Вы тут

«Камарынская» — у Купалаўскім


Лёсавызначальныя для нацыі асобы даюць моц і натхненне не аднаму пакаленню. 140-годдзе Янкі Купалы ахінае Беларусь святочным покрывам, ствараючы новыя нагоды для ўшанавання таленту, самабытнасці. Увасабленнем самабытнасці з’яўляецца і Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль «Харошкі». І нездарма, пэўна, іх праграма «Фальклор. Залатая калекцыя» была прадстаўлена ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Як сведчанне, што ансамбль гучыць на адной хвалі з народным паэтам — на хвалі духоўнай сілы і жыццялюбства... 


Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль «Харошкі» — наш нацыянальны брэнд, калектыў, які ў сваім падмурку мае найбагацейшы фальклорны матэрыял, што стварае непаўторны нацыянальны каларыт. Канцэрт у Купалаўскім «Фальклор. Залатая калекцыя» стаў стартам цыкла сольных канцэртаў ««Харошкі». Жывая легенда беларусаў». Нярэдка наша душа патрабуе танца, а лепш танца са спевамі і найгрышамі, ды каб яшчэ ўсё ўжывую. Ці не таму на «Харошак» у Купалаўскім сабралася паўнюткая зала?! Каб зазнаць вір пачуццяў, які дорыць адмысловая тэатралізаваная дзея ансамбля ў атмасферы Купалаўскага. І ўсё сышлося: моц тэатра Янкі Купалы і харызма і шчырасць «Харошак». 

Адна з візітовак ансамбля — надзвычай прэзентабельная і сэнсава насычаная харэаграфічная замалёўка «Камарынская» — у Купалаўскім паўстала ў новай эмацыянальнай афарбоўцы, і на тое ёсць падставы. 

— Гэтая сцэна — з вялікай гісторыяй, працаваць тут прэстыжна, але яна вымагае і вялікай адказнасці перад гледачом, перад любімай публікай, — адзначыў саліст заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Андрэй Макарук. — Канечне, аддаеш сябе без астатку, каб, у тым ліку, атрымаць уза¬мен. Калі атрымліваеш аддачу, хочацца працаваць больш. «Камарынская» мне блізкая па духу, тут паказана ўся наша самабытнасць: як продкі працавалі, жылі, а галоўнае — весяліліся. 

Спявае Вольга Неўмяржыцкая.

Адзін з адметных момантаў сола Андрэя — калі ён трэ па мыйнай дошцы. «Першы час было неяк незразумела: трэш і трэш па ёй... — заўважае артыст. — А потым з часам, як кажуць, «прыціраешся» і пачынаеш шукаць штосьці новае, а ўвогуле весялюся — не проста раблю рухі, а імправізую». 

І гэта заўважна. «Кама¬рынская» паказвалася безліч разоў, але кожны раз выглядае непаўторна, як і сёння. Уся справа ў імправізацыі?.. Вядома! Ды і атмасфера Купалаўскага, і жывое выкананне, дзе прысутнічае душа, якая атрымлівае задавальненне ад любімай справы. Інакш як маглі б выдаваць артысты такія акрабатычныя трукі! «Брава, хлопцы!» — крычалі ў зале. Але разам з весялосцю ёсць у гэтай кампазіцыі вельмі кранальны, душэўны, нават інтымны момант: калі сыны хрэсцяцца на птушыны шчэбет, для таго каб пайсці касіць. Зразумела, у гэтым жэсце адданасць Радзіме, Богу і вялікая прага жыцця. Глыбокая задумка Валянціны Гаявой! 

«Харошкі» ў Купалаўскім падарылі россып прыгожых музычных пацерак. У «Гармонікавых найгрышах» салісты Уладзімір Гінько і Аляксандра Ісаенка быццам спаборнічаюць: гармонік са скрыпкай. Вельмі эмацыянальна насычаная столінская пастараль «Пастушок»: віртуозныя скокі ў парах транслююць гарачыя пачуцці — быццам расповед гісторыі кахання. А найбольш эфектна — калі хлопцы нясуць дзяўчат на руках, як вазы з букетамі. 

Асаблівай маляўнічасцю ўразіў танец вёскі Харошкі «Гусарыкі»: дзяўчаты-птушкі па лінейцы — быццам на крылах-плячах у хлопца. І сваімі рукамікрыламі расказваюць тайну душы... Словы песні ад вакалістак садзейнічаюць гэтаму: «Люблю тога кавалера, што іграе ў дуду. Я з ім трохі пагуляю і замуж пайду...», «Ой, пшані¬ца яравая, ой, пшаніца мяккая, за гусарыка пайду — буду я багатая!» Дзяўчаты балансуюць на адной назе — і гэта на біс! 

Што можа быць ярчэй, чым полька, асабліва з найгрышамі на гармоніку? «Віцебская полька» — таму доказ. Усмешкі салістак, запал, агонь так і вабяць! Гопаюць польку — і душа ў скокі! Асабліва калі падключаецца аркестр з барабанамі — шквал энергіі! 

