Вы тут

З лебедзямі на капотах


Супрацоўнікі ЗАГСаў адзначаюць, што пышныя вясельныя ўрачыстасці — з картэжамі, лімузінамі, крыналінамі, лебедзямі на капотах, танцамі ўсю ноч напралёт, мноствам гасцей і шмат'ярусным беласнежным тортам паступова сыходзяць у мінулае. У апошнія гады ў моду ўвайшлі «камерныя» вяселлі ў фармаце «свята для блізкага кола».


Падчас роспісу маладыя ўсё часцей абмяжоўваюцца бацькамі і сведкамі, а потым адзначаюць нараджэнне новай «ячэйкі грамадства» ў коле сям'і — у рэстаране або нават дома. Гэта, вядома, сур'ёзная эканомія. І ўсё ж далёка не ўсе (асабліва гэта датычыцца нявест) гатовыя да такога фармату «галоўнага дня свайго жыцця». Даваце палічым, у якую суму абыдзецца ў цяперашнія часы вяселле — класічнае «шырокае» і больш сціплае, бюджэтнае.

Уласна кажучы, менавіта з разліку вясельнага бюджэту супрацоўнікі weddіng-агенцтваў і раяць пачынаць падрыхтоўку да вяселля. Неабходна ўзяць аловак і сшытак і скласці дакладны спіс меркаваных выдаткаў. А пасля супаставіць яго з наяўнай сумай і выкрасліць тое, без чаго можна абысціся. Асноўных пунктаў некалькі. Рэгістрацыя шлюбу; вобразы нявесты (шлюбная сукенка і, магчыма, убор на другі дзень) і жаніха; банкет (арэнда кафэ або рэстарана, шоу-праграма); дэкор і аксесуары (у тым ліку заручальныя пярсцёнкі); вясельныя спецыялісты; магчыма — арэнда катэджа ці аграсядзібы на другі дзень. Кожны з пунктаў рэкамендуецца афармляць у табліцу (асабліва калі вы і ваша прафесія далёкія ад бухгалтарскага ўліку) — так інфармацыя будзе больш нагляднай, і стане больш зразумела, на чым можна зэканоміць.

Пачнём... з пачатку

Вяселле пачынаецца не з банкету, а з роспісу ў ЗАГСе. І ўсё гэта трэба адзначыць шампанскім і закусіць цукеркамі (што таксама не варта забываць). Але перш неабходна аплаціць саму рэгістрацыю шлюбу. Танней распісацца ў ЗАГСе, даражэй — выязная рэгістрацыя. Рэгістрацыя заключэння шлюбу, уключаючы выдачу пасведчання, сёння складае адну базавую велічыню (з 1 студзеня 2022 года гэта 32 беларускія рублі). Урачыстая рэгістрацыя шлюбу ў ЗАГСе (з прыцягненнем акампаніятара, у спецыяльна абсталяваным памяшканні) абыдзецца ў 54-62 рублі (без уліку ПДВ). Выязная — у 71—125 рублёў (без уліку транспарту і ПДВ). Трэба памятаць, што выязная рэгістрацыя не прадугледжвае выдачы пасведчання, таму ўзаконіць шлюб супрацоўнікі ЗАГСаў рэкамендуюць маладым загадзя, распісаўшыся без пышнай цырымоніі. Што датычыцца пачастунку пасля роспісу, то разлічваецца яго колькасць так: каробка цукерак з разліку адна на траіх, на кожнага госця трэба ўзяць з сабой паўлітра безалкагольнага напою і палову бутэлькі шампанскага або віна.

Сукенка і касцюм

У вобразе нявесты галоўны пункт выдаткаў — зразумела, шлюбная сукенка. Класічны набор у дадатак — туфлі, сумачка, вэлюм, ювелірныя ўпрыгажэнні, букет. З гэтага спіса можна нешта выкрасліць (напрыклад сумачку або вэлюм), а можна, наадварот, дадаць: дыядэму ў валасы або, напрыклад, футрачка ў адзіным стылі з сукенкай, бо справа ідзе да зімы. Асабліва калі запланавана фотасесія на вуліцы.

