Вы тут

Гарантыі і кампенсацыі донарам, змены ў Працоўны кодэкс


На пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў было разгледжана 11 законапраектаў. Сярод іх шэраг тых, што закрануць кожнага з нас. У прыватнасці, праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях працоўных адносін», які прадугледжвае папраўкі ў Працоўны кодэкс. Законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях аховы здароўя, донарства крыві і яе кампанентаў» замацуе правы і абавязкі донараў, ільготы, гарантыі і кампенсацыі ім. Праект Закона «Аб змене законаў па пытаннях аказання жыллёва-камунальных паслуг» прапануе даваць права мясцовым выканаўчым і распарадчым органам вызначаць выканаўцаў па аказанні на дагаворнай аснове жыллёва-камунальных паслуг, не праводзячы працэдуру закупак.


У другім чытанні дэпутаты прынялі законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях аховы здароўя, донарства крыві і яе кампанентаў». Ён прапануе замацаваць правы і абавязкі донараў, а таксама льготы, гарантыі і кампенсацыі, якія даюцца ім. У прыватнасці, донару гарантуюцца вызваленне ад работы і ваеннай службы, адукацыйнага працэсу ў дзень здачы крыві, яе кампанентаў, захаванне сярэдняга заработку (грашовага забеспячэння) за дзень здачы і атрыманне бясплатнага харчавання або яго кампенсацыі, пакрыццё расходаў, звязаных з выкананнем донарскай функцыі, назначэнне дапамогі па часовай непрацаздольнасці з першага дня страты працаздольнасці ў памеры 100 працэнтаў сярэднядзённага заработку, узнагароджанне нагрудным знакам «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь».

У сваю чаргу донару, узнагароджанаму такім нагрудным знакам, даецца зніжка ў памеры 25 % на платныя медыцынскія паслугі ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя, за выключэннем платных медыцынскіх паслуг, тарыфы на якія рэгулююцца Міністэрствам аховы здароўя, кароткачасовы адпачынак без захавання заработнай платы працягласцю да 14 каляндарных дзён, павышэнне пенсіі па дасягненні агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту ў адпаведнасці з заканадаўствам аб пенсіённым забеспячэнні.

У першым чытанні дэпутаты прынялі законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях аказання жыллёва-камунальных паслуг». Ён прапануе даць права мясцовым выканаўчым і распарадчым органам да 1 ліпеня 2024 года вызначаць выканаўцаў для аказання на дагаворнай аснове жыллёва-камунальных паслуг з ліку арганізацый, маёмасць якіх знаходзіцца ў камунальнай уласнасці, і акцыянерных таварыстваў, акцыі якіх належаць адміністрацыйна-тэрытарыяльным адзінкам.

Як адзначыў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Хмель, на працягу шэрагу гадоў прыярытэтнай задачай у сферы ЖКГ у краіне з'яўляецца бесперабойнае функцыянаванне інфраструктуры, аказанне якасных жыллёва-камунальных паслуг і выкананне работ па аб'ектах знешняга добраўпарадкавання населеных пунктаў. Усё гэта ажыццяўляецца сёння, як правіла, арганізацыямі камунальнай формы ўласнасці, што ўваходзяць у сістэму ЖКГ.

— Часта менавіта па якасці выканання і аператыўнасці работ ЖКГ грамадзяне даюць ацэнку эфектыўнасці работы ўлады на месцах, — расказала намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў Аксана Гайдук. — Раней з улікам дзеючага заканадаўства для таго, каб выбраць выканаўцу паслуг ЖКГ, а таксама на работах знешняга добраўпарадкавання неабходна было правесці працэдуру закупак. Гэта патрабавала пэўнага часу. Часта былі нараканні ад грамадзян, таму што неаператыўна вырашаліся іх звароты ў сістэме ЖКГ. Цяпер даецца права выканаўчым і распарадчым органам на месцах сваімі рашэннямі прызначаць выканаўцаў ЖКП. Гэта значыць, працэдуры закупкі ўжо неабавязковыя. Але не выключаецца права на іх правядзенне ў выпадку неабходнасці, — патлумачыла дэпутат.

Навацыі законапраекта накіраваны на забеспячэнне якаснага і аператыўнага выканання работ, бесперабойнага цеплазабеспячэння спажыўцоў, бяспечнай эксплуатацыі індывідуальных цеплавых крыніц і аператыўнага рэагавання ў выпадку аварыйных сітуацый.

У другім чытанні дэпутаты прынялі законапраект «Аб рэгуляванні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі», накіраваны на ўмацаванне і падтрыманне належнага ўзроўню ядзернай і радыяцыйнай бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі. Таксама парламентарыі прынялі законапраекты «Аб змене Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь», «Аб змене законаў па пытаннях бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці», «Аб змене Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі», «Аб змене законаў па пытаннях апрацоўкі персанальных даных».

Законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях працоўных адносін» прадугледжвае пашырэнне сацыяльна-працоўных гарантый работнікам, карэкціроўку нормаў па пытаннях рабочага часу, атрымання працоўных і сацыяльных водпускаў, выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у працоўных адносінах. Падрабязнасці аб змяненнях у Працоўны кодэкс чытайце ў наступным нумары газеты.

Алена КРАВЕЦ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.