Вы тут

Хатняя энцыклапедыя


Салата з зялёных памідораў

Гэтую салату можна каштаваць ужо праз 4-5 гадзін. На смак яна злёгку саладкаватая, без кіслінкі і вастрыні.

Спатрэбіцца: зялёныя памідоры — 1 кг; цыбуля рэпчатая — 2 шт.; балгарскі перац — 2 шт.; часнок — 1 зубок. Для марынаду: соль — 0,5-1 ч. л.; цукар —
3 ст. л. (без горкі);

соевы соус — 3-4 ст. л.; алей — 3 ст. л.; воцат яблычны (або сталовы 9 % воцат) — 3 ч. л.;

каляндра ў зернетках — 1 ч. л.

Памідоры прамыць пад праточнай вадой, вылажыць на друшляк і абліць кіпенем. Абдаваць кіпенем трэба для таго, каб не было гаркаты і памідоры хутчэй прасаліліся. Можна выкарыстоўваць як бурыя памідоры, так і памідоры малочнай спеласці.

Нарэзаць кружкамі або паўкружкамі памідоры, цыбулю і балгарскі перац, дадаць здробнены часнок.

Для марынаду змяшаць соль, цукар, соевы соус, алей, воцат і каляндру.

Заліць марынадам салату.

Змяшаць, прыкрыць ёмістасць талеркай, пакінуць на пару гадзін у цёплым месцы, каб гародніна пусціла сок, затым прыбраць у халадзільнік. Увесь свой смак салата раскрые праз суткі.


Рошці — дранікі па-швейцарску

Бульба, цыбуля і алей — усяго тры інгрэдыенты для швейцарскіх дранікаў. Рошці, або «бульбяны дыванок» гатуюць з дзёртай бульбы. Можна з'есці проста так са смятанай, можна выкарыстоўваць у якасці асновы для ўсялякіх прысмакаў — рыбы, вяндліны, сыру.

Спатрэбіцца: бульба — 2-3 шт., цыбуля рэпчатая — 1-2 шт., алей — 3 ст. л., масла — 1 ч. л., соль — на смак, пятрушка, кроп і зялёная цыбуля.

Бульбу чысцім, надзіраем на буйнай тарцы. Да бульбы дадаём дробна нарэзаную цыбулю.

Наліваем сталовую лыжку алею, дадаём мяккае масла. Солім на смак, добра змешваем.

У патэльню наліваем алей, які застаўся, выкладваем бульбу, размяркоўваем роўным пластом. Вазьміце патэльню пабольш, каб дранік атрымаўся тонкім і добра прасмажыўся.

Смажым прыкладна 5 хвілін з аднаго боку. Пераварочваем і смажым яшчэ 5 хвілін з другога боку.

«Бульбяны дыванок» наразаем лустачкамі, пасыпаем зяленівам. Зверху можна пакласці ўсё што заўгодна — ласось, вяндліну, сыр, марынаваную гародніну. А можна проста паліць смятанкай. Смачна есці!


Кексы з аўсяных шматкоў з яблыкамі

Спатрэбіцца: аўсяныя шматкі — 150 г; мука — 150 г; яйкі — 2 шт.; цукар — 70 г; яблыкі — 500 г; алей — 90 мл; разрыхляльнік — 10 г; крыху солі; цэдра 1 лімона; арэхі грэцкія — 100 г; карыца — 0,5 ч. л.; мускатны арэх — на кончыку нажа.

Арэхі здрабняем блэндарам або нажом на кавалачкі.

Змешваем муку і аўсяныя шматкі, дадаём соль, разрыхляльнік, мускатны арэх і карыцу. Перамешваем сухую сумесь. Дадаём арэхі і зноў перамешваем.

Узбіваем яйкі з цукрам да пышнасці, уліваем алей і яшчэ раз добра ўзбіваем.

Яблыкі надзіраем на буйной тарцы, змешваем з цэдрай лімона і яечнай масай. Атрыманую масу выліваем у сухую і добра вымешваем да аднастайнасці.

Цеста раскладваем у формачкі для кексаў. Выпякаем пры 180 градусах каля 30-45 хвілін — усё залежыць ад вашай духоўкі.


Кулінарныя хітрыкі

  • Калі страве трэба надаць лёгкія часночныя ноткі, але вы пабойваецеся перабраць з пахам, натрыце посуд зубком часнаку, перш чым пакласці туды ежу.
  • Дасведчаныя гаспадыні знойдуць дастойнае ўжыванне піву: гэты напой з соевым соусам стане цудоўным марынадам для мяса, а невялікая колькасць цёмнага піва, дададзенага пры тушэнні гародніны, зробіць страву больш вытанчанай на смак.
  • Каб печань не была цвёрдай, саліце яе ў канцы гатавання.

Белая пена ў слоіку з мёдам

Што гэта? Можна есці гэты мёд?

Купіўшы мёд, праз нейкі час можна выявіць, што ў слоіку са згаданым прадуктам утварылася белая пена. Многіх тое палохае, бо яны не разумеюць, адкуль бярэцца такое ўтварэнне. Можа, мёд няякасны ці тут ёсць нейкія дабаўкі? Можна яго наогул есці?

Насамрэч жа белая пена — натуральная мядовая глюкоза. Яе прысутнасць сведчыць, што мёд сыры і жывы, ён не падвяргаўся тэрмічнай апрацоўцы. Хуткасць утварэння такога «інею» ў слоіку залежыць ад колькасці глюкозы і фруктозы ў самім мёдзе. Мёд з белым налётам можна і трэба есці. Такі прадукт якасны, жывы і натуральны.

Але неабавязкова пасля куплі чакаць, пакуль у слоіку ўтворыцца «іней». Бо можна праверыць якасць мёду і іншымі спосабамі.

Якасны мёд вельмі густы, гэта добра відаць пры пераліванні ў слоік. Справа ў тым, што ён утрымлівае ўсяго 17-20 % вады, а літровы слоік неразведзенага мёду важыць амаль 1,5 кг.

Можна праверыць кансістэнцыю прадукту лыжкай ці палачкай. І калі мёд проста капае з лыжкі, то купляць яго не варта. Натуральны прадукт павінен цягнуцца тоненькай нітачкай.

Часам несумленныя прадаўцы дадаюць у мёд звычайны крухмал. Каб выявіць такую падробку, растварыце лыжку падазронага мёду ў шклянцы з цёплай вадой і капніце сюды ж пару кропляў ёду. Калі вада пачне сінець, значыць, у прадукт сапраўды дадавалі крухмал.

Натуральны прадукт ці падробка? Каб высветліць, трэба нагрэць кавалак дроту і апусціць у мёд. Калі дрот застанецца чыстым — мёд натуральны. Калі салодкая маса наліпне на метал, значыць, перад намі падробка.

Якасны мёд без сумніўных дабавак не будзе гарэць, плавіцца або змяняць колер пад уздзеяннем высокай тэмпературы. А таму для праверкі дастаткова капнуць яго на паперу і падпаліць. Але калі мёд мае карычневае адценне, значыць, пчол кармілі цукровым сіропам.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.