Вы тут

На «Мінскай лыжні» Прэзідэнт гаварыў не толькі пра спорт


У Беларусі Масленіца праходзіць бадзёра і спартыўна. У Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту традыцыйна праходзіць спартыўна-масавае мерапрыемства «Мінская лыжня». У праграме — біятлонныя эстафетныя гонкі розных каманд, у тым ліку каманды вышэйшых органаў улады, цэнтральных апаратаў сілавых міністэрстваў і ведамстваў, рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і аматарскіх каманд. Па традыцыі — на старце і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. 


Каманда кіраўніка дзяржавы ў складзе вядомых беларускіх спартсменаў Сяргея Новікава, Людмілы Калінчык і Вольгі Назаравай першай прыйшла да фініша ў біятлоннай эстафетнай гонцы сярод каманд вышэйшых органаў улады. Але сёлета каманда Прэзідэнта выступала па-за конкурсам. Атрымаўся сапраўдны майстар-клас ад кіраўніка дзяржавы і знакамітых біятланістаў. А ў спаборніцтвах каманд вышэйшых органаў улады першы радок заняла каманда Камітэта дзяржаўнага кантролю, на другім месцы — Нацыянальны алімпійскі камітэт, на трэцім — каманда Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. 

За спаборніцтвамі каманд уважліва назіраў і Аляксандр Лукашэнка. Таксама кіраўнік дзяржавы сустрэўся з журналістамі і абмеркаваў з імі спартыўныя і не толькі пытанні. Гэта дарэчы, таксама адна з традыцый «Мінскай лыжні». 

На спартыўным свяце варта пагаварыць пра спорт. На жаль, у сённяшніх умовах на першым месцы — непрыемныя спартыўныя пытанні. У прыватнасці, заявы Міжнароднага алімпійскага камітэту аб допуску беларускіх і расійскіх спартсменаў на міжнародныя старты ў нейтральным статусе, што выклікае негатыўную рэакцыю некаторых краін, якія нават пагражаюць байкотам Алімпійскіх гульняў. Журналісты пацікавілся меркаваннем Прэзідэнта, наколькі прымальна выступаць пад нейтральным сцягам і пры выкананні розных умоў. 

«Для нас непрымальна не ўсё. Але, зноў жа, уважліва сачыце: маскі скінуты. МАК, Бах гаварылі аб тым, што мы можам дапусціць. Калі можам — прымайце рашэнне», — адзначыў Прэзідэнт. «Справа сёння не ў сімвалах, не ў флагах, не ў гімнах. Гэта важна. Справа ў рабятах, якія прысвяцілі сваё жыццё спорту. Яны ж калечаць лёсы людзей. І Бах — ён жа вялікі спартсмен. Ён што, не разумее, што значыць спартсмена пазбавіць удзелу? Прытым нізашто. На роўным месцы. Яны што, бандыты, яны недзе ваявалі? Яны выходзілі на плошчу і крычалі: „Давай вайну, давай забівай“? Яны ж гэтага не рабілі. Пры чым тут яны», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

Па словах кіраўніка дзяржавы, зараз на Беларусь і Расію ідзе ціск па ўсіх напрамках, у тым ліку і ў спорце. Галоўная мэта — прыдушыць Беларусь і Расію, каб нашых краін не было ўвогуле. «Гэтаму не бываць. Проста мярзотнікі, інакш нічога не скажаш», — канстатаваў беларускі лідар.

«Зараз трэба расхістасць Беларусь»

Журналісты папрасілі Прэзідэнта пракаментаваць фэйкавыя ўкіды аб стратэгіі Расіі, якая нібыта да 2030 года мае мэтай паглынуць Беларусь. «Уважліва сачу за гэтым. У нас ёсць свая стратэгія? Ёсць. У Расіі, ядзернай буйной дзяржавы, ёсць свая стратэгія? Ёсць. У Расіі ў дачыненні да Беларусі ёсць свая стратэгія — жыць як са сваімі братамі ў міры і сяброўстве. Сто працэнтаў», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

