Вы тут

З архіўных крыніц


У першай палове 1987 года кіраўніцтва Беларусі правялі ў ЦК Кампартыі Беларусі шэраг сустрэч з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі. Размовы, відаць па ўсім, былі па сутнасці, з разлікам на тое, што высокія службовыя асобы пісьменнікаў, мастакоў, дзеячаў тэатральнага мастацтва пачуюць. Праблем жа, як заўсёды, звышдастаткова... 


І вось 29 ліпеня 1987 года адбылося пасяджэнне Бюро ЦК партыі. Старшынстваваў, зразумела, першы сакратар — тады ім быў Яфрэм Яўсеевіч Сакалоў. Прысутнічалі члены Бюро ЦК: Балуеў, Борыс, Дземянцей, Еўтух, Кебіч, Колаколаў, Ляпёшкін, Малафееў, Пячэннікаў, Хусаінаў, Шуралёў. А таксама — кандыдаты ў члены Бюро ЦК КПБ Ганчарык, Гурын. І — члены ЦК КПБ: Адамовіч, Андрэеў, Більдзюкевіч, Бародзіч, Брыль, Броннікаў, Бураўкін, Бысенка, Бычак, Вячорка, Яршоў, Зінін, Лапо, Макаед, Макаловіч, Мікуліч, Машко, Паўлаў, Пятроў, Плечка, Сухарукаў, Толкач, Трутнеў, Філатчанкаў, Фірысанаў. А яшчэ — кандыдаты ў члены ЦК КПБ: Бадзей, Гулеў, Кернога, Паўлюкевіч, Рудакоўскі, Улашчык. Удзельнічалі ў пасяджэнні Бюро старшыня Рэўкамісіі КПБ Якушаў, член Рэўкамісіі КПБ Філіпаў, загадчык аддзелам ЦК КПБ Вайцянкоў, намеснікі загадчыкаў аддзеламі ЦК КПБ Бузук, Даніловіч, Лойка, намеснік старшыні камісіі партыйнага кантролю пры ЦК КПБ Гнедзька, рэдактар часопіса «Коммунист Белоруссии» Вялічка, намеснік дырэктара БелТА Пранішнікаў, карэспандэнт газеты «Правда» Сімураў. 

Пятае пытанне — «Пра мерапрыемствы па рэалізацыі прапаноў і крытычных заўваг, выказаных на сустрэчах прадстаўнікоў творчых саюзаў рэспублікі ў ЦК КПБ». Дакладчыкамі выступілі Бузук, Пячэннікаў, Малафееў, Борыс, Еўтух, Сакалоў. Прынята рашэнне зацвердзіць мерапрыемствы па рэалізацыі прапаноў і крытычных заўваг, выказаных на сустрэчах прадстаўнікоў творчых саюзаў рэспублікі ў ЦК Кампартыі Беларусі. «... Савету Міністраў БССР, абкамам КПБ, ЦК ЛКСМБ, рэспубліканскім міністэрствам і ведамствам, мінскім гаркаму КПБ і гарвыканкаму, творчым саюзам пра ход выканання дадзеных мерапрыемстваў інфарміраваць ЦК КПБ у чэрвені 1988 г. 

Кантроль ускласці на адзелы культуры, прапаганды і агітацыі, навукі і навучальных устаноў ЦК КПБ». 

Што ж канкрэтна стала прадметам увагі і якія рашэнні прапанаваў галоўны партыйны (лічы, што па тым часе: дзяржаўны!) орган рэспублікі... Дакумент, які стаў своеасаблівым пратаколам па выніках сустрэч і ўжо па выніках Бюро ЦК, так і называецца: «Мерапрыемствы па рэалізацыі прапаноў і крытычных заўваг, выказаных на сустрэчах творчых саюзаў рэспублікі ў ЦК Кампартыі Беларусі». 

Старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, народны паэт БССР Скурко Я. І. (Максім Танк) выказаў наступнае меркаванне: «Творчы саюз старэе. Літаратары да 40 гадоў складаюць у ім усяго толькі 14 працэнтаў. Каб выдацца, маладым пісьменнікам неабходна чакаць 4-5 гадоў. Гэтую праблему ў некаторай ступені можна было б вырашыць выданнем дадатку да часопіса „Маладосць“. Альманахі „Братэрства“ і „Далягляды“ трэба выпускаць не па аднаму, а па два разы ў год. У нас меней, чым у іншых рэспубліках, выдаецца перакладной літаратуры. Мы не перакладаем творы, якія ўганараваны Ленінскімі прэміямі і Дзяржаўнымі прэміямі СССР. Трэба павялічыць аб’ём літаратурна-мастацкіх часопісаў, які быў паменшаны ў 1982 годзе». Рашэнне на 1987 год прапаноўвалася наступнае: «З мэтай выяўлення і падтрымкі творчай моладзі ўвайсці ў ЦК КПСС з просьбай аб адкрыццці новага часопіса «Крыніца» («Родник») на беларускай і рускай мовах; аб выданні бібліятэчкі часопіса «Маладосць». 

Адказнымі кантралюючымі аддзеламі прызначылі аддзелы прапаганды і агітацыі, культуры ЦК КПБ. Часопіс «Крыніца» («Родник») набыў вялікую папулярнасць. На яго старонках дэбютавалі многія яркія беларускія паэты і празаікі. А што да «Бібліятэчкі часопіса «Маладосць», то ў ёй выходзілі і арыгінальныя кнігі, і калектыўныя зборнікі. Гэты кніжны праект паказаў шырокую палітру маладых аўтараў і твораў, дапамог шмат каму ўвайсці ў літаратуру. У памяці — «маладосцеўскія» кнігі Анатоля Сыса, Людмілы Рублеўскай, Паўла Шруба, Уладзіміра Саламахі, Адама Глобуса, Юркі Станкевіча, Алеся Марціновіча, Івана Афанасьева, Таццяны Мушынскай, Івана Сяргейчыка... Хтосьці так і застаўся ўсяго толькі аўтарам кнігі ў «Бібліятэчцы часопіса «Маладосць», але тым не меней у чымсьці і адбыўся як творчая асоба, пакінуў свой след у беларускім прыгожым пісьменстве. Шкада, што падобная «Бібліятэчка...» зараз не выдаецца... Другое рашэнне ў частцы праблем, узнятых Максімам Танкам: «Актывізаваць працу літаратурных аб’яднанняў у рэспубліцы, індывідуальную працу з творчай моладдзю; узнавіць рэспубліканскія семінары творчай і навуковай моладзі». Адказнымі прызначылі ЦК ЛКСМБ, творчыя саюзы. Час выканання — з 1987 года, пастаянна. Яшчэ два даручэнні: першае — «Распрацаваць комплексную праграму выпуска і распаўсюджвання літаратуры, уключаючы выданне літаратурнай спадчыну, беларускай класікі, перакладной літаратуры. Вывучыць магчымасць і прыняць рашэнне пра мэтазгоднасць павелічэння перыядычнасці альманахаў «Братэрства», «Далягляды». (1987 год; адказны — Дзяржкамдрук БССР). Другое даручэнне: «Увайсці ў Саюз пісьменнікаў СССР з прапановамі аб упарадкаванні структуры літаратурных часопісаў, іх аб’ёмаў, штатаў, ганарараў і рашэнні іншых пытанняў» (1987 год; Саюз пісьменнікаў БССР). Як бачым, за вырашэннем пытанняў трэба было звяртацца ў Маскву. І шмат што залежыла ад саміх пісьменніцкіх саюзаў — і СССР, і БССР таксама. 

