Вы тут

Модная класіка: паласаты пуловер для восені-2022


Пуловер у палоску знойдзецца ў гардэробе кожнай жанчыны, якая не гоніцца за звышмоднымі трэндамі, але хоча выглядаць сучасна. Гэтай восенню паласаты пуловер сярод фаварытаў, што не дзіўна: па-першае, класіка не выйдзе з моды ніколі, па-другое, гэта ідэальны варыянт для дажджлівых і прахалодных дзён. І, нарэшце, па-трэцяе: пуловер у палоску падыдзе і маладым дзяўчатам, і элегантным дамам. 


Малюнак з графічных ліній не з’яўляецца дакучлівым, не кідаецца ў вочы, а таму дае шырокія магчымасці, каб падкрэсліць вашу індывідуальнасць. Лаканізм і элегантнасць такой рэчы дазваляюць стварыць вялікую разнастайнасць модных вобразаў.

Якія палоскі ў модзе?

Пуловеры з гарызантальнымі палоскамі вядуць паходжанне ад цяльняшкі, якая калісьці была прыдумана для французскіх маракоў, а затым яе пачаў насіць увесь свет. І калі ў марской уніформе колер, шырыня і колькасць палосак рэгламентаваліся, то фантазіі сучасных дызайнераў практычна бязмежныя. Лініі могуць быць шырокімі і вузкімі, спалучацца паміж сабой у розных узорах і колерах. Дзякуючы ім ствараюцца выразныя жаночыя вобразы як для паўсядзённага жыцця, так і для свят.

Калі вас прыцягваюць мінімалізм і строгасць, можна абраць двухколерны пуловер у чорную, белую, сінюю, блакітную, карычневую ці бэжавую палоску. Аматаркі апрануцца ярка і кідка ўпадабаюць пуловер з камбінацыяй палосак некалькіх адценняў. Гэтай восенню будуць актуальныя рэчы любой даўжыні, з дадатковымі ўпрыгажэннямі або без іх, трохвугольным або асіметрычным выразам, пуловеры-сукенкі, у стылі аверсайз — усё залежыць ад вашых пажаданняў.

З чым спалучаць?

Ды з чым заўгодна. Спадніца, джынсы, штаны — любы ніз падыдзе. Пуловер у цёмную або светлую палоску можна надзець з класічнымі прамымі штанамі, такі дуэт — ідэальны ўбор для офіса. З моднай доўгай спадніцай скарочаны пуловер дадасць вам шарму і падыдзе для рамантычнай вячэры ўдваіх.

Важная парада. Не змешвайце малюнкі на вырабах, падбірайце да паласатага верха аднатонны ніз. Калі ў вас яркі пуловер, аддайце перавагу аднатоннай спадніцы, штанам у стрыманай гаме. Колеры верху і нізу павінны спалучацца гарманічна і не супярэчыць вашаму стылю.

Абутак і аксэсуары

Вытанчаны модны абутак стане дадатковай разынкай. Гэта могуць быць элегантныя туфлі-лодачкі — яны выдатна дапоўняць дзелавы вобраз з аднатоннымі штанамі і пуловерам у класічную чорна-белую палоску. Красоўкі і чаравікі ўдала спалучаюцца з пуловерам у стылі аверсайз. Насіце хусткі, шалікі, бранзалеты, каралі, эксперыментуйце з сумкай і рамянём. Галоўнае — памятаць пра спалучэнне колераў.

Дарэчы

З дапамогай палосак на адзенні можна візуальна скарэктаваць асаблівасці фігуры. Вертыкальныя палосы ствараюць ілюзію больш высокага росту. Шырокія гарызантальныя палоскі на пуловеры зробяць вашы формы больш акруглымі, а вузкія палоскі, наадварот, дададуць стройнасці. Ведаючы гэтыя сакрэты, можна, напрыклад, дадаць аб’ёму верхняй частцы цела або занадта вузкім сцёгнам і зрабіць больш стройнай тую зону, якая мае ў гэтым патрэбу.

Аліна ТОМІНА

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.