Трэба сказаць, што вясельная мода сёння адыходзіць ад класічнага белага колеру, хоць ён па-ранейшаму запатрабаваны. Адна з тэндэнцый сезона — шлюбная сукенка колеру «шампань». Раскошнае цёплае адценне падыходзіць не ўсім, але калі ўжо яно вам да твару — застаецца толькі дадаць у вобраз пяшчотны макіяж у той жа каляровай гаме і дапоўніць яго абуткам у моднай бэжавай або нюдавай гаме. І важна памятаць, што цёплы колер «шампань» не прымае суседства халоднага белага, у тым ліку і ў букеце нявесты.

Яшчэ адна вясельная модная тэндэнцыя — далікатныя блакітныя тоны сукенкі. Для тых дзяўчат, у каго бледная скура з халодным падтонам, светлыя вочы і валасы — гэта проста знаходка: нябеснае адценне зробіць вобраз сапраўды незямным, анёльскім. Можна выбраць класічны белы колер, але дадаць у вобраз дэталі блакітнай гамы.

Што датычыцца крою, цікавая асаблівасць апошніх вясельных сезонаў — сукенкі-трансформеры. Яны, дарэчы, дазваляюць абысціся без асобнага ўбору для другога дня (калі такі мяркуецца) і пры гэтым выглядаць па-новаму. Або лёгка змяніць вобраз увечары. Дапусцім, на ўрачыстай частцы свята нявеста ў сукенцы даўжыні «максі», а ўвечары нескладана адшпіліць пышную спадніцу і паўстаць у аблягальнай кароткай «кактэйльнай» сукенцы. «Трасформеры» мяркуюць і іншыя элементы, якія можна адшпіліць, — напрыклад пышныя рукавы.

Кошт пракату шлюбнай сукенкі пачынаецца ад 270 рублёў (і да 3000), пашыў абыйдзецца ў сярэднім у 1500-2000, набыццё — ад 600 да 5000. Букет нявесты будзе каштаваць ад 60 да 500 рублёў, вэлюм — 70—300. Таксама не забываем пра прычоску, макіяж і манікюр — а гэта мінімум 200, максімум — 1000 рублёў.

У касцюм жаніха прыйдзецца ўкласці мінімум 400 рублёў (верхняя мяжа — каля пяці-шасці тысяч рублёў), хоць можна ўзяць яго напракат (ад 200). Дададзім сюды кашулю (каля 100 рублёў), туфлі, гальштук, бутаньерку (яшчэ каля 300). Часцей за ўсё жаніх выбірае класічны касцюм: двойку (штаны і пінжак) або тройку (штаны, пінжак, камізэлька). Яна можа быць як аднаго адцення з касцюмам, так і кантраснага колеру. Звычайна летам жаніхам раяць выбіраць светлы касцюм, зімой — у цёмных тонах. Калі сукенка нявесты з блакітнаватым адлівам, жаніху лепш выбраць касцюм у шэра-стальной або цёмна-сіняй гаме. Сукенка класічнага белага колеру — жаніх можа быць у класічным чорным касцюме. З сукенкай у нюдавай ружовай гаме, а таксама з колерам «шампань» добра спалучаецца касцюм жаніха ў карычневых або бронзавых адценнях.

І, вядома, галоўны сімвал свята — заручальныя пярсцёнкі. Тут кошт пачынаецца ад 110 рублёў і... губляецца ў аблоках. Дыяпазон, у якім звычайна выбіраюць гэты аксесуар, складае 120—1500 рублёў, распавялі супрацоўнікі ювелірнага аддзела.

Уласна свята

Застолле — галоўны артыкул фінансавых укладанняў на вяселлі. Лакацый для правядзення вяселля ў Беларусі велізарнае мноства, таму кошт вар'іруецца ў вельмі шырокіх рамках. У цэлым, пошук памяшкання варта пачынаць са складання спіса гасцей, і, зыходзячы з яго, вырашаць, як і дзе вы іх збераце. Агульнае правіла: зала павінна здавацца адначасова поўнай і пры гэтым прасторнай, а не цеснай. Дасягаецца такі эфект, калі дзве траціны памяшкання займаюць сталы і адну траціну — месца для танцаў і зносін. У сярэднім, плануючы вечар у кафэ, сёння варта разлічваць на суму ад 60 да 300 рублёў на госця, у рэстаране — ад 100 да 500, прыкладна ў тых жа цэнавых рамках — банкет у катэджы або аграсядзібе. Гэта значыць, кошт застолля наўпрост «завязаны» на колькасці вашых гасцей.