Народны пісьменнік БССР Іван Пятровіч Шамякін, які на той час займаў пасаду кіраўніка беларускага энцыклапедычнага выдавецтва, выказаўся вось за што: «Рэдакцыі літаратурна-мастацкіх часопісаў, газеты „Літаратура і мастацтва“ знаходзяцца ў дрэнных памяшканнях». Рашэнне выпісалі наступнае: «Забяспечыць кантроль за вырашэннем пытанняў, звязаных з праектаваннем і будаўніцтвам ў бягучай пяцігодцы будынка для размяшчэння рэдакцый часопісаў «Полымя», «Неман», «Беларусь», «Мастацтва Беларусі». Меркавалася, што на працягу 1987 — 1990 гг. аддзелы будаўніцтва і гарадской гаспадаркі , культуры ЦК КПБ, народнай адукацыі і культуры Упраўлення Справамі Савета Міністраў БССР. Што ж, пытанне сапраўды няпростае. І вырашыць яго не змаглі. Мінулася ўжо болей трыццаці гадоў, а рэдакцыі літаратурна-мастацкіх выданняў усё яшчэ ў тых самых, кажучы словамі Івана Пятровіча, «дрэнных памяшканнях». 

Яшчэ адзін клопат «ад Шамякіна»... «Ненармальна, што Дзяржаўныя прэміі БССР прысуджаюцца раз у два гады. Трэба як і Ленінскія, Дзяржаўныя прэміі СССР, РСФСР, Украінскай ССР прысуджаць іх штогод». Даручэнне наступнае: «Вывучыць і ўнесці меркаванні ў Савет Міністраў БССР. 1987 г. Камітэт па Дзяржпрэміях БССР у галіне літаратуры і мастацтва». 

Сярод тых, чые прапановы ўключылі ў шэраг іншых пунктаў «Мерапрыемстваў па рэалізацыі...», — і старэйшы пісьменнік Максім Лужанін (Аляксандр Амвросьевіч Каратай; нарадзіўся ў лістападзе 1909 года ў вёсцы Прусы Слуцкага павета. Паэт, празаік, кінадраматург, перакладчык, літаратурны крытык. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР. У 1987 годзе яму ўжо пайшоў 78-ы год...). Вось на чым ён закцэнтаваў увагу: «У нас няма ні музея, ні помніка Ф. Скарыну. У г. Мінску яго імем назвалі вуліцу, дзе размешчаны ўсяго адзін будынак, ды і той мае вельмі непрыглядны выгляд...» Міністэрству культуры БССР даручылі: «Прапрацаваць гэтыя пытанні ў працэсе падрыхтоўкі рэспубліканскай праграмы манументальнай прапаганды». І яшчэ даручэнне — цяпер ужо Мінгарвыканкаму: «Разгледзець магчымасць прысваення імя Ф. Скарыны адной з добраўпарадкаваных вуліц г. Мінска». Максім Амвросьевіч выклаў яшчэ адну ідэю: «Да гэтага часу мы аддаём эмігрантам Алеся Гаруна. Ён не напісаў ні радка супраць Савецкай улады. Трэба, каб ён заняў месца ў страі. Трэба разгледзець пытанні рэабілітацыі Жылуновіча і Ігнатоўскага». Запіс ў «Мерапрыемствы...» даволі асцярожны: «Вывучыць гэтыя пытанні і ўнесці прапановы ў ЦК КПБ». Заданне — Камісіі партыйнага кантролю пры ЦК КПБ, Інстытуту гісторыі партыі пры ЦК КПБ, аддзелам навукі і навучальных устаноў, культуры ЦК КПБ, АН БССР, Саюзу пісьменнікаў БССР... Паэт, празаік, драматург, публіцыст, грамадскі дзеяч Алесь Гарун (1887 — 1920) пачаў друкавацца ў газеце «Наша ніва» яшчэ з 1907 года. Аўтар кнігі «Матчын дар» (1918). У 1988 годзе ў «Мастацкай літаратуры» выходзіць факсімільнае выданне зборніка «Матчын дар». Пасля — «Сэрцам пачуты звон» (у 1990 годзе ў серыі «Спадчына»; таксама — у «Мастацкай літаратуры»). У Фрунзенскім раёне сталіцы імем Алеся Гаруна названа адна з вуліц. У 1991-м літаратаразнавец Уладзімір Казбярук выдаў кнігу пра А. Гаруна — «Светлай волі зычны звон». 

