Вы тут

Знакамітыя артысты пра сваіх улюбёных хатніх жывёл


У сем'ях многіх вядомых людзей ёсць кошкі — талісманы надыходзячага года. Мы распыталі іх аб гадаванцах, іх характары і звычках, а таксама пра тое, якім якасцям павучыцца ў коцікаў.


Ганна Фокіна: «Кот і трус — паўнапраўныя члены нашай сям'і»

Прадстаўнікі абодвух знакаў надыходзячага года — дэкаратыўны трус Крош і кот Васіль — жывуць у сям'і Ганны Фокінай, вядучага майстра сцэны Вялікага тэатра Беларусі. «Яны самі нас выбралі», — кажа балерына. Кроша яна знайшла кімсьці пакінутым у скрынцы ў двары дома, а «нічыйны» Вася прыжыўся на лецішчы.

— Мы планавалі завесці жывёлінку, перш за ўсё, для дзяцей. Нам хацелася, каб яны вучыліся клапаціцца, разумець, спачуваць тым, хто слабейшы і больш безабаронны. Збіраліся разам абмяркоўваць кандыдатуру новага члена сям'і. Але калі на вуліцы ўбачылі Кроша — сціснуты камячок са спалоханымі вачыма, якія прасілі: забяры мяне — не маглі прайсці міма, — успамінае Ганна Фокіна. — Ён вельмі ласкавы, ручны, пацешны... Так замілавальна ўмываецца, што за гэтай працэдурай можна назіраць бясконца. Дзеці клічуць труса Крош, а я — Валідол. Калі прыходжу дадому пасля спектакля, кладу яго сабе на калені і гладжу. Адчуваю, як Валідол быццам расцякаецца па нагах і здымае стомленасць.

Сёлета мы паехалі на лецішча, а на плоце сядзіць такі сапраўдны дваровы кот. Спалоханы, стомлены... Ён нават пабойваўся браць корм. Але дачцэ ўдалося яго прыручыць. Васіль з'явіўся ў той дзень, калі споўніўся роўна год, як не стала нашага сабакі... За год тая рана не загаілася. Не скажу, што Васіль з'явіўся замест сабакі, але ўпэўненая, што нейкія вышэйшыя сілы паслалі нам новага сябра.

Крош ужо дарослы, а Васіль — яшчэ малы, таму яны не сябруюць, але і не б'юцца. А людзям абодва дораць пяшчоту і цеплыню. Мы іх вельмі любім, Крош і Васіль — паўнапраўныя члены нашай сям'і.

Думаю, у жывёл можна і трэба вучыцца назіральнасці, уменню адчуваць настрой чалавека, чакаць свайго моманту. Нашы гадаванцы выдатна ўжываюцца з людзьмі, гэта значыць, знаходзяць такі баланс, калі ўсім камфортна і ўтульна. Вось такога ўмення я жадаю ўсім нам у новым годзе!


Уладзіслаў Місевіч: «Кошка адчувае настрой людзей»

«Не ўяўляю дом без кошкі», — кажа Вольга, жонка заслужанага артыста БССР, «песняра» Уладзіслава Місевіча. Сам жа музыкант у перыяд актыўнай гастрольнай дзейнасці прытрымліваўся іншай думкі. Зрэшты, у той час у сям'і жылі кот Філя і кошка Маргоша, і яны адчувалі настрой Уладзіслава Людвігавіча, разумелі, што дома ён жадае цішыні і спакою, таму не гарэзнічалі.

— Маргошу падарылі на дзень нараджэння нашаму сыну Дзіму, — расказвае Уладзіслаў Місевіч. — Сын узяў на сябе клопат аб кошцы, а недзе праз тыдзень сказаў: «Бацькі, не гатовы я яшчэ да сям'і і дзяцей». Прызнаюся, што ў той перыяд мы крышку «ціснулі» на Дзіму: маўляў, калі жэнішся? Унукаў хочацца. І вось дзякуючы Маргошцы сын зразумеў, што пакуль не гатовы да такога кроку. А мы спынілі, па сутнасці, нетактоўныя пытанні. Каб скончыць дадзеную тэму, скажу, што ўрэшце сын жаніўся па любві, у яго выдатная сям'я, а ў нас цудоўная ўнучка.