Кранула струны душы салістка Марына Анкуда з жартоўнай песняй «Арэшанька»: «Як у полі пад арэшанькай сядзяць дзеўкі з качарэшанькай... Сталі дзевак камары есці...» 

Музычна-харэаграфічная кампазіцыя «Беларускія мадонны» сусветнага маштабу: жанчыны ідуць, пагойдваючыся, несучы вялікі сімвал — ручнік. Высокае званне мадоннаў — правобраз багінь — падкрэсліваюць вытанчаныя галаўныя ўборы з саломы. Зоркі на іх зіхацяць надзеяй і веліччу. 

Інструментальная кампазіцыя «Барыня». Саліруе Фёдар Балабайка.

Вакальна-інструментальная кампазіцыя «Што ж ты не прыйшоў...» — гармонія чацвярых салістаў, што найлепшым чынам прэзентуе іх харызму: «Аддай ты мяне, мая мацінка, за каго я хочу...» 

А ці ўяўляеце, што ў адным з танцаў галоўны — бубен? Так, так, яго падкідаюць, і адбы¬ваецца дзея: «Вёскі дзве пайдуць па кругу — музыканты, весялуху!» 

Аксамітнае сола цымбалаў з пералівамі, ад якіх хочацца ўзлятаць, спяваць, марыць, прадвяшчае новы эмацыянальны ўсплёск — «Ходзіць пава». І асабліва радуецца вока: непераўзыдзеныя галаўныя ўборы, яркія спадніцы з аранжавымі ўстаўкамі, здзіўляльная пластыка... Ну, а калі бачыш фіялетавага саліста-«паўліна» з дэлегацыяй дзяўчат у рознакаляровых пярэстых уборах — лепшай экзотыкі не ўявіць! 

— Наконт касцюма да нумара «Пава» вось што хачу сказаць, — дзеліцца мастак па касцюмах Аляксей Гаявы. — Ёсць такі беларускі анекдот. Селянін гаворыць: «Пан, ты на льва падобны». — «Ну і дзе ты, дурань, льва бачыў?» — «Вунь Марыя на асле едзе». — «Ну дык на асле ж!» — «Вось на яго і падобны!» Таму певень — гэта асацыяцыя: як сабе мог уявіць паўліна чалавек, які яго ніколі не бачыў. 

Музычна-харэаграфічная кампазіцыя «Беларускія мадонны».

Аляксей Гаявы выяўляе сваё адметнае бачанне мастацтва з дапамогай адмысловых вобразаў, увасобленых у касцюмах. «Спачатку ёсць танец, музыка — застаецца толькі не сапсаваць. Калі кампазіцыя натхняе, то хочацца і дарабіць штосьці, стварыць адпаведны вобраз», — лічыць ён. І гэта ацэньваюць гледачы. 

— Адчуванні ад сённяшняга канцэрта неверагодныя! — адзначае салістка заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Алена Якубец, якая адразу ўражвае сваёй прамяністасцю і шчырасцю, лье дабрыню як сонейка. — Адкрыццё сезона прагучала ярка! Радуе, што гледачы праяўляюць цікавасць да нашай творчасці — поўная зала. Любоў адчувалася з першага нумара. Апладысменты, бляск у вачах, усмешкі — дзівосны абмен энергіямі! Мы атрымалі вялікае задавальненне, і гледачы, спадзяюся, таксама. 

Музычна-харэаграфічная кампазіцыя «Перапёлачка» — як выяўленне чулай і пяшчотнай, тонкай і неабсяжнай душы Валянціны Гаявой, яе крэатыву і любові да справы. Тры анёлы ў белым — Ірына Грушова, Алена Макарук і Васіль Прыходзька, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, — рухаюцца ў плаўным, меладычным танцы. 

Сола чарнявай прыгажуні салісткі Вольгі Неўмяр¬жыцкай быццам дадало моцы душэўнай лірыцы ў кампазіцыі «Дума»: «Не судзі, мама, строга ты мяне...» 

Музычна-харэаграфічная кампазіцыя «Перапёлачка».

Даў дыхту, дэманструючы вынаходлівасць на трашчотках, непаўторны Фёдар Балабайка, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь. Яму на цымбалах віртуозна акампаніравалі Ульяна Гаўрылава і Зінаіда Савацеева. 

Было адчуванне, што танцуеш і спяваеш разам з артыстамі — такі эфект стварыла зала Купалаўскага, дамашняя, утульная і быццам родная. І фінальныя «Скокі» так і цягнулі забегчы на сцэну і далучыцца да танцораў. Бо якія выкрутасы яны рабілі! Круцілі дзяўчыну-салістку як ваўчок, лёталі дугой над сцэнай — адным словам шакіравалі і адначасова зараджалі танцавальным імпэтам! 

«Харошкі», пераканалася, — гэта заўсёды настрой, свята і радасць, бо ўвесь час душа наросхрыст! Ды як іначай, калі яны жадаюць, запрашаючы на новую сустрэчу: «Будзьце здаровы, жывіце багата, хлебам і сонцам хай поўняцца хаты!» 

Наталля СВЯТЛОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.