Ён не выключае, што такі дакумент быў, але ён быў падрыхтаваны тры гады таму. Якраз тады, калі распрацоўваліся інтэграцыйныя карты, сёння вядомыя як Саюзныя праграмы, вакол якіх было шмат розных пунктаў гледжання. Эксперты Беларусі і Расіі прапаноўвалі сваім Прэзідэнтам розныя шляхі супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. «Розныя былі прапановы, аж да ўваходжання Расіі ў склад Беларусі. Чаму Беларусь павінна ўвайсці ў склад Расіі, няхай Расія ўвойдзе ў склад Беларусі», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка., -«Але гэта не галоўнае. Дзе яны былі тры гады? Дакумент старажытны, пры гэтым яго ніхто не хаваў. Чаму не казалі раней? А зараз трэба Беларусь ускалыхнуць, трэба расхістаць Беларусь», — растлумачыў ён. 

Прэзідэнт звярнуў увагу, што гэта робіцца не проста так. Наступны 2024 год у Беларусі электральны: і выбары дэпутатаў усіх узроўняў, і УНС, а затым 2025 годзе прэзідэнцкія выбары. «Трэба зараз пачынаць расхістваць. Гэтыя ж былыя, збеглыя, яны ўжо ім тут не дапамогуць. Трэба новенькіх прыгатаваць, цяжкавата, праўда, з фінансаваннем, мы за гэтым глядзім уважліва. Вось таму пачалі паціху расхістваць. Вось яны гэта пачалі, знойдуць яшчэ нейкія тэмы», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што гэта тэма ўзнікла ў адзін дзень, у адну гадзіну і пайшла па ўсіх блогерах, па ўсіх сетках, у інтэрнэце — адначасова. «Гэта пра што гаворыць? Каманду далі. Там адначасова ўсё было пададзена. Вось у чым пытанне. Нас жадаюць расцягнуць, разарваць», — заўважыў беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што хутка грунтоўна давядзе ўсе 28 Саюзных праграм. Галоўнае ў іх — мытныя справы і падатковая сфера. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на нараканні наконт паднятых падаткаў і акцызах. «Так, расіяне нам кажуць: калі вы жадаеце па цыгарэтах агульны рынак, калі вы жадаеце на нашым рынку прадаваць свае цыгарэты, ну давайце выраўнуем цэны. Гэта ж правільна. Нават калі мы акцызы павысілі на цыгарэты, мы што, у чалавека кавалак хлеба адабралі? Дык скажыце, што мы тут пры гэтым страцілі? Даходы ў бюджэт павысілі за кошт другараднага тавару, без якога чалавек можа абысціся», — заўважыў Прэзідэнт. Пры гэтым ён падкрэсліў, што на шчасце, беларусы сталі менш курыць. 

Падобная сітуацыя і ў мытнай сферы. У Беларусі ўжо даўно працуе група з трох дзясяткаў расійскіх спецыялістаў, якія ўзаемадзейнічаюць з беларускімі калегамі па профільных пытаннях. «Цяпер дамовіліся: мы гэтую групу дзелім напалову — 15 нашых, 15 іх. І выключна кансультацыйныя паслугі. Што дрэннага, калі суперспецыялісты будуць у гэтай групе і будуць нам, ім падказваць, як паводзіць мытныя справы?», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што на этапе абмеркавання і распрацоўкі інтэграцыйных карт было вырашана адмовіцца ад усяго, што на той час выклікала насцярожнасць і што тады бакі не маглі рэалізаваць. Пакінулі толькі тое, што выгадна і што ідзе ў плюс. «Гэта нам у плюс мільярды долараў. Таму нас проста хочуць яшчэ раз рассячы. Таму ўзнікла гэтая тэма — „упіхнуць“ Беларусь у склад Расіі. Нічога жывога ў гэтым няма. Маю пазіцыю вы ведаеце, яна нязменная: мы незалежная, суверэнная дзяржава. Будучы незалежным, суверэнным, хто побач з Расіяй стаіць? Ніхто, апроч Беларусі», — сказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што так гэтыя пытанні разумее і Прэзідэнт Расіі: «Вось у апошнюю сустрэчу мы з ім доўга абмяркоўвалі гэтыя пытанні. Адкрыю сакрэт: учора мы ўвечары з ім доўга размаўлялі на розныя тэмы. У нас адносіны, дай Бог, каб заўсёды былі такімі. І пасля мяне каб яны былі такімі. І каб нашы дзеці жылі ў такіх умовах. Таму не слухайце гэтую брахню і балбатню. Яны народжаны, каб нас раскалоць».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пры распрацоўцы саюзных праграм Беларусь і Расія пераймалі адна ў адной найлепшыя напрацоўкі. І ў гэтым няма нічога дрэннага. У выніку ўсё роўна ўсе дзеянні накіраваныя на інтарэс народа. 

