Вы тут

Як расказаць «пра гэта» правільна?


Сучасныя адукаваныя бацькі і сёння часам адчуваюць няёмкасць, абмяркоўваючы з сынамі і дочкамі інтымны бок жыцця. Як рабіць гэта правільна? На што звяртаць увагу, каб фарміраваць у сваіх нашчадкаў здаровую сексуальнасць? Чаму важна распрацаваць сістэму палавога выхавання ад дзіцячых садкоў да ВНУ? Гутарым пра гэта з псіхолагам Таццянай Шарандой.


— Сёння дастаткова распаўсюджана меркаванне: аб сексе так шмат кажуць, што знікла жаданне ім займацца. Вы з гэтым згодны? Могуць лішак і даступнасць інфармацыі зніжаць цікавасць да процілеглага полу?

— Забаронены плод заўсёды салодкі. У савецкі час шматлікія табу актывізавалі і фантазію, і лібіда. Сёння інфармацыі дастаткова, а сексуальная цікавасць, сапраўды, знізілася. Асабліва з боку мужчын. Многія жанчыны на кансультацыях прызнаюцца ў сексуальнай незадаволенасці. І не ў апошнюю чаргу я тлумачу гэта тым, што культура ўзаемаадносін паміж паламі ў нас па-ранейшаму нізкая. Адсутнасць выхавання ў сем'ях і ўстановах адукацыі прыводзіць да таго, што звесткі аб ГЭТЫМ дзеці атрымліваюць з інтэрнэту або ад аднагодкаў. Што ў выніку? Не фарміруецца павагі мужчын да жанчын і наадварот. Знікае таямніца, якая прыцягвае «інь» і «ян». Калі жанчыны становяцца даступнымі, то ўспрымаюцца як «адкрытая сумная кніга», цяга да іх зніжаецца.

— То-бок інфармаванне — гэта яшчэ не выхаванне...

— Зразумела. Вопыт многіх краін пераконвае: чым больш узважана, разумна падыходзяць да пытанняў сексуальнага выхавання, чым раней пачынаюць пасвячаць дзяцей ва ўзаемаадносіны палоў, тым менш узнікае праблем з захворваннямі, якія перадаюцца палавым шляхам, раннімі цяжарнасцямі, абортамі і г. д. Хто папярэджаны — той узброены. Пурытанства ў эпоху інтэрнэту ўжо не мае сэнсу. Секс не можа і не павінен успрымацца як «бруд», нешта ганебнае і непрыстойнае. Але трэба ўсталяваць у грамадстве своеасаблівае «сіта», якое будзе адсейваць зярняты ад пустазелля. Выхаванне, культура — і ёсць найлепшае «сіта». На жаль, да гэтага часу многім дарослым цяжка перамагчы стэрэатыпы, якія ў іх склаліся. Пытанні дзяцей яны часта пакідаюць без увагі, адмоўчваюцца. А потым абураюцца: адкуль такая распуста? А вось адтуль — нашчадкі знайшлі адказы на свае пытанні па-за сям'ёй і па-за школай.

— Калі і з чаго трэба пачынаць сексуальнае выхаванне?

— Першы перыяд павышанай цікаўнасці дзіцяці — «Як я з'явіўся на свет?», «Чаму хлопчыкі адрозніваюцца ад дзяўчынак?» — прыпадае на ўзрост 3-5 гадоў. Трэба задавальняць цікавасць дзяцей з улікам іх развіцця і разумення. Распавядаючы пра бусла, які іх прынёс, ці пра тое, што іх знайшлі ў капусце, можна падарваць давер да сябе. Сыны і дочкі, напэўна, пачуюць па-за сценамі дома іншыя, значна бліжэйшыя да праўды жыцця адказы. Мяркую, можна растлумачыць так: «Ты нарадзіўся таму, што мы, твае мама і тата, кахаем адно аднаго і вельмі жадалі, каб у нас з'явіўся такі слаўны чалавечак, як ты, наш працяг». Сёння дастаткова літаратуры аб тым, як адукоўваць малых у гэтых далікатных пытаннях. У маіх знаёмых, медыкаў па прафесіі, палавое выхаванне сына і дачкі адбылося вельмі натуральна і арганічна дзякуючы даступнасці ў хаце медыцынскай літаратуры. Дзеці гарталі «Атлас чалавека», разглядалі, як мы ўладкаваны, задавалі пытанні і атрымлівалі ад бацькоў даступныя адказы.

