Вы тут

Першы камп'ютар, вітамін ад дэменцыі, карысць сабак для дзяцей


Археолагі агучылі дату стварэння першага камп'ютара

Таямнічы Антыкітэрскі механізм, які лічаць першым у свеце камп'ютарам, быў упершыню «запушчаны» 22 снежня 178 года да н. э., высветлілі археолагі. Даследчыкі паказваюць шэраг прычын, чаму датай запуску механізму быў вызначаны менавіта дадзены дзень. Гэта самая ранняя дата, на якой заснаваны ўсе разлікі, зробленыя з дапамогай Антыкітэрскага механізму.


Па-першае, у той дзень было сонечнае зацьменне, якое доўжылася больш за 12 хвілін. Па-другое, на наступны дзень, 23 снежня, было зімовае сонцастаянне, важны дзень у шматлікіх старажытных народаў. Таксама нагадваецца, што фестываль Ісіі — святкаванне ў гонар егіпецкай багіні Ісіды — адзначаўся як у Егіпце, так і ў Грэцыі, у гэты час. Акрамя таго, фазы Месяца пачаліся 22 снежня таго ж года, паведамілі вучоныя.

Гэтае спалучэнне падзей стварыла «вельмі рэдкае супадзенне», якое зрабіла б дзень старту механізму незабыўным. Такая дата «павінна быць вельмі характэрнай, важнай і лёгка вызначацца», распавёў у каментары Lіve Scіence Арыстыдыс Вулгарыс, вядучы аўтар артыкула і кіраўнік групы функцыянальнай рэканструкцыі Антыкітэрскага механізму — праекта FRAMe. Гэта дата мае значэнне яшчэ і таму, што на ёй засноўваюцца ўсе разлікі з выкарыстаннем механізму.

«Для таго, каб выкарыстоўваць вымяральны прыбор, перад працэдурай вымярэння неабходна кантрольная кропка. Падобна календару, якому патрэбна фіксаваная дата — напрыклад, 1 год н.э., — таму, хто выкарыстоўваў гэты механізм, спатрэбілася б пачатковая дата, на якой засноўваліся б усе вылічэнні», — патлумачылі навукоўцы.

Антыкітэрскі механізм быў знойдзены нырцамі ў 1901 годзе. Ён стаў адным з артэфактаў, што затанулі падчас караблекрушэння недалёка ад грэчаскага вострава Антыкітэра. Старажытны камп'ютар, які выглядае як мудрагелістая прылада памерам з абутковую скрынку з шасцярэнькамі і цыферблатамі, на якіх напісана мноства малюсенькіх надпісаў, мог, акрамя іншага, прадказваць сонечныя і месяцовыя зацьменні, вызначаць даты розных грэчаскіх спартыўных гульняў і свят.

На працягу многіх гадоў даследчыкі збіралі разам шматлікія фрагменты механізму, каб высветліць, як ён быў створаны і як яго можна было выкарыстоўваць дзве тысячы гадоў таму. Група навукоўцаў вызначыла дату «ўключэння» механізму ў работу і апісала высновы ў анлайн-часопісе нерэцэнзаваных даследаванняў arXіv. Навукоўцы мяркуюць, што Антыкітэрскі механізм стварыў Архімед, але пераканацца ці абвергнуць гэтую гіпотэзу пакуль няма магчымасці.


Названы вітамін, які абараняе ад дэменцыі

Партал аб здаровым ладзе жыцця і харчаванні Eat Thіs Not That! (ETNT) распавёў пра вітамін, які прадухіляе дэменцыю і ўзмацняе працаздольнасць мозгу. У публікацыі аўтары спаслаліся на даследаванне навукова-аздараўленчага цэнтра Prіtіkіn Longevіty Center, з якога вынікае, што многія людзі забываюць ужываць такія важныя вітаміны, як К1 або К2.

Па словах доктара Лона Бэн-Ашэра з цэнтра Prіtkіn, дадзеная група вітамінаў змяшчаецца ў зялёных ліставых салатах, субпрадуктах і печані. К1 і К2 неабходны для здароўя, але людзі часта атрымліваюць недастатковую іх колькасць з ежы. Даследаванне Амерыканскай асацыяцыі анатоміі даказала, што вітамін К2 абараняе мозг ад дэменцыі, прадухіляе зніжэнне кагнітыўнай функцыі і памяншае рызыку развіцця хваробы Альцгеймера.

«К2 дапамагае згусанню крыві, зніжае апаптоз (гібель клетак), абараняючы нервы ад шкодных рэчываў і злучэнняў, якія патэнцыяльна могуць прадухіліць развіццё хваробы Альцгеймера», — падкрэслівае доктар Бэн-Ашэр.

Паводле яго слоў, К2 уплывае на здароўе касцей, падтрымлівае імунную сістэму, прадухіляе сардэчна-сасудзістыя захворванні, садзейнічае здароўю скуры. Аднак прымаць вітамін без прызначэння ўрача можа быць небяспечна.

«Мы павінны быць асцярожныя, раячы любыя дабаўкі з вітамінам К, паколькі іх могуць рэкамендаваць людзям, якія прымаюць лекі, што разрэджваюць кроў, антыбіётыкі і антацыды... Трэба ўлічыць, што гэта тлушчараспушчальны вітамін, які нялёгка выводзіцца з арганізма, асабліва ў вялікіх колькасцях», — падсумаваў ён.


Сабакі аказаліся для здароўя дзяцей больш карыснымі

Канадскія навукоўцы прыйшлі да высновы, што сабакі лепш уплываюць на арганізм дзяцей, чым каты. Высновы зроблены на падставе даследавання, у рамках якога была атрымана інфармацыя ад сем'яў з дзецьмі, якія пакутуюць ад хваробы Крона.

