Вы тут

15 «сотак» у Мінску, а ў рэгіёнах бяры хоць гектар. Навацыі Кодэкса аб зямлі тлумачыць Дзяржкамітэт па маёмасці


Як вядома, 18 ліпеня бягучага года быў падпісаны закон аб змяненні Кодэкса аб зямлі. Кіраўнік нашай дзяржавы неаднаразова падкрэсліваў, што зямельныя рэсурсы, справядлівасць іх размеркавання — пытанне сацыяльнай стабільнасці грамадства. Чаму ж прыйшлося змяніць заканадаўства?

Кодэкс аб зямлі скарэкціраваны з улікам прапаноў грамадзян і патрабаванняў часу. Пра гэта на YouTube-канале БелТА расказаў начальнік Галоўнага ўпраўлення рэгулявання зямельных адносін, землеўпарадкавання і зямельнага кадастру Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Сяргей Кастроў.


З дакладнасцю ювеліра

Перад тым як змяняць заканадаўства, адзначыў Сяргей Кастроў, ва ўсіх рэгіёнах краіны было праведзена сацыялагічнае апытанне насельніцтва. Грамадзяне выказалі праблемы, якія іх хвалююць. Акрамя таго, быў праведзены аналіз сітуацыі з зямельнымі ўладальнікамі. «Не сакрэт, што ў нас сёння ёсць чарга маючых патрэбу на атрыманне зямельных участкаў. У той жа час колькасць участкаў, якія ім могуць быць прапанаваныя, мінімальная. Таму з улікам прапаноў грамадзян і патрабаванняў, якія наспелі з часам, ва ўзаемадзеянні з выканаўчай уладай і было скарэкціравана заканадаўства», — адзначыў ён.

Эксперт дадаў, што ўлічваліся не толькі прапановы грамадзян, але і інтарэсы мясцовых органаў улады, каб на месцах вырашыць шэраг існуючых праблем: «Разам з тым, вырашыць іх у рамках таго заканадаўства, якое дзейнічала, не было магчыма».

15 «сотак» у Мінску, а ў рэгіёнах бяры хоць гектар

Фота БелТА

Начальнік галоўнага ўпраўлення расказаў, якой будзе лімітавая плошча зямельнага ўчастка ў адпаведнасці з новымі нормамі.

Няўжо плошчу такіх участкаў дазволілі павялічыць?

«Мінімальная плошча зямельнага ўчастка, якая можа быць выдзелена ў Мінску, складае ад 0,05 га да 0,15 га, у той жа час у населеных пунктах, якія былі ўключаны ў мяжу Мінска, плошчы ўчасткаў былі большымі. Каб неяк вырашыць гэта, плошча, якая перавышае 15 «сотак», выдзялялася для агародніцтва. Разам з тым, на такіх участках былі размешчаны нейкія будынкі. Сёння, згодна з заканадаўствам, у Мінску і абласных цэнтрах новая плошча не павінна перавышаць 0,15 га», — удакладніў спецыяліст.

Ён дадаў, што ў іншых гарадах, пасёлках гарадскога тыпу або гарадскіх пасёлках, максімальная плошча не павінна перавышаць 0,25 га, а ў сельскіх населеных пунктах — да 1 га. Пры стварэнні хутароў такая плошча вызначаецца органамі мясцовай улады і можа быць нават звыш гектара, зыходзячы з мясцовых умоў і патрэб. Пры выдзяленні ў Мінску і абласных цэнтрах зямельных участкаў, якія знаходзяцца ў карыстанні грамадзян і на якіх размешчаны будынкі, дапускаецца плошча да 0,3 га.

Начальнік упраўлення землеўпарадкавання Віцебскага аблвыканкама Ігар Левянкоў адзначыў, што новае заканадаўства дазволіць грамадзянам пашырыць зямельныя ўчасткі да дапушчальных граніц. «Сёння грамадзяне пры наяўнасці свабодных зямель у раённым цэнтры могуць атрымаць яшчэ 5 або 10 «сотак». Для гэтага трэба звярнуцца ў райвыканкам з просьбай аб выдзяленні зямельнага ўчастка да максімальна магчымых памераў, гэта значыць да 25 «сотак», — падкрэсліў ён.

У сваю чаргу, Сяргей Кастроў дадаў, што ў выпадку, калі асноўны ўчастак выкупляўся, за дадатковы прыйдзецца заплаціць па кадастравым кошце. «Калі ж зямельны ўчастак у яго знаходзіўся на іншым відзе права — пажыццёвая спадчына або арэнда без унясення платы, — то дадаткова плаціць не трэба. Дадаткова ўчастак будзе выдзелены на тым жа праве, што і асноўны», — адзначыў ён.

