Вы тут

Прафесар ГрДУ Ярмусік: Адзінства беларускага народа закладзена менавіта 17 верасня


Другі год у Беларусі адзначаецца Дзень народнага адзінства. Па ўсёй бачнасці гэта свята, як і сама яго ідэя, набывае новы сэнс. Магчыма, яно стане той кропкай апоры, што здолее прывесці наша грамадства да супольнасці, якая задаволіць кожнага беларуса. Між тым будучы рух немагчымы без усебаковага асэнсавання мінулага. Аб тым, як сумясціць гэтыя аспекты — гістарычны і сучасны, — а таксама рэалізаваць ідэю адзінства, мы пагутарылі з прафесарам кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, доктарам гістарычных навук Эдмундам ЯРМУСІКАМ.


— Эдмунд Станіслававіч, якое ваша асабістае ўспрыманне гістарычнай даты 17 верасня? З чым яна ў вас асацыюецца як у простага чалавека, жыхара заходняй часткі Беларусі?

— Калі «не ўключаць» гісторыка, можна прыгадаць жыццё маіх бацькоў і дзядоў, якія здаўна жылі ў Заходняй Беларусі. У той час «польскай». Дык вось, мой бацька расказваў, як цяжка жылося яго бацькам у гэтай польскай Заходняй Беларусі. Вельмі цяжка. Гаспадарка была невялікая, ледзь зводзілі канцы з канцамі, даходаў іншых не было. І самае галоўнае — мой дзед Юзаф памёр у красавіку 1939 года, бо яму не маглі зрабіць аперацыю. А чаму? Бо за аперацыю трэба было вельмі многа заплаціць, трэба было прадаць карову. А ў сям'і трое малых дзяцей. Дзед памёр, а мой бацька, якому было 11 гадоў, застаўся старэйшым і стаў за плуг, каб пракарміць астатніх. Вось такая сямейная гісторыя таго, як жылося «за Польшчай».

— А калі «ўключыць» гісторыка... Якія аспекты самыя важныя ва ўспрыманні гэтай даты?

— На падзеі 1939 года трэба глядзець з пункту гледжання геапалітыкі. Менавіта ў заходнім рэгіёне за будучыню беларускай дзяржаўнасці ішла самая напружаная барацьба. Польскі ўрад нават у эміграцыі не пакідаў ідэі вяртання «Крэсаў усходніх» — дзейнічала антысавецкае падполле, якое пераўтварылася пасля ў Армію Краёву. А новая савецкая ўлада рабіла ўсё, каб захаваць адзінства гэтай тэрыторыі. І барацьба працягвалася да пачатку 1950-х гадоў. Наколькі гэта было актуальна нават у гады вайны, можна зразумець толькі па адной цытаце. У закрытым лісце ЦК КПБ нелегальным абкамам партыі і Беларускаму штабу партызанскага руху «Аб ваенна-палітычных задачах работы ў заходніх абласцях БССР» ад 2 жніўня 1943 года сказана: «Падпольныя цэнтры і партызанскія атрады, арганізуючы і ўзначальваючы барацьбу народа, павінны развіваць яе на той аснове, што заходнія вобласці Савецкай Беларусі з'яўляюцца неад'емнай часткай БССР, неад'емнай тэрыторыяй СССР». У гэтых радках якраз і квінтэсэнцыя ўсяго таго, што адбывалася ў той складаны перыяд з пункту гледжання геапалітыкі. Праблема засталася і пасля вайны, калі па дазволе Сталіна граніцу перасунулі на ўсход, і той жа Беласток апынуўся ў Польшчы, хаця кіраўніцтва БССР было за захаванне граніцы на ўзроўні восені 1939-га.

— У сённяшнім свяце, я так бачу, значнае месца займае менавіта гістарычны пасыл?

— У кожным перыядзе гісторыі ёсць даты, якія аказваюць вызначальны ўплыў не толькі на лёсы людзей, што пражывалі на дадзенай тэрыторыі ў дадзены перыяд часу, але надоўга застаюцца ў гісторыі. Тут трэба згадаць 18 сакавіка 1921 года, калі лёс паслаў выпрабаванні беларускаму народу. Бо, не паспеўшы атрымаць дзяржаўнасць сваю, нацыянальную, гэты народ быў раздзелены напалову, па-жывому як у тэрытарыяльным, так і ў этнічна-нацыянальным плане. І гэта мяжа аказала ўплыў на беларусаў на цэлыя дзесяцігоддзі.

Калі коратка акрэсліць становішча беларускага насельніцтва ў Заходняй Беларусі падчас польскай акупацыі — гэта найперш нацыянальны ціск з боку польскай дзяржавы. Беларусаў абмяжоўвалі, напрыклад, у праве вучыцца на сваёй мове, адкрываць свае школы. Усё гэта было абумоўлена адпаведнымі законамі, інструкцыямі, актамі... У той час як у БССР усім была даступная адукацыя на роднай мове. І гэта толькі адзін з прыкладаў.

