Вы тут

Пісьменнік з маёй біяграфіі. Да 95-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Дамашэвіча


Адчуванне добра вядомае кожнаму, хто ўзяўся за пяро: самая вялікая радасць, канешне, — першая публікацыя. Яшчэ студэнтам я друкаваўся ў газетах «Літаратура і мастацтва» (штотыднёвікам яна стала пазней), «Чырвоная змена», «Мінская праўда», «Вячэрні Мінск», часопісе «Беларусь» і іншых. Але нязбытнай заставалася мара трапіць на старонкі «Полымя». Не асмеліўся ў яго паслаць што-небудзь і працуючы па размеркаванні ў рэдакцыі драгічынскай газеты «Запаветы Леніна», сённяшняй «Драгічынскі веснік». А праз дванаццаць месяцаў трапіў служыць лейтэнантам у Забайкальскую ваенную акругу. А пасля, як мае быць, водпуск. Нікуды не збіраўся. Паехаў да бацькоў. Пры гэтым прыхапіў у мінскіх кнігарнях даволі шмат кніг. З гэтым «багажом» і з’явіўся ў вёсцы. Спыніў увагу на зборніку апавяданняў Аркадзя Пінчука «Многа — мала». Прывабіла ўжо тое, што аўтар — ваенны журналіст. Пачаў чытаць… Нечакана мільганула думка: а калі паспрабаваць паслаць рэцэнзію ў «Полымя»?


Уладзімір Дамашэвіч.Фота Кастуся Дробава.

Дапамагаць так прыемна

Узяў школьны сшытак у клетку, разгарнуў яго пасярэдзіне, каб атрымалася двайная старонка, і пачаў занатоўваць уражанні. Спісаўшы яе, вырваў, пера­вярнуў на зваротны бок. Пасля перайшоў да наступнага. Пісаў дробнымі літарамі, якія ўмяшчаліся ў клетачкі. Рабіў так, каб рукапіс заняў менш месца ў канверце. Адпраўляць яго заказным пісьмом не дадумаўся. Толькі наклеіў лішнія маркі.

Спахапіўся пасля вяртання з водпуску ў часць. А ці дайшла мая рэцэнзія ў «Полымя»? Адказ прыйшоў у жніўні 1970 года. У войска я выпісваў «Полымя», «Беларусь», «Маладосць», «ЛіМ». Яны прыходзілі ў бандэролях. Раскрываю чарговую палымянскую і… У восьмым нумары за 1970 год поруч з іншымі змешчана і мая мая рэцэнзія на кнігу Аркадзя Пінчука. Нават загаловак у рэдакцыі не памянялі. Як напісаў «Ля вытокаў сталасці», так і пакінулі.

Ужо звольніўшыся з войска, даведаўся, што такі падарунак мне падрыхтаваў літаратурны работнік аддзела крытыкі і літаратуразнаўства «Полымя» Уладзімір Дамашэвіч. Дзякуючы яму ў дзявятым нумары «Полымя» за 1971 год з’явілася і мая рэцэнзія «Скрозь жывуць людзі» на кнігу Уладзіміра Мехава «Добры вечар, камбат!». На той час я ўжо месяц працаваў у Капылі, а з ве­расня 1972 года пачалася мінская старонка ў маёй дзейнасці. Праз некаторы час пазнаёміўся і з Уладзімірам Максімавічам.

Працуючы ўжо загадчыкам аддзела прозы часопіса «Маладосць», ён адкрыў дарогу ў літаратуру многім ма­ладым празаікам. Згадваючы іх імёны, шчыра гаварыў: «Усе яны прайшлі не толькі праз рэдакцыю, але і праз маё сэрца, пакінуўшы ў ім нейкі след. Мне прыемна і радасна ад таго, што я ім хоць у нечым памог, падказаў хоць слова, наштурхнуў на нейкую думку, бо і я адчуваў іх удзячнасць і шчырае жаданне зрабіць свае творы яшчэ больш дасканалымі. І я буду яшчэ больш шчаслівы, калі яны ўсе мяне апярэдзяць […]».