Маргоша — пацешная кошачка, але спачатку ёй прыйшлося нялёгка. Філя як старэйшы па ўзросце спрабаваў яе выхоўваць. Марго ніколі не дэманстравала агрэсію, і ў выніку жывёлкі пасябравалі. А калі Філі не стала, яна ўсё зразумела і таксама перажывала страту.

Не сумняваюся, што Вольга — галоўны чалавек для Маргошы. Упэўнены, жонка разумее інтанацыю кожнага яе «мяў», а кошка чытае па Воліных вачах. Калі ж да нас прыязджае ўнучка Каця, мне здаецца, адбываецца абмен ласкай, пяшчотай паміж дзіцем і кошкай.

Назіраю за ёй на лецішчы, дзе шмат катоў, і бачу, што Марго заўсёды імкнецца пазбегнуць канфліктаў, але калі ўжо ёй па-сапраўднаму наступілі на хвост, умее адказаць.

Марго — выдатная абаронца сваёй тэрыторыі. Калі на лецішчы яна ўлятае ў дом з хуткасцю гуку, значыць, хтосьці адчыняе брамку.

Маргоша неверагодна адчувае настрой людзей. Завяршыўшы канцэртную дзейнасць, я стаў больш бавіць час дома, з'явілася жаданне ўбачыць тое, на што раней проста не звяртаў увагі. Гады тры таму я і ўявіць не мог, што Маргоша заскочыць да мяне на рукі і я буду гладзіць гэты рыжы цуд, а цяпер — папросту!

Людзям варта павучыцца ў котак далікатнасці, чуласці, дыпламатычнасці, іх цудоўнаму ўменню разумець чалавека.


Надзея Юркіна: «Не настолькі важная парода, як характар»

«Іван Захаравіч Юркін — генерал-паэт» — так пазначаны адзін з нумароў у маім смартфоне. І ніякай памылкі. Іван Юркін — генерал-маёр КДБ у адстаўцы і паэт, на вершы якога напісаны дзясяткі папулярных песень, сярод іх і «Прыязджайце да нас у Беларусь» — гімн гасціннасці нашай краіны. У доме ў Івана Захаравіча і яго абаяльнай жонкі Надзеі Іванаўны жыве вельмі каларытны кот.

— Шаснаццаць гадоў у нас жыў цудоўны белы кот Цімафей, — распавядае Надзея Іванаўна. — Вельмі перажывалі, калі яго не стала. І здавалася, што ніхто яго не заменіць. Мінула два гады, і я адчула, што ўжо гатова ўзяць у дом іншага ката. Я кіравалася эмоцыямі, а Іван Захаравіч думаў рацыянальна: маўляў, мы сталеем — ці не будзе цяжка клапаціцца пра кацяня? Але прынцыпова ён не пярэчыў. Мы дамовіліся, што гэта будзе перс, як і Цімафей. Кацяня знайшла па аб'яве. Янка адразу спадабаўся — ён быў самы шустры, самы цікаўны і да таго ж вельмі прыгожы.

Клапаціцца аб ім было лёгка, бо каток кемлівы, ахайны, цярплівы. Я і сама Кот па гараскопе, можа, таму мне здаецца, што я яго разумею? У яго нават колер вачэй мяняецца ў залежнасці ад просьбы: хачу есці ці хачу пагуляць. Ён быў вельмі забаўны, пакуль рос. Цацкі насіў у зубах, як сабака. З часам унучка заўважыла, што ён не чыстакроўны перс, а з прымессю мэйнкуна. Тады я зразумела, чаму заводчыца спяшалася прадаць кацянят. Але для нас не такая ўжо важная парода, галоўнае — характар гадаванца, а ён у яго выдатны.

