Вы тут

«Можа, другую кагосьці мамай называеш...»


«— Вецер на дарогах звёў нас. Шалёны вецер. Няма нічога дрэннага без добрага...»

Так звяртаецца да любай дзяўчыны герой рамана Піліпа Пестрака «Сустрэнемся на барыкадах», у якім распавядаецца пра змаганне ў Заходняй Беларусі супраць польскай акупацыі.

У творах Пестрака шмат аўтабіяграфічнага... І гэтую рэпліку ён цалкам мог сказаць сваёй любай жанчыне, спадарожніцы жыцця.

Чалавекам ён быў неардынарным. Падчас Першай сусветнай вайны яго сям'я эвакуіравалася ў Самарскую губерню. Там і вучыўся, пасля рэвалюцыі нават быў студэнтам сацыяльна-гістарычнага факультэта Самарскага ўніверсітэта... Але ў Паволжы пачаўся голад, у 1921-м сям'я вярнулася на Беларусь... І апынулася ў панскай Польшчы.

Піліп Пястрак стаў актывістам беларускага вызваленчага руху. У польскіх турмах ён правядзе адзінаццаць гадоў.

Шмат яркіх старонак біяграфіі, пра якую не пачытаеш у энцыклапедычных артыкулах і хрэстаматыях, распавядаюць архівы... Давайце разам зазірнём у дакументы з фонду Піліпа Пестрака.


Камеры на розных паверхах

У фондзе захоўваюцца ўспаміны жонкі пісьменніка, Анастасіі Сцяпанаўны Пестрак, напісаныя ў 1985-м.

Дзяўчына таксама была ў камуністычным падполлі, змагалася супраць польскіх акупантаў ва Украіне. Была бясстрашнай і мужнай. «Аднойчы ўначы паліцыя ўварвалася ў маю кватэру, пачала весці допыт... пыталася, дзе знаходзяцца падпольшчыкі, якія ў іх паролі, задавала шмат іншых пытанняў, на якія я не адказвала. Тады яны ўжылі фізічную сілу, пры гэтым пашкодзілі пазваночнік, я страціла прытомнасць і была паралізавана».

На шчасце, Анастасія вылечылася... Але гэта была не апошняя яе траўма. У 1935 годзе было прынятае рашэнне адправіць адважную падпольшчыцу на вучобу ў партыйную школу ў Савецкі Саюз. За два дні да ад'езду, калі дзяўчына праводзіла сход у сяле, яе схапіла паліцыя. Пачаліся дні пакутаў і няскоры. У 1937 годзе рэвалюцыянерку перавялі ў гродзенскую турму.

«Ніжэй паверхам, пад нашай камерай, сядзелі нашы хлопцы. Перад сном яны таксама паўтаралі тое, што днём вучылі, а часамі распавядалі анекдоты, смяяліся. У камеры разам з Піліпам Пестракам сядзелі і іншыя беларускія пісьменнікі і паэты — Валянцін Таўлай, Якуб Міско, Радзюк. Піліп Пестрак быў вялікі аматар песень. Ён ведаў іх шмат — беларускіх, рускіх, украінскіх, польскіх. У яго быў добры голас. Як толькі ён запяваў ціхую песню, у камеры адразу ўсталёўвалася цішыня, усе слухалі, стаіўшы дыханне, нават некаторыя наглядчыкі стаялі і слухалі. Адзін з іх сказаў Пестраку, што яму трэба было выступаць у тэатры, а не сядзець у турме».

Ці не з тых песень пачалося зацікаўленне Анастасіі беларускім змагаром?

Пестрак адседжваў тэрмін пасля чацвёртага арышту. Як піша Анастасія, падчас першага арышту за пераход польска-савецкай мяжы ў паліцэйскім участку яму пашкодзілі слых, а праз некалькі дзён ён згубіў валасы. Расказваў — як правядзе рукой па галаве, у руцэ прыгаршча валасоў застаецца... Так і застаўся да канца жыцця лысы. У турме захварэў на сухоты.

Піліп вучыў вязняў матэматыцы, гісторыі, граматыцы, пісаў лекцыі, якія рассылаліся па турме. Анастасія ўзначальвала жаночы камерны камітэт. І Анастасія, і Піліп складалі вершы. Пестрак занатоўваў іх кавалачкам цэглы на цэментнай падлозе. Меў пры сабе мокрую анучу — каб, калі што, сцерці радкі... На жаль, не ўсё з тых сцёртых вершаў удалося пасля аднавіць у памяці.