Калі і па якіх правілах можна будзе адчужаць участкі і мяняць іх мэтавае прызначэнне

Удзельнікі праекта абмеркавалі абноўлены Кодэкс аб зямлі, частка нормаў якога пачала дзейнічаць з 1 верасня. Сяргей Кастроў паведаміў, што нормы, якія ўступяць у сілу з 1 студзеня 2023 года, дазволяць грамадзянам атрымліваць дадатковыя зямельныя ўчасткі без правядзення аўкцыёну і без рэканструкцыі жылых дамоў. Сяргей Кастроў падкрэсліў, што дадзеная норма датычыцца таксама юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Для пашырэння вытворчасці яны гэтак жа могуць атрымаць такія зямельныя ўчасткі — без правядзення аўкцыёну.

Наступная норма, якая, па словах Сяргея Кастрова, наспявала даўно, датычыцца магчымасці змены мэтавага прызначэння: «Гаворка ідзе аб зямельных участках, якія выдзелены для будаўніцтва і абслугоўвання аб'ектаў. Раней было так: калі зямельны ўчастак быў выдзелены для будаўніцтва і абслугоўвання аб'екта, то да завяршэння яго будаўніцтва мэтавае прызначэнне ўчастка змяніць было нельга. З 1 студзеня 2023 года кодэкс дазволіць тое зрабіць».

Продаж пустых зямельных участкаў

Яшчэ адзін важны момант датычыцца зямельных участкаў, выдзеленых для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі. «Калі паглядзець на нашу карту, мы ўбачым шэраг такіх зямельных участкаў, якія размешчаны ў межах жылой забудовы, на іх можна смела будаваць жылыя дамы, яны не супярэчаць ні генпланам, ні самой забудове тэрыторыі. Але мяняць іх мэтавае прызначэнне дагэтуль было нельга», — адзначыў Сяргей Кастроў.

Змяненні закранулі і правядзенне здзелак з зямельнымі ўчасткамі, якія з 1 студзеня наступнага года можна будзе адчужаць. «Зноў жа, гэта магчыма пры выкананні шэрага ўмоў. Раней пусты зямельны ўчастак нельга было прадаць, а сёння гэта магчыма. Але адна з важных умоў датычыцца таго, што тэрмін будаўніцтва аб'екта на такім участку не будзе мяняцца. Такім чынам, той, хто набудзе гэты зямельны ўчастак, абавязаны пабудаваць аб'ект у тэрміны, якія вызначаны першапачаткова пры выдачы дадзенага зямельнага ўчастка», — звярнуў увагу Сяргей Кастроў.

Амністыя. Але не заўсёды і не ўсім

Абноўлены Кодэкс аб зямлі дазваляе ўзаконіць і самавольна занятыя ўчасткі. Сяргей Кастроў адзначыў, што з 1 верасня ўжо дзейнічае шэраг нормаў абноўленага Кодэкса аб зямлі. Адной з іх з'яўляецца магчымасць набыцця грамадзянамі зямельных участкаў у прыватную ўласнасць або ў арэнду з унясеннем платы за права арэнды па паніжанай цане. «Законам вызначаны адпаведныя каэфіцыенты. Каэфіцыент 0,8 прымяняецца для зямельных участкаў, якія размешчаны ў Мінску і абласных цэнтрах. Каэфіцыент 0,5 прымяняецца пры выдзяленні зямельных участкаў на іншых тэрыторыях. Такім чынам, сёння грамадзянін можа напісаць заяву ў мясцовы орган улады, і зямельны ўчастак будзе выдзелены яму ў прыватную ўласнасць з улікам паніжаючага каэфіцыента», — падкрэсліў эксперт.

Яшчэ адна важная норма датычыцца так званай зямельнай амністыі. На думку Сяргея Кастрова, яна дапаможа вырашыць шэраг пытанняў, якія доўгі час не маглі быць вырашаны, або для іх вырашэння быў неабходны ўдзел кіраўніка дзяржавы. «Гэтая норма таксама ўступіла ў сілу з 1 верасня. Пры выкананні шэрага крытэрыяў у грамадзян будзе магчымасць узаконіць самавольна занятыя зямельныя ўчасткі, часткі гэтых участкаў або парушэнне іх мэтавага прызначэння. Згаданая норма таксама дазваляе афармляць зямельныя ўчасткі садаводчага таварыства або для фактычнага карыстання без унясення адпаведных змяненняў у праект арганізацыі і забудовы тэрыторыі. Але ёсць шэраг пэўных умоў. Адна з іх заключаецца ў тым, што садаводчае таварыства павінна быць створана да ўступлення гэтай нормы ў сілу», — падкрэсліў Сяргей Кастроў.

