Кожная кніга з дзённікавымі запісамі (а Віктар Шніп вызначыў і жанр: «Дзённікавы раман паэта») — чаканая для пэўнай кагорты чытачоў. Гэта дакладна. Не памятаю слова ў слова, але дзесьці адна руская паэтэса, якая, хаця і пераехала з Мінска ў Маскву, эмацыйна дзялілася шкадаваннем, што раней не чытала кнігі дзённікаў Віктара Шніпа. Маўляў, знайшла ў гэтых лаканічных тэкстах столькі знаёмых імёнаў. Адкрыла для сябе тое літаратурнае, мастацкае жыццё, пра якое не ведала ці мала ведала, жывучы яшчэ ў Мінску... Дзённікавая проза Віктара Шніпа, якая прыйшла да чытачоў з кніг «Пугачоўскі цырульнік» (2013), «Заўтра была адліга» (2015), «Трава бясконцасці» (2018), «Заўтра была адліга-2» (2022) — не толькі для сённяшніх удзельнікаў літпрацэса ў Беларусі ўспамін пра блізкае ці не зусім далёкае, не толькі для іх інтэрпрэтацыя працэсаў і з’яў у галіне літаратурнага, кніжнага жыцця. Гэта яшчэ — і мастацкі дакумент часу.
«2. 06. 2017. У Маладзечна, дзе ў Палацы культуры адбылася прэзентацы кнігі „Марыя Захарэвіч. Талент, адухоўлены любоўю“, прыехалі незаўважна хутка. Усю дарогу Мікола Шабовіч і Дзмітрый Пятровіч спявалі. Я падпяваў як мог. Марыя Захарэвіч, Анатоль Бутэвіч, Зіновій Прыгодзіч і Соф’я Жыбулеўская слухалі і час ад часу выказвалі сваё захапленне спевамі. На апошнім сядзеннні мікрааўтобуса не драмаў знаёма-незнаёмы Аляксей, што невядома як трапіў у нашу кампанію. Ён з тых людзей, якія ходзяць і ездзяць усюды, дзе робіцца хоць нешта звязанае з літаратурай. Аляксей усю дарогу маўчаў, а потым нідзе не выступаў і толькі на вячэры сказаў, што ён сын аднаго акцёра Рускага тэатра, няштатны карэспандэнт многіх выданняў і актыўны дзеяч Беларускага фонду культуры. Пачуўшы пра гэта, Анатоль Бутэвіч шапнуў мне: „Такога чалавека ў нашым фондзе няма. Што ён гаворыць?“
Да пачатку прэзентацыі ў нас заставалася больш за гадзіну, і мы разбрыліся хто куды. Я з Бутэвічам і Прыгодзічам пайшоў на Цэнтральную плошчу. За намі ўвязаўся Аляксей. І ўсё ж мы змаглі ад яго адарвацца, скарыстаўшыся натоўпам людзей, што слухалі музыку з вялікай сцэны і хадзілі сюды-туды, каб сагрэцца. Было ветрана і холадна.
На мерапрыемства сабралася амаль поўная зала Палаца культуры. Тут я сустрэў знаёмых карэспандэнтаў маладзечанскіх СМІ. Давялося ўсім сказаць па пары слоў. Пазнаёміўся з каляжанкай маёй Людмілы Ірынай Карэнінай. Міхась Казлоўскі падзяліўся ўражаннем ад канцэрта Кастуся Цыбульскага.
Прэзентацыю вяла Таццяна Якушава. Асабліва кранулі прысутных сваім віншаваннем з нагоды выхаду кнігі Марыі Захарэвіч артысты маладзечанскага тэатра, дзе ў свой час яна працавала амаль дзесяць гадоў, ездзячы з Мінска на электрычцы. А калі Марыя Георгіеўна чытала вершы беларускіх паэтаў, у зале амаль усе плакалі. Не стрымаўся і я.
У Мінск вярталіся з песнямі і без Аляксея, які сказаў, што пойдзе глядзець конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні.»
Маладзечна, Ушачы, Маладзечаншчына, Валожыншчына, іншыя прасторы — адрасы, якія адкрывае для чытача Віктар Шніп. Вязынка, Радашковічы, Альбуць, Пуцілкавічы, Кушляны... Мясціны, якія звязаны з творчымі, жыццёвымі лёсамі папярэднікаў, якія даўно сталі блізкімі для ўсіх, хто шануе родную культуру. І — родныя Віктару Шніпу Пугачы, літаратурная Мекка яго паэтычнага, пісьменніцкага таленту. Разам з аўтарам дзённікавага рамана, разам з блізкімі пісьменніку людзьмі мы старонка за старонкай знаходзімся ў падарожжжы, якое напоўнена цеплынёй роднага слова. Нехта ж павінен быў бы зрабіць для беларускага чытача вось гэтую прастору, нехта ж павінен быў пабудаваць яе з разлікам на прыязнасць гасцей, улюбёных у роднае слова! Але гэта зрабіў, у ролі мастака-будаўніка выступіў Віктар Шніп, сканцэнтраваўшы свой талент, свой творчы патэнцыял, сваю мастацкую дысцыпліну на ўважлівым, пільным агляданні жыцця. Дзякуючы аўтару дзённікавага рамана і прадаўжаецца, напаўняецца новымі сэнсамі жыццё літаратурна-краязнаўчых адрасоў. Памятаю, як некалі, толькі сыйшоўшы з друкарскага варштату, захаплялі, прымушалі не раз перачытаць свае старонкі кнігі Яраслава Пархуты і Уладзіміра Содаля. Асабліва — танюткія брашуры Уладзіміра Ільіча Содаля, які сэрцам сваім асвятляў мясціны і постаці нашых беларускіх талентаў, якія гэтым мясцінам абавязаны свайму нараджэнню, свайму пеставанню і гадаванню... Чытаем дзённікавы раман Віктара Шніпа: «16.02. 2018. У Кушляны прыехалі а палове першай. Там ужо былі людзі. Гучалі беларускія песні. Здалёку пазнаў Алеся Жамойціна, а ён мяне. Не бачыліся гадоў 15. Абняліся.
