Вы тут

Анатоль Зэкаў: «Радзіма не можа быць малой — яна заўсёды вялікая»


Адкрыты, добразычлівы, усмешлівы, з пачуццём гумару, заўсёды на аптымістычнай ноце — такі Анатоль Зэкаў, паэт, празаік, дзіцячы пісьменнік, сатырык-гумарыст, аўтар шматлікіх разнажанравых твораў, кніг і зборнікаў. Размову з ім хочацца доўжыць, бо ад слоў яго быццам саграваешся, а ўнутраная пяшчота бадзёрыць, зараджае. Так і чытачам хораша разам з чуллівым пісьменнікам, які дорыць святло мудрасці і натхненне. А як ён сталеў і выспяваў? Ад каго ў спадчыну атрымаў талент? Сам лічыць, што лірыка ў яго ад маці, а гумар — ад бацькі. А добразычлівасць — ад Бога? Даведаецеся з нашай гутаркі.


Мудрасць — з вёскі

— Анатоль Мікалаевіч, што значыць для пісьменніка радзіма?

— Можна пісаць вершы філасофскія, пра каханне, прыроду, але гэта зробіць любы. А тое, што я напішу пра сваю вёску, пра свой раён, — зраблю толькі я ці той, хто тут нарадзіўся. Лічу, што гэта мой абавязак — пакінуць землякоў у гісторыі з дапамогай вершаў, слова. Вясковыя бытавыя карцінкі — таксама спосаб. У нас сельсавет вялікі. Мая родная вёска Патапаўка велізарная: адна вуліца цэнтральная — 7 км, цягнік два разы спыняецца. Унук некалі запытаў: «Дзед, а ў Буда-Кашалёве цягнік колькі разоў спыняецца?» —"Адзін«. — «А ў нашай Патапаўцы два разы. Дык чаму райцэнтр у Буда-Кашалёве?» Многія пераязджаюць сюды, бо тут чыгунка. Раней у нас на вуліцы было два статкі, а цяпер на ўсю вёску каровы чатыры. Новая рэальнасць...

У мяне шмат вершаў і пра вёску, і пра землякоў з іх мянушкамі — хачу, каб засталіся ў памяці. Сусед меў мянушку Буслік. Калісьці я напісаў пра яго апавяданне «Самагонная арыфметыка». Але імя, канешне, суседу даў другое. А ён потым, калі заходзіў, казаў: «Бяры тятрадь, я табе столькі гісторый нарасказваю». — «Расказвайце, я запомню». — «Я табе ўжо той раз расказваў, дзе? Не запомніў? Дык запісвай, я буду дыктаваць». Потым сын яго пазней спытаў мяне, ці буду я перавыдаваць апавяданне, і папрасіў: «Пастаў бацькава імя сапраўднае: хай унукі ды праўнукі ведаюць, што гэта іх дзед, прадзед».

Я не ўспрымаю словазлучэнне «малая радзіма». Радзіма не можа быць малой — яна заўсёды вялікая: і той куточак, дзе нарадзіўся, і тая краіна, дзе жывеш. Часам больш вялікая тая, адкуль ты выйшаў: дзе твае сябры, родзічы, дзе твой лес, рэчка, сцежкі-дарогі, па якіх бегаў у маленстве. Вялікія снягі былі ў нашу бытнасць — раніцай з хаты не выйсці. Цяпер разумееце, чаму ўваходныя дзверы адчыняліся ўнутр? Бо туды — ніяк: снегу столькі! Сялянская мудрасць. І яна — з радзімы. 

Кампазітар Леанід Шурман напісаў музыку на мой верш «Я еду дахаты», і атрымалася шчымлівая песня:

...Я еду дахаты з гаркотай віны,

Што мама і тата вякуюць адны.

Каб маму і тату абняць мне паспець,

Я еду дахаты — а варта ляцець.

На канцэртах жанчыны, слухаючы гэтую песню, плачуць.

Майстар загалоўкаў

— Не так даўно пабачыла свет ваша новае выданне «Калаўрот хлапечых прыгод». 

— А цяпер, дарэчы, у «Выдавецкім доме «Звязда» рыхтуецца кніга, дзе пад адной вокладкай сабрана, бадай, уся мая проза: апавяданні, кароткія былі і абразкі, якія на працягу дзесяці гадоў друкаваліся ў «ЛіМе» пад агульнай шыльдай «ЗЭКавычкі», публіцыстыка. Карацей, вінегрэт. У мяне ўжо выходзіў падобнага кшталту зборнік «мастацкай літаратуры», які так і называўся — «Вінегрэт пад фуршэт»: вясёлыя апавяданні, іранічныя вершы, байкі, сатырычныя мініяцюры, гумарэскі, эпіграмы, пародыі.

