У новым 85-м сезоне выдатную магчымасць кожнаму прадставіць Беларуская дзяржаўная філармонія. Таму што ў планах яе кіраўніцтва і творчых калектываў радаваць публіку новымі прачытаннямі музычнага мастацтва ў самых разнастайных канцэртных праграмах.
— Нядаўна мне давялося пабываць на прэзентацыі кнігі «Беларуская эстрада ХХ стагоддзя». Так склалася, што і філармонія была спачатку найбольш эстраднай. Але ў ХХІ стагоддзі бачым змяненні ў запытах нашых гледачоў. Так, мы дакладна адчулі запыт на класічную акадэмічную музыку. Сёння выйграе той, каму ўдаецца спалучаць у сваёй рабоце традыцыю і сучаснасць, — адзначыў генеральны дырэктар Беларускай дзяржаўнай філармоніі Аляксандр НІКІТА. — Мы адчуваем дух часу, ставімся з вялікай павагай да нашага гледача, бо працуем перш за ўсё для яго. У 85-м канцэртным сезоне мы зробім усё магчымае, каб нашы канцэрты былі максімальна даступныя. А гэта становіцца магчымым тады, калі ёсць падтрымка ўстановы, што датычыцца арэнднай аплаты, камунальных паслуг, калі існуюць грантавыя субсідыі калектывам на стварэнне канцэртных праграм, і гэтак далей. У суседніх дзяржавах ёсць спецыяльныя праграмы, якія дазваляюць артыстам сусветнага ўзроўню прыязджаць да нас у рамках творчых абменаў. Такім чынам сёння наша філармонія, з'яўляючыся ўдзельнікам канцэртнай плеяды творчых арганізацый, мае магчымасць і ездзіць на гастролі, і прымаць у сябе адметных прафесіяналаў. Білеты на праграмы калектыву Аляксандра Анісімава прадаюцца за тыдзень.
Свой 85-ы дзень нараджэння філармонія адзначыць шэрагам адметных праграм і падзей. Адкрылі сезон канцэртам Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь (яму сёлета — 95 гадоў), а 8 кастрычніка калектыў запрашае на праграму, прысвечаную 75-годдзю свайго кіраўніка — маэстра Аляксандра Анісімава. У праграме вечара запланаваны творы Баха, Шастаковіча, а, напрыклад, у другой частцы ўладальніца пачэсных узнагарод Расійскай нацыянальнай прэміі і фестывалю «Залатая маска» Ірына Крыкунова выканае фінальную сцэну з оперы «Саламея» Штрауса.
Да Міжнароднага дня музыкі, 1 кастрычніка, Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь прадставіць новую праграму «Музычны буквар ад «До» да «Сі» ў рамках любімага публікай абанемента для ўсёй сям'і «Класіка — гэта класна!». Працягам стануць праграмы «Вандроўка вакол свету за 80 хвілін» і «Гумар у музыцы» ўжо пасля новага года.
Не абмінуць увагай у філармоніі і святкаванне 140-годдзя класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа і Янкі Купалы. 3 лістапада ўвазе публікі будзе прадстаўлены канцэрт «Мой родны кут» — сумесны праект Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Жыновіча і Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь, дзе прагучаць творы Ігара Лучанка, Аляксея Туранкова, Алега Моўчана і іншых. А 23 верасня аркестр імя Жыновіча дасць канцэрт «Мне не забыць той песні», прысвечаны памяці саліста «Песняроў» Леаніда Барткевіча.
Алена ДРАПКО
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?