Вы тут

Як праходзіць лётна-тактычнае вучэнне авіяцыі Расіі і Беларусі


Ужо амаль два тыдні галоўнай тэмай замежных навінных зводак становіцца сумеснае лётна-тактычнае вучэнне авіяцыйных падраздзяленняў узброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, якія ўваходзяць у склад авіяцыйнага кампанента Рэгіянальнай групоўкі войск (сіл). 


Нашы нядобразычліўцы пачалі распаўсюджваць фэйкі ў інтэрнэце пра нібыта напад, які рыхтуецца. Пытанне: на каго, а галоўнае — навошта? Беларускія і расійскія лётчыкі ні на каго не збіраюцца нападаць, а выконваюць куды больш прыземленыя задачы, галоўныя з якіх — павышэнне аператыўнай сумяшчальнасці пры выкананні вучэбна-баявых задач.

У ходзе першага этапа вучэння адпрацаваны пытанні планавання прымянення авіяцыі. Акрамя таго, лётчыкі прадэманстравалі свае магчымасці на авіяцыйных палігонах і ўчастках мясцовасці. Яскравы прыклад — розыгрыш эпізоду практычных дзеянняў авіяцыйнага кампанента Рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) на 210-м авіяцыйным палігоне. Лётчыкі Беларусі і Расіі адпрацавалі шырокі спектр пытанняў, у тым ліку вядзенне паветранай разведкі, сумеснае патруляванне паветранай прасторы ўздоўж Дзяржаўнай граніцы, авіяцыйная падтрымка груповак войскаў, высадка тактычнага паветранага дэсанту, дастаўка грузаў і эвакуацыя параненых.

Удалося пабываць на адным з аэрадромаў і паназіраць за паветранымі манёўрамі. Было заўважна, што экіпажы перад палётамі не марнавалі час марна. Лётчыкі вывучалі палётныя заданні і карты: памылак быць не павінна, таму нюансы паветраных манёўраў да драбнюткіх дэталяў адпрацоўваліся на зямлі.

— У рамках лётна-тактычнага вучэння наша авіяцыйная воінская часць выконвае ўласцівыя нам задачы. Праходзяць трэніроўкі па адбіцці паветранага суперніка. Акрамя таго, прыкрываем баявыя парадкі аператыўна-тактычнай авіяцыі са складу Паветрана-касмічных сіл Расійскай Федэрацыі, — адзначыў камандзір в/ч 54804 палкоўнік Леанід Давідовіч. — Вучэнне дазваляе падняць агульны ўзровень нашай тактычнай вывучкі і ўвайсці ў больш шчыльнае ўзаемадзеянне з расійскімі калегамі.

У сваю чаргу прадстаўнік расійскіх ВКС заявіў, што дадзенае вучэнне вельмі важнае для авіятараў абедзвюх краін: «Мы — брацкія народы, абараняем межы Саюзнай дзяржавы. Такія вучэнні вельмі важныя для нашых лётчыкаў. Хочам падзякаваць беларускаму боку за цёплы і сардэчны прыём. Вучэнне праходзіць на высокім арганізацыйным узроўні. Ахвотна дзелімся з беларускімі братамі сваімі напрацоўкамі і досведам».

У той дзень на аэрадроме пад Баранавічамі было горача — адны барты вярталіся пасля палётнага задання, іншыя паднімаліся ў неба. Пакуль пілоты рыхтаваліся да палётаў, авіяцыйныя тэхнікі пачалі абслугоўваць самалёты: планавая падрыхтоўка пачынаецца загадзя. Праца авіяцыйных тэхнікаў даволі цяжкая і адказная. Тут ідзе падзел па спецыяльнасцях. Адны спецыялісты займаюцца абслугоўваннем рухавіка, іншыя — бартавым абсталяваннем, асобныя групы сочаць за ўзбраеннем. У цэлым за тэхнічны стан лятальнага апарата нясе адказнасць тэхнік, за якім замацаваны пэўны борт. У час палётаў ён адказвае за якасць і паўнату падрыхтоўкі лятальнага апарата да вылету.

І вось чарговы самалёт павольна выруліў на ўзлётна-пасадачную паласу. Зарабілі рухавікі, узарваўшы халоднае зімовае паветра. Кароткі разбег. Адрыў... Беларускі Су-30СМ імкліва адправіўся ўверх. Следам за ім — расійскі Су-34.

Як распавёў афіцэр упраўлення авіяцыі камандавання ВПС і войскаў СПА палкоўнік Аляксандр Федарэнка, усе экіпажы, якія вылецелі, паспяхова выканалі запланаванае заданне. «Су-30СМ прыкрывалі ўдарную групу бамбардзіроўшчыкаў Су-34, якія адпрацавалі па зададзеных цэлях на 210-м авіяцыйным палігоне, — заўважыў ён. — У далейшым штурмавая авіяцыя Су-25 і Як-130 ажыццявіла непасрэдную авіяцыйную падтрымку войскаў, Экіпажы верталётаў Мі-24 нанеслі ўдары па апорных пунктах „непрыяцеля“. А экіпаж Мі-8МТВ-5 адпрацаваў пошукава-выратавальныя задачы».

— Авіяцыя — гэта грозная зброя, якой адводзіцца важная роля, асабліва ў сучасных умовах, — падкрэсліў камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь палкоўнік Андрэй Лук’яновіч. — Пад маім кіраўніцтвам праходзіць лётна-тактычнае вучэнне ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Галоўны крытэрый — якасць выкананых задач. Гэта датычыцца падрыхтоўкі лётнага складу і прымянення авіяцыйных сродкаў паражэння. Дадзены розыгрыш паказаў, што мы здольныя забяспечыць барацьбу ва ўсім дыяпазоне вышынь і хуткасцяў. Хацелася б адзначыць, што праца вядзецца ў сумесных баявых парадках з нашымі расійскімі калегамі. Усё старанна аналізуецца, мы ўносім пэўныя карэктывы. Але нават без вывучэння матэрыялаў аб’ектыўнага кантролю можна сказаць, што авіяцыя выканала задачы з заканамерна высокай якасцю.

Зацішша падчас лётна-татычнага вучэння наступіць ужо на гэтым тыдні. Але для лётчыкаў гэта толькі невялікая перадышка. А потым — зноў у палёт. Менавіта так, шліфуючы лётнае майстэрства, яны становяцца сапраўднымі прафесіяналамі.

Алег НЯКАЛА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.