Адсюль сілы для ўзлёту

Ва Уладзіміра Максімавіча дзве аўтабіяграфіі. Здавалася б, навошта пісаць яшчэ адну, калі асноўнае ўжо сказана. Аднак не мог не зрабіць два варыянты свайго жыццяпісу. Адну аўтабіяграфію «Родным мясцінам паклон» напісаў для гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць» Ляхавіцкага раёна, а «Другая прыступка» змешчана ў выданні, прысвечаным Клеччыне. Патлумачыў так: «Ляхавіцкая зямля была мне першаю прыступкаю ў жыцці, Клецкая — другою. Калі бацькава Вадзяціна абудзіла маю душу, то матчыны Якшычы раскрылі мне вочы на свет, абудзілі маю свядомасць. Тут скончылася маё маленства, пачалося юнацтва. Тут я набіраў сілы для ўзлёту, для дарогі ў людзі».

У Вадзяціне (сам часцей пісаў Вадзеціна) ён нарадзіўся 17 лютага 1928 года. Тады гэта быў Баранавіцкі павет Навагрудскага ваяводства. Але, калі споўнілася дзесяць гадоў, сям’я пераехала ў Якшычы, на радзіму маці. У той час гэтая вёска адносілася да Клецкай гміны. Іншая мясцовасць, іншыя людзі: «З лесу мы пераехалі на поле, роўнае і адкрытае. Жыццё мне здалося тут цікавейшае, не такое, як было там, у лесе. Нешта як бы істотна змянілася: сапраўды, я тут стаў далей бачыць. У мяне паявіліся новыя сябры, з імі я хадзіў у школу, мы разам пасвілі каровы, разам гулялі».

Пасля школы была вучоба на аддзяленні беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Накіравалі на працу ў Вучэбна-педагагічнае выдавецтва БССР (сённяшняя «Народная асвета»). Працаваў і ў іншых выдавецтвах. Адбылося тое, што вылілася ў такое прызнанне: «[…] я не збіраўся стаць пісьменнікам, але так склаўся мой лёс, што жыццёвая плынь выкінула мяне на востраў пад назваю Беларуская Літаратура».

Не забудзем, ніколі не забудзем

Дзве тэмы дамінуюць у яго творчасці: жыццё Заходняй Беларусі і Вялікая Айчынная вайна. Часцей яны ўзаемазвязаны. Бо літаратурныя героі іх з родных яго мясцін. У тым ліку і персанажы аповесці «Трэці лішні». Апублікаваная ў сёмым нумары часопіса «Маладосць» за 1958 год, яна стала яго літаратурным дэбютам. Цікава прасачыць, як у сваіх наступных творах «малога» жанру пісьменнік, па сутнасці, адштурхоўваючыся ад сябе «першапачатковага», удасканальваў майстэрства. Адначасова пашыраў тэматычныя абсягі сваёй прозы.

Калі ў «Трэцім лішнім», як ужо сведчыць назва твора, расказваецца пра нешчаслівае каханне, то ў «Заклінаю ад кулі», таксама змешчанай у «Маладосці», толькі ў дзясятым нумары за 1959 год, паўстае адна з трагічных старонак барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Бадай, не трэба папракаць Уладзіміра Дамашэвіча ў «гучнай патэтыцы і псіхалагічнай спрошчанасці», што заўважаецца і ў прадмове Валянціны Локун да кнігі «Самабытны талент». Гэта ў нечым адчувальна, калі да асэнсавання тых падзей ставіцца з агледзін сённяшняга дня. Тады ж ім пісалася ўсё шчыра. І гэтаксама шчыра, ад усяго сэрца выказвалася.