«Сабакі брэшуць — караван ідзе»

Журналісты не пакінулі без увагі нядаўнія непрыемныя сітуацыі, якія адбыліся на міжнародных пляцоўках. Напрыклад, на пасяджэнні Парламенцкай Асамблеі АБСЕ латвійскі дэпутат у недыпламатычных выразах абразіў расійскага калегу, былі правакацыі адносна кіраўніка беларускай дэлегацыі, старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Андрэя Савіных. Генасамблея ААН рыхтуе чарговую антырасійскую рэзалюцыю. «Ці патрэбны нам увогуле такія міжнародныя пляцоўкі і ў прынцыпе дыялог з Захадам», — спыталі журналісты ў кіраўніка дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адказаў, што міжнародныя пляцоўкі патрэбны як мінімум па адной важнай прычыне — не задаволіць жаданні тых, хто хоча, каб беларусы адтуль сышлі. «Ніколі не трэба рабіць так, як хоча твой вораг ці супернік. Гэта аксіёма. Мы адтуль не пойдзем», — канстатаваў беларускі лідар, — «Яны ж не нас абразілі ці расіян, яны ў чарговы раз паказалі свой твар. Хто ён такі, гэты латыш ці літовец? Хто ён такі? Каго вы абражаеце? Вы абражаеце рускіх і беларусаў, якія выратавалі вас ад карычневай чумы. Хаця б пра гэта падумалі. Але яны аб гэтым не думаюць... Хай віскочуць, няхай крычаць. Мы павінны ісці сваёй дарогай, сваім шляхам — сабакі брэшуць, караван ідзе. Вось па гэтым прынцыпе мы павінны жыць і працаваць, не звяртаць увагі і не каментаваць, паказваць іх нахабства і ідыятызм. Больш нічога не трэба», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы пра міжнародныя пляцоўкі Прэзідэнт, прывёў у прыклад Арганізацыю Аб’яднаных Нацый, дзе моцныя дзяржавы, у прыватнасці ЗША, часта ціснуць на меншых у пытанні іх галасавання, выкарыстоўваючы для гэтага фінансавыя інструменты. Па яго словах, ААН — гэта пляцоўка, дзе можна пагаварыць, нешта абмеркаваць. Але на палях ААН ні разу не было прынята нармальнага рашэння. «Добра, не па вайне. Няхай бы беднасць зменшылі ў свеце. Няхай бы небаракам нейкім дапамаглі, працавалі бы па гуманітарных пытаннях. Але ўсюды разыходжанні», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што калі Расія і Беларусь уносяць рэзалюцыю па пытаннях бяспекі, то амерыканцы ды іншыя галасуюць супраць. «Ну гэта нонсэнс», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што ў розныя перыяды падчас напружання ў Іраку, Сірыі, Афганістане, Украіне ніхто ў АБСЕ не выказаў жадання сабрацца на вышэйшым узроўні і паразмаўляць. «Захад гэтага не хоча. Захад не хоча гэтай размовы. Я ж прапаноўваў: давайце збяромся, пагаворым, калі ў Афганістане, Сірыі вайна пачалася. Кіраўнікі дзяржаў павінны збірацца. Я двойчы ці тройчы быў на такіх нарадах. Дык цяпер нават збірацца не хочуць. На ўзроўні міністраў замежных спраў у лепшым выпадку. Таму гэта інструмент для націску. Хто мае там большасць, той і пачынае ціснуць», — сказаў ён. 

Таксама беларускі лідар звярнуў увагу, што асноўная сфера адказнасці АБСЕ — бяспека і супрацоўніцтва ў Еўропе, і гэтая арганізацыя не мае ніякага дачынення да выбараў. «Не, яны ўлезлі сюды. Таму што выбары — інструмент кагосьці зваліць у нейкай краіне. Займаюцца пустатой». Але мы будзем там, хоць нас там троляць, ціснуць і іншае, каб паказваць іх ідыятызм«, — падсумаваў ён. 

