Вы тут

Колькасць нарказлачынстваў скарачаецца, але расслабляцца рана


Летась у Беларусі знізілася колькасць выяўленых нарказлачынстваў, значна скараціўся лік смерцяў ад перадазіровак і зваротаў у медустановы з прычыны атручвання наркотыкамі. Таксама ўпершыню за апошні час намецілася тэндэнцыя скарачэння колькасці непаўналетніх, якія ўчынілі нарказлачынствы. Знізіўся і аб'ём наркатычных сродкаў і псіхатропаў, якія канфіскуюцца. Але ці азначае гэта, што наркапагроза зніжаецца?


Фота: pixabay.com

70 чалавек загінула ад перадазіровак

— Узровень наркапагрозы ў Беларусі па-ранейшаму высокі і патрабуе адэкватных мер рэагавання. Лічбы нарказлачынстваў значныя, — кажа намеснік начальніка аддзела галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Сяргей Гарадзецкі.

Ён паведаміў, што за 11 месяцаў 2022 года ў краіне выяўлена больш за чатыры тысячы нарказлачынстваў. З іх больш за палову звязана непасрэдна са збытам наркотыкаў і псіхатропаў. Устаноўлена больш за 2200 асоб, якія ўчынілі злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў. Спынена 26 каналаў паставак наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў у Беларусь з-за мяжы. Усе яны маюць расійскі вектар.

Беларусь з'яўляецца як краінай паступлення, так і транзіту наркотыкаў. Для наркарынку Беларусі яны паступаюць з Расіі. А з краін Заходняй Еўропы ажыццяўляецца іх перавозка праз нашу краіну для рэалізацыі на тэрыторыі Расіі. Летась узбуджана 68 крымінальных спраў, звязаных са смерцю, а 70 чалавек загінула ад перадазіроўкі (у 2021-м іх было 122).

Як адзначыў Сяргей Гарадзецкі, у Беларусі няма непадкантрольных наркатычных і псіхатропных рэчываў: усе яны або забаронены (або знаходзяцца пад кантролем дзяржавы, калі выкарыстоўваюцца ў медыцынскіх мэтах). Любыя незаконныя дзеянні з імі падлягаюць крымінальнай адказнасці ў адпаведнасці з артыкулам 328 Крымінальнага кодэкса. Нагадаем, што некалькі гадоў таму ў яго былі ўнесены змены і адказнасць за незаконны збыт наступае з 14 гадоў, а за незаконнае захоўванне ці перамяшчэнне без мэты збыту — з 16-ці. У цэлым па 328 артыкуле пакаранне прадугледжвае ад 3 да 25 гадоў пазбаўлення волі.

У школах, ВНУ, месенджарах і TіkTok

Прафілактычную работу каардынуе і кантралюе Міністэрства ўнутраных спраў. А вось сярод непаўналетніх яе вядзе Міністэрства адукацыі. Механізмы такой работы ўнесены ў Канцэпцыю развіцця сістэмы адукацыі і стратэгію развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі да 2030 года. Ва ўсіх установах адукацыі дзейнічае комплексны план, накіраваны на супрацьдзеянне незаконнаму абароту наркотыкаў і прафілактыцы іх спажывання. У школах уведзены факультатывы «Мы самі» для 5—8 класаў, «Культура здаровага спосабу жыцця» — для 9—10 класаў. Для навучэнцаў і студэнтаў устаноў прафесійнай адукацыі выкладаюць курс «Бяспека жыццядзейнасці чалавека», рэалізуюцца тэматычныя праграмы. Для студэнтаў праводзяць заняткі па прававым інфармаванні «Юрыдычная адказнасць за правапарушэнні ў Рэспубліцы Беларусь».

Як расказала загадчык сектара каардынацыі і метадычнага забеспячэння прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў сярод навучэнцаў Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі Маргарыта Тоўкес, у прафілактыцы шырока выкарыстоўваюцца магчымасці не толькі інфармацыйных рэсурсаў устаноў адукацыі, але і сацыяльныя сеткі і месенджары. Напрыклад, з 14 сакавіка да 7 красавіка мінулага года праведзены рэспубліканскі смартмоб «Выберы сваю альтэрнатыву», арыентаваны на прафілактыку распаўсюджвання, ужывання і збыту наркотыкаў. Акцыя адбывалася ў акаўнце дзіцячага прававога сайта ў TіkTok.

