Карпаратывы стартуюць у апошняй дэкадзе снежня, ды і да навагодняй ночы засталося ўжо не так шмат: самы час задумацца аб святочным вобразе. Гэта важна, нават калі карпаратыў вы вырашылі ігнараваць, а свята плануеце правесці дома, у коле сям'і. Нават у гэтым выпадку ў навагоднюю ноч варта хоць трохі прыбрацца, бо як сустрэнеш... І гэта становіцца архіважным, калі на галоўную ноч года або напярэдадні яе запланаваны «выхад у свет». Дык у чым жа рэкамендуюць сустракаць 2023 год стылісты і астролагі?
Час, калі стразы, паеткі і бісер былі прыкметай дрэннага густу, сышлі ў мінулае. Сёння ўсё бліскучае у трэндзе, і тым больш — у навагоднюю ноч.
Сукенкі і спадніцы з тканіны колеру металік — кароткія і доўгія — актуальныя як ніколі (натхняемся вобразамі Пэрыс Хілтан з далёкіх 2000-х). Калі вы аддаяце перавагу штанам, варта таксама спыніцца на бліскучых мадэлях. А каб не сапернічаць у бляску з навагодняй ёлкай, камбінаваць такі ніз трэба з больш сціплым топам.
Анёльскія пёркі
Тое, у чым мода гэтага зімняга сезона прынцыпова новая і свежая, — вядома, аздабленне і аксесуары з пер'ем. Пёры могуць як шчодра ўпрыгожваць каўнер або дэкальтэ, абшэўкі і падол, так і проста стаць невялікім модным акцэнтам — пазначыць, што вы ў курсе тэндэнцый. Трэнд фактурны і яркі і па гэтай прычыне, напэўна, хуткаплынны. Таму лепш выбіраць мадэлі з пёркамі, якія адшпільваюцца — такіх дастаткова шмат. Так рэч пражыве даўжэй. Актуальныя таксама сукенкі, блузкі, кардыганы з мехам — на каўнярах, абшэўках, падолах.
Яшчэ на пачатку мінулага года мадэльеры і стылісты ў адзін голас пачалі разважаць пра тое, што аверсайз сыходзіць. А ён усё не сыходзіў, бо надта ўтульна і камфортна мы ўсе адчувалі сябе ў «вялікіх» рэчах, што надзейна хаваюць недасканаласці. І вось — здзейснілася. У святочных калекцыях вядучых мадэльераў — у асноўным сілуэты па фігуры. Мінімалістычныя, абліпальныя, на стройных дзяўчатах яны выглядаюць вельмі шляхетна. Дадаваць у вобраз рэкамендуецца бліскучыя аксесуары.
Лагічны працяг моднай ідэі па фігуры — гарсэты і гарсэтныя топы, якія носяць у вячэрнім вобразе як пад пінжак, так і па-над блузкай/кашуляй. Гарсэты стылісты называюць адным з галоўных трэндаў надыходзячага года. А надзетая па-над блузкай, гэтая дэталь губляе сваю правакацыйнасць і выглядае проста стыльным аксесуарам.
Празрыстыя тканіны — яшчэ адзін трэнд вячэрняй моды. Гэта могуць быць як празрыстыя ўстаўкі ў сукенкі з тканіны непразрыстай, так і ўласна «голая сукенка» — у гэтым выпадку важна прадумаць, што вы надзенеце пад яе. Тое ж і з трэндам на карункі. Гэтая тэндэнцыя процілеглая цяпер актуальнаму мінімалізму: сціплымі карункавыя сукенкі не назавеш. Тэндэнцыя досыць складаная, патрабуе добрага густу, пачуцця меры і ўмення аб'ектыўна ацэньваць плюсы і мінусы сваёй знешнасці. Каб не памыліцца, спыніцца стылісты раяць на буйных чорных карунках — практычна бяспройгрышны варыянт. Па-ранейшаму на піку моды выразы — на грудзях, падоле, па баках, на рукавах. Трэнд прыжыўся і паспеў стаць амаль класікай, так што смела выбірайце сукенку з разрэзамі, каб выглядаць стыльна і вытанчана.
Найбольш актуальная даўжыня спадніцы — міні (прычым міні стылісты рэкамендуюць нават для фігуры «плюс сайз» — важна проста выбраць правільны фасон). У трэндзе як абліпальныя мадэлі, так і плісіраваныя (яшчэ адна модная тэндэнцыя гэтай зімы — плісіроўка). Камбінуюць міні зараз з аб'ёмным «верхам»: у вячэрнім вобразе гэта могуць быць блузкі або кашулі з «плечыкамі» альбо кароткі пінжак.