Празаік Васіль Гігевіч (нарадзіўся ў 1947 годзе) — сакратар партыйнай арганізацыі СП БССР. Вось як ён агучыў адну з праблем: «Сакратар партыйнай арганізацыі Саюза пісьменнікаў БССР павінен быць вызваленым, а пакуль ён працуе па сумяшчальніцтву. Ідзе рэзкае старэнне партыйнай арганізацыі Саюза пісьменнікаў БССР — з 150 камуністаў ва ўзросце да 35 гадоў толькі 1 чалавек. Патрэбна даць магчымасць нашай партарганізацыі адразу прыняць некалькі членаў Саюза пісьменнікаў БССР кандыдатамі ў члены КПСС без абмежаванняў з боку райкама партыі». Даручэнне прапісалі аддзелу арганізацыйнай работы ЦК КПБ, Партызанскаму райкаму КПБ г. Мінска, партбюро СП БССР зусім канкрэтнае: «Прыняць меры па росту шэрагаў партыйнай арганізацыі СП БССР за кошт найболей дастойных членаў творчага саюза. Унесці прапанову пра вылучэнне стаўкі вызваленага сакратара партбюро ў адпаведныя партыйныя органы». 

Празаік Сачанка Барыс Іванавіч унёс прапанову наступнага характару: «У свой час для пісьменнікаў праводзіліся семінары, на якіх мы сустракаліся з кіраўнікамі рэспублікі і на калгасных фермах, і ў Акадэміі навук... Такую практыку варта было б прадоўжыць». Рашэнне таксама прапісалі канкрэтнае: «Штогод планаваць сустрэчы кіруючых работнікаў партыйных, савецкіх, камсамольскіх, прафсаюзных органаў рэспублікі, спецыялістаў народнай гаспадаркі, міністраў з творчай інтэлігенцыяй, а таксама азнакамляльныя паездкі на прадпрыемствы, ва ўстановы навукі, калгасы і саўгасы». 

Паэтэса Яўгенія Янішчыц агучыла дзве актуальных для пісьменніцкай грамадскасці тэмы. Першая: «Забыліся на добрую форму работы — правядзенне аб’яднаных семінараў творчай моладзі». ЦК ЛКСМБ, творчым саюзам прапісваецца даручэнне з 1987 года: «Узнавіць рэспубліканскія семінары творчай і навуковай моладзі». Другая прапанова маладой і ўжо знакамітай на той час паэтэсы: «Не апраўдала сябе практыка, калі прэміі Ленінскага камсамола Беларусі прысуджаюць толькі тым, хто маладзейшы 35 гадоў. Гэта памылка. Камсамольскімі прэміямі павінны адзначацца баявыя, хвалюючыя моладзь, творы старэйшых паэтаў». Запіс у частцы рашэнняў: «Разгледзець гэта пытанне ў ЦК ЛКСМБ...» 

