Вы тут

Будаўніцтва жылля, рамонт дарог, забеспячэнне вадой і транспартам


Сёння адбылося сумеснае пасяджэнне палат Нацыянальнага сходу Беларусі, падчас якога парламентарыі задалі пытанні ўраду. Пра развіццё будаўнічага і транспартнага комплексу,  жыллёва-камунальнай гаспадаркі расказаў віцэ-прэм'ер краіны Анатоль Сівак. На пытанні дэпутатаў і сенатараў таксама адказалі міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка, міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч, міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі, міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Хмель, старшыня Дзяржкамітэта па маёмасці Дзмітрый Матусевіч, першы намеснік міністра эканомікі Юрый Чабатар, намеснік міністра фінансаў Уладзіслаў Татарыновіч, намеснік міністра энергетыкі Вольга Пруднікава, намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Аляксандр Бурак.


Павялічыцца колькасць арэндных кватэр

Анатоль Сівак пачаў размову з парламентарыямі з развіцця будаўнічай галіны, у прыватнасці, расказаў пра работу беларускіх будаўнічых арганізацый за межамі краіны, будаўніцтва жылля ў Беларусі, у тым ліку павелічэнне колькасці арэнднага і будаўніцтва кватэр для шматдзетных сем'яў.

— Падраднымі арганізацыямі краіны за 8 месяцаў забяспечана рэнтабельная работа. Чысты прыбытак вырас на 22,3 %, рэнтабельнасць продажаў склала 7,4 %, — расказаў віцэ-прэм'ер. — Аб'ёмы выканання падрадных работ за межамі краіны за 8 месяцаў павялічаны ў два разы, у тым ліку на аб'ектах жыллёвага будаўніцтва — у 1,7 раза. За 7 месяцаў тэмпы экспарту будаўнічых, інжынерных і архітэктурных паслуг склалі 109,9 %, — прывёў лічбы віцэ-прэм'ер, адзначыўшы, што праведзена работа па актыўным выхадзе беларускіх падрадных арганізацый на рынкі расійскіх рэгіёнаў.

У прыватнасці, зняты абмежаванні па пастаўках у Расію гранітнага шчэбню, падпісаны прагнозныя балансы попыту і прапаноў Саюзнай дзяржавы па цэменце. У выніку за сем месяцаў галіновы экспарт тавараў вырас на 14,6 % і склаў 585 мільёнаў долараў.

Як паведаміў Анатоль Сівак, у Беларусі плануюць значна павялічыць аб'ёмы будаўніцтва арэнднага жылля, у тым ліку для забеспячэння грамадзян, якія маюць патрэбу у ім па месцы работы, ваеннаслужачых і іншых катэгорый. У кастрычніку бягучага года на разгляд кіраўніку дзяржавы ўнесены прапановы аб дадатковай перадачы з рэспубліканскага бюджэту абласцям міжбюджэтных трансфертаў на агульную суму 190 мільёнаў рублёў, у тым ліку на будаўніцтва арэнднага жылля — 86 мільёнаў.

Па плане рэалізоўваецца і праграма жыллёвага будаўніцтва. Па выніках работы за 9 месяцаў 2022 года ў эксплуатацыю ўведзена 2,8 мільёна кв. м жылля (102,6 % ад плана 9 месяцаў), у тым ліку з дзяржаўнай падтрымкай — 0,9 мільёна кв. м (115 %). Па выніках года ў цэлым па краіне чакаецца выкананне ўстаноўленых гадавых заданняў — 4,2 мільёна кв. м і 1,2 мільёна кв. м з дзяржпадтрымкай.

Сёлета пабудавана 7098 кватэр для 6985 шматдзетных сем'яў (84 % ад гадавога плана), атрымалі накіраванне на паляпшэнне жыллёвых умоў 7617 такіх сем'яў (79 %). Вырашаны пытанні пошуку крыніц ільготнага крэдытавання грамадзян на жыллёвае будаўніцтва.

Капітальны рамонт: з апярэджаннем плана

Аднымі з найбольш вострых і актуальных застаюцца пытанні, звязаныя з правядзеннем капітальнага рамонту: у Беларусі з пачатку года капітальна адрамантавана больш як 2 мільёны кв. м.