16.06. 2018. Не паспеў агледзецца, дзе тут і што, як Ала Клемянок і яе калегі-журналісты папрасілі адказаць на некалькі пытанняў для газет і тэлебачання. Адказваў і паглядаў на адрогу: ці едуць там Міхась Казлоўскі з Тамарай? Прыехалі. З імі былі Ірына з Маладзечна і Тэрэза з Вішнева. Хутка каля музея-сядзібы сабралася каля сотні, а мо і болей чалавек. Час ад часу то дождж спрабаваў пайсці, то сонца падсушыць мокрую траву. Але асабліва ніхто не ўглядаўся ў неба, бо было што паслухаць, а таксама на што паглядзець.
16.06. 2018. Казлоўскія Міхась з Тамарай і Ала Клемянок звадзілі мяне ў лес, на Лысую гару, да велізарнага валуна, каля якога любіў бываць Багушэвіч і пад які, паводле падання, ён хаваў свае вершы. На валуне пасля смерці паэта кушлянцамі быў выбіты надпіс: «Памяці Мацея Бурачка. 1900». Міхась згадаў, як тут, каля валуна, у кастрычніку 1984 года ён удзельнічаў у пасадцы 60 дубкоў. Ініцыятарам пасадкі дрэў быў заснавальнік музея-сядзібы Францішка Багушэвіча ў Кушлянах Міхаіл Сымонавіч Ляпеха. Сярод бяроз, ялін, асін, рабін выжыла толькі пяць дубкоў. Можа, і больш, але мы адшукалі толькі пяць.
16.06. 2018. На тэрыторыі музея-сядзібы для дзетак працаваў тэатр лялек «Батлейка». Было прыемна глядзець, як малыя паўтараюць за Ірыынай Мышкавец беларускія словы.
16.06. 2018. Вечарам у Фэйсбуку з’явіліся здымкі і нататкі з «Кушлянскага фэсту», зробленыя Алай Клемянок, а пад імі — каментары. Вельмі цікав каментар напісаў Piotr Karwecki: «Тут і мая Бацькаўшчына, і Радзіма...Тут побач засценак Манькавічы, які калісьці называлі Кушляны-Монкавічы, дзе на працягу некалькіх соцень гадоў жылі мае продкі. Быў фальварак Стэрла-Арліцкіх з гэткай жа назвай, уладальнікаў якога НКУС вывез у Сібір. Яшчэ паблізу на працягу некалькіх соцень гадоў існаваў маёнтак Кушляны-Веркеляны з магічнай гісторыяй і раманам пані Альшэўскай з аднарукім Чарняком, які забіў чалавека. Быў засценак Трыколі, былі Марымоны, Радзіма...»
Яшчэ адна адметнасць, якую закранае і ўзвышае да ўвагі да беларускага мастацкага свету Віктар Шніп, — яго запісы цесна звязаны з сацыяльнымі сеткамі. Пісьменнік сам прысутнічае ў Фэйсбуку, уважліва чытае сваіх падпісчыкаў, рэагуе на тыя ці іншыя запісы, паведамленні. Словам, вядзе свой мастацка-публіцыстычны інтэрнэт-дыялог у адпаведнасці з часам, вядома, што робіць гэта, разумеючы, што мастацкае слова, свет беларускага літаратурнага жыцця не павінны абыходзіць важныя лічбавыя рэсурсы, тэхналогіі. Гэта толькі на карысць роднаму слову, яго прапагандзе.
«14. 11. 2017. Прачнуўся а пятай. У пакоі цёпла і цёмна, як пад крылом у анёла. Паглядзеў на смартфоне стужку Фэйсбука, дзе натрапіў на пост пра Гарадок Маладзечанскага раёна. Гэта ў кіламетрах пяці ад маіх Пугачоў. Там жыла мая цётка Шурка Раманчык. У Гарадку ў кніжнай краме для мяне мамай была куплена першая кніжка „Мы з Санькам у тыле ворага“. Гадоў сем таму я абяцаў падарыць пару сваіх кніжак мясцоваму музею. Не забыўся, але не паслаў. І сёння, прыйшоўшы на працу, падпісаў землякам кнігі „Пугачоўскі цырульнік“ і „Заўтра была адліга“. Лепей позна, чым ніколі».
Дзённікавы раман, які шмат значыць з пункту гледжання дакументальнага, інфармацыйнага, не меней важкі і грунтоўны як мастацкі твор. І чытачы ў кнігі «Заўтра была адліга-3», веру, знойдуцца ў розных кутках нашай краіны. Выпуск выдання ажыццёўлены па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Акалічнасць істотная — кніга патрапіць у многія бібліятэкі краіны. Але не міне яна і кнігарняў. Наклад у выдання — 900 экзэмпляраў.
Нагадаем, што набыць кнігу лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Віктара Шніпа «Заўтра была адліга-3» можна ва ўсіх кнігарнях ААТ «Белкніга» і краме «Акадэмкніга» у мІнску па адрасе: праспект Незалежнасці, 72.
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.