Вы тут

«Дапамажыце, дом разбураецца!»: пра набалелае па тэлефоне і асабіста


Пытанні, што хвалююць жыхароў Гомельшчыны, разглядаў старшыня аблвыканкама Іван Крупко. Кіраўнік рэгіёна правёў «прамую лінію» і прыём грамадзян у Лоеве. 


Адно з актуальных пытанняў, адрасаваных падчас прыёму губернатару, тычылася працэдуры размеркавання арэнднага жылля. Неправамерная сітуацыя, калі заявы на некалькі кватэр прымаліся ад аднаго заяўніка, была заўважана ў Брагінскім раёне. Іван Крупко адразу на прыёме даручыў адказным службам дасканала прааналізаваць гэтае пытанне не толькі ў гэтым раёне, але і ў рэгіёне ў цэлым. 

— Трэба вызначыць рэгламент і правесці навучанне, на якім будуць агучаны ўсе нюансы, — падкрэсліў кіраўнік рэгіёну. — Па дому, дзе пацвердзіліся факты, ануляваць рашэнне і правесці працэдуру з захаваннем усіх норм.

Набалелая жыллёвая праблема вымусіла шукаць дапамогі ў кіраўніка рэгіёну і жыхарку пасёлка Суткова Лоеўскага раёна. Як распавяла жанчына, двухкватэрны драўляны дом, у якім яна жыве, — «на балансе» бальніцы. 

— Мая кватэра прыватызаваная, другая палова — безгаспадарная. Дом стары, суседняя частка вельмі старая, разбураецца, таму і мая таксама разбураецца. Звярталася з просьбай прадаць мне другую палову, але пытанне не вырашылася, — зазначыла заяўніца.

Агучаную жанчынай сітуацыю кіраўнік рэгіёну ўзяў на асабісты кантроль.

— Вывучым сітуацыю, паглядзім, што можна зрабіць у рамках закона, — запэўніў Іван Крупко.

Адразу некалькі зваротаў, адрасаваных губернатару жыхарамі Лоева, тычыліся вядзення камунальнай гаспадаркі. Так, на якасць правядзення капітальнага рамонту ў доме скардзіўся ветэран працы.

— Дах раскрылі месяц таму, усё цячэ. Сцены мокрыя, столі мокрыя, — з просьбай разабрацца ў сітуацыі звярнуўся да Івана Крупко заяўнік.

«У падвал зайсці немагчыма. Пах даходзіць да верхняга паверха», — так апісаў сітуацыю, з якой сутыкнуліся жыхары іншага дома ў Лоеве, яшчэ адзін заяўнік.

— З моманту засялення ў дом — з 2019 года — у падвале забіваецца каналізацыя. Пісалі ў розныя інстанцыі, аднак нічога не мяняецца, — запэўніў мужчына.

Прагучалі падчас прыёму таксама пытанні добраўпарадкавання тратуарнай дарожкі па вуліцы Садовай у Лоеве і асвятлення ўчастка дарогі, якая вядзе да дзіцячага садка. 

Па ўсіх адрасах для дэталёвага вывучэння праблем, з якімі сутыкнуліся грамадзяне, выедуць адказныя службы, запэўніў кіраўнік рэгіёну. 

Па адным са зваротаў ад лаеўчан — правядзенні каналізацыі ў раёне жыллёвай забудовы — старшыня аблвыканкама даручыў раённым уладам правесці сустрэчу з людзьмі, каб прыняць аптымальнае для ўсіх бакоў рашэнне.

Як нагадаў Іван Крупко, практыка вырашэння падобных сітуацый ужо выпрацавана ў райцэнтрах Гомельшчыны: 

— Калі большасць людзей выкажа згоду, трэба стварыць кааператыў. Праектна-каштарысная дакументацыя вызначыць магчымасці добраўпарадкавання сістэмы, яе кошт, і жыхарам будзе зроблена растэрміноўка, — абазначыў шляхі прапрацоўкі гэтага пытання кіраўнік рэгіёну.

Па кожным звароце, прынятым падчас «прамой лініі» і прыёму грамадзян, Іван Крупко даў канкрэтныя даручэнні адказным службам.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Абеліскі параненай зямлі». Без шанцу на глыток паветра

«Абеліскі параненай зямлі». Без шанцу на глыток паветра

Відэакадры масавага забойства пацыентаў у магілёўскай псіхіятрычнай бальніцы фігуравалі ў абвінавачванні супраць фашыстаў на Нюрнбергскім працэсе.

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.