Камсамольскае вяселле ў вязніцы

Піліп і Анастасія пазнаёміліся асабіста ў канцы 1937-га, убачылі адно аднаго праз турэмныя краты.

«Спачатку я не надавала гэтаму знаёмству асаблівага значэння. Потым я атрымала ад яго запіску, з якой даведалася аб яго сур'ёзных намерах. Неяк ён напісаў мне, што яго вызваляюць на чатыры месяцы раней за мяне, і што ў дзень майго вызвалення ён прыдзе мяне сустракаць, а там паглядзім, што будзе далей. Тады ён яшчэ не ведаў, што мяне чакаюць яшчэ два суды.

Цягам двух апошніх гадоў Піліп Сымонавіч заўсёды намагаўся паглядзець праз краты на мяне, калі я з другімі жанчынамі выходзіла на прагулку.

Весці перапіску нам было вельмі цяжка, але мы ўсё-ткі знаходзілі выйсце з такога становішча. Хоць мы пісалі запіскі адно аднаму рэдка, але ў кожнай з іх было столькі цяпла, пяшчоты і добрых пачуццяў, што ўспамінаю пра іх і па сённяшні дзень».

Дні зняволення ўсё цягнуліся... Аднойчы ў камеру, дзе сядзела Анастасія, наглядчыкі кінулі слёзатачывую бомбу — і доўга назіралі, як вязні пакутуюць ад газу. Неяк Анастасія як завадатарка галадоўкі трапіла ў карцар. Выратаваў кавалачак хлеба з салам, які ёй умудрыліся перадаць.

Уяўляеце, якая была падзея для беларускіх змагароў, калі ў Гродзенскай вязніцы адбылося камсамольскае вяселле? Прычым жаніх і нявеста бачыліся толькі здалёк.

Пра рамантычныя адносіны паміж дваімі зняволенымі даведалася начальства... Да Анастасіі прыйшоў наглядчык, пачаў распытваць пра беларускую інтэлігенцыю — Тарашкевіча, Дварчаніна ды іншых. Дзяўчына маўчала... «Тады ён загаварыў пра П. Пестрака, назваў яго маім мужам і сказаў, што мы маглі б жыць у Варшаве, як прыстойныя паны. Напачатку я разгубілася, потым узяла сябе ў рукі і сказала, што сямейныя пытанні рашаюцца ў сваім доме, на што наглядчык мне адказаў: «Калі вы не пакінеце палітыку, то ваш дом — вечная турма».

Першы дотык

Невядома, як склаліся б лёсы Анастасіі і Піліпа, але надышоў 1939 год. 17 верасня Чырвоная Армія вызваліла Заходнюю Беларусь. Вязні пачалі выломваць замкі на дзвярах камер. Пестрак стаяў ля рашоткі турэмнага калідора, калі ўбачыў сваю Анастасію і паклікаў яе, працягнуў руку праз краты. «І так упершыню нашы рукі даткнуліся адна да адной».

Вязні пакінулі турму. Радасны натоўп рушыў у бок паліцэйскага ўчастка. Анастасія ішла побач з Піліпам. Пра што нават аб'явілі па радыё — нехта асвятляў падзеі анлайн: «Пестрак з жонкай ідуць у першых шэрагах».

А быў у іх усяго толькі адзін дотык рукі...

Але ўсё ледзь не скончылася трагічна... У горад ізноў увайшла польская армія, амаль усіх вязняў вярнулі ў турму... Пестраку прыгразілі, што будуць выпальваць зорку на спіне... А Анастасіі давялося на свае вочы пабачыць дакумент, у якім загадвалася ў ноч з 17 на 18 верасня расстраляць палітычных зняволеных жанчын на вачах у мужчын, а потым і астатніх камуністаў і камсамольцаў.

Прысуд спазніўся на сорак хвілін. Чырвоная Армія зноў, на гэты раз канчаткова, вызваліла Гародню.

Два жалезныя ложкі і дзве падушкі, набітыя саломай

Пачалося новае жыццё... Так здарылася, што Анастасія нейкі час працавала перакладчыцай у турме і ўдзельнічала ў допытах сваіх нядаўніх наглядчыц і катаў.