Сярод літаратурных персанажаў — і маладыя вяско­выя настаўнікі Валя Калейнік і Лявон Лукашык з аповесці «Між двух агнёў». Яны кахаюць адно аднаго, вераць у шчаслівую будучыню. Аднак акупацыя ставіць крыж на каханні. Лукашык становіцца здраднікам, выдае каханую немцам, якія жорстка распраўляюцца з ёю.

Ужо ў гэтым творы малады пісьменнік выразна акрэсліў сваю грамадзянскую і мастакоўскую пазіцыю. Як і Іван Навуменка ў сваіх апавяданнях, ён услаўляў усенародную барацьбу з фашызмам. Пафасна, узнёсла, але шчыра, ад усяго сэрца гучала: «Эй вы, партызанскія ночы! Неспакойныя халодныя ночы, доўгія цяжкія зімы! Завеі, маразы! Выбухі, кулі, раны! Глыбокія, балючыя, суровыя шрамы на ўсё жыццё!.. Беларускія хлопцы, дзяўчаты! Вашай адвагі, вашай крыві і пакутаў не забудзе ніхто! З вашых учынкаў, малых спраў і вялікіх, — будзе дзівіцца ўвесь свет. Пазарастаюць травою магілы, асыплюцца ў лесе нізкія зямлянкі, вырасце новае пакаленне людзей, што не чула, не ведала вайну, а ваша слова будзе звінець бясконца — пакуль будзе стаяць зямля!»

З гэтай упэўненасцю пісаў у суаўтарстве з журналістам Уладзімірам Сазановічам дакументальна-мастацкую аповесць «Першым заўсёды цяжка», у якой расказваецца пра дзейнасць камсамольцаў-падпольшчыкаў Клецкага раёна. Валянціна Локун заслужана дала ёй высокую ацэнку: «Па глыбіні псіхалагічнага адлюстравання, ідэйнай накіраванасці, патрыятычным пафасе аповесць набліжаецца да хрэстаматыйнага ў савецкай літаратуры рамана А. Фадзеева “Маладая гвардыя”. Маладыя хлопцы і дзяўчаты, фанатычна адданыя ідэі сацыялістычнай радзімы, уздымаюцца на барацьбу з ворагам і, прайшоўшы праз нечалавечыя пакуты і выпрабаванні, гінуць з імем Радзімы на вуснах. Аповесць У. Дамашэвіча можна аднесці да “эталонных” твораў літаратуры сацыялістычнага рэалізму».

Тое, што ўласна перажыта

Не ўсё з напісанага ім адразу трапляла ў друк. Такі лёс і рамана «Камень з гары». Закончыў яго ў 1969 годзе, а твор пабачыў свет толькі праз 21 год, калі ў 1990-м выйшаў асобнай кнігай у выдавецтве «Мастацкая літаратура».

У характары галоўнага героя гэтага рамана прысутнічаюць аўтабіяграфічныя рысы. Аднак падыходзіць да рамана неабходна ўсё ж як да рэчы мастацкай, бо ў ім шмат абагульненага, тыпізаванага. Гэта тычыцца і характару Драгуна, з якім чытач знаёміцца ў той момант, калі ён вырашыў перайсці ў выдавецтва, што займалася выпускам мастацкай літаратуры.

Уладзімір Дамашэвіч паказвае свайго героя ў момант, калі той у многім выбіты з жыццёвага сядла (выбар прозвішча невыпадковы. Як тлумачыць ён свайму сябру Місюку, «драгун — гэта коннік, які ўмее быць і пехацінцам»). «Пехацінцам» ён стаў па збегу абставін. Але не хоча з гэтым незайздросным становішчам мірыцца, намагаецца зноў узабрацца на «скакуна».