Такім чынам, свята 17 верасня для беларускага грамадства, для Рэспублікі Беларусь — гэта і напамін аб тым, у якіх няпростых, складаных, міжнародных, палітычных умовах адбывалася злучэнне дзвюх частак аднаго народа. Адназначна можна сцвярджаць, што пры ўсіх нюансах гэтага працэсу без таго ўз'яднання беларускага народа праблематычна было б гаварыць і пра існаванне суверэннай Беларусі.

— Такім чынам, гэту падзею можна лічыць знакавай у станаўленні дзяржаўнасці...

— Падзея знакавая ў тым сэнсе, што яна вызначыла будучыню беларускага народа ў цэлым і, адпаведна, беларускай дзяржаўнасці. Трэба сказаць, што 17 верасня як свята, як дзень аб'яднання адзначаўся афіцыйна да 1949 года. Калі ж Польшча ўсталявалася ў сацыялістычным блоку, тэма «Крэсаў усходніх» замоўчвалася, хоць аб ёй у Варшаве не забыліся. І яна ўсплыла ў 1980-я гады, калі ў Польшчы пачала актыўна дзейнічаць «Салідарнасць». З таго часу і да сёння гэта тэма ў нашых заходніх суседзяў на слыху. У памяці, у ментальнасці палякаў прэтэнзіі на гэтыя тэрыторыі будуць захоўвацца. І пра гэта трэба гаварыць і памятаць.

Разам з пераацэнкай многіх гістарычных падзей ідзе асэнсаванне і стану сённяшняга грамадства. Тое, што 17 верасня аб'яўлены Указам Прэзідэнта як Дзень народнага адзінства, невыпадкова. Таму што падзеі, якія адбыліся ў 2020 годзе, паказалі, што ёсць неабходнасць успомніць гэту дату і акрэсліць яе ў новым сучасным грамадстве як дату аб'яднання беларусаў. Гэтым самым паказаць, што і зараз грамадству таксама неабходна аб'яднацца. І тут варта, каб гэта адзінства адчуў увесь народ.

— Ці можна ў такім выпадку сказаць, што гэта прынцыпова новае для беларусаў свята?

— Мабыць, тут справа не ў самім свяце, а ў тым, як яно ўспрымаецца кожным чалавекам. Менавіта кожным. І гэта не павінна быць простай фармальнасцю. Бо тады і людзі будуць ставіцца да яго такім жа чынам. Я лічу, што гэта падзея павінна натхняць усіх — і гісторыкаў, і аматараў, і студэнтаў, і вучняў, — каб больш глыбока і аб'ектыўна, праўдзіва разабрацца ў тых няпростых падзеях, што адбываліся на нашых землях 17 верасня 1939 года. Не трэба баяцца праўды. Праўда, аб'ектыўнасць, навуковасць — вось што важна для таго, каб ацэньваць падзеі 17 верасня.

— Як вы лічыце, ці дастаткова ў нас помнікаў у гарадскім асяроддзі, якія звязаны з гэтай датай? Ці трэба пашыраць гэту тэму?

— Гэта традыцыя любой дзяржавы. Сваіх вядомых дзеячаў, якія ўнеслі ўклад у развіццё дзяржаўнасці, якраз мемарыялізуюць у назвах вуліц, навучальных установах, прадпрыемствах і гэтак далей. Што датычыцца падзей 17 верасня, такіх мясцін у горадзе нямала. Увекавечаны прозвішчы дзеячаў Кампартыі Заходняй Беларусі, тых, хто прымаў удзел у вызваленчай кампаніі, як чырвонаармейцы, так і мясцовыя жыхары. Думаю, гэты працэс будзе працягвацца. І тут усё залежыць ад ініцыятыў грамадскасці і ўлад.


У тэму

У Гродзенскай вобласці налічваецца некалькі дзясяткаў вуліц, якія носяць назву «17 верасня». Такія вуліцы ёсць не толькі ў раённых цэнтрах, як, напрыклад, Слонім і Свіслач, але і ў невялікіх населеных пунктах. А ў мінулым годзе ў Шчучыне да Дня народнага адзінства быў устаноўлены першы ў рэгіёне памятны знак, прысвечаны гэтай даце.

У абласным цэнтры ёсць вуліца не толькі 17 верасня, але і вуліцы, якія носяць імёны людзей, звязаных з падзеямі 1939 года. Гэта вядомы партыйны дзеяч Сяргей Прытыцкі, удзельнікі падпольнага руху Валянцін Таўлай і Піліп Пестрак, байцы Чырвонай Арміі Квятко, Гарнавых, Болдзін, мясцовы актывіст Аляксандр Бертэль.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.