Як адзначыў эксперт, не ўсе выяўленыя факты парушэнняў могуць быць узаконеныя.

Выканаўчыя камітэты выявілі шэраг парушэнняў у рамках інвентарызацыі зямель. Асноўная частка парушэнняў — менавіта будаўніцтва ў сельскіх населеных пунктах розных хлявоў, гаражоў, куратнікаў плюс займанне грамадзянамі дадатковых зямель. Па кожным факце ў адрас землекарыстальнікаў будзе накіравана адпаведная інфармацыя. Але гэта не значыць, што ўсе выяўленыя факты могуць быць узаконеныя, гэта значыць, прыняць рашэнне выканаўчы камітэт можа зноў жа пры выкананні шэрага ўмоў.

Купіць участак для вядзення падсобнай гаспадаркі цяпер можна без рэгістрацыі па месцы

Натарыус Гродзенскай натарыяльнай акругі Таццяна Бунар звярнула ўвагу на тое, што ў грамадзян з'явіцца магчымасць набываць зямельныя ўчасткі для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі без прывязкі да месца рэгістрацыі: «Цяпер, каб набыць зямельны ўчастак для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, грамадзяне павінны быць зарэгістраваныя ў дадзеным населеным пункце. Такім чынам, яны маглі купіць зямельны ўчастак толькі па месцы жыхарства альбо ў межах сельскага выканаўчага камітэта. Новыя змяненні дазволяць зняць тое абмежаванне, і грамадзяне, якія зарэгістраваныя ў Мінску, змогуць набыць зямельны ўчастак у раёне, у сельскай мясцовасці без абавязацельства там рэгістравацца».

Начальнік упраўлення землеўпарадкавання Віцебскага аблвыканкама Ігар Левянкоў дадаў, што дадзеная норма дазволіць уцягнуць у абарот падобныя ўчасткі ў сельскай мясцовасці. «Зразумела, што колькасць грамадзян, якія пражываюць у сельскіх населеных пунктах, памяншаецца, таму новая норма дасць нам магчымасць зберагчы сельскія населеныя пункты», — падкрэсліў Ігар Левянкоў.

Таццяна Бунар адзначыла, што ўзнікаюць розныя пытанні, якія датычацца афармлення правоў на зямельныя ўчасткі і правілаў здзелкі. Напрыклад, куплі-продажу, дарэння альбо афармлення спадчынных правоў. З улікам новых змяненняў будзе зняты шэраг абмежаванняў, якія датычыліся афармлення здзелак на зямельны ўчастак», — распавяла Таццяна Бунар.

Паводле яе слоў, для грамадзян вельмі актуальным з'яўляецца пытанне, на працягу якога тэрміну можна адчужаць (прадаць ці падарыць) зямельны ўчастак, які быў выдзелены грамадзянам, што стаяць на ўліку маючых патрэбу. У цяперашні час яны могуць прадаць такі зямельны ўчастак з моманту ўводу ў эксплуатацыю жылога дома на працягу васьмі гадоў. З улікам новых змяненняў дадзены тэрмін скарачаецца да пяці гадоў. Гэта істотнае змяненне».

Як змяніць мэтавае прызначэнне зямельнага ўчастка?

Наступная прававая норма дазволіць змяніць мэтавае прызначэнне ўчастка. Яна ўступіць у сілу з 1 студзеня наступнага года. Па словах Сяргея Кастрова, гэта актуальная тэма, з якой звярталіся не толькі ў аблвыканкамы, але і ў Дзяржаўны камітэт па маёмасці. Звароты паступалі як ад жыхароў Брэсцкай і Магілёўскай абласцей, так і ад выканаўчай улады. Таму было прынята рашэнне змяняць мэтавае прызначэнне ўчастка ў тым выпадку, калі гэта не будзе супярэчыць забудове.

«Першае, што павінен зрабіць грамадзянін, — звярнуцца ў мясцовы выканкам з заявай. Пасля будзе неабходна набыць зямельны ўчастак у прыватную ўласнасць. У тых выпадках, калі тое зрабіць немагчыма, грамадзяніну даецца зямельны ўчастак у арэнду з унясеннем платы за права арэнды. Калі няма ніякіх перашкод, райвыканкам або сельскі Савет прымуць адпаведныя рашэнні», — удакладніў Сяргей Кастроў. Ён растлумачыў, што ўчасткі будуць выкупляцца па рознай цане — яна будзе залежаць ад месца размяшчэння ўчастка.

