Вы тут

Майстэрства Яўгена Пясецкага паэтызаваць фатаграфію


Фотааб’ектыў аднаго з найстарэйшых фотамайстроў краіны Яўгена Пясецкага засведчыў тысячы падзей, безліч асоб, шматлікія з’явы прыроды, чалавечыя эмоцыі... Паўстагоддзя таму яго фотаінфармацыі выходзілі і ў газеце «Правда», якая выдавалася ў СССР тыражом пяць мільёнаў экзэмпляраў. З камандзіроўкамі ён ездзіў па ўсім Саюзе: Камчатка, Благавешчанск, Кіргізія, Туркменія, Белае мора, Мурманск, Архангельск... У прэсе Яўген Віктаравіч амаль 60 гадоў, з якіх больш як 50 — у «Звяздзе». 7 студзеня старажыл фотажурналістыкі адзначыў 75-гадовы юбілей. Яго здымкі адрознівае мастацкасць, глыбыня, непаўторны аўтарскі стыль і... паэтычнасць. Так, Яўген Пясецкі валодае ўнікальнай якасцю — уменнем паэтызаваць фатаграфію. Як назапашвалася майстэрства і як паядналася фота з вершам — у нашай гутарцы.


Яўген Пясецкі.

— Яўген Віктаравіч, у адным інтэрв’ю вы згадалі, што ў вашай сям’і заўсёды выпісвалі «Роман-газету». Бацькі з інтэлігенцыі?

— Мая маці інжынер, а бацька — выкладчык малявання. Бацька дома пісаў шмат, засталіся яго карціны. Многа іх было і ў школе, дзе выкладаў, — у пасёлку Зялёны Бор каля Жодзіна. Адначасова працаваў на торфаздабыўным прадпрыемстве — узначальваў інжынерна-чарцёжны вузел. На гэтым жа прадпрыемстве працавала і мама.

Бывала, гледзячы на бацьку, браў у рукі пэндзаль і я, атрымлівалася. Але больш прыцягнула іншае: я стаў наведваць школу пазаштатных карэспандэнтаў пры раённай газеце, дзе віравала незвычайная атмасфера. Мае равеснікі, якія тут вучыліся, сталі вядомымі журналістамі. Ігар Асінскі, былы сабкар ТАСС у Берліне, у мінулым звычайны сельскі хлопец. Эльвіра Патапчык, выхаванка нашай школы, пасля стала галоўным рэдактарам раёнкі. Усё таму, што навучаў нас мудры дарадца — загадчык аддзела пісем Іван Трафімавіч Панчанка. Цудоўны нарысіст, аўтар шматлікіх кніг, пісьменнік ад зямлі: у Смалявічах нарадзіўся, вырас, усё жыццё працаваў у раённай газеце, пакінуў пра сябе вялікі след — і ў кнігах, і ў журналістыцы.

Адначасова я закончыў сярэднюю школу і школу пазаштатных карэспандэнтаў, і адразу ўзялі працаваць у раённую газету. Паступіў на журфак БДУ. У мяне была наладжана добрая сувязь з мінскімі газетамі. Дасылаў у асноўным фотарэпартажы. Спрабаваў сілы ў літаратуры: у раёнцы пабачылі свет мае невялікія апавяданні. Ды пераважаў фотарэпартаж. Мне выдалі маленькі фотаапарат «Зенит». Быў у раёнцы маленькі неацяпляльны пакойчык без акон, дзе паставілі павелічальнік, стол, крэсла. І я праяўляў стужкі, друкаваў здымкі. Многае было не купіць, не дастаць, у прыватнасці гатовыя наборы праяўляльніка, замацавальніка, іншых рэчаў. А ў рэдакцыі пакецікі з хімрэактывамі выпісвалі. Я па рэцэптах узважваў і рабіў. Захоўваліся растворы ў бутылях. Гатовую фотакартку адсылаў альбо поштай, альбо прывозіў. Пісаў спачатку ад рукі, потым авалодаў машынкай, балазе яна была ў раёнцы. Паралельна супрацоўнічаў з іншымі газетамі, у прыватнасці са «Знамя юности». Дарэчы, напярэдадні прызыву ў армію там вырашалі наконт прыёму мяне ў штат. Ды лёс скіраваў у «Звязду»...

Публікацыя Яўгена Пясецкага ў газеце "Правда" 16 кастрычніка 1980 года.

— «Звяздзе» ў выніку вы аддалі паўвека...