— Рыфма ў назвах кніг, як бачым, — ваша нязменная спадарожніца... Згадайма кнігі для дзяцей: «Зязюля Гулюля», «Мянтуз сярод мядуз», «Вожык вёз сараканожак», «Жмуркі з коткай Муркай», «Праўда і лухта пра вусатага ката», «Ці бывае, што карова лятае?»

— Я насамрэч люблю назвы рыфмаваныя — так, на маю думку, яны лепш запамінаюцца. У мяне з загалоўкамі ўвогуле звязана цікавая гісторыя. Калі я вучыўся ў Маскве ў Вышэйшай камсамольскай школе пры ЦК УЛКСМ і праходзіў стажыроўку ў «Комсомольской правде», то, напісаўшы свой першы матэрыял у газету, прынёс яго загадчыку аддзела. Ён выкрасліў загаловак адразу. Прачытаўшы матэрыял, кажа: «Добра, але падумай над загалоўкам». Я пайшоў, прыношу. А ён: «Што, адзін? Ідзі думай 20, 30, 40 варыянтаў!.. Нешта з усяго выберам!» А потым даваў артыкулы іншых аўтараў і прасіў, як заўсёды, падумаць над загалоўкамі. Я іх рабіў, ён прымаў. Аднойчы сустракае мяне на калідоры: «Чаму ты ганарар не атрымліваеш?» — «У мяне ж у гэтым месяцы не было нічога». — «А загалоўкі?» І я аслупянеў: за загалоўкі плацілі так, як і за публікацыі! Здзівілі не грошы, а тое, што працу ацанілі. Яшчэ студэнтам я пачаў працаваць у гомельскай раённай газеце «Маяк». Мой старэйшы сябар філолаг Саша Дуброўскі працаваў тут. Я прыязджаў да яго. Побач — саўгас «Брылёва», яблыневы сад. Мне давалі заданне: «Схадзі ў саўгас адзін, другі, напішы нам». Потым галоўны рэдактар запрасіў у штат. Паколькі пісаў я аб прафсаюзах, камсамоле, мяне ў арганізацыі прыкмецілі. Прапанавалі загадчыкам аргаддзела. Я не пагаджаўся. Але галоўны рэдактар раіў. Так я аказаўся ў камсамоле на тры гады. А потым паехаў у Маскву вучыцца, дзе была спецгрупа «Журналісты». Нас назбіралася 17 чалавек з усяго Саюза. Я прадстаўляў Беларусь. Былі таджыкі, туркмены, грузіны і іншыя — прадстаўнікі з кожнай рэспублікі. Нас вадзілі ў газету «Правда». Спецкурс «Актуальныя праблемы маладзёжнага радыё і тэлебачання» выкладаў вядомы журналіст-тэлевізіёншчык Эдуард Сагалаеў, запрашаў у «Останкино» і паказваў, як здымаюцца перадачы. На размеркаванні ў ЦК УЛКСМ мне прапанавалі паехаць галоўным рэдактарам абласной маладзёжнай газеты «Хабаровский комсомолец». Ледзь адкруціўся, і то дзякуючы таму, што быў жанаты і меў сына. Перад гэтым я пагадзіўся ехаць інструктарам Гомельскага абкама камсамола. Да Масквы мяне выклікалі да загадчыка аддзела прапаганды ЦК камсамола Беларусі Анатоля Бутэвіча, які прапаноўваў працаваць у сваім аддзеле. Мікола Літвінаў, мой зямляк з Буда-Кашалёва, стаў загадчыкам сектара друку абкама партыі. Думаў з ім дамовіцца.

На размеркаванні дэканша зачытвала накіраванні, а другі сакратар ЦК УЛКСМ Мішын быў старшынёй камісіі. Мішын і аб’яўляе: «Я ўчора размаўляў з Шаплыкам — першым сакратаром ЦК УЛКСМ, і ёсць меркаванне адправіць Анатоля Зэкава ў распараджэнне ЦК камсамола. Ужо не інструктарам, а вышэй». Напаследак запытаў: «Ёсць пытанні?» Там пытанняў не задаюць — толькі адказваюць. І калі я сказаў «ёсць», дэканша ледзь не ўпала. А я спытаў: «Ёсць магчымасць трапіць у газету?» Мне адказалі: «На месцы дамовіцеся».

