Вы тут

У Брэсце распачата рэалізацыя беларуска-расійскага праекта па зборцы спецтранспарту


На заводзе «Брэстмаш» у Брэсце зараз збіраюць аўтамабілі хуткай дапамогі, машыны для транспарціроўкі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, аўто для патрульна-паставой і кіналагічных службаў. Напярэдадні новага года адбылася прэзентацыя сумеснага праекта і падпісанне пагаднення аб пачатку работы па зборцы аўтамабіляў.


Работа над сумесным праектам прадпрыемстваў ТАА «Швабе Спецаўто» і ААТ «Брэстмаш» пачалася ў 2021 годзе. І ўжо ў ліпені мінулага года прадставілі першыя аўтамабілі кампаніі «Швабе Спецаўто» на базе беларускай мадэлі МАЗ-365022. Яшчэ на першых прэзентацыях адзначалася, што аўтамабілі, зробленыя на базе шасі МАЗа, выглядаюць цалкам дастойна. Машыны хуткай дапамогі абсталяваны цялежкамі-каталкамі, насілкамі, аптэчкамі, іншым медыцынскім абсталяваннем. Адпаведнае начынне атрымалі машыны іншага прызначэння.

І вось прыйшоў час замацаваць напрацоўкі афіцыйным пагадненнем, што і адбылося ў канцы снежня ў Брэсце. Дакумент падпісалі генеральны дырэктар ТАА «Швабе Спецаўто» Мікалай Сандугей і дырэктар ААТ «Брэстмаш» Аляксей Бражук. Мяркуецца, што на першым этапе на заводзе будуць збіраць каля 500 адзінак 26 мадэляў тэхнікі.

— Праект створаны пад пляцоўкі, якія ёсць у нас, — адзначыў Аляксей Бражук. — У ходзе напаўнення праекта зместам і выхадам яго на запланаваныя магутнасці будуць створаны дадатковыя рабочыя месцы. Трэба задаць тэмп, які забяспечыць далейшае развіццё.

На прэзентацыі адзначалася, што падзеі і выклікі апошняга часу прымушаюць гаспадарнікаў рухацца хутчэй, максімальна эфектыўна выкарыстоўваць напрацоўкі, кампетэнцыі, вытворчыя плошчы, якія маюцца. Сведчаннем таму і брэсцкі праект. Ён ад пачатку распрацаваны пад пляцоўкі «Брэстмаша». Вытворчыя магутнасці завода дазваляюць збіраць да дзвюх тысяч аўтамабіляў у год.

Названы завод налета адзначыць сваё 50-годдзе. У 70-х гадах мінулага стагоддзя для забеспячэння прадпрыемстваў лёгкай і харчовай прамысловасці тэхналагічным абсталяваннем было прынята рашэнне аб будаўніцтве ў Брэсце заводаў «Тэкстыльмаш» і «Мясамалмаш». Заводы былі ўзведзены адпаведна з планам і працавалі да сярэдзіны 80-х гадоў, менавіта тады іх аб'ядналі. Эстафету вытворчасці тэхналагічнага абсталявання для тэкстыльнай, малочнай і мясной прамысловасці прадоўжыў Брэсцкі машынабудаўнічы завод, які ў 2005 годзе стаў адкрытым акцыянерным таварыствам. Апошнія дзесяцігоддзі «Брэстмаш» — прызнаны лідар вытворчасці тэхналагічнага абсталявання. Прадпрыемствы малочнай, кандытарскай, хлебапякарнай і касметычнай прамысловасці многіх краін высока ацэньваюць помпавае абсталяванне брэсцкай вытворчасці. Прадпрыемства з'яўляецца шматгадовым партнёрам заводаў па вытворчасці газавых і электрычных бытавых пліт у Расійскай Федэрацыі і Беларусі.

Уваходжанне ў 2013 годзе ААТ «Брэстмаш» у холдынг «БелаўтаМАЗ» адкрыла магчымасці для далейшага развіцця прадпрыемства. Новымі кірункамі дзейнасці сталі выпуск камплектуючых для вытворчасці аўтамабільнага транспарту, зборка грузавых і пасажырскіх машын.

Зараз на прадпрыемстве працуе каля 280 чалавек, у далейшым, як ужо было сказана, плануецца пашырэнне вытворчасці і рост колькасці рабочых месцаў.

Чакаецца, што ў студзені з канвеера сыдзе першая партыя новай лінейкі аўтамабіляў. На прадпрыемстве адзначылі, што ўсе машыны, якія збіраюцца, ужо фактычна прададзены. Камерцыйныя продажы вядуцца праз дылерскія цэнтры ВАЗ на тэрыторыі Беларусі, а бюджэтныя — па дзяржзаказе, напрамую праз прадпрыемства.

Раней у нашу краіну, напрыклад, машыны хуткай дапамогі паступалі на базе Nіssan, Renault, Peugeot. Аднак пасля ўвядзення санкцый гэта стала немагчыма. Як высветлілася, некаторыя камплектуючыя для гэтых машын падпадаюць пад тавары двайнога прызначэння. Такім чынам, менавіта санкцыі сталі штуршком для развіцця сумеснай вытворчасці ў галіне машынабудавання. І зараз на «Брэстмашы» поўным ходам ідзе зборка сваіх аўтамабіляў. Да названых раней можна дадаць прамтаварны фургон, і пералік мадэляў будзе расці.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.