Старшыня аднаго садовага таварыства (Мінская вобласць) Раман Кулікоўскі адзначыў, што змяніць мэтавае прызначэнне ўчастка ў садаводчых таварыствах нельга. У іх межах зямельныя ўчасткі могуць быць выдзелены толькі для вядзення калектыўнага садаводства. «Разам з тым, гэта не абмяжоўвае грамадзян ва ўвядзенні будынка. Напрыклад, садовага доміка, які не з'яўляецца жылым. Нягледзячы на тое, што часам там могуць пражываць і цэлы год пры магчымасці ацяплення, мэтавае прызначэнне будаўніцтва жылога дома яно не мае на ўвазе», — дадаў ён.

Дом на пятачку

Ёсць яшчэ адно змяненне, якое пачне дзейнічаць з 1 студзеня 2023 года. Сяргей Кастроў нагадаў, што раней падзяліць зямельны ўчастак можна было толькі пры ўмове падзелу непасрэдна жылога дома. Пасля 1 студзеня ў грамадзян будзе магчымасць падзяліць зямлю без падзелу дома, але пры выкананні шэрага ўмоў.

«Неабходна, каб падзел не супярэчыў горадабудаўнічым нормам, а ствараемыя ўчасткі былі забяспечаны неабходнай інжынернай інфраструктурай. Акрамя таго, зямельны ўчастак неабходна набыць у прыватную ўласнасць», — падкрэсліў сцецыяліст.

Грамадзянін не зможа пабудавацца, калі яго пабудова не будзе адказваць горадабудаўнічым патрабаванням і будаўнічым нормам, працягнуў эксперт. «Не заўсёды, калі ўчастак вялікі, яго можна падзяліць і ўвесці новы будынак. Да будаўніцтва дома прад'яўляецца шэраг крытэрыяў і патрабаванняў, дзе яго можна будаваць, а дзе нельга. Для будаўніцтва дома павінна быць мінімальная інжынерная інфраструктура. Гэта значыць мусіць быць магчымасць яго падключэння да лініі электраперадачы і іншых камунікацый. Самае галоўнае — ствараемыя зямельныя ўчасткі ў ходзе падзелу павінны быць забяспечаны падыходам або праездам, каб гэта не была тэрыторыя, да якой нельга падступіцца. Вось адна з такіх умоў».

Начальнік упраўлення землеўпарадкавання Віцебскага аблвыканкама Ігар Левянкоў лічыць, што прыведзеная норма будзе запатрабаваная ў грамадзян. Паводле яго слоў, у Віцебскай вобласці дастаткова зямельных участкаў, якія могуць быць выдзелены людзям для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома. «Нават да ўступлення і распрацоўкі нарматыўнага акта людзі прыходзілі з адпаведнымі зваротамі, але раней заканадаўства не дазваляла тое зрабіць. Сёння, з улікам тых нормаў, якія ўступяць у сілу, будаўніцтва дома будзе магчымае», — канстатаваў Ігар Левянкоў.

Дадатковы ўчастак у садаводчым таварыстве? Можна!

Адказваючы на пытанне аб асноўных зямельных праблемах, якія патрабавалі ўмяшання, Ігар Левянкоў назваў выдзяленне дадатковага зямельнага ўчастка. «Па старым заканадаўстве мы маглі даць дадатковы зямельны ўчастак толькі з аўкцыёну. Сёння ж норма новага заканадаўства дазваляе нам рабіць гэта больш спрошчана, па заяве грамадзяніна. Яна будзе падавацца ў мясцовы выканаўчы камітэт, і пасля пэўных работ зямельны ўчастак будзе выдзелены грамадзяніну», — распавёў пра змяненні спецыяліст.

Начальнік упраўлення землеўпарадкавання Віцебскага аблвыканкама закрануў і звароты садаводаў, якія таксама паступалі неаднаразова. «Людзі прасілі дадатковы зямельны ўчастак у садаводчым таварыстве. Як правіла, участкі на іх разбітыя, таму неабходная была карэкціроўка праекта арганізацыі садаводчага таварыства. Такую працэдуру неабходна было праводзіць праз выканкамы. Сёння ж дадзеная норма новага заканадаўства дазваляе тое рабіць без карэкціроўкі, на падставе заявы грамадзяніна», — дадаў Ігар Левянкоў.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.