Журналістка Ядвіга Юферава, уласны карэспандэнт «Комсомольской правды», працавала ў сектары друку ЦК камсамола Беларусі. Прыходжу, а першы сакратар Шаплыка кажа: «Ядзяй мы былі задаволены — і ў вас усё атрымаецца». — «Дык я не ў газету іду?» — «Не, вы на месца Ядвігі, галоўны над прэсай». — «Дык я ў газету хацеў!».

Так я тут асталяваўся. Але летам хадзіў у тэнісцы, зімой — у світары, а трэба ж было ў пінжаку, зашпіленым на ўсе гузікі ды яшчэ пад гальштукам. Вось майму загадчыку Івану Сцяпуру і казалі: «Што ён тут як басяк ходзіць?» А я пінжакоў увогуле не люблю. «Скажы свайму пісьменніку, каб прыстойна апранаўся». А потым махнулі рукой: пісьмен-
нікі — яны такія, формы не любяць!

Гумар — ад бацькі

— Анатоль, ваш бясспрэчны канёк — пародыі. Як усё пачыналася? 

— Многа пародый у мяне стала выходзіць у «ЛіМе», калі я быў яшчэ студэнтам. Апошняя старонка ў кожным нумары штотыднёвіка была сатырычная. Рыхтаваў яе загадчык аддзела паэзіі Юрась Свірка. Памятаю, прыношу аднаго разу некалькі напісаных ад рукі пародый у рэдакцыю. Юрась Мікалаевіч бярэ і дзеліць іх на два стосы: адзін забірае, другі вяртае. Я пытаюся: «Што, слабыя?» — «Не, проста гэтых паэтаў мала хто ведае, пачаткоўцы пакуль. Аднясеш у „Чырвоную змену“». 

Мне, хто ведае, кажуць, што лірыка ў мяне ад маці, а гумар — ад бацькі. Такія ж у мяне і сын, і ўнук: адказваюць небанальна, умеюць пажартаваць, а то і схітрыць. 

Я год жыў пад іншым прозвішчам, бо бацька з маці былі нераспісаныя. Маці мая сірата. Яе забралі бяздзетныя муж і жонка з іншай вёскі. Мой бацька служыў у арміі на Чукотцы, Камчатцы, Сахаліне, Курыльскіх астравах. Пачатак 50-х гадоў. З маці перапісваліся. У яго чамусьці з галоснымі праблема была: ён пісаў імя маці «Нтшк» замест Наташка. Ужо ў старасці яны смяяліся: «Ты ж, аболтус, пісьмы мне пісаў, а галосных у імені маім не было», — скардзілася маці. «Старая, ты ведаеш, дзе я служыў, на якіх сакрэтных аб’ектах? Шыфраваў!» 

А забраў маці ён вось як: у бабы з дзедам гэтая дзяўчына выхоўвалася, у арміі перапісваліся, прыйшоў — жаніцца вырашыў. А быў хуліганісты, усю вёску ў кулаку трымаў. Жыў з маткай і вось пайшоў забіраць жонку да сябе. Дзед з бабай сталі на дзверы: «Не аддадзім!» Мала таго, што хуліган, дык яшчэ каб свая дачка была, родная, а гэтая ж сіраціна — што ў вёсцы падумаюць: ім абы выпхнуць, бо не свая ж. Бацька зыркнуў на іх, скруціў у посцілку пасаг, адчыніў акно, выкінуў туды вузел і сказаў: «Ну і стойце! Пайшлі!» І праз акно павёў дамоў нявесту. Дык на старасці, калі сядзелі, успаміналі, маці казала: «Ты ж мяне праз акно замуж забраў!» А ён адказваў: «Калі б не хацела — не пайшла б. А так нясу пасаг, гляну — ідзе ззаду. А магла б не пайсці. Ну, прынёс бы ўсё назад». Пасля жаніцьбы яго хуліганства прайшло, потым я нарадзіўся, праз год — сястра. А бацька да дзевяноста гадоў, ужо на пенсіі, не вылазіў са сваёй майстэрні. І для сябе рабіў, і заказы вяскоўцаў выконваў.Добрую памяць пра сябе пакінуў.

— Ад пісьменніка ж застануцца творы, дзе мудрасць яго землякоў, краса яго краю, замілаванне жыццём на радзіме. Дзякуй, Анатоль Мікалаевіч, за размову! 

Гутарыла Наталля СВЯТЛОВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.