— Атрымалася так, што я прыйшоў на зломе эпох. Працавала тое пакаленне, якое ўвайшло ў газету адразу пасля вайны. Амаль паўсюль фотакарэспандэнтамі былі ветэраны-франтавікі. Асобы заслужаныя сваёй франтавой або партызанскай дзейнасцю. У «Чырвонай змене» быў фотакарэспандэнт Фёдар Апанасавіч Бачыла. Мы пасябравалі. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён быў кіраўніком дыверсійнай групы, якая пусціла пад адхон шмат варожых эшалонаў. Прадстаўляўся да звання Героя. Уражваў яго пінжак, поўны ваенных ордэнаў, прычым самых высокіх. У «Советской Белоруссии» — цудоўны фотакарэспандэнт Леў Ігнатавіч Папковіч. Я адзіны быў сярод іх малады. Да таго ж адзіны, хто вучыўся ў ВНУ. Яны, франтавога прызыву, без адукацыі. Ды і да вайны мець адукацыю журналіста — з’ява даволі рэдкая. Як і пасля вайны таксама. Тым больш у галіне фотажурналістыкі. У «Звяздзе» разам папрацавалі з фатографам Вячаславам Дубінкам. Ён быў шматграннай асобай. Яго прывабіла сфера літаратуры і народнага мастацтва. У энцыклапедыі Дубінка найперш згадваецца як майстар, які адрадзіў выцінанку. Працуючы ў «Звяздзе», рабіў выстаўкі. Нават у камандзіроўку ён браў паперу з нажніцамі. Расказваў, на вакзале, калі сядзеў і ў свабодны час вырэзваў, яго хацелі арыштаваць: думалі, што арцельшчык, халтуршчык — а ён проста чакае поезда і, сумуючы, вырэзвае з паперы ўзоры.

— Здаецца, зусім не мужчынская справа...

— Да таго ж тады даволі рэдкая. У вёсках некалі рабілі сурвэткі на вокны, на бажніцы. А цяпер гэта асобны кірунак народнага мастацтва. Потым Вячаслаў Дубінка стаў шмат пісаць вельмі цікавыя апавяданні, абразкі.

Мой добры таварыш, саратнік, фотакарэспандэнт часопіса «Маладосць» Валянцін Ждановіч, які пакінуў пасля сябе шмат работ. Гэта ён разам з Караткевічам ладзіў вандроўкі па рэках. Шмат пісаў. Таксама я быў блізка знаёмы з Сяргеем Грахоўскім, з Міхасём Стральцовым, з Нінай Загорскай (цяпер манахіня Кіра).

У «Звяздзе» яшчэ быў цудоўны фотакарэспандэнт Мікалай Амельчанка, выпускнік Маскоўскага ўніверсітэта. Ён прыехаў да нас якраз тады, калі я стаў праяўляць сябе сярод ветэранаў як малады расток. Калега і сябар, у многім мне дапамог: у разуменні журналісцкага майстэрства, прафесійных якасцяў — не гнацца за хайпам, што спакушала ў канцы 1980-х, пачатку 1990-х.

Работа Яўгена Пясецкага, якая стала вокладкай альбома "Времени черты", дзе сабраны фатаграфіі міжнароднага конкурсу газеты "Правда".

— Расійскі фотажурналіст Уладзімір Вяткін казаў: «Калі я ў год зраблю хоць адну фотаработу, то пражыў недарма». А наколькі патрабавальныя да сябе вы?

— Думаю, гэтае выказванне не пазбаўлена пафасу. Насамрэч, і ён, і ўсе творцы падводзяць вынікі штодзень. Ёсць мэты блізкія, ёсць — далёкія. Ёсць мэты, калі б’ешся, б’ешся і толькі набліжаешся да іх. Потым у штодзённіку запісаў — зроблена. Але заўжды застаецца пастаянная работа: арганізавацца, быць на месцы, працаваць з апаратурай, оптыкай, быць падрыхтаваным тэхнічна, ведаць прадмет здымкі.

— А калі бягучыя дробныя справы штодзённа адбіраюць час і не даюць падступіцца да чагосьці вялікага?

— Вялікае само па сабе не нараджаецца — гэта сума дробнага, гэта аб’яднанне штодзённых дробных, хай нязначных на першы погляд, крокаў. Спадзявацца, што ты раз у дванаццаць месяцаў убачыш варону з залатой завушніцай у дзюбе — бязглуздзіца. Больш лагічна і разумна дванаццаць месяцаў напрацоўваць тэму — тады і будзе плён у суме.

— У вашай творчасці якая тэма стала найбольш плённай?

