Вы тут

Адвакат распавяла пра нюансы падатковага заканадаўства


Калі вы не ўладальнік фірмы, не індывідуальны прадпрымальнік, а проста наёмны работнік — прыватнага прадпрыемства або так званы бюджэтнік — хутчэй за ўсё, змяненне падатковага заканадаўства ў самым канцы мінулага года не выклікала ў вас жадання дэталёва азнаёміцца з яго нюансамі. Тым часам, новаўвядзенні ў падатковым заканадаўстве закранулі ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь — уключаючы фізічных асоб.


І ўжо сёння некаторыя людзі сутыкнуліся з пытаннямі, і каб разабрацца ў іх, спатрэбілася прафесійная дапамога, адзначае адвакат юрыдычнай кансультацыі № 1 Мінскай абласной калегіі адвакатаў Алена Гронская. Спецыяліст расказала аб працэдуры праверкі адпаведнасці выдаткаў грамадзяніна яго даходам, а таксама аб наступствах перавышэння выдаткаў звыш даходаў.

— У Законе ад 31 снежня 2021 г. «Аб змяненні законаў па пытаннях падаткаабкладання» ёсць вельмі важны момант, які датычыцца ўсіх грамадзян як фізічных асоб: уведзены артыкул 73-1 «Камеральная праверка адпаведнасці выдаткаў даходам фізічнай асобы». Згодна з гэтым артыкулам, падатковая інспекцыя мае права праверыць даходы і выдаткі кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, а таксама замежнікаў і асоб без грамадзянства з пасведчаннем на права жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь за ўсе поўныя месяцы бягучага года і за мінулыя 10 каляндарных гадоў.

Іншымі словамі, тлумачыць адвакат, калі грамадзянін, які мае невысокую альбо сярэднюю заработную плату, набудзе дарагі аўтамабіль прэміум-сегмента альбо эксклюзіўную нерухомасць, дадзеная акалічнасць дакладна зацікавіць падатковую інспекцыю, і яна запатрабуе тлумачэнняў: адкуль грошы? Але гэта — той выпадак, калі матывы праверкі відавочныя. Калі ж казаць аб не настолькі відавочных сітуацыях — як падатковая інспекцыя вызначае адпаведнасць даходаў і выдаткаў грамадзяніна?

— Падатковыя органы правяраюць адпаведнасць расходаў і даходаў у форме камеральнай праверкі на падставе наяўных дакументаў і інфармацыі аб атрыманых грамадзянінам даходах і панесеных выдатках. Мэта праверкі — устанаўленне фізічных асоб, чые расходы перавышаюць даходы, а таксама сум фактычных выдаткаў і крыніц іх даходаў. Пры супастаўленні выдаткаў і даходаў улічваюцца толькі сумы даходаў, атрыманыя не пазней ад даты ажыццяўлення расходаў. Даходы, атрыманыя пасля даты ажыццяўлення расходаў, улічваюцца як даходы, якія засталіся ў распараджэнні фізічнай асобы.

Удакладнім, каго менавіта правярае падатковая інспекцыя згодна з артыкулам 73-1. Што з'яўляецца падставай для праверкі адпаведнасці расходаў і даходаў? І як адбываецца праверка?

— Падставай для правядзення праверкі можа стаць наяўная ў падатковым органе інфармацыя (дакументы) аб атрыманых даходах, панесеных выдатках; пісьмовы запыт КДК, МУС, органаў дзяржбяспекі, пракуратуры і Следчага камітэта (у сувязі з вядзеннем адміністрацыйнага працэсу, а таксама па крымінальных справах, паведамленнях аб злачынствах); даручэнне міністра па падатках і зборах, яго намеснікаў, кіраўнікоў ІМПЗ, іх намеснікаў. Пералік падстаў для правядзення праверкі досыць шырокі. Праверка праводзіцца без выдачы прадпісання на яе правядзенне. Такім чынам, падатковая інспекцыя не папярэджвае грамадзян аб пачатку праверкі. Праверка ўключае папярэдні і наступны этапы. Папярэдні этап праводзіцца на падставе інфармацыі і звестак, наяўных у падатковага органа. Па заканчэнні папярэдняга этапу праверкі падатковы орган складае разлік выдаткаў і даходаў фізічнай асобы. Наступны этап праверкі праводзіцца, калі падатковы орган выявіць перавагу выдаткаў грамадзяніна над яго даходамі. У дадзеным выпадку падатковая інспекцыя запатрабуе ў грамадзяніна справаздачу аб крыніцах даходаў шляхам накіравання патрабавання прадставіць тлумачэнні аб крыніцах даходаў, уручанага пад подпіс, альбо накіравання патрабавання па пошце заказным пісьмом з паведамленнем аб атрыманні.