Ужыванне ніколі не праходзіць без наступстваў

— Ужыванне наркатычных сродкаў заўсёды пакідае свае неспрыяльныя і незваротныя ўздзеянні на псіхіку, — кажа намеснік дырэктара па арганізацыйна-метадычнай рабоце РНПЦ псіхічнага здароўя Сяргей Осіпчык. — У такога чалавека змяняецца характар, узаемаадносіны з людзьмі, мяняюцца жыццёвыя прыярытэты. Тое, што раней было важна — сям'я, доўгатэрміновыя жыццёвыя планы — адыходзіць на другі план. Першасным становіцца менавіта ўжыванне наркатычнага сродку.

У Беларусі распрацавана канцэпцыя сацыяльнай рэабілітацыі, якая рэалізуецца цягам апошніх гадоў. Яна прадугледжвае не толькі аказанне медыцынскай дапамогі ў вострых сітуацыях, але і медыцынскую рэабілітацыю ва ўстановах аховы здароўя, а пасля выпіскі — сацыяльную рэабілітацыю. Гэта аднаўленне сацыяльных кантактаў, дакументаў, дапамога з працаўладкаваннем, што дазваляе рэінтэгрыравацца ў грамадства і наладзіць сацыяльныя сувязі.

У чым вартасці канцэпцыі сацыяльнай рэабілітацыі? Этап медыцынскай і сацыяльнай рэабілітацыі доўгатэрміновы — ад 12 да 18 месяцаў, што дазваляе чалавеку адчуваць сябе абароненым. Акрамя таго, гэты час дазваляе не толькі сысці ад шкоднай звычкі, аднавіўшы псіхічныя функцыі, але і аднавіцца сацыяльна — атрымаць доступ да прафесіі, кіравання транспартнымі сродкамі і інш.

Сёння рыхтуецца праграма па рэабілітацыі для асоб з нізкім рэабілітацыйным патэнцыялам.

— Сіндром залежнасці ад наркатычных сродкаў — вельмі цяжкі стан, з яго надзвычай цяжка выходзіць. Не бывае, што наркаспажывец схадзіў да доктара, атрымаў таблетку і ператварыўся ў добрага малайца. Гэта дастаткова доўгі і напружаны працэс, эмацыянальна няўдзячны для пацыента, бо ў яго ёсць парушэнні псіхічнай дзейнасці. Толькі калі чалавек гэта вытрымлівае, у яго ёсць усе магчымасці вярнуцца да нармальнага сацыяльнага жыцця. Але падкрэслю: ніколі ўжыванне наркатычных сродкаў не бывае без наступстваў, нават аднаразовае, — звярнуў увагу Сяргей Осіпчык.

Каб падлетак не пачаў ужываць наркотыкі, бацькі мусяць аддаваць увагу ўзаемаадносінам у сям'і. Дзіця павінна знаходзіць узаемаразуменне ад блізкіх, адчуваць дома спакой, адсутнасць трывогі. Толькі тады ў падлетка не будзе схільнасці да рызыкоўных паводзін, а намаганні тых, хто прапануе наркатычныя сродкі, будуць ігнаравацца.

Па якіх прыкметах вызначыць ужыванне?

Першая прыкмета — незвычайныя паводзіны дзіцяці. Яно раней стала класціся спаць (ці наадварот, пазней), зачыняцца ў сваім пакоі, у яго з'явіліся інтарэсы, якімі яно не хоча дзяліцца, пазней прыходзіць дадому пасля школы, не абмяркоўвае праблемы з бацькамі, не глядзіць у вочы, адказвае коратка, не праяўляе цікавасці да агульных сямейных спраў ці паездак. Новая кампанія і сябры, якія раптам з'явіліся, і малады чалавек паводзіць сябе нязвыкла.

— Такія агульныя сімптомы таго, што нешта адбываецца ў жыцці дзіцяці, якое жыве разам з вамі, і гэта не абавязкова ўжыванне наркотыкаў.

Дадатковыя прыкметы — падлетак не глядзіць у вочы, раздражнёны, санлівы, раніцай цяжка ўстае, незвычайная рэакцыя зрэнак на святло, незвычайная рэакцыя на паўсядзённыя праблемы, раздражненне аж да істэрыкі.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.