Адзначаецца, што ў медыцыне ёсць гіпотэза, якая абвяшчае: менш стэрыльныя ўмовы дазваляюць лепш развівацца дзіцячай імуннай сістэме, асабліва ва ўзросце ад 5 да 15 гадоў. Гэта пацвярджае той факт, што жыхары менш развітых дзяржаў радзей пакутуюць на аўтаімунныя захворванні. Хоць апошнім часам узнікае ўсё больш пераканаўчых пацвярджэнняў таго, што мікрабіём кішэчніка насамрэч адбіваецца на імунітэце. Новае даследаванне ідзе ў дадатак да папярэдніх, падкрэслівае вядучы аўтар Уільямс Тэрпін з Універсітэта Таронта.

Навукоўцам і яго камандай былі вывучаны 4300 анкет найбліжэйшых сваякоў дзяцей з хваробай Крона. Доктар Тэрпін атрымліваў даныя аб памеры сям'і, наяўнасці сабак або катоў, пражыванні на ферме, ужыванні непастэрызаванага малака, якасці пітной вады і іншых рэчах.

Атрыманая інфармацыя дазволіла зразумець, што ў людзей, якія рэгулярна кантактуюць з сабакамі, здаровая пранікальнасць кішэчніка, а таксама баланс паміж мікробамі ў ЖКТ і імунным адказам арганізма. Варта адзначыць, што, як паказала даследаванне, наяўнасць ката ў хаце ніякай карысці кішэчніку дзіцяці не прынесла. Па якой прычыне — адказу пакуль няма.

«Магчыма, уладальнікі сабак часцей выходзяць на вуліцу са сваімі гадаванцамі або жывуць у раёнах з вялікай колькасцю зеляніны, што, як было паказана раней, абараняе ад хваробы Крона», — прыводзіцца тлумачэнне Тэрпіна ў прэс-рэлізе Амерыканскай гастраэнтэралагічнай асацыяцыі.

Таксама на мікрабіём кішэчніка пазітыўна ўплывае пражыванне ў вялікай сям'і ва ўзросце да аднаго года, адзначылі навукоўцы з Канады.

Хвароба Крона — гэта запаленчае захворванне страўнікава-кішачнага тракта, якое можа паражаць усе яго аддзелы ад поласці рота і да прамой кішкі. У лік сімптомаў уваходзяць хранічная дыярэя, болі ў жываце, страта вагі, стамляльнасць, зніжэнне апетыту, гарачка. Хвароба звычайна рэгіструецца ў Паўночнай Еўропе і Злучаных Штатах Амерыкі — ад 40 да 150 чалавек на 100 тысяч жыхароў. У Расійскай Федэрацыі — ад 3 да 4,5 чалавека на 100 тысяч жыхароў.


Знойдзены новы спосаб перапрацоўкі шкла

Сінгапурскія навукоўцы пачалі выкарыстоўваць яго для трохмернага друку. Даследаванне было апублікавана ў часопісе Journal of Buіldіng Engіneerіng.

Па словах спецыялістаў Наньянскага тэхналагічнага ўніверсітэта ў Сінгапуры (NTU), шкло з'яўляецца адным з матэрыялаў, які можа быць перапрацаваны на 100 працэнтаў практычна без страты якасці. Аднак, паводле статыстыкі Нацыянальнага агенцтва па навакольным асяроддзі Сінгапура, у 2021 годзе толькі 13 працэнтаў з 74 тон шкляных адходаў было перапрацавана. Таксама аўтары адзначылі, што ў свеце назіраецца дэфіцыт пяску.

У сувязі з гэтым навукоўцы NTU прапанавалі выкарыстоўваць шкло пры 3D-друку. Аўтары даследавання распрацавалі спецыяльную бетонную сумесь, якая складаецца са шкла, цэменту, вады і дадаткаў. Дзякуючы знойдзенаму сінгапурскімі інжынерамі спосабу ўдалося надрукаваць лаву вышынёй 40 сантыметраў. Таксама аказалася, што бетонная сумесь на шкляной аснове дастаткова вадкая, каб праходзіць праз сопла друкаркі. Акрамя таго, выраблены падобным спосабам бетон не дэфармуецца пасля зацвярдзення.

Падчас эксперыменту каманда спецыялістаў наладзіла сістэмы кіравання 3D-друкаркі такім чынам, каб хуткасць струменя праз сопла адпавядала ўласцівасцям зацвярдзення бетону. У далейшым сінгапурскія спецыялісты маюць намер выкарыстоўваць шкляна-бетонную сумесь для друку больш буйных і маштабных аб'ектаў.

«Мэтай нашага даследавання з'яўляецца вяртанне крэменезёма, які змяшчаецца ў шкле, для паўторнага выкарыстання ў якасці пяску пры 3D-друку», — адзначыў прафесар Тан Мін Джэн.


У Нідэрландах нарадзілася незвычайная чарапаха

У горадзе Пюцен з'явіўся на свет вось такі цуд. Пра гэта паведаміла ветэрынарная клініка AnіCura Stroowaert.

Чарапаха па мянушцы Сартэ (у перакладзе з партугальскага — «удача»), як сцвярджаюць ветэрынары, — першая такая двухгаловая істота (Centrochelys sulcata), якая нарадзілася ў Нідэрландах.

«Рэнтген паказвае, што ў двухгаловай чарапахі вагой усяго 34 грамы чатыры пярэднія і дзве заднія лапкі, два хвасты, два шыйныя пазванкі, дзве трахеі і, самае галоўнае, адно сэрца і адзін страўнікава-кішачны тракт. І гэта добрая навіна для Сартэ, таму што тады чарапахі — гэта адна жывёла», — гаворыцца ў паведамленні.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.