Міністэрства адукацыі размясціла на сваім сайце рэкамендацыі аб завяршэнні вучэбных заняткаў і заканчэнні 2022/2023 навучальнага года. Асаблівая ўвага — асаблівасцям арганізацыі адукацыйнага працэсу ў другім паўгоддзі для навучэнцаў выпускных класаў, якія напрыканцы мая ўпершыню будуць здаваць цэнтралізаваныя экзамены.
Так, засваенне зместу вучэбных праграм для вучняў 11-х класаў па беларускай і рускай мовах павінна завяршыцца 12 мая, па вучэбных прадметах, якія школьнікі выбралі для здачы ў якасці другога цэнтралізаванага экзамену, — 19 мая.
Пры неабходнасці ў ІV чвэрці ў расклад вучэбных заняткаў па вучэбных прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура», «Руская мова» і «Руская літаратура» могуць быць унесены змены: да 12 мая ўрокі літаратуры могуць быць заменены ўрокамі мовы, а пасля 14 мая ўрокі мовы — адпаведна ўрокамі літаратуры.
У Міністэрстве адукацыі падкрэсліваюць, што навучальныя праграмы па прадметах для 9-х і 11-х класаў складзены так, што асноўны навучальны матэрыял можа быць засвоены вучнямі на працягу 34 навучальных тыдняў. Настаўнік мае права пераразмеркаваць колькасць гадзін на вывучэнне тэм у межах агульнай колькасці гадзін, адведзеных на вучэбны прадмет, выкарыстоўваючы педагагічна мэтазгодныя метады навучання і выхавання, разнастайныя формы правядзення вучэбных заняткаў.
Атэстацыя адзінаццацікласнікаў па прадметах «Беларуская мова» і «Руская мова» па выніках навучальнага года праводзіцца да 12 мая. Атэстацыя выпускнікоў, якія па сваім выбары здаюць на ЦЭ «Замежную мову» , «Матэматыку», «Сусветную гісторыю», «Гісторыю Беларусі», «Грамадазнаўства», «Геаграфію», «Біялогію», «Фізіку», «Хімію», — да 19 мая. Атэстацыя адзінаццацікласнікаў па вучэбных прадметах, па якіх яны не здавалі цэнтралізаваны экзамен, а таксама па іншых вучэбных прадметах, па якіх не прадугледжаны выніковыя экзамены на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, праводзіцца да 25 мая.
Цэнтралізаваныя экзамены для выпускнікоў пройдуць 14 і 21 мая. Але вучэбны працэс у школе не спыняецца. З 22 да 25 мая ў адзінаццатых класах будуць праводзіцца вучэбныя заняткі па ўсіх вучэбных прадметах у адпаведнасці з іх раскладам. Па вучэбных прадметах, па якіх навучэнцы здалі ЦЭ, рэкамендуецца правесці ўрокі сістэматызацыі і абагульнення, урокі-практыкумы. Апошнія званкі для адзінаццацікласнікаў празвіняць 25 мая. Выпускныя вечары для іх рэкамендавана правесці 10 чэрвеня.
З 26 мая да 9 чэрвеня ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі раяць арганізаваць кансультацыі па падрыхтоўцы выпускнікоў да цэнтралізаванага тэсціравання.
Навучальныя заняткі для вучняў 9-х і 11-х класаў завяршаюцца 25 мая, а для ўсіх іншых школьнікаў навучальны завяршаецца 31 мая.
Выпускныя экзамены для дзевяцікласнікаў пройдуць з 1 да 9 чэрвеня. Выпускнікі базавай школы пішуць пераказ па беларускай і рускай мове, кантрольную работу па матэматыцы і здаюць вусны экзамен па гісторыі Беларусі. Другое пытанне ў білеце прадугледжвае выкананне практычнага задання, накіраванага на праверку ўмення навучэнцаў працаваць з рознымі крыніцамі гістарычнай інфармацыі: фрагментам гістарычнага дакумента, гістарычнай картай, схемай, табліцай, дыяграмай, графікам, фрагментам артыкула, ілюстрацыяй, іншымі крыніцамі.
У Міністэрстве адукацыі звяртаюць увагу, што ў бягучым навучальным годзе выпускны экзамен па «Гісторыі Беларусі» будзе праводзіцца з выкарыстаннем адзіных практычных заданняў для ўсіх устаноў адукацыі, якія рэалізоўваюць адукацыйную праграму базавай адукацыі, адукацыйную праграму спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі. Практычныя заданні для правядзення выпускнога экзамену будуць размешчаны 25 мая 2023 года на нацыянальным адукацыйным партале.
Надзея НІКАЛАЕВА
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.