— Тэма, якую грунтоўна прапрацоўваю, — гісторыя і мастацтва Беларусі, жыццё канфесій, у асноўным праваслаўе. За штодзённай работай унутры канфесіі — гісторыя. Адкрыйце кнігі — і пазнаёмцеся з беларускімі святымі. У мяне былі рэпартажы з Іерусаліма. Там, у Феадосіеўскім манастыры, некаторы час пасля смерці спачывала Ефрасіння Полацкая. Я зрабіў і апублікаваў здымкі пра гэты манастыр. Святыя нашай зямлі — гэта героі Беларусі таксама, як і, напрыклад, лётчык Уладзімір Карват, які адвёў свой самалёт ад падзення на вёску. Мая праца ў тэме праваслаўя Беларусі — даць магчымаць чытачу ўбачыць герояў сваёй краіны.

— 29 гадоў вы ўдзельнік міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў».

— Першы раз у гэтым годзе не паехаў — захварэў. Можа, якога-небудзь майго калегу паклікала б сфера інжынернай думкі, хтосьці пайшоў бы ўслед за астраномамі, біёлагамі... А я з 1993 года штогод удзельнічаў у экспедыцыях. Рэпартажы «Дарогі да святыняў» адлюстроўваюць: духоўнасць, гісторыю, лёс чалавека, прыроду. Для мяне гэта была найбагацейшая магчымасць напрацоўваць матэрыялы, адточваць майстэрства, назапашваць тэмы.

Старонка з паэтычнага зборніка Яўгена Пясецкага "Кола дзён" з вершам і здымкам аўтара.

— Ці дапамагала гэта рабіць прырода? Беларускі эколаг і рэжысёр Ігар Бышнёў, адзначаючы, што людзям трэба навучыцца жыць у гармоніі з наваколлем, сказаў: «Калі і ёсць Бог, то гэта прырода».

— Бачыў шмат яго работ. З яго фотаздымкаў відаць, што гэта заўважана вачыма вельмі ўмелага, дасведчанага спецыяліста, які шмат ведае. Адштурхоўваючыся ад сітуацый у прыродзе, яе законаў, ствараеш. Існасць прыроды сцвярджалі ўсе філосафы свету і ва ўсе часы. Прырода для мяне — гэта акно ў веды. Тое, што бачу ў прыродзе, або пацвярджае, або абвяргае мой асабісты вопыт. Гэта вучыць, дае асацыяцыі для разважання. Прырода адкрывае тое, што секунду назад я не ведаў і не мог ведаць. Шмат гадоў я вёў у часопісе «Родная прырода» старонку «Рыфмы прыроды». Напрыклад, выпаў першы снег — шукаю выразны здымак і верш адпаведны пішу. Для мяне гэта была вельмі цікавая работа, аддушына сярод будзённых тэм.

— У адным са сваіх нядаўніх восеньскіх рэпартажаў вы напісалі: «Гармонія фарбаў прыроды заўжды ў суладдзі з паэтычнымі радкамі». Пра гэта ваш уласны жанр сінтэзу верша і фота, якім вы аздобілі і свой паэтычны зборнік «Кола дзён»?

— Гэта выраз маіх эмоцый. Не для таго ж чалавек піша музыку, каб камусьці спадабалася. Кожны стварае тое, што выяўляе яго эмоцыі. Мне спадабалася меркаванне, што паэзія — гэта не літаратура, а выказванне эмоцыі, у прыватнасці, калі я кажу пра суседства паэзіі з фатаграфіяй. Літаратурны жанр патрабуе найглыбейшай распрацоўкі тэмы, гісторыі, фактажу, а тут дзве страфы — і ніякага багажу фактаў. Галоўнае, што чапляе, — эмоцыі. Фатаграфія і вершы мне дапамагаюць гэта паказаць.

Фатаграфія Яўгена Пясецкага на вокладцы альбома "Времени черты".

— Фотамастацтва — баланс дакументальнасці і мастацкасці. Ці лёгка тут парушыць межы?

— У дадзеным выпадку гаворка ідзе аб прыкладной частцы — рабоце ў прэсе. Тут дакументальнасць, відаць, асноўнае. Ды дадаецца яшчэ адзін аспект — публіцыстычнасць. Мала прысутнасці дакументальнага — патрэбна мастацкасць, каб на яе рэзаніраваў глядач. І абавязкова ў рамках патрабаванняў публіцыстыкі.

— Што гэта значыць?