— У 2021 годзе капітальна адрамантавана 3 мільёны 344,4 тысячы кв. м жылля, або 2,8 % ад плошчы, якая абслугоўваецца. Гэта самы высокі паказчык за ўвесь час. На 2022 год аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму даведзены заданні па капітальным рамонце 3 мільёнаў 620 тысяч кв. м жылля. На дадзены момант адрамантавана і ўведзена ў эксплуатацыю пасля капітальнага рамонту 2 мільёны 198,9 тысячы кв. м, што складае 111 % да аналагічнага перыяду 2021 года, — прывёў лічбы намеснік прэм'ер-міністра.

Пры гэтым асобныя рэгіёны заяўляюць аб недахопе фінансавання для выканання ў 2022 годзе даведзеных заданняў па капітальным рамонце жыллёвага фонду. Аднак аналіз праектнай дакументацыі па шэрагу аб'ектаў выявіў нерацыянальнае выкарыстанне сродкаў: праводзіліся работы па мадэрнізацыі, а таксама іншыя работы, не звязаныя з тэхнічным станам канструкцыйных элементаў і інжынерных сетак, неабгрунтавана прымяняліся дарагія матэрыялы, у выніку чаго кошт капітальнага рамонту павялічваўся па асобных аб'ектах на 17—35 %.

З пачатку года ў жылым фондзе заменена 1216 ліфтаў пры гадавым заданні 1490 (летась было заменена 1064). Гэта планамерная работа па замене абсталявання, што адпрацавала нарматыўныя тэрміны эксплуатацыі. Асноўны аб'ём старых ліфтаў (амаль 10,5 тысячы адзінак) быў заменены ў 2018—2020 гадах.

У рамках рэалізацыі дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2021 — 2025 гады, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму даведзены заданні на бягучы год па рамонце і рэканструкцыі 1454 прыдамавых тэрыторый шматкватэрных жылых дамоў. Гэта работы па пашырэнні і асфальтаванні праезнай часткі, аднаўленні пакрыцця пешаходных дарожак, уладкаванні парковачных месцаў, устаноўцы дзіцячых гульнявых комплексаў, рамонце і замене лавак, рамонце, уладкаванні кантэйнерных пляцовак для збору цвёрдых камунальных адходаў. Ужо адрамантавана 1509 прыдамавых тэрыторый, або 103,8 % ад гадавога задання.

Дарогі: фінансаванне павялічана

Анатоль Сівак нагадаў, што рамонт вулічна-дарожнай сеткі населеных пунктаў неабходна завяршыць да 1 лістапада. У бягучым годзе фінансаванне на гэтыя мэты павялічана: дадаткова да прадугледжаных у бюджэтах абласцей 146 мільёнаў перададзены з рэспубліканскага бюджэту міжбюджэтныя трансферты ў агульнай суме 50 мільёнаў. Было запланавана адрамантаваць 3 мільёны 966 тысяч кв. м вулічна-дарожнай сеткі. Таксама ў 2022 годзе прадугледжана выкананне работ па бягучым рамонце 1 мільёна 342 тысяч кв. м вулічна-дарожнай сеткі Мінска.

Пабудавана 48 станцый абезжалезвання

Анатоль Сівак звярнуў увагу на забеспячэнне насельніцтва якаснай пітной вадой.

— Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу па забеспячэнні ў 2025 годзе 100 % спажыўцоў якаснай пітной вадой. У нас па краіне 1763 населеныя пункты маюць пэўныя праблемы. У 2021 годзе пабудавана 201 станцыя абезжалезвання, 50,5 км новых сетак водазабеспячэння, заменена 434 км вадаводаў са звышнарматыўнымі тэрмінамі эксплуатацыі. Перападключаны да існуючых цэнтралізаваных сістэм водазабеспячэння з вадой пітной якасці 12 населеных пунктаў, — расказаў віцэ-прэм'ер.

Паводле яго слоў, на 1 кастрычніка ўведзена ў эксплуатацыю 48 станцый абезжалезвання вады са 150 планавых, па астатніх працягваюцца работы. Заменена 317 км сетак водазабеспячэння са звышнарматыўнымі тэрмінамі эксплуатацыі. Гэта 83,1 % ад гадавога задання. Таксама работы вядуцца далей. Пабудавана 14,8 км новых сетак водазабеспячэння. Уведзена ў эксплуатацыю 5 водазаборных свідравін з 9 запланаваных на год. Перападключаны да цэнтралізаваных сістэм водазабеспячэння пітной якасці 7 населеных пунктаў з 12, па астатніх работы выконваюцца.