Пад Новы год нават стапрацэнтныя прагматыкі, не схільныя да філасофіі, не-не ды і падумаюць аб тым, «як хутка цячэ час». З аднаго боку, свята прымушае задумацца пра «плыні жыцця», з другога — стыхія надыходзячага года па ўсходнім гараскопе — якраз вада. Таму ў навагодніх калекцыях-2023 шмат шоўку, атласу і іншых бруістых тканін. Хоць, вядома, на самай справе ўсё прасцей: тканіны, якія струменяцца, проста прыгожа, і ніякай іншай філасофіі тут шукаць не трэба. Выбіраем свабодныя сілуэты штаноў і спадніц, якія дазваляюць падкрэсліць бруенне тканіны і яе лёгкі бляск. Дарэчы, такія тканіны ідэальныя для карэкціроўкі фігуры: яны схаваюць тое, што павінна быць ўтоена, і падкрэсляць тое, чым па праве можна ганарыцца.
У чым сустракаць Новы год, як заўсёды, ніякая не таямніца для астролагаў. Рэкамендацыі ўжо ёсць, і, па традыцыі, яны ў першую чаргу датычацца колераў, у якіх варта выбраць навагодні ўбор, каб прыцягнуць поспех і заслужыць добразычлівасць Труса. Трусік (у Японіі і Карэі), ён жа Кот (у Кітаі і В'етнаме) — адзін з самых лагодных і лаяльных «звяроў» 12-гадовага цыкла ўсходняга гараскопа. Пакрыўдзіць яго няпроста. Дастаткова пазбягаць у навагоднім вобразе цытрынавай, карычневай і вохравай гамы, якую заступнік надыходзячага года недалюблівае, а самае галоўнае — не выкарыстоўваць дэталі ўбору і аксесуары з натуральнага футра (у першую чаргу трусінага), а таксама леапардавыя прынты. У астатні — прыбірайцеся як заўгодна. Паколькі Трус ідзе Чорны, вітаецца маленькая чорная сукенка або чорны касцюм з струменістых тканін (даніна павагі стыхіі надыходзячага года — Вадзе). Каб змякчыць строгасць чорнага і дадаць вобразу гуллівасці, выкарыстоўваем аксесуары — вытанчаны і артыстычны Трусік іх любіць. Або камбінуем з чорным іншыя колеры. Па душы заступніку 2023 года, калі верыць астролагам, пяшчотны ружовы (як носік і ўнутраны бок вушак труса), халодны блакітны (абодва тоны выдатна спалучаюцца з чорным), спакойная і загадкавая сіняя гама, якая зноў жа нагадвае аб стыхіі надыходзячага года. А таксама гарачыя чырвоныя колеры. Чырвоны сімвалізуе каханне, а дліннавухія, вядома, у гэтым чэмпіёны.
Калі на тое, каб набыць новы ўбор для навагодніх урачыстасцяў у вас банальна няма грошай, выхад прапануюць модныя блогеры. Спатрэбіцца сукенка (выхадная або кактэйльная) класічнага сілуэта, без лішняга дэкору (напрыклад, тая самая «маленькая чорная»). Ну, або класічны касцюм: можна са спадніцай або з штанамі. Ператварыць строгі сумнаваты вобраз ва ўльтрамодны дапамогуць крэатыў, спрытнасць і прызабытае ўменне модніц часоў савецкага татальнага дэфіцыту ствараць прыгажосць літаральна з нічога.
Дарэчы, лайфхак працуе, нават калі ў вашым асабістым спісе прэтэнзій да Тыгра, заступніка вельмі няпростага адыходзячага года, няма радка, які датычыцца фінансавага стану. Імкненне ўдыхнуць другое жыццё ў, здавалася б, надакучлівыя рэчы ў наш час само па сабе — модны трэнд. Так што нажніцы, іголку і ніткі ў рукі — і за працу! У гэтым годзе варыянтаў зрабіць рэч супермоднай некалькі.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Сімпозіум літаратараў, які традыцыйна ладзіцца ў рамках Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу і збірае пісьменнікаў, кнігавыдаўцоў, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі з розных краін, сёлета меў незвычайную назву «Пісьменнік і час. Някніжны свет».
Відэакадры масавага забойства пацыентаў у магілёўскай псіхіятрычнай бальніцы фігуравалі ў абвінавачванні супраць фашыстаў на Нюрнбергскім працэсе.
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.