Вы тут

Надвор'е: Зноў дождж са снегам, а на наступным тыдні — удзень да 5 цяпла


Першая дэкада лютага ў нашай краіне адзначылася зімовым характарам надвор'я. Аднак марозны антыцыклон вырашыў не затрымлівацца ў нашых шыротах і накіраваўся ў бок Румыніі, выносячы з сабой і нізкія тэмпературы. А яго месца ўжо спяшаюцца заняць франтальныя раздзелы, якія нясуць у сваіх масівах воблачнасці ападкі рознай інтэнсіўнасці, а таксама цёплыя паветраныя масы атлантычнага паходжання, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Фота: pixabay.com

Сезон «халодных дажджоў» пачнецца ў суботу. У гэтыя суткі ноччу месцамі, а раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі краіны выпадуць ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу і дажджу. У асобных раёнах галалёд, на дарогах галалёдзіца. Уначы па паўночным захадзе, а ўдзень месцамі ўзмацненне ветру парывамі да 15—18 м/с. Тэмпература паветра ўначы апусціцца да мінус 1—8 градусаў. Днём прагназуецца мінус 3 — плюс 4 градусы.

Няўтульна будзе на вуліцы і ў нядзелю. У ноч на 12 лютага на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца кароткачасовыя ападкі, у асноўным снег і мокры снег. Днём пераважна без ападкаў. У начныя гадзіны слабая завіруха. На асобных участках дарог галалёдзіца. Уначы тэмпература паветра складзе мінус 1—8 градусаў, а пры праясненнях — да мінус 10 градусаў. Удзень слупок тэрмометра пакажа ад мінус 4 градусаў па ўсходзе да плюс 4 па паўднёвым захадзе краіны.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у пачатку працоўнага тыдня ў Беларусь пачне паступаць больш цёплая паветраная маса, і тэмпературны фон будзе павышацца. Пачне актыўна раставаць снежнае покрыва, што будзе спрыяць стварэнню туманаў.

У панядзелак месцамі па краіне чакаюцца мокры снег і дождж. У асобных раёнах слабы туман, на дарогах галалёдзіца, ноччу слабы галалёд. Тэмпература паветра ўначы будзе вагацца ад мінус 6 градусаў да 1 цяпла. Днём сіноптыкі абяцаюць ад 0 да плюс 5 градусаў. У аўторак месцамі па краіне чакаюцца невялікія кароткачасовыя ападкі, у асноўным мокры снег. На асобных участках дарог галалёдзіца. Уначы тэмпература паветра апусціцца да мінус 5 — плюс 1 градуса. Удзень будзе ад мінус 3 да плюс 3 градусаў.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.