Журналісты згадалі аб Прыднястроўі як аб яшчэ адной патэнцыйнай гарачай кропцы ў рэгіёне. У інфармацыйным полі ўжо гучалі папярэджанні аб магчымай правакацыі, аб назапашванні тэхнікі на ўкраінска-малдаўскай мяжы. У сувязі з гэтым у кіраўніка дзяржавы спыталі, ці магчыма, на яго думку, што Украіна адкрые другі фронт. «Я ў гэта не веру. Гэта ім нявыгадна. Захад хацеў бы адным ударам вырашыць праблему з Расіяй і ў Прыднястроўі закрыць гэту „шэрую дзірку“, як яны гавораць, і аб’яднаць Малдову, запхнуць яе ў Румынію або зрабіць празаходняй. Гэта іх мэта. Украінцам гэта не трэба. Я не веру, што ўкраінцы здурнеюць і развяжуць нейкі другі фронт», — адказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён заўважыў, што ў Прыднястроўі прысутнічаюць расійскія вайскоўцы і тэхніка, узбраенне, якія ў выпадку чаго змогуць даць адказ. Тады, па словах Прэзідэнта, мала не падасца. 

На думку кіраўніка дзяржавы, што сітуацыя ў Прыднястроўі выкарыстоўваецца Захадам, каб дэстабілізаваць абстаноўку ў рэгіёне. Па яго словах, у інтарэсах Захаду ўсюды ўсё расхістаць: «Я не веру, што ўкраінцам гэта трэба. Калі яны адкрыюць там другі фронт — гэта смерці падобна».

Літоўцы і палякі хочуць беларускай «дыктатуры»

Не засталіся без увагі і ўнутраныя праблемы Беларусі. У прыватнасці, нядаўнія сур’ёзныя аварыі пад Смалявічамі і пад Бабруйскам. Прэзідэнт расказаў, што ён у курсе і хутка будзе дадзены аналіз гэтай сітуацыі. «Мяне гэта насцярожвае, асабліва маршруткі. Я даручыў, група працуе, дзяржсакратар займаецца з урадам, каб мне далажылі, што адбываецца на самой справе», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на важнасць захавання парадку на дарогах, і ў першую чаргу на падрыхтоўку і паводзіны вадзіцеляў, а таксама тэхнічнага стану транспартных сродкаў. 

Адна з актуальных тэм — рашэнне польскіх улад абмежаваць рух для грузаперавозчыкаў праз пункты пропуску на граніцы з Беларуссю. Такія рашэнні закранаюць і грузаперавозчыкаў, якія едуць у Азію. «Гэтыя звар’яцелыя нават не думаюць, калі робяць нейкі крок. Хочаце вы нашкодзіць Расіі — паспрабуйце, у вас ёсць граніца з Калінінградскай вобласцю. Беларусі хочаце нашкодзіць — нашкодзьце тут, у нас жа вялізная, тысячу кіламетраў граніца. Але што ж вы адсякаеце тых, хто вас корміць? Казахстан сёння, асабліва калі ўвялі санкцыі супраць вуглевадародаў з Расіі, забяспечвае Еўропу вуглевадародамі, нафтай. Навошта ж вы іх адрэзалі? Людзі страцілі працу», — адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што ад такіх рашэнняў пацерпяць і польскія грузаперавозчыкі: «Нам ад гэтага ні горача, ні холадна, мы ж туды не ездзім. Мы заехалі ў Польшчу ці на нашай тэрыторыі яны зачапілі прычэп і пацягнулі. Палякі, Еўрасаюз да нас заехалі, мы бяром прычэп і вязем далей. Мы даўно ўвялі гэты парадак. Мы ж таксама іх не гладзім па галоўцы. Навошта яны цяпер увялі? Хочуць паказаць сваю значнасць перад патронам, які нядаўна прыязджаў да іх (візіт у Польшчу Прэзідэнта ЗША Джо Байдэна. — Зв.). Трэба ж было паказаць, што яны тут за амерыканцаў „ваююць“ і гатовы на ўсё — і сабе ў галаву стрэліць. Проста ідыёцкі ўчынак», — сказаў беларускі лідар. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, на такія рашэнні ўплывае і тое, што ў Беларусі дзейнічае бязвізавы рэжым для грамадзян Літвы і Польшчы, што раздражняе кіраўніцтва гэтых краін. 