— З сынам пра гэта павінен гутарыць тата, а з дачкою — мама?

— На мой погляд, так. Калі бацькі ў сям'і няма, можна папрасіць сваяка-мужчыну ці педагога, ці трэнера пагаварыць з хлопчыкам.

— «Акультурыць» кожнага з бацькоў складана. Можа, варта было б усё ж спецыялістам распрацаваць стройную сістэму сексуальнага выхавання і паслядоўна ўкараняць веды, пачынаючы з дзіцячых садоў і да ВНУ?

— Згодная. У некаторых краінах сексуальнай асветай займаюцца сямейныя ўрачы. Але ў нас, мяркую, такімі пытаннямі мусіць заняцца сістэма адукацыі. Калі будуць падрыхтаваны дасведчаныя спецыялісты, гэта — найкарацейшы шлях да вырашэння многіх праблем. На мой погляд, недастаткова не толькі тлумачыць юнакам і дзяўчатам, у якім узросце пераважней пачынаць інтымнае жыццё, як засцерагацца ад непажаданай цяжарнасці. Выключна важна, паўтару, — выхоўваць павагу паміж поламі, знаёміць не толькі з анатамічнымі, але і з псіхалагічнымі адрозненнямі мужчын і жанчын. Часам я гляджу на маладых дзяўчат у шортах-трусах і ў майках «у абліпку», з залішне глыбокім дэкальтэ і думаю: яны, мусіць, не разумеюць, што самі правакуюць некаторых мужчын на непрыстойныя прапановы і дзеянні.

— Дзеці звяртаюць увагу не толькі на тое, што гавораць бацькі, але перш за ўсё на тое, як яны паводзяць сябе.

— «Рабі, як я» — залатое правіла выхавання. На прыкладзе бацькоў хлопчыкі і дзяўчынкі бачаць мадэль адносін паміж поламі. І калі бацька клапоціцца пра маму, дапамагае ёй, не дазваляе займацца цяжкай працай, праяўляе цеплыню і пяшчоту, можна не сумнявацца, што дзеці засвояць гэтыя ўрокі: ім не прыйдзецца доўга тлумачыць, што значыць быць мужчынам, якой павінна быць жанчына. А калі дачка бачыць, як мама ўвесь час мяняе «спадарожнікаў жыцця», то, чаму б яе ні вучылі, вялікая верагоднасць, што дзяўчынка стане такой жа «вольнай» у адносінах з мужчынамі.

— Пра што важна памятаць мамам і татам, каб фарміраваць у сыноў і дачок здаровую сексуальнасць? Якія памылкі дарослыя часта дапускаюць?

— На жаль, я назіраю дастаткова шмат неадукаванасці ў паводзінах дарослых. У мяне выклікала здзіўленне і абурэнне прызнанне адной з кліентак: 8-гадовага сына яна нярэдка садзіць на калені, цалуе яго ў вусны, а ён кладзе галаву ёй на грудзі. Некаторыя маці могуць зайсці да сына пераходнага ўзросту ў ванны пакой, калі той мыецца. Ведаю прыклады, калі 10-гадовыя хлопчыкі спяць у адной пасцелі з мамай ці калі тата купае дачку такога ж узросту. У многіх сем'ях лічаць нармальным у прысутнасці дзяцей пераапранацца, хадзіць у ніжняй бялізне. Некаторыя бацькі не бачаць у гэтым ніякай праблемы. А праблема ёсць! Гэта так званы псіхалагічны інцэст: ён можа прывесці з цягам часу да рознага роду сексуальных адхіленняў і парушэнняў.

— З якога ўзросту трэба спыняць абдыманкі-цалаванкі з дзецьмі?

— Тут нельга ўсталёўваць жорсткія межы. Дзеці розныя, яны адрозніваюцца асаблівасцямі саспявання і развіцця. Бацькі павінны адчуваць такія рэчы ў адносінах са сваімі дочкамі і сынамі.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.