Вы тут

Абноўлены крызісны цэнтр Чырвонага Крыжа адкрылі ў Гомелі


Цяпер, пасля правядзення маштабнай рэканструкцыі, тут змогуць прыняць амаль удвая больш людзей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі і маюць патрэбу ў дапамозе.


«Мару пачаць усё спачатку...» — пра тое, як крызісны цэнтр даў магчымасць вярнуцца да нармальнага жыцця, знайсці працу, нават адшукаць сваё сямейнае шчасце... Пра «да і пасля» расказваюць усе без выключэння, хто атрымаў дапамогу і падтрымку, апынуўшыся ў гомельскім крызісным цэнтры Чырвонага Крыжа.

Андрэй толькі засяліўся. Яму — усяго 37, але выглядае ён значна старэйшым. Прызнаецца: моцна піў, бадзяжнічаў.

— Вельмі стаміўся, хачу жыць як нармальныя людзі, — кажа мужчына.

Падобная сітуацыя і ў іншага жыхара цэнтра — Пятра Лук'янцава. Пасяліўся больш чым месяц таму, цяпер ён у цэнтры — прызнаны мастак. На абноўленых сценах у пакоях вісяць яго карціны. У агульным пакоі ёсць куток для творчасці.

— Сам гомельскі. Працаваў, доўга не прыязджаў дадому. Вярнуўся, а жыць ужо няма дзе. Жыў у лесе ў будане. Хлапчукі нейкія яго падпалілі, усё згарэла. Застаўся без дакументаў, не мог знайсці працу, — дзеліцца сваёй гісторыяй Пётр Аляксеевіч. Ён вельмі рады, што лёс прывёў яго ў крызісны цэнтр.

Дзякуючы пашырэнню крызіснага цэнтра пражыванне ў ім стала больш камфортным. Створаны належныя ўмовы для работы валанцёраў, якія дапамагаюць насельнікам. Падчас рэканструкцыі ўцяплілі фасад будынка, адрамантавалі дах. Унутры абсталявалі дадатковы санвузел, пакоі для пражывання. У двары з'явілася новая дзіцячая зона.

— Сёлета з-за рамонту крызісны цэнтр прыняў для пражывання крыху больш за 20 чалавек. Традыцыйна дапамогу атрымалі асобы без пэўнага месца жыхарства, бежанцы, вымушаныя перасяленцы, таксама тыя, хто вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, але страціў усе сацыяльныя сувязі, застаўся без працы, літаральна на вуліцы, — адзначыла старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа, член Савета Рэспублікі Ала Смаляк.

Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі БТЧК нагадала, што людзям, якія жывуць у крызісным цэнтры, аказваюць дапамогу не толькі тым, што даюць прытулак і кормяць, дапамагаюць аднаўляць дакументы, шукаць працу, праводзяць медыцынскае абследаванне. Нельга пераацаніць і важнасць псіхалагічнай дапамогі, якую тут забяспечваюць.

У адкрыцці абноўленага гомельскага крызіснага цэнтра прынялі ўдзел генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў і кіраўнік Прадстаўніцтва Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Беларусі Мамо Мулусеу.

— Вопыт работы крызіснага цэнтра ў Гомелі — перадавы для краіны, — адзначыў Дзмітрый Шаўцоў. — Падобны цэнтр сёлета адкрыты ў Брэсце, яшчэ адзін функцыянуе ў Гродне. У далейшым плануем адкрыццё і развіццё такіх цэнтраў у Магілёве і Віцебску.

У 2020 годзе абласная арганізацыя БТЧК аказвала дапамогу яўрэям-хасідам на беларуска-ўкраінскай граніцы, летась у ліку першых адгукнулася на заклік дапамагчы бежанцам на беларуска-польскай граніцы. З пачатку канфлікту ва Украіне Гомельская абласная арганізацыя БТЧК аказала самую шырокую падтрымку ўкраінцам — вымушаным перасяленцам.

Мамо Мулусеу даў самую высокую ацэнку дапамогі, якую аказваюць у Беларусі грамадзянам Украіны:

— Беларускі народ адкрыў граніцу і даў абарону для людзей. Была аказана дапамога, не толькі матэрыяльная дапамога, але і прававая. Гэта вельмі важна.

З моманту з'яўлення крызіснага цэнтра ў Гомелі ў канцы 2018 года больш за 200 чалавек знайшлі тут другі дом, нагадаў падчас цырымоніі адкрыцця абноўленага крызіснага цэнтра намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Прывалаў. Ён ад усёй вобласці падзякаваў Прадстаўніцтву Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Беларусі і кіраўніцтву Беларускага Чырвонага Крыжа за падтрымку і развіццё дабрачыннай дапамогі ў рэгіёне.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.