Вы тут

Слова гучыць, і яго чуюць


Дзявяты год запар форум становіцца пляцоўкай для дыскусій па найбольш актуальных пытаннях у сферы масмедыя, наладжвання творчых стасункаў паміж нацыянальнымі і рэгіянальнымі СМІ. Гэта яшчэ і своеасаблівы ўрок прафесійнага майстэрства ад вопытных, папулярных прадстаўнікоў медыясупольнасці, кіраўнікоў рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі — для тых, хто толькі пачаў свой шлях у журналістыцы.


Сёлета форум, які прайшоў пад назвай «Беларускія медыя — 2022: традыцыйныя і новыя формы работы» сабраў каля 300 маладых журналістаў з усёй краіны. На парадку дня — тэмы, якія хвалююць медыясупольнасць у эпоху трансфармацыі нацыянальнага медыяполя, увогуле ў час зменлівасці геапалітычнай абстаноўкі і выклікаў сучаснасці. Гаварылі і аб новых тэхналогіях, якія сталі неад'емнай часткай нашай прафесіі. Закранулі і перавагі традыцыйных СМІ, якія сёння задаюць тон у інфармацыйным асяроддзі.

— У эпоху інфраструктурных войнаў нельга выключаць той факт, што ў будучыні доступу да той самай глабальнай сеткі, да якой мы прызвычаіліся, можа і не быць, — звярнуў увагу міністр інфармацыі Уладзімір ПЯРЦОЎ. — Вы бачылі, як выбухаюць газаправоды. Пагроза стаіць і перад тымі оптавалаконнымі правадамі, якія знаходзяцца на дне акіяна і злучаюць глабальнай сеткай кантыненты і краіны. Што будзе далей, прадказаць немагчыма. Таму нельга забываць аб нашых традыцыйных сродках масавай інфармацыі: тэлебачанні, радыё і газетах.

Пры гэтым кіраўнік ведамства заўважыў, што мясцовая прэса заўсёды будзе запатрабавана. Ні адно цэнтральнае СМІ не валодае праблемамі людзей на месцах лепш за рэгіянальныя медыя. «Наша мэта — зрабіць рэгіянальныя СМІ адзінай дзейснай эфектыўнай медыясістэмай», — адзначыў Уладзімір Пярцоў. Маладым журналістам ён параіў заставацца годнымі прадстаўнікамі прафесіі ў эпоху постпраўды і фэйкаў, а таксама прытрымлівацца стандартаў журналістыкі.

Расказваючы аб выніках маніторынгу медыяполя, галоўны саветнік упраўлення ўнутранай палітыкі Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Вольга БАГАМАЗ вылучыла асноўныя тэндэнцыі сучаснай інфармацыйнай прасторы. Сярод іх — нарастанне значнасці медыяпрасторы ў грамадстве, трансфармацыя навін і ўкіды іх у экспертныя і псеўдаэкспертныя інтэрпрэтацыі, самаўцягванне грамадскасці ў фарміраванне інфармацыйнага парадку дня.

Сталі паўсядзённасцю і інфармацыйныя атакі на цэнтральныя СМІ. Мы навучыліся іх адбіваць, а таксама адрозніваць факты ад фэйкаў, прафесійна абвяргаць ілжывую інфармацыю. Па словах старшыні Белтэлерадыёкампаніі Івана ЭЙСМАНТА, свабода слова — гэта міф. «Дэзынфармацыя стала галоўнай зброяй у інфармацыйнай вайне, якая цяпер ідзе, — падкрэсліў ён. — У былыя часы, калі калектыўны Захад нас па-ментарску навучаў жыццю, свабодзе слова і плюралізму меркаванняў, пры гэтым атакуючы ледзь не кожныя выбары, спрабуючы звергнуць уладу, я заўсёды казаў: калі яны апынуцца ў больш-менш няўтульнай сітуацыі, вы ўбачыце, што такое сапраўдны таталітарны рэжым. Цяпер мы ўбачылі, што такое прыгнечанне свабоды слова. Усе непажаданыя сродкі масавай інфармацыі або закрыты, або накіраваны ў ценявы бан у Еўропе».

Гаварылі на форуме не толькі аб падмене паняццяў і каштоўнасцяў, але і аб тым, як выжыць СМІ ва ўмовах інфармацыйнай вайны. Сакрэт, дарэчы, вельмі просты — у першую чаргу, выстаяць у гэты няпросты час можна дзякуючы прафесіяналізму людзей, якія там працуюць. «У першую чаргу ад маладых журналістаў я чакаю адданасці — нават не рабоце, а краіне, — заўважыў старшыня праўлення ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» Марат МАРКАЎ. — Гэта вызначальны прынцып іх працы на дзяржаўным тэлебачанні, увогуле ў дзяржаўных СМІ. Давайце быць шчырымі: мы павінны мець на ўвазе тое, чаму нас навучыў 2020 год. Калі чалавек не разумее, што працуе на дзяржаву і па вызначэнні ў яго павінен быць патрыятычны складнік, значыць, гэта не яго месца работы. Можа быць, яго прафесія, але, калі ласка, — у іншым месцы. Другі момант — жаданне працаваць. Мы вельмі хочам, каб людзі, якія да нас прыходзяць, былі актыўныя і не адбывалі нумар з 9.00 да 18.00. У 2020 годзе з'явіўся шанц у маладых журналістаў сябе праявіць. Хтосьці гэтым шанцам скарыстаўся, нехта толькі збіраецца».

Старшыня праўлення рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства «Веды» Вадзім ГІГІН звярнуў увагу на важнасць тэхналагічнасці ў рабоце журналіста. Аднак без творчасці ў гэтай прафесіі, па яго словах, немагчыма. «Наша журналістыка стала яшчэ больш патрыятычнай, — лічыць Вадзім Гігін. — Так, у ёй стала больш прапаганды. Усё цяпер падпарадкавана палітычнай мэтазгоднасці. Што датычыцца рэспубліканскіх СМІ, і некаторых рэгіянальных, — у іх ёсць дакладнае разуменне правільнасці таго, што ты робіш. А гэта вера. У журналіста павінна быць вера ў правільнасць таго, што ён робіць. Цяпер мы гаворым прама, што думаем, і адчуваем падтрымку людзей. Напэўна, ніколі дагэтуль людзі так актыўна не глядзелі тэлебачанне і друкаванае слова не мела такога значэння, як цяпер. Наша аўдыторыя стала больш шырокай, журналісцкае слова — значна больш забатрабаваным».

Што яшчэ адрознівае сучасную журналістыку, дзе мяжа паміж журналістыкай і прапагандай, як знайсці баланс паміж палітычнай і непалітычнай інфармацыяй у СМІ, чаму сёння зноў запатрабаваная карыкатура і чаму не павінна быць стэрэатыпнасці ў данясенні інфармацыі — гэта яшчэ не поўны спектр пытанняў, якія абмяркоўваліся прадстаўнікамі айчыннай медыясупольнасці ў Мінску.

Вераніка КАНЮТА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.