Вы тут

«Знойдзеная» прыватызацыя і падсыпаная дарога


На прыём да сенатара людзі прыходзяць з рознымі пытаннямі. Найбольш просьбаў, паводле ацэнкі члена Савета Рэспублікі, старшыні Жабінкаўскага раённага Савета Анатоля Шалтанюка, датычыць праблем добраўпарадкавання і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Ёсць і іншыя нагоды для зваротаў. Бывае, што чалавек абышоў самыя розныя інстанцыі, не знайшоў падтрымкі альбо разумення, але ж праблема зусім не пусцяковая, яна застаецца, вымагае дзейнічаць далей. Менавіта такая сітуацыя і прывяла амаль год таму на прыём да сенатара Алу Яўстратаву.


Вярнуць права ўласнасці на жылплошчу

Ала Анатолеўна па прафесіі медык. Апошнія сем гадоў працуе фельчарам хуткай дапамогі. Сустракаемся з ёй, калі паміж выклікамі ў фельчара выдаецца рэдкая хвіліна перадышкі. Мая суразмоўніца расказвае, як пераехала сюды з Гомельскай вобласці пасля чарнобыльскай аварыі. Ім, як і многім тады, выдзелілі жыллё, сям'я атрымала двухпакаёвую кватэру ў Жабінцы больш за дваццаць гадоў таму. У канцы 1990-х пачалася актыўная кампанія па прыватызацыі жылля, яны з мужам таксама вырашылі прыватызаваць кватэру, узялі растэрміноўку на пяць гадоў і плацілі за прыватызацыю кожны месяц з 1999-га да 2004 года. Усё гэта праводзілася праз БТІ, так тады называлася цяперашняе агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры. Выплацілі і, як той казаў, забыліся. Праўда, квітанцыі аб аплаце яна збірала і складвала ў шуфлядку, а некалькі гадоў таму, калі рабіла рамонт, перабірала рэчы, знайшла іх, крыху пажоўклыя ад часу. І вырашыла выкінуць...

І ніхто б пра іх, пэўна, да сёння не ўспомніў, каб на сямейнай нарадзе аднойчы не прынялі рашэнне аформіць гэтую кватэру ў спадчыну дачцэ. Як належыць, найперш пайшлі да натарыуса, а тая сказала, што не бачыць па дакументах, калі кватэра была прыватызаваная. Ала Анатолеўна падумала, што трэба звярнуцца ў райфінадзел, знайсці пацвярджэнне. Тады і ў галаву не прыйшло, што яе хаджэнне па пакутах толькі пачынаецца.

Словам, у фінаддзеле нічым не дапамаглі. Як высветлілася, архівы ў іх захоўваюцца тры гады. Пісала і хадзіла ў аблвыканкам, там таксама разводзілі рукамі. Давялося звяртацца ў Нацбанк, спецыялісты якога паведамілі грамадзянцы, што інфармацыя аб плацяжах захоўваецца ў іх 10 гадоў. А што было раней, высветліць не атрымліваецца — нейкая інфармацыйная чорная дзірка.

Ала Яўстратава згадвае, што была ў адчаі, плакала, проста не ведала, што рабіць. Выходзіла, што кватэра, у якой пражыла большую частку жыцця, за якую разлічылася ў адпаведнасці з законам, цяпер не яе. «А калі дапусціць такую сітуацыю, што нас з мужам не стала б, дзеці не змаглі б увайсці ў правы спадчыннікаў і кватэра адышла б у камунальную ўласнасць», — гаворыць жанчына.

Ала Яўстратава.

— Склалася наогул абсурдная сітуацыя, — згадвае работу над зваротам Анатоль Шалтанюк. — Грамадзянка не можа даказаць, што яна аплаціла прыватызацыю, орган па рэгістрацыі не можа даказаць і адваротнае. Маёй перапіскі з рознымі міністэрствамі, банкаўскімі і іншымі ўстановамі сабралася амаль за год на дзве тоўстыя папкі. Відавочная яўная недапрацоўка органа, які праводзіў прыватызацыю. Варта было пасля апошняга плацяжу выклікаць грамадзяніна і выдаць адпаведны дакумент. Але тое не зрабілі. Як відавочнае і іншае: калі б чалавек з нейкай прычыны перастаў плаціць налічаныя сумы па прыватызацыі, яго б выклікалі, пісалі лісты, налічвалі пеню. Ёсць мноства пытанняў на гэты конт. Было шмат работы па высвятленні абставін, разглядаў, рашэнняў... Але галоўнае, што ў выніку ўсё ж пытанне ўдалося вырашыць на карысць заяўніцы. І 23 жніўня бягучага года ёй выдалі даведку, якая пацвердзіла плацяжы пры прыватызацыі жылога памяшкання.

— Я вельмі ўдзячная Анатолю Віталевічу за праяўленыя разуменне і настойлівасць у вырашэнні маёй праблемы, — гаворыць Ала Яўстратава. — Гэта ж не дробязнае пытанне, гаворка ідзе пра цэлую кватэру.

Дровы для прыватнага дома

Але ж любое пытанне, з якім звяртаецца чалавек, для дэпутата і старшыні райсавета не выглядае дробязным. Такім аказалася, напрыклад, нарыхтоўка дроў для інваліда першай групы Ніны Кавальчук.