Прыкладны разлік порцый — на аднаго госця па 250 г гарачага (мяса, рыба) + гарнір, па 150—200 г салаты кожнага віду, па 1 агурку, 1 памідоры. Талерка мясной нарэзкі лічыцца на траіх, як і талерка сырнага асарці. Садавіна разлічваецца гэтак жа, як агародніна: па адным фрукце кожнага віду на госця. Гарачае лепш замовіць парцыённа, перавагу можна аддаць мясу (70 %, і 30 % — рыба). Парцыённа падаюцца і гарачыя закускі. Гарніраў павінна быць не менш за два, салатаў у ідэале — не менш за тры: мясная, рыбная (або з морапрадуктамі) і «далікатэсная» (з незвычайным спалучэннем смакаў). Агароднінная салата (або агароднінная нарэзка) будзе чацвёртая. Халодных закусак лепш выбраць не менш за тры, і яны павінны быць рознымі. Агульны падыход да выбару спіртнога — на аднаго чалавека за сталом павінна прыходзіцца па 300 мл чырвонага віна, столькі ж белага, 200 мл шампанскага і 300 г гарэлкі. На кожнага госця неабходна па 1,5 л соку, і па 0,5—1 л пітной вады, з газам і без газу. Таксама ў фінале вечара пажаданы чай.

І вось тут мы падыходзім да тэмы вясельнага торта. Падаецца ён у канцы застолля (падчас адорвання маладых), і таму выбіраць лепш не самыя каларыйныя рэцэптуры — ёгуртныя або фруктовыя, з узбітымі вяршкамі замест алейнага крэму. Вагу вясельнага торта разлічваюць так: на кожнага госця павінна прыходзіцца 150 г. У сярэднім яго кошт — ад 20 да 60 рублёў за кілаграм. Традыцыя патрабуе таксама наяўнасці вясельнага каравая (ад 8 да 20 рублёў за кіло). У многіх кандытарскіх каравай ідзе бонусам пры замове вясельнага торта.

Дэкор і памочнікі

І, нарэшце, вясельныя спецыялісты. Звычайна гэта вядучы (ад 500 да 3000 рублёў — у кошт можа ўваходзіць праца дыджэя, яго апаратура), фатограф, відэёграф (у абодвух выпадках — тыя ж цэнавыя рамкі). Дзве апошнія функцыі можа сумяшчаць адзін спецыяліст. Таксама, каб усё прайшло ідэальна, маладыя часта наймаюць вясельнага каардынатара. Як правіла, гэты спецыяліст бярэ 10 % ад бюджэту вяселля, затое пазбаўляе ад мноства арганізацыйных задач.

Усіх спецыялістаў, якія будуць працаваць на вашым вяселлі, лепш пазнаёміць загадзя, каб яны змаглі ўзгадніць сваю работу. Удакладніце, ці ўключае ў сябе ганарар вядучага ўвесь неабходны для правядзення вяселля рэквізіт. Калі гэта не так, будзе лепш, каб ён даў вам чэкі. З кожным са спецыялістаў лепш заключыць дагавор, дзе прапісана адказнасць у выпадку няякаснага выканання работы.

Яшчэ адзін артыкул выдаткаў — вясельны картэж. Арэнда лімузіна сёння абыдзецца маладым у 120—600 рублёў (у залежнасці ад класа аўтамабіля). Мікрааўтобус для гасцей — ад 30 да 140 рублёў. На іх упрыгожванне прыйдзецца вылучыць ад 10 да 40 рублёў за адну машыну.

У афармленне вяселля — ад дэкору залы да стварэння фотазоны, ад запрашэнняў для гасцей да падушачкі для заручальных пярсцёнкаў — таксама прыйдзецца ўкласціся: сума можа вар'іравацца, але наўрад ці складзе менш за 250—500 рублёў. Але тут як раз ёсць прастор для эканоміі: многія вясельныя аксесуары можна зрабіць сваімі рукамі. І гэты хэнд-мэйд мерапрыемства ўжо сам па сабе можа стаць маленькім святам.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Свежасць раёна, кватэры з новай планіроўкай — гэтыя фактары сёння маюць ключавое значэнне.

Адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

Кіраўнікі адукацыйных ведамстваў упэўнены, што супрацоўніцтва ў сферы адукацыі з’яўляецца важным фактарам для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх краін.

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?