Дзяржінвестпраграма на 2022 год прадугледжвае 27 мільёнаў рублёў для будаўніцтва станцый абезжалезвання вады, дадаткова на гэтыя мэты мяркуецца накіраваць больш як 57 мільёнаў рублёў.

Для пераводу ў 2025 годзе Мінска цалкам на водазабеспячэнне з падземных крыніц прынята распараджэнне кіраўніка дзяржавы, якое прадугледжвае магчымасць паралельнага праектавання і будаўніцтва, спрашчэнне парадку падрыхтоўчага перыяду будаўніцтва, афармлення дакументаў па адвядзенні зямельных участкаў і іншае. Па выніках 9 месяцаў, узровень забяспечанасці спажыўцоў вадой пітной якасці склаў 96,2 %, а па выніках года чакаецца выкананне мэтавага паказчыка — 96,9 %.

У Мінску з'явіцца новы комплекс па перапрацоўцы адходаў

Да 2024 года плануецца пабудаваць комплекс па перапрацоўцы камунальных адходаў. Яго магутнасць складзе каля 600 тысяч тон у год. Аб'ект уключаны ў інвестыцыйную праграму Мінска.

Цяпер у Беларусі функцыянуюць 7 смеццесартавальных заводаў і 83 лініі сартавання цвёрдых камунальных адходаў агульнай устаноўленай магутнасцю мільён тон у год. У 2021 годзе ўведзены ў эксплуатацыю смеццесартавальны завод у Віцебску магутнасцю 100 тысяч тон у год. Завершана будаўніцтва палігона для захавання адходаў для Брэста.

Як праінфармаваў віцэ-прэм'ер, у бягучай пяцігодцы запланаваны будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю 16 рэгіянальных аб'ектаў па сартаванні і выкарыстанні цвёрдых камунальных адходаў: у Баранавіцкай, Аршанскай і Бабруйскай зонах абслугоўвання, у Гомелі, Пінску, Полацку, Ваўкавыску, Магілёве, Лідзе, Пухавічах, Бярозе, Барысаве, Маладзечне і Салігорску.

У экспарце задзейнічана 14 расійскіх партоў

Распрацаваны альтэрнатыўныя шляхі пастаўкі беларускай прадукцыі на экспарт, расказаў Анатоль Сівак. Цяпер задзейнічана 14 партоў Расіі. Прапрацаваны схемы дастаўкі экспартных беларускіх грузаў праз парты Паўночна-Заходняга рэгіёна Расіі, парты Чорнага і Азоўскага мораў, па сухапутных маршрутах у напрамку Кітая.

Паводле яго слоў, за 9 месяцаў вываз беларускага экспартнага грузу чыгуначным транспартам у парты Расіі павялічыўся ў 2,2 раза да аналагічнага леташняга перыяду. Пры гэтым больш як 34 % пераарыентавана з традыцыйных напрамкаў.

Віцэ-прэм'ер праінфармаваў, што ў верасні бягучага года падпісана міжурадавае пагадненне з Расіяй аб супрацоўніцтве ў галіне развіцця перавозак асобных відаў грузаў праз транспартныя калідоры, якія праходзяць па тэрыторыі Беларусі і Расіі. Гэта дасць магчымасць забяспечыць альтэрнатыўныя шляхі пастаўкі беларускіх грузаў на экспарт па сухапутным маршруце, а таксама перавалку грузаў у марскіх партах Расіі. Акрамя таго, гарантуе аб'ёмы перавозак прадукцыі экспарцёраў кантэйнернымі цягнікамі транзітам па тэрыторыі Расіі ў Кітай на перыяд да 2024 года.

Увогуле, што датычыцца дастаўкі беларускіх тавараў у Кітай, то тут пабудаваны новыя лагістычныя ланцужкі. Экспартныя перавозкі кантэйнераў з прадукцыяй беларускіх прадпрыемстваў за студзень — верасень склалі каля 83,5 тысячы кантэйнераў. Рост — 4,6 раза да аналагічнага перыяду 2021 года. Усяго за студзень — верасень з Беларусі ў Кітай адпраўлена 690 кантэйнерных цягнікоў.