На прадстаўленне тлумачэнняў адносна перавышэння расходаў грамадзяніну даецца 30 каляндарных дзён з дня ўручэння патрабавання, расказала адвакат.

— Указаны тэрмін падаўжаецца падчас хваробы грамадзяніна, знаходжання яго за мяжой або ў камандзіроўцы пры наяўнасці пісьмовага пацвярджэння. У выпадку парушэння названага тэрміну, а таксама ў выпадку прадстаўлення няпоўных звестак, падатковы орган не прымае такія даходы ў разлік.

Даць тлумачэнні грамадзянін мае права ў пісьмовай ці электроннай форме: накіраваць праз асабісты кабінет падаткаплацельшчыка, па пошце, або асабіста адвезці ў падатковую інспекцыю.

— У тлумачэннях аб крыніцах даходаў варта ўказаць звесткі аб фізічнай асобе (месца жыхарства), найменні юрыдычнай асобы (месца знаходжання), від, памер і дату (перыяд) атрымання даходу, звесткі (дакументы), звязаныя з правядзеннем праверкі, — то-бок пацвердзіць тлумачэнні. Крыніцамі даходаў могуць з'яўляцца, напрыклад, заработная плата, дывідэнды, спадчына, дарэнне, продаж транспартнага сродку, страхавыя выплаты, дапамога на дзяцей, аліменты і іншае. Калі названыя ў тлумачэннях звесткі не выклічуць сумненняў, падатковая інспекцыя ўлічыць даходы пры супастаўленні з выдаткамі. Пры праверцы падатковы орган улічыць у якасці выдаткаў суму на куплю тавараў і паслуг, неабходных для захавання здароўя і забеспячэння жыццядзейнасці, у памеры бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, а для непаўналетняга дзіцяці — у памеры 50 % бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. Такім чынам, не мае прававога значэння, купляеце вы прадукты ў дарагой краме або таннай, альбо харчуецеся выключна прадуктамі «з агарода», — растлумачыла адвакат.

У выпадку, калі фізічнай асобай у тлумачэннях заяўлены даходы, атрыманыя ў перыяд, які перавышае дзесяць поўных каляндарных гадоў, што папярэднічаюць году, калі праводзіцца праверка, то праверка праводзіцца таксама за перыяд пачынаючы з каляндарнага года, у які фізічнай асобай атрыманы такія даходы.

Але вось праверка праведзена. Якімі могуць быць яе наступствы для грамадзяніна?

— Пасля разгляду прадстаўленых тлумачэнняў падатковы орган складае ўдакладнены разлік выдаткаў і даходаў, а затым накіроўвае грамадзяніну паведамленне аб адсутнасці перавышэння расходаў над даходамі (пры наяўнасці падстаў). Пры выяўленні перавышэння падатковы орган складае акт праверкі, пра які паведамляе грамадзяніну. Выяўленая сума перавышэння расходаў над даходамі абкладаецца падаходным падаткам па стаўцы 20 %, а гэта значыць, прыйдзецца заплаціць падатак. Такім чынам, у выпадку атрымання патрабавання аб прадстаўленні тлумачэнняў аб крыніцах даходаў варта сур'ёзна паставіцца да выканання абавязацельства даць тлумачэнні і не ігнараваць законныя патрабаванні падатковага органа, — падкрэсліла адвакат Алена Гронская.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.