Спачатку пісьменнік больш засяроджваецца на выдавецкіх клопатах героя, але паступова пераходзіць і да падрабязнага знаёмства з яго сямейным жыццём. Гэтыя дзве плыні, службовая і асабістая, праўда, не заўсёды належна стасуюцца, але пакрысе ў творы наступае свайго роду раўнавага. Сямейнае жыццё галоўнага персанажа ўжо не выглядае нейкім дадаткам да таго, чым ён займаецца на рабоце. Раздваення асобы не назіраецца. Няўвязкі на службе не толькі ўплываюць на абвастрэнне сямейных канфліктаў, але і паскараюць іх. У чымсьці нават як бы правакуюць. «Пажар», што пакрысе разгараецца на рабоце, дома не тушыцца. Вера не разумее мужа. Дый, па сутнасці, да гэтага і не імкнецца.

Разрыў Драгуна з жонкай у рамане паказаны настолькі пераканаўча, што гэтую гісторыю ўспрымаеш так, нібы быў яе сведкам. Праз сябе прапускаеш жыццёвую неўладкаванасць галоўнага героя. Са шкадаваннем ставішся да яго, найсумленнейшага чалавека, якому так не шанцуе. З-за сумленнасці, як ні дзіўна, ён і пакутуе. Становіцца без віны вінаватым. Аднак не толькі гэты вузел даводзіцца яму развязваць. Да ўсяго ён такі, да каго не так і лёгка падступіцца.

Сітуацыя быкаўская

Доўгім быў шлях да чытача і апавядання «Самасуд». Напісанае ў 1971 годзе надрукавалі толькі ў 1988-м. Бясспрэчна, яму часам бракуе псіхалагізму. Затое сітуацыя, без перабольшвання, быкаўская, а таму і неардынарная. З якой цяжкасцю падобныя творы часта траплялі ў друк, добра вядома.

Тое, што пакладзена ў аснову твора, настолькі трагічна, што такі выключны выпадак знайсці, бадай, і немагчыма. На фронце адбыўся не проста самасуд, а самасуд двайны. Спачатку камандзір роты капітан Казельскі застрэліў за непаслушэнства сяржанта Любчанку, а праз колькі хвілін, даведаўшыся пра гэта, камандзір узвода лейтэнант Ладуцька забіў Казельскага.

Найбольш удалася Уладзіміру Дамашэвічу другая частка апавядання, дзе расказваецца пра знаходжанне Ладуцькі ў штрафной роце. Пасля бою, у якім колішні лейтэнант паказаў прыклад асабістага гераізму, — дарэчы, раней ён ужо быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём «За адвагу», — няма сумнення: такія людзі, хоць яны і дэманструюць эксцэнтрычныя паводзіны, у цяжкую хвіліну ніколі не падвядуць.


Аднак нягоды не выбівалі Уладзіміра Дамашэвіча з жыццёвай каляіны. Усцешвала, што не абыдзены чытацкай увагай. Радавала прыязнае стаўленне тых, каго падтрымаў на пачатку творчай дарогі. Паважна ставіўся і да вядомых пісьменнікаў. Дарэчы, быў першым рэдактарам аповесці Васіля Быкава «Жураўліны крык».

Аптымізму, натхнення надавала і сувязь з роднымі мясцінамі. У Ляхавіцкім раёне жыла старэйшая сястра Марыя, у Клецкім — малодшая Ніна: «Праўда, не там, дзе калісьці стаялі нашы хаты — бацькава і матчына, — аднак жа блізка ад тых мясцін. І заўсёды, пабываўшы там, пахадзіўшы па зямлі, дзе бегаў босы, я адчуваю сябе памаладзелым на некалькі гадоў, з надзеяй і верай гляджу на нашых працавітых людзей, і будучыня іх, насуперак усім сённяшнім нягодам, уяўляецца мне светлаю і шчасліваю».

Доўгі час жыў у Клецку, у хаце сваёй жонкі Галіны Пілецкай, якой гэтае жытло перайшло ў спадчыну ад бацькоў. Не стала Уладзіміра Дамашэвіча 30 красавіка 2014 года.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.