Станоўчы момант у рабоце транспартнай галіны — аднаўленне аб'ёмаў пасажыраабароту. Калі за 9 месяцаў гэтага года ў параўнанні з леташнім мае месца зніжэнне грузаабароту (74,8 %), экспарту транспартных паслуг (86,7 %), то пасажыраабарот за студзень — верасень 2022 года склаў 15,5 мільярда пасажыра-кіламетраў, або 101,4 % да мінулага перыяду. Назіраецца павелічэнне мабільнасці насельніцтва ў міжнародных зносінах: па аўтамабільным транспарце — у 2,5 раза, чыгуначным — у 1,7 раза.

Інвестыцыйнае развіццё транспартнай галіны не спыняецца, звярнуў увагу віцэ-прэм'ер. Абнаўляецца рухомы састаў: набыты 4 пяцівагонныя электрацягнікі міжрэгіянальных ліній ЭПМ для выкарыстання на маршрутах Мінск — Брэст і Мінск — Гомель, 152 аўтобусы і 19 тралейбусаў для перавозкі пасажыраў транспартам агульнага карыстання. У рамках Нацыянальнага інфраструктурнага плана на 2021—2025 гады прадугледжана рэалізацыя 83 інфраструктурных транспартных праектаў. У 2022 годзе ажыццяўляецца 33 праекты.

Так, сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю мост праз раку Заходняя Дзвіна на пад'ездзе да Наваполацка, абход гарадскога пасёлка Мір, у лістападзе 2022 года адкрыецца рух па аўтамабільнай дарозе «Паўднёва-заходні абход Магілёва».

Добраўпарадкаванне мясцовых дарог і сельскіх могілак

Дэпутаты і сенатары задалі віцэ-прэм'еру і свае пытанні. Член Савета Рэспублікі Кацярына Серафіновіч агучыла пытанне, якое часта ўзнімаецца ў зваротах грамадзян. Маршрутныя аўтобусы не робяць прыпынкаў у невялікіх населеных пунктах і дачных пасёлках, ці можа ўсё ж быць прыпынак па патрабаванні?

— Мы прапрацуем дадзенае пытанне, хоць я разумею, з якім супраціўленнем сутыкнёмся па бяспецы руху і арганізацыі прыпыначных пунктаў. Не павінна быць так, што праз 10 метраў каля наступнага дома аўтобус зноў спыняецца. Але мы разгледзім згаданае пытанне, — адзначыў Анатоль Сівак.

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава дадала, што варта ўдасканаліць работу і чыгуначнага транспарту:

— Дзесьці скарацілі прыпынкі, адмянілі маршруты, а людзі, часта пенсіённага ўзросту, едуць на дачу, на работу. Такое пытанне таксама варта паглядзець.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Сыранкоў таксама агучыў набалелае для сваіх выбаршчыкаў. Плануецца рэканструкцыя моста праз Сож у Чэрыкаве, пры гэтым аб'язныя шляхі, якія прапануюцца, не задавальняюць мясцовых жыхароў. Адна з прапанаваных дарог Р-140 на 25 км мае гравійнае пакрыццё. Анатоль Сівак паабяцаў, што перад закрыццём моста на дарозе будзе пакладзены асфальт.

Сенатар Таццяна Рунец пацікавілася ў міністра архітэктуры і будаўніцтва Руслана Пархамовіча, як прыцягнуць да адказнасці тыя структуры, якія мусяць назіраць за якасцю будаўніцтва новага жылля. Нярэдка пасля яго здачы ў жыльцоў узнікаюць самыя розныя праблемы. З сенатарам пагадзіліся спікеры палат Наталля Качанава і Уладзімір Андрэйчанка і папрасілі міністра прапрацаваць неабходныя змяненні ў новы Жыллёвы кодэкс, праект якога разглядаецца.

Член Савета Рэспублікі Валерый Гайдукевіч спытаў у міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэя Хмеля, як пасля перадачы сельскіх могілак у распараджэнне структуры ЖКГ будзе вырашацца пытанне са спілоўваннем старых дрэў. Міністр паабяцаў, што праблем не ўзнікне: у арганізацыях маюцца неабходныя спецыялісты і праблема будзе вырашацца.

Алена КРАВЕЦ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.