— Фотапубліцыстыка — той складнік фотамастацтва, які ператварае фатаграфію ў інструмент дыялогу. Менавіта дыялогу, а не маналогу. Чытач павінен адгукацца на фотаработу, фотарэпартаж, фотанарыс, фотападборку... За кожным фактам я бачу падтэкст, а паколькі захапляюся паэзіяй, стараюся заўважыць у фактах метафары, параўнанні, сугуччы, проціпастаўленні. Тое самае і ў здымках. Фотаздымкі паміж сабой — як словы ў вершы. Яны могуць рыфмавацца, супрацьстаяць, быць у алітэрацыі, паўтараць складовыя часткі. Могуць з’яўляцца і колеравыя сугуччы. У чым поспех фотарэпартажа, фотанарыса? Мала перадаць сутнасць падзеі, — некалькімі фатаграфіямі, якія паміж сабой звязаны, як кінематаграфічная стужка, неабходна да таго ж паказаць драматургію. Як і ў літаратуры і паэзіі. Проста інструмент іншы. Тое самае робяць і мастакі. Дастаткова зірнуць на трыпціх, напрыклад, Міхаіла Савіцкага. Мала таго, што ён аб’яднаны колерам, тэмай, ён мае яшчэ агульную кампазіцыю, адна лінія праходзіць праз усе палотны.

Метафарычнасць, якая выкарыстоўваецца ў літаратурным творы, павінна прысутнічаць і на фотаздымку. Інакш звычайная будзе выява, зафіксаваная камерай назірання на дзвярах крамы. Альбом «Времени черты», на вокладцы якога — мая работа, сабраў фатаграфіі міжнароднага конкурсу газеты «Правда». Тут мой здымак «Наваполацк. Вялікая хімія. Графіка будоўлі», які атрымаў Гран-пры. Мне было 27 гадоў. Я доўгі час ездзіў з камандзіроўкамі ад газеты «Правда» па ўсім СССР. «Правда» выдавалася тыражом пяць мільёнаў экзэмпляраў. Калі бачыш там сваю інфармацыю, адчуваеш наймацнейшы адрэналін. Тваю публікацыю чытаюць мільёны. Гэта давала такі матывацыйны эфект, што я і мае калегі працавалі напоўніцу, з мокрымі спінамі.

Фотаработа Пясецкага.

— Скажыце, злавіць выйгрышнае фота — гэта ўдача або прафесіяналізм?

— Удача часам напаткоўвае, канешне. Дзеля гэтага імкнуся быць заўсёды напагатове. Усе мы часам бачым удалыя моманты, але крыўдна, калі аказваемся не напагатове.

Аўтар Яўген Пясецкі.

— Паэту прасцей: запомніў і адлюстраваў у вобразах.

— І не проста ў вобразах — у эмоцыях. Адна справа — убачыць, а іншая — імгненна ўзважыць: а як гэта будзе выглядаць на здымку? Можа, неэстэтычна? Неабходна захаваць грань паміж дазволеным: ці можна чалавека сфатаграфаваць у гэтым выглядзе? Адна справа — ён скажа: не, я не хачу фатаграфавацца ў гэтым капелюшы, іншая справа — што скажуць людзі. І вельмі балюча будзе, калі людзі скажуць дрэнна. Самацэнзура — рэч вельмі стрымлівальная. Прымаеш рашэнне, зыходзячы з правіл маралі.

— Ці здараліся ў жыцці няўдачы, чаму?

— Бывала. У няўдачах вінаваты сам: паспяшыў, памыліўся, недаслухаў, недастаткова зразумеў. Рады, што меў магчымасць займацца любімай работай. Ніякай хітрасці — проста рабі сумленна: да канца зразумець, выслухаць, зафіксаваць. Правільна, у рэшце рэшт, вызначыць вытрымку, дыяфрагму. Шчыра кажучы, дагэтуль мне не хапае дасканалага ўмення. Усё роўна дзесьці прарываецца памылка. Хаця я з 17 гадоў працую ў газеце. У прэсе ўжо амаль 60 гадоў. Можа, калі б займаўся адной работай, напрыклад, выточваў болцік... За 60 гадоў работы слесар навучыўся б рабіць болцік з завязанымі вачыма, адной левай рукой, седзячы. Але і я, і слесар марым рабіць не просты болцік, але і штосьці больш маштабнае і шматграннае — мноства разнастайных дэталяў, здымкаў. І раз за разам нагадваеш сабе: выконвай унутранае правіла майстэрства: рабі так, як цябе навучыла жыццё.

Яўген Пясецкі.

Гутарыла Наталля СВЯТЛОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.