Яшчэ цікавы эпізод з успамінаў:

«У хуткім часе пасля вызвалення прыехалі ў Гродна беларускія пісьменнікі: Змітрок Бядуля, Міхась Лынькоў, Аркадзь Куляшоў, Пятрусь Броўка. Сустрэліся яны з Піліпам Пестракам, вядуць вясёлыя размовы, жартуюць, смяюцца, потым папрасілі Пестрака, каб вёў да сябе на кватэру. Пестрак прамаўчаў, не ведаючы, што адказаць. Яны яшчэ раз паўтарылі, і тады Пестрак вымушаны быў сказаць: «Дарагія таварышы, я яшчэ знаходжуся ў турме разам з жонкай». Яны глядзяць на яго і не разумеюць, у чым справа. Потым гавораць: «Чаму вы знаходзіцеся ў турме? Вас жа ўсіх вызвалілі!» Пестрак адказаў, што мы на волі, толькі яшчэ не маем кватэры, потым са смехам дадаў, што таму яшчэ даводзіцца даседжваць».

Літаральна на наступны дзень нядаўнім вязням выдзелілі кватэру.

Анастасія ўзяла пад распіску ў турме два жалезныя ложкі, два матрацы і дзве падушкі, набітыя саломай, а таксама дзве жалезныя місы і два кубкі.

Вось і ўся маёмасць, з якой маладыя засяліліся ў двухпакаёвую кватэру.

Яшчэ ўспамін... Ішлі рынкам, Пестрак пабачыў, як нейкі мужчына прадае гітару... «Піліп Сымонавіч узяў гітару і пачаў іграць. Яго худыя змучаныя пальцы ўмела хадзілі па струнах гітары. У тую ж хвіліну яго абкружылі людзі, слухалі і глядзелі на яго захоплены і ўсмешлівы ад радасці твар.

Мы прыйшлі дадому, і ў нашым доме пачала ажываць музыка. Піліп Сымонавіч іграў, а я яму падпявала».

Дома сужэнцы не адседжваліся. Пестрак стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, старшынёй секцыі Саюза пісьменнікаў. Яго жонка таксама была абраная дэпутатам на Валыншчыне, але засталася жыць на Беларусі.

Немаўляты на ваенных дарогах

А ў маі 1941 года — радасная падзея: Анастасія нарадзіла двойню! Хлопчыка і дзяўчынку, Ніну і Толю. Уявіце, якія шчаслівыя былі бацькі!

А праз месяц пачалася вайна.

Піліп і Анастасія пакінулі Гродна ў першы ж дзень, 22 чэрвеня. Ішлі пешкі, з дзецьмі на руках. З імі рушыў знаёмы доктар па прозвішчы Эпштэйн. Ён узяўся несці аднаго з немаўлятак, дзяўчынку. Не было з сабою ніякіх ванзэлак, толькі запас пялюшак — думалі ж, што пакінулі горад толькі на час бамбёжкі, а потым вернуцца... Але вельмі хутка зразумелі — назад вяртацца нельга.

Дайшлі да ўскраіны Ліды, спыніліся каля калодзежа папіць вады. А там — цэлы натоўп. Бежанцы, вайскоўцы...

У гэтым натоўпе Пестракі неяк згубілі доктара Эпштэйна з іхняй месячнай Нінай на руках. Чакалі, чакалі ля калодзежа... Вось ужо і людзі разышліся... Доктара няма. Зразумелі, што Эпштэйн пайшоў наперад.

Устрывожаныя бацькі кінуліся даганяць. У кожнай вёсцы пыталіся, ці не бачылі там старога з маленькай дзяўчынкай на руках? І знайшоўся след! У адной вёсцы гаспадыня ўспомніла — начаваў такі старэнькі дзядок з немаўляткам... У дзяўчынкі такі ж накоўдранік, як у хлопчыка, што з Пестракамі. Накоўдранікі прыкметныя, іх для двайнятак шыла маці, з любоўю, аздабляючы карункамі...

Але Ніну так і не знайшлі.

Пестракі з маленькім Толікам рушылі далей, у бок Палесся — спадзяваліся, што мясцовыя балоты спыняць акупантаў...

«Дзіця я прывязвала да сябе, каб не згубіць у балоце. Праходзілі праз сёлы. У многіх месцах ад іх засталіся толькі цагляныя трубы і жалезныя абгарэлыя прадметы хатняга побыту, перамяшаныя з попелам, і яшчэ... кошкі, што выпадкова засталіся жывымі. Як яны жаласна мяўкалі і беглі за людзьмі!»

