён дрэнны» і «больш не патрэбны». Гэты выраз паведамляе дзіцяці: я табой незадаволеная, лепш бы цябе не было. Падумайце, вы менавіта гэта маеце на ўвазе? Ніколі так не кажыце, а заўсёды падкрэслівайце, што вы любіце свайго малога нават тады, калі ён дрэнна сябе паводзіць і капрызіць. 

«Ты дрэнны». Нават калі ваша дзіця здзейсніла дрэнны ўчынак, не асуджайце яго, бо ацэньваць можна толькі паводзіны. Даваць адзнаку дзіцяці як асобы, нельга! Гэта адно з самых жудасных выказванняў, што малы можа пачуць ад сваіх бацькоў. Такая ўстаноўка не толькі б’е бязлітасна па дзіцячай самаацэнцы, але і негатыўна адаб’ецца ў дарослым жыцці пры прыняццi рашэнняў. Дзіця будзе адчуваць сябе нявартым добрага стаўлення.

Памятайце, дрэнныя менавiта паводзіны — а не дзіця: «Ты паступіў дрэнна!», «Не рабі так больш, так рабіць нельга». І абавязкова растлумачце, чаму нельга.

«Не замінай, не лезь, не бяры, — гэта небяспечна». Абмежаванні, натуральна павінны прысутнічаць у жыцці дзіцяці. Без іх ніяк. Але дрэнна, калi iх занадта шмат. Інакш дзіця будзе думаць, што ўсё жыццё складаецца з небяспек. Гэтае выказванне трэба казаць, калі сапраўды прысутнічае пагроза жыццю. А не ў мэтах прафілактыкі.

Выкарыстоўвайце слова «НЕ», калі яно сапраўды неабходна!

«Пайдзі, адчапіся», «Сыдзі з маіх вачэй, «У мяне няма часу, сіл на выбрыкі». Так вы паказваеце, што ігнаруеце запатрабаванні свайго дзіцяці, адбіваеце ў яго жаданне быць карысным. Такім чынам вы забіваеце давер да вас. Такая стратэгія несумненна павернецца супраць вас. Формула простая: няма даверу — няма павагі — няма паслухмянасці! Прыніжэнне не толькі інтарэсаў, патрэбаў, але і самога чалавека. Поўная дэманстрацыя абыякавасці і пагардлівага стаўлення.

«Ты брудны, неахайны», «Я і не думала, што ты такая скнара, капрызная, шкодная». Няўжо вы думаеце, што абражаючы і прысаромліваючы, вы даможацеся патрэбных вам паводзін. Такімі словамi вы толькі падрываеце самаацэнку і прывіваеце комплексы ад якіх пасля вельмі складана пазбавіцца. Вашы выказваннi зробяць дзіця нясмелым, сарамлівым, баязлівым. 

«Ты не зможаш, у цябе не атрымаецца», «У цябе крывыя рукі». Кажучы гэтыя словы вы літаральна праграмуеце малое на пастаянныя няўдачы. Вы не даяце дзіцяці магчымасці навучыцца чаму-небудзь. Гэта значыць, вы самі забіваеце ініцыятыву, пераконваючы тым самым, што ён бездапаможны і ні на што не здольны. Заўсёды памятайце, што дзіця выхавалі менавіта вы. Менавіта вашы паводзіны ён капіруе ў зносінах з іншымі людзьмі. Можаце нават у гэтым не сумнявацца.

«Калі ты будзеш дрэнна вучыцца, апынешся на сметніцы». Гэтая негатыўная ўстаноўка фарміруе страх да жыцця, звычку працаваць за нізкую аплату, няўпэўненасць у будучыні, недавер да навакольных. Гэтымi выказваннямi вы паведамляеце дзіцяці, што грошы можна зарабіць толькі цяжкай працай. Зразумела, што вы такім чынам жадаеце натхніць на добрыя адзнакі, але псіхалогія так не працуе.