Ніна Іосіфаўна жыве на самай ускраіне раённага цэнтра: калі едзеш там, можна падумаць, што горад ужо скончыўся і пачаўся сельскі населены пункт. Але гэта яшчэ гарадская мяжа, і згодна з рэгістрацыяй у доме па вуліцы Лугавой, яна гараджанка. Жанчына перанесла некалькі складанах аперацый, цяпер яна не ходзіць. «Без нечага 40 гадоў адпрацавала ў гандлі, заўсёды была актыўная і рухавая, а цяпер вось прыкаваная да ложка, — расказвае пра сваё жыццё Ніна Іосіфаўна. — Маю чэкі «Жыллё», думала з іх дапамогай атрымаць аднапакаёвую кватэру, але мне сказалі, што маю ва ўласнасці дом, таму на льготу нават як інвалід першай групы не маю права. Выходзіць, трэба жыць тут, у доме без выгод з пячным ацяпленнем.

Ніна Кавальчук.

На зіму, як заўсёды, заказвала дровы, іх дастаўлялі, а на гэты раз паліва не прывозілі, расказвае Ніна Іосіфаўна. «Тлумачылі, што нейкія там праблемы ўзніклі, а то і наогул дазваніцца было нельга. Я прывыкла ўсё рабіць загадзя, не ў апошні момант, а тут лета пераваліла за другую палову, а дроў няма. Пазваніла на прамую лінію да сенатара, і пасля таго дровы мне прывезлі хутка».

Вуліцы, прыпынкі, транспарт

І ўсё ж вялікая часта зваротаў датычыць стану і якасці дарог. Асабліва шмат нараканняў на дарогі з гравійным пакрыццём. Такія дарогі хутка разбіваюцца транспартам, патрабуюць пастаяннага паляпшэння. Жыхар дома па вуліцы Міцкевіча Мікалай Канстанцінавіч папрасіў паспрыяць, каб дарогу на іх вуліцы адрамантавалі, падсыпалі пясчана-гравійнай сумессю. Апошняе было зроблена ў жніўні, і цяпер дарога выглядае цалкам прыстойна, па ёй можна ехаць любым транспартам.

З просьбай палепшыць дарогу звярнуўся да сенатара і жыхар дома па вуліцы Машэрава Генадзь А. Грамадзянін прасіў пашырыць з'езд на іх вуліцу з вуліцы Камсамольскай, заасфальтаваць яго. З'езд пашыраны, а вось асфальт пакуль не пакладзены, хоць райвыканкам у сваім пісьме паведаміў аб планах завяршыць згаданую работу да канца верасня. Надвор'е дазваляе, і будаўнічая арганізацыя зможа правесці работы яшчэ і ў кастрычніку.

У акругу сенатара Шалтанюка ўваходзіць таксама Брэсцкі раён. На адзін з прыёмаў прыйшоў жыхар вёскі Малыя Радванічы. Мікалай Канстанцінавіч агучыў просьбу многіх жыхароў вёскі Франопаль — прадоўжыць маршрут аўтобуса № 231 «Брэст — Радванічы» да Франопаля. Праблема аказалася не вельмі простай для вырашэння. Каб пусціць туды аўтобус, спатрэбілася абсталяваць разваротнае кола, а таксама ўладкаваць прыпыначны пункт. Як паведаміла старшыня Радваніцкага сельскага Савета Наталля Драневіч, цяпер разваротнае кола абсталявана, вядзецца работа па ўстаноўцы прыпыначнага пункта.

З'езд па вуліцы Машэрава.

На тым прыёме заяўнік таксама ўзняў праблему нездавальняючай якасці вады ў Малых Радванічах. Для паляпшэння якасці патрэбная станцыя абезжалезвання. Паводле інфармацыі кіраўніка мясцовай улады, падрыхтаваны ўсе дакументы для праектавання аб'екта «Будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў вёсцы Малыя Радванічы». Грошы на праект з абласнога бюджэту не толькі выдзелены, але і асвоены. Цяпер праект праходзіць стадыю дзяржаўнай экспертызы. Гэта значыць, пытанне зрушылася з месца, як той казаў, працэс пайшоў.

— Звароты бываюць розныя, — гаворыць Анатоль Шалтанюк. — І калі дробныя пытанні, накшталт бягучага рамонту дарогі ці расчысткі ад снегу вырашаюцца аператыўна і ў рабочым парадку, то іншыя праблемы, на вырашэнне якіх патрэбныя сродкі, заносяцца ў своеасаблівы «спіс чакання». Як правіла, да дэпутата альбо сенатара прыходзяць пасля таго, як ужо звярталіся ў мясцовыя органы ўлады. Там ведаюць пра наяўнасць праблемы. З раённымі выканаўчымі камітэтамі мы вядзём работу так, каб складаць перспектыўныя планы чарговасці любой работы. Скажам, гаворка ідзе пра капітальны рамонт жылых дамоў: парадак альбо чарговасць распісваецца не менш, чым на пяць гадоў. Такім чынам можна ўбачыць, які дом на якой вуліцы будзе адрамантаваны ў першую чаргу, які за ім, які наступны. І так па ўсіх відах работ, каб чалавеку можна было даць зразумелы адказ і каб ён ведаў, калі чакаць рамонту альбо добраўпарадкавання.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.