Пестракам з маленькім Толікам удалося трапіць у партызанскі атрад генерала Сабурава. Піліп выдаваў там газету «Партызанская праўда». Потым Анастасію з сынам вывезлі ў Маскву...

Але няшчасныя бацькі не трацілі надзеі знайсці сляды згубленай дачкі. Пра доктара Эпштэйна казалі, што загінуў у гета, а Ніну дзесьці пакінуў....

І вось у 1957 годзе звестка: нібыта Ніну з дзіцячага дома ў Лідзе забрала жанчына, якая пасля вайны з'ехала з ёю на сваю радзіму ў Омск. Дзяўчынку прыёмная маці назвала Таняй.

Ты стаяла прада мною, спусціла косы русы...

Анастасія і Піліп адразу паехалі ў Омск. Пабеглі ў школу, дзе вучылася Таня. Распавялі пра ўсё дырэктару... Дамовіліся — пакуль нічога не казаць дзяўчынцы, а запрасіць яе разам з сяброўкамі да дырэктара нібыта па нейкай справе.

Але калі Таня прыйшла, няшчасная маці не змагла падняць на сваю магчымую дачку вачэй... Тады папрасілі настаўніцу ўзяць Таню і яшчэ адну дзяўчынку, прайсці з імі па калідоры, каб Анастасія магла ўсё-такі паглядзець і вызначыць, ці можа Таня быць яе дачкой... Сэрца маці хацела верыць. На наступны дзень Анастасія нават трохі паразмаўляла з Таняй... Можна ўявіць, як старалася стрымацца, не заплакаць..

Пестракі наведалі прыёмную маці дзяўчынкі. Тая таксама плакала, прасіла не забіраць дачку... Вырашылі, што пакуль трэба шукаць дакументы, якія пацвердзілі б, што Таня — гэта і ёсць згубленая Ніна... Бо пэўнасці ж не было — паспрабуй пазнаць у сямнаццацігадовай дзяўчыне месячнае немаўля!

Пестрак пачаў ездзіць па архівах... Анастасія адправілася ў Лідскі дзіцячы дом. Там ёй распавялі, што дзяўчынку разам з яшчэ трыма немаўлятамі прынёс у дзіцячы дом доктар з раддома — выхапіў з агню пасля бамбёжкі. У Тані была абпаленая шчака. Доктар сказаў, дзяўчынка — з двойні, яе маці загінула.

Гэтыя звесткі яшчэ больш усё заблыталі... Так да канца Піліп і Анастасія не ўпэўніліся, ці была Таня іх Нінай. І, наколькі можна зразумець, дзяўчынка з Омска пра сваё магчымае паходжанне не даведалася.

«Але чыя б Таня ні была дачка — наша ці другіх бацькоў — я супакойваю сябе тым, што трапіла яна да добрых людзей, вырасла прыстойным чалавекам. Зараз яна працуе ўрачом. А ў маім сэрцы яна засталася назаўсёды, і пра яе я пішу такія словы:

Шукаю дачку

Памятаю, маленькую

Цябе спавівала.

Тады сонца не свяціла,

Зоры не йгралі.

Тады цябе, маленькую,

Ад мяне забралі.

Ад сэрца адарвалі.

Нічога не знаеш,

Можа, другую кагосьці

Мамай называеш.

...Шэпча белая бярозка,

Не хоча сказаці:

«Там, далёка твая дачка,

А ты яе маці».

Ты стаяла прада мною,

Спусціла косы русы.

Ты пытаеш, адкуль я:

«З Мінска? З Беларусі?»

Твае рукі пазнавала.

Што магу сказаці:

«Ад вайны семнаццаць год —

Не магу пазнаці.

Твае вочы пазнавала,

Пяшчотны румянец.

Я нічога не сказала,

Каб сэрца не раніць».

Дарэчы, у гэтых старонак успамінаў ёсць другі варыянт, відаць, больш ранні, з праўкамі. Там замяняецца прозвішча жанчыны, якая ўдачарыла дзяўчынку з Лідскага дзіцячага дома, і імя той дзяўчынкі. Напэўна, каб іх не трывожыць, каб захаваць ад Тані гэтую трагічную гісторыю. Трохі папраўлены і верш «Шукаю дачку», які, дарэчы, напісаны на беларускай мове. Піліп Пестрак гэтыя праўкі ўнесці ўжо не мог — ён памёр у 1978 годзе.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.