«Калі прыехалі палякі, літоўцы да нас, паглядзелі на нашу „дыктатуру“ і гавораць: „Мы таксама хочам“. А хацелкі народа Літвы і Польшчы не супадаюць з хацелкамі і дзеяннямі ўлад Польшчы і Літвы. Гэта галоўнае. Але людзі разбяруцца. У іх у бліжэйшы час таксама выбары за выбарамі. Вось паглядзім, як дэмакратычна яны правядуць іх. Калі яны дадуць людзям прагаласаваць, народы іх смятуць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

«Лепшых спаборніцтваў няма»

З журналістамі Прэзідэнт размаўляе часта. Але, як правіла, гэта рабочыя, а не святочныя сустрэчы. Таму журналісты пацікавіліся яго ўражаннямі ад «Мінскай лыжні» і гонкі. «Лепшых спаборніцтваў у Беларусі няма, чым наша аматарская традыцыйная лыжня. Я вам раю, каб зразумець знутры гэтае мерапрыемства, устаць на лыжы і паспрабаваць пабегаць тут. Асабліва ў такіх дзікіх умовах. Вось тады вы зразумееце, што гэта такое. Менавіта на гэтай трасе, калі мокры снег, калі лыжы не слізгаюць, тармозяць, а тут яшчэ страляць трэба», — адказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён заўважыў, што ў пачатку спаборніцтваў надвор’е было адно, а падчас гонкі пайшоў дождж са снегам. А бегчы на лыжах па снежым снезе — вельмі цяжка. Але па словах Прэзідэнта, галоўнае, што на «Мінскай лыжні» людзі ўбачылі, што спортам трэба займацца. 

«На лыжах трэба хадзіць і за сабой прыцягаць дзяцей. Ты ідзеш, няхай дзіця ідзе за табой, няхай вучыцца», — параіў кіраўнік дзяржавы, звярнуўшы ўвагу, што ўсе яго сыны займаюцца спортам, — «Гэта здароўе, менш будуць хварэць. Менш будзеце верыць у пандэмію і розныя вірусы. І наогул хваробы вас чапаць не будуць. Асабліва дзяўчат, якім трэба нараджаць траіх і больш дзяцей».

Калі чалавек спартыўны — будзе ладзіцца і яго асноўная работа

А пакуль Прэзідэнт адказваў на пытанні журналістаў, у Раўбічах грымела свята, а на біятлонных трасах разгортваліся спартыўныя баталіі. Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў падкрэсліў, што «Мінская лыжня» традыцыйна праходзіць з удзелам каманд дзяржорганаў, што сведчыць аб шырокай уцягнутасці ў заняткі фізічнай культурай і спортам. «Усе ведаюць адносіны Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі да спорту. Ён лічыць, што спорт — гэта залог здароўя і добрага рытму жыцця. Калі чалавек спартыўны, падцягнуты, будзе ладзіцца і яго асноўная работа», — адзначыў ён.

Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч заўважыў, што такія мерапрыемствы арганізуюцца для папулярызацыі фізкультуры і спорту, для далучэння моладзі да лыжнага спорту і здаровага ладу жыцця. «У нашай краіне фізкультуры і спорту ўдзяляецца вялікая ўвага. Гэта адзін з напрамкаў аздараўлення людзей. Будзе здаровая нацыя — значыць, усё ў нас будзе добра, наша нацыянальная бяспека будзе на самым высокім узроўні», — адзначыў ён. Аляксандр Вальфовіч падкрэсліў, што ні адна краіна на постсавецкай прасторы не пахваліцца такой колькасцю спартыўных збудаванняў, якія ствараюцца не толькі для моладзі, але для ўсіх пакаленняў. Дзяржсакратар прызнаўся, што нават у шчыльным рабочым графіку знаходзіць час для пастаянных заняткаў спортам. «Кіраўнік павінен умець выбудоўваць сваю работу: і працаваць, і знаходзіць час для спорту і адпачынку», — падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.