Вы тут

Замкнула зямля свой яшчэ адзін круг...


У канцы года звычайна падводзяць пэўныя вынікі, гавораць пра тое, якім быў год, што ён прынёс. Цяжкім выдаўся гэты год, непрадказальным, напружаным. Ніколі яшчэ з часоў Другой сусветнай вайны градус напружанасці ў міжнароднай абстаноўцы не быў такім высокім, ніколі не гаварылі пра вайну і мір так шмат. Ніколі не даводзілася сустракаць столькі расчаравання ў выказваннях сусветна знакамітых дзеячаў культуры і мастацтва, указанняў на тое, што іх работа дарэмная, калі чалавецтва не ўспрымае ўрокі гуманізму, і людзі зноў ідуць забіваць адно аднаго.


Але ж жыццё працягваецца, і хочацца верыць, што ўсё гэта нейкім чынам скончыцца, бо ўсё на свеце мае свой пачатак і свой фінал, і, як кажа беларуская народная мудрасць, няма таго дрэннага, якое б на добрае не вывела. А для веры і надзеі нам патрэбныя людзі, блізкія і далёкія, родныя і чужыя, патрэбны сустрэчы, стасункі, якія здольны дабавіць энергіі і пазітыву.

У мяне такіх сустрэч за год, на шчасце, выдалася многа. У самым пачатку года, напрыклад, давялося пазнаёміцца са стваральнікам навуковай школы ў галіне будаўніцтва Віктарам Турам. Прафесар Тур стварыў лабараторыю саманапружаных канструкцый. Сёння ён, без перабольшання, рухае айчынную будаўнічую навуку. А як прыгожа і захапляльна можа пра гэта расказаць! Цяпер да паслуг вучоных вялікія тэхнічныя магчымасці, але, паводле пераканання доктара тэхнічных навук, той вучоны можа ажыццявіць прарыў, у якога, вобразна кажучы, мазгі апераджаюць машыну. Такіх ён і збірае вакол сябе. Апошняе ўсяляе аптымізм, будаўнічая навука заўсёды надзвычай важная, будаўніцтва ж — галоўная прыкмета стабільнасці і развіцця.

Як, дарэчы, і сельская гаспадарка, якая корміць усіх нас хлебам. Журналісцкія дарогі сёлета прыводзілі ў шэраг, так і хочацца сказаць, калгасаў. Бо людзі нярэдка менавіта так, па-ранейшаму называюць свае гаспадаркі, хоць яны ўжо цягнуць на вялікія шматпрофільныя прадпрыемствы. Але ёсць паспяховыя і невялікія, скажам, як «Мурава» ў Пружанскім раёне. Яе дырэктр Пётр Білецкі — узор інтэлігентнага кіраўніка былой савецкай школы. Калі цяперашнія маладыя, не без законных падстаў, лічаць сваім клопатам выключна вытворчасць, то Пётр Мікалаевіч не пакідае без увагі ніводны аб'ект сельскай інфраструктуры, і ў калектыве ўмее выбудаваць атмасферу асаблівай ўзаемапавагі.

Цікава было пазнаёміцца з івацэвіцкімі фермерамі Васілём і Тамарай Камяк ды паслухаць расповед Васіля Васільевіча пра тое, што задавальненне яму прыносіць не столькі вынік, як сам працэс работы. Такое, дарэчы, даводзіцца чуць найчасцей ад людзей творчых прафесій. А чым, скажыце, фермерства не творчая работа?

Неардынарна, творча можа працаваць і вясковы медык, такі, напрыклад, як фельчар Зеляневіцкага ФАПа Людміла Здановіч альбо Міхаіл Падольскі з Ляхавіцкага ФАПа Драгічынскага раёна, прадаўжальнік медыцынскай дынастыі, якога надзвычай паважаюць у вёсцы. А ў суседняй са згаданымі Ляхавічамі вёсцы Кублік 70-гадовая прадавец зрабіла сваю краму самай рэнтабельнай у акрузе. Пакуль іншыя скардзяцца, што сельскі гандаль не дае належнай выручккі, Ніна Кацярыніч знаходзіць выгадных пастаўшчыкоў, пашырае асартымент, не шкадуе прыветных слоў для пакупнікоў.

Сёлетняй восенню ў мяне адбылася адна кранальная сустрэча праз дваццаць гадоў. З Пятром Навумчыкам пазнаёмілася ў 2002 годзе на адкрыцці помніка ахвярам пажару. Гэта чалавек, які ўласнымі намаганнямі падтрымлівае памяць пра лёс сваёй шматпакутнай вёскі Бусы на Іванаўшчыне. Пажар 1957 года назаўсёды перамяніў яе жыццё. Толькі злёгку зацягнуліся ваенныя раны, як напаткала страшная бяда: падчас кінасеанса загарэлася школа, у агні загінулі 65 чалавек, у асноўным дзеці і моладзь. Пётр Іосіфавіч зрабіў захаванне памяці сваёй сямейнай справай, арганізаваў вясковую грамаду, акрамя гэтага, увекавечыў памяць франтавікоў і невядомых салдат, партызанаў, пахаваных у Бусе.

Доўга не забудзецца гутарка са Святланай Далгаполавай, шматдзенай маці са Славянска Данецкай вобласці, якая нядаўна атрымала грамадзянства Беларусі, а таксама Лірынай Нежавец з Пружан, маці сямейнага дзіцячага дома, у якім выхоўваецца 15 дзяцей.

І ўсе яны, мае героі, несумненна, спадзяюцца на лепшае і маюць на яго права, бо кожны з іх, як умее, паляпшае гэты свет хаця б тым, што добрасумленна робіць сваю справу. І вось на гэтым новым крузе, які паводле слова Якуба Коласа, пачынае зямля ў новы год, хочацца пажадаць ім, а таксама ўсім маім чытачам, добрых і шчаслівых дзён.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.