Вы тут

У Беларускай дзяржаўнай філармоніі быў прадстаўлены канцэрт «Дзмітрый Шастаковіч. Партытура памяці»


У Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў Малой зале імя Рыгора Шырмы ансамбль салістаў «Класік-Авангард» прадставіў канцэрт «Дзмітрый Шастаковіч. Партытура памяці». Чым цікавая праграма вечара класічнай музыкі? 


Геній Дзмітрыя Шастаковіча 

Па-першае, вабіць нагода. Канцэрт — зварот да творчасці Дзмітрыя Шастаковіча, аднаго з найбольш уплывовых кампазітараў мінулага стагоддзя. Яго музыка — нібы сведчанне трагічных, крывавых падзей цэлай эпохі. На думку стваральніка праграмы, мастацкага кіраўніка і дырыжора ансамбля «Класік-Авангард» Людмілы Каліноўскай, пытанні, якія хвалявалі творцу ў мінулым тысячагоддзі, і сёння працягваюць гучаць, паўстаюць перад чалавецтвам: гуманізм, свабода, духоўнае багацце, сумленнасць у мастацтве. 

Ключавым творам праграмы «Партытура памяці» можна лічыць Камерную сімфонію «Памяці ахвяр фашызму і вайны». Першапачаткова гэта быў Квартэт № 8, напісаны ў 1960 годзе, аднак крыху пазней заснавальнік і тагачасны мастацкі кіраўнік Маскоўскага камернага аркестра Рудольф Баршай з дазволу аўтара ператварыў твор у сімфонію для струннага аркестра. Аўтару спадабаўся вынік, таму Камерная сімфонія «Памяці ахвяр фашызму і вайны» была дададзена ў спіс твораў Дзмітрыя Шастаковіча як опус 110а.

Музыказнаўцы звяртаюць увагу на тое, што сімфонія мае аўтабіяграфічныя рысы, гэта своеасаблівая аўтаэпітафія. У асноўнай тэме аўтар змясціў ноты D.Es.C.H, то-бок, уласныя ініцыялы — Д. Ш. Ён пакутаваў, шукаў выйсце, імкнуўся адказаць на пытанні, якія, хто ведае, магчыма, павінны застацца без адказаў. І нам засталася сімфонія — як гімн і заклік да міру. 

З ноткамі настальгіі

Па-другое, нячаста пачуеш апошнім часам некаторыя творы майстра. Рэдка выконваецца раннія творы Дзмітрыя Шастаковіча, напісаныя ў 19 гадоў –  Прэлюдыя і Скерца для струннага актэта, ор.11. У пералажэнні для струннага аркестра яны ўвайшлі ў праграму канцэрта. Вядома, што Дзве п’есы пісаліся ў 1924–1925 гадах і былі прысвечаны памяці сябра юнацтва, паэта Уладзіміра Курчавава, які рана памёр ад сухот. Памяць і боль — лейтматывы гэтага твора. 

Да таго ж не ўсе ведаюць, наколькі Дзмітрый Шастаковіч быў рознабаковым кампазітарам. На канцэрце ў пералажэнні для ансамбля «Класік-Авангард» гучалі Пяць п’ес для дзвюх скрыпак і фартэпіяна, напісаныя ў розны час для кінафільмаў, камічных балетаў, тэатральных пастановак. Сябар кампазітара Лявон Атавмян злучыў іх у адзін твор, які складаецца з Прэлюдыі, Гавота, Элегіі, Вальса і Полькі. Так, адкрыла канцэрт Прэлюдыя, якая гучала ў фільме «Авадзень».

Людміла Каліноўская пракаментавала твор так: «У гэтай мелодыі няма звыклых надрываў, скачкоў, вострых вуглоў, характэрных для стылю вялікага майстра. Мелодыя песенная, нават сентыментальная, з настальгічнымі ноткамі». Менавіта памяць і смутак злучылі творы канцэрта «Дзмітрый Шастаковіч. Партытура памяці». 

Сіла паслядоўнікаў 

Кумір некалькіх пакаленняў музыкантаў па ўсім свеце, Дзмітрый Шастаковіч уплываў і ўплывае на іх творчасць. Падчас канцэрта гучаў, між іншым, адзін твор Эдзісона Дзянісава, які карыстаўся падтрымкай вялікага кампазітара. Слухачы маглі пачуць санату для кларнета сола ў дзвюх частках. Выконваў яе лаўрэат міжнародных конкурсаў Кірыл Целяпнёў. Тут і адчуванне свабоднай імправізацыі, і яркая, амаль нясцерпна балючая кульмінацыя, і легкаважнасць і гульня гуку... Твор, дарэчы, звярнуў на сябе асаблівую ўвагу — настолькі ён быў нечаканы. 

Адзіны беларускі аўтар вечара — Галіна Гарэлава. Для канцэрта выбралі яе «Тры партрэты Радаславы». Цыкл для флейты і фартэпіяна сёння адзін з найбольш папулярных твораў у сучаснай беларускай флейтавай музыцы. Музычная анаграма імя і прозвішча Радаславы Аладавай, знакамітага музыказнаўцы і сябра кампазітара, – інтанацыйная аснова галоўных тэм трох частак цыкла. Для кожнай выбрана асаблівая форма. Так, «Партрэт Радаславы з канарэйкай» напісаны ў простай трохчасткавай форме, «Тая, што гуляе каменьчыкамі пад апельсінавым дрэвам» — у рондападобнай, а «Тая, што спявае калыханку бацькам» — у скразной адначасткавай форме. Гэтым вечарам гучаў толькі «Другі партрэт Радаславы» ў пералажэнні для флейты і струннага аркестра. У якасці салісткі выступіла лаўрэат міжнародных конкурсаў Вікторыя Янушкевіч. «Для Галіны Гарэлавай Дзмітрый Шастаковіч быў і застаецца кумірам і маральным эталонам эпохі, — адзначыла Людміла Каліноўская. — Безумоўна, яго музыка нясе ў сабе найвышэйшы этычны сэнс. Як любы вялікі творца, ён быў пульсам свайго часу. Пра гэта вельмі дакладна і пераканаўча сказаў Барыс Пастарнак: „Не спи, не спи, художник, // Не предавайся сну. // Ты вечности заложник. // У времени в плену“». 

P. S. Адна з адметнасцей канцэртаў ансамбля салістаў «Класік-Авангард» — даволі падрабязныя аповеды Людмілы Каліноўскай, якія суправаджаюць музыку. Вядома, недастаткова расказаць нават самыя цікавыя звесткі — важна выказаць думку, перадаць настрой, пакінуць з адчуваннем... Якім? Залежыць ад мэты. Гэтым разам канцэрт сур’ёзнай складанай музыкі скончылі на аптымістычнай ноце. «Шастаковіч пісаў: „Мне хацелася б, каб пасля выканання маіх твораў слухачы выходзілі з думкай: жыццё цудоўнае“. Так, сапраўды: жыццё цудоўнае!» — гэтымі словамі завяршыла канцэрт Людміла Каліноўская. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота з асабістага архіва Людмілы Каліноўскай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.