«Іншыя дзеці вунь якія, а ты...», «Ты мяне ганьбіш», «Мне сорамна за цябе». Справа ў тым, што параўнанні абясцэньваюць дзіця. Так бацька ўскосна паведамляе дзіцяці, што іншы — добры, а ён — дрэнны. Гэта нярэдка прыводзіць да таго, што малое пачынае адчуваць сябе дурным, бяздарным, бескарысным. Калі дарослыя паказваюць дзіцяці, што нехта ўмее лепш/хутчэй, чым яно, то дзіця ў гэты момант адчувае пачуццё сораму і роспачы. Калі вы хочаце сапсаваць вашыя адносіны, можаце казаць гэтыя словы. Але не забывайце, што ўсе людзі розныя і дзеці не абавязаны адпавядаць вашым чаканням. Нават калі ў дзіцяці і маецца які-небудзь недахоп, вы не павiнны яму на яго паказваць, і тым больш асуджаць.

Параўнанне дзяцей паступова развівае комплекс непаўнавартаснасці. У дарослым жыцці дзiця ўвесь час будуць суправаджаць сумневы, ці дастаткова добра яно выглядае, ці варта добрага.

Параўнанне з іншымі выклікае злосць, — а пахвала акрыляе.

«Не выдумляй, не хлусі, не фантазіруй». Хлусня ў малых да 4 гадоў звычайна ёю i не з’яўляецца. У гэты перыяд iдзе развіццё ўяўлення і мыслення. Дзеці не робяць гэта наўмысна і тым больш для атрымання выгады. Разбярыцеся, што на самай справе вам спрабуе сказаць малое, перш чым абвінаваціць яго ў хлусні. У такiм выпадку паступова дзецi разумеюць, што казаць праўду небяспечна, лепш зманіць, выдумаць праўдападобнае, — можа сыдзе з рук і не пакараюць.

Факт: дзеці хлусяць бацькам з-за страху быць пакаранымі. 

Бацькі хочуць чуць праўду, дзіця прызнаецца і яго адразу ж лаюць і караюць. 

Такім чынам, каб разабрацца, што рабіць з дзецьмі, калі губляецца сувязь, трэба пачаць з самiх сябе:

  • Задумайцеся, як вы выглядаеце ў вачах свайго дзіцяці і навакольных людзей, калі кажаце (з добрых памкненняў) непрыемныя словы;
  • Усведамляючы, што дзіця капіруе паводзіны бацькоў, спачатку выпраўце ўласныя памылкі ў зносінах. Нельга рабіць дзецям заўвагі за тое, што робім мы самі. Варта таксама ў размове з дамачадцамі пазбягаць пастаяннай ацэнкі, крытыкі і натацый.
  • Калі вы не стрымаліся і зноў сказалі гадасць, навучыцеся шчыра прасіць прабачэння ў дзіцяцi;
  • Перагледзьце сваё асяроддзе. Верагодна, нейкія фразы вы пачулі ў знаёмых? Пазбаўцеся ад гэтых слоў як мага хутчэй. Яны перашкаджаюць вам будаваць даверлівыя адносіны з дзецьмі;
  • Цікаўцеся, як прайшоў дзень у вашага дзіцяці: што яму спадабалася, што запомнілася, чым яно, магчыма, не задаволена. Дайце магчымасць падзяліцца з вамі падзеямі, гэта вас зблізіць і вашыя адносіны толькі палепшацца.

Памятайце, што кожнае дзіця ўнікальнае, у кожнага знойдуцца свае здольнасці і таленты. І важна на добрых якасцях акцэнтаваць увагу i падкрэсліваць выдатныя якасці як мага часцей. Будзьце разумныя ў сваіх чаканнях. Пагрозы і прыдзіркі не дадуць вам патрэбнага выніку. Дзецi хутка вучацца ігнараваць пагрозы, — занадта хутка да іх прывыкаюць. Акрамя таго, маніпуляцыі ніколi не даюць дадатнага выніку. Вы не даможацеся паслухмянасці, правакуючы новыя канфлікты і ўжываючы абразы. Часцей паказвайце каханне і павагу, і дзеці вырастуць шчаслівымі і годнымі.

Псіхолаг Алена ШАЎЧЭНКА

Фота: рexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.