Мы жывём за горадам, і, па-мойму, на нашым участку кармушка для птушак з'явілася раней, чым дабудавалі дом. Іван Захаравіч купляе мяшок зерня на зіму і корміць птушак. Аднойчы Янка схапіў птушачку. Мы, канешне, яе забралі. Птушка не пацярпела, толькі, відаць, спалохалася, а Янку мы патлумачылі, што так рабіць нельга. І цяпер скажыце мне, што кот не разумее чалавечай мовы! З таго часу Янка толькі назірае за птушачкамі.

Часам людзі прывозяць у нашу вёску катоў ці сабак, калі жадаюць ад іх пазбавіцца. І вось адна такая кошачка пасябравала з Янкам. Мы ўжо думалі, што возьмем яе ў дом. Але Марыся апярэдзіла падзеі — яна прабралася на веранду і ўладкавалася на Янкавай ляжанцы. З гэтай хвіліны іх сяброўства спынілася. Янка шыпеў і абураўся, што Марыся парушыла яго прастору. На шчасце, кошка была ўладкавана літаральна праз некалькі дзён пасля гэтага канфлікту. Да нас прыехалі сябры, убачылі Марыську, якая сядзела каля брамкі, адразу зачараваліся і вельмі ўзрадаваліся, што можна яе забраць. Цяпер яна любіміца ў іх сям'і.

Мне здаецца, у катоў мы можам павучыцца адданасці, пяшчоце, самадастатковасці, упэўненасці, гонару, уменню пастаяць за сябе. У новым годзе мне хацелася б пажадаць, каб у кожнага чалавека, кожнага ката і сабакі быў хоць бы адзін сябар, каб не было адзінокіх людзей і жывёл.

Вам жадае Янка кот

Жыць шчасліва, без клапот.

Прыгажосць і мілата

Будуць з вамі ў год Ката!


Раман Козыраў: «У Мінску ў кошкі шмат сваякоў»

«У нашым калектыве тры кошкі і ніводнага сабакі», — жартуе мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры» Раман Козыраў. Пухнатыя гадаванцы, талісманы гэтага года, ёсць у саліста Ігара Дударчыка, бас-гітарыста Сяргея Байка і ў самога Рамана.

— Нашу кошку клічуць Сімона. У Мінску ў кошкі шмат сваякоў — мы яе калісьці прывезлі з Белавежскай пушчы, побач з якой дом бацькоў маёй жонкі, у якіх жыве кошка Чарнуха, — распавядае Раман Козыраў. — Сімона так спадабалася ўсім нашым сябрам, што яны прасілі і ім прывезці кацянят ад Чарнухі. Усе малыя разумныя, прыгожыя, баявыя, непатрабавальныя і вельмі ласкавыя.

Мае дзеці вельмі любяць Сімку — яны так называюць кошку, проста млеюць ад шчасця, калі ўсе разам гуляюць. Вечарамі Сімка закалыхвае дзяцей — спіць на іх. Мы спрабавалі з гэтым змагацца, але зразумелі, што не пераможам. А мяне з жонкай Сімона будзіць — хвілін за дзесяць да званка будзільніка заскоквае на наш ложак.

Калі я дома працую ў студыі, Сімона залазіць мне за спіну і ўважліва слухае мелодыі. Па танальнасці яе «мяў» разумею, спадабалася ёй ці не вельмі. А мне неяк асабліва ўтульна ад таго, што побач ёсць такі крытык.

У нашай кошкі ёсць яшчэ адна неверагодная асаблівасць. Яна ўмее так схавацца ў кватэры, што мы ўпяцярых яе шукаем і не можам знайсці. А потым... раптам з'яўляецца, нібы тэлепартавалася з іншых сусветаў.

Мне здаецца, у катоў можна павучыцца ўменню знаходзіць сваё месца ў жыцці. Гэта вельмі важна і для людзей. Менавіта сваё месца ў жыцці — прафесія гэта ці сям'я — робіць нас шчаслівымі. У новым годзе ад усяго нашага калектыва хачу пажадаць чытачам «Звязды» выканання жаданняў, загаданых у навагоднюю ноч, і, вядома ж, шчасця, міру і дабра!

Маргарыта ДРАЗДОВА

Фота з асабістых архіваў герояў публікацыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.