Не меней, як сёння, пісьменнікаў хвалявала тэма падпіскі на літаратурна-мастацкія выданні. Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Анатоль Грачанікаў выказаўся наконт гэтага такім чынам: «Патрэбна, каб беларускія часопісы пайшлі ў школы, ПТВ, бібліятэкі. Часопіс „Рабочая смена“ аддзелены ад пісьменіцкай арганізацыі нейкім бар’ерам. Пісьменніцкая арганізацыя на яго ўплыву не аказвае, як і часопіс на маладых пісьменнікаў». Гэта не выпадковая заўвага. «Рабочая смена» (з 1988 года ў выдання іншая назва: «Парус»; наклад часопіса даходзіў да 1 000 000 экзэмпляраў) была арыентавана на навучэнцаў тэхнікумаў, ПТВ, студэнтаў першых курсаў універсітэтаў і інстытутаў. На старонках выдання друкаваліся фантастычныя апавяданні... Аддзелу культуры і народнай адукацыі Упраўлення Справамі Савета Міністраў БССР, міністэрствам культуры, асветы, ВНУ, Дзяржпрафадукацыі БССР даручылі: «Вывучыць пытанне і прыняць меры па павелічэнню падпіскі на літаратурна-мастацкія і дзіцячыя часопісы». І яшчэ адно даручэнне — цяпер ужо праўленню, партбюро СП БССР: «Распрацаваць і ажыццявіць канкрэтную праграму ўдзелу членаў СП БССР у прапагандзе сярод насельніцтва рэспублікі беларускіх літаратурных часопісаў». 

Сваё бачанне творчых праблем, пісьменніцкіх клопатаў будучы народны паэт Беларусі, а на той час — першы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР Ніл Гілевіч выклаў вось як: «У нас усяго дзве літаратурныя прэміі, а на Украіне болей 15. Просім усталяваць яшчэ дзве штогадовыя прэміі Саюза пісьменнікаў. У грашовых адносінах дзве, а назваў ці найменняў у іх будзе пяць. Гэта значыць, што кожны год будуць прысуджацца дзве з пяці прэмій у залежнасці ад таго, у якім жанры лепшая кніга з’явілася — у дзіцячай літаратуры, мастацкім перакладзе, крытыцы, публіцыстыцы. Было б правільным, па прыкладзе іншых саюзных рэспублік, усталяваць адну ці дзве калгасных прэміі за высокамастацкую літаратуру пра жыццё вёскі». Вердыкт наступны: «Разгледзець пытанне згодна ўсталяванаму парадку». Выканаўцы — аддзел культуры і народнай адукацыі Упраўлення Справамі СМ БССР, Дзяржаграпрам БССР. 

«Трэба адпаведным чынам адзначыць юбілей П. Панчанкі», — такая прапанова прагучала ад народнага пісьменніка БССР В. У. Быкава. Адказным ЦК КПБ вызначыў... Саюз пісьменнікаў БССР. Відаць, за гэтай лаканічнасцю было нешта большае, чым толькі падказка партыйнаму кіраўніцтву не забыцца на юбілей яркага грамадзянскага паэта, сапраўднага мастака слова, які на той час працаваў у беларускай літаратуры болей паўвека... Да 1987 года Пімен Панчанка меў званне народнага паэта БССР. За кнігу «Пры святле маланак» паэт быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Янкі Купалы, за кнігу вершаў «Где ночует жаворонок» (Масква, 1979 год) — Дзяржаўнай прэміяй СССР (1981). У 1981 — 1983 гг. выйшаў Збор твораў Пімена Панчанкі ў чатырох тамах. Меў і дзяржаўныя ўзнагароды — ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі, ордэн Айчыннай вайны II ступені, два ордэны «Знак Пашаны», тры ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга... Па вялікаму рахунку, зыходзячы з масштаба творчай асобы, уплываў яго твораў на чытача, грамадскага розгаласу ад асобных яго вершаў, Пімен Панчанка быў варты адзнакі вышэйшым на той час званнем — званнем Героя Сацыялістычнай Працы... Магчыма, гэта якраз і меў на ўвазе сваёй сціплай заўвагай Васіль Уладзіміравіч Быкаў, які на той час ужо быў Героем Сацыялістычнай Працы?.. І ўсё ж 21 жніўня 1987 года вялікі беларускі паэт сучаснасці Пімен Емяльянавіч Панчанка быў узнагароджаны ордэнам Леніна. Відаць, у ЦК на асобу паэта, яго месца ў айчыннай культуры, у беларускім грамадстве быў свой уласны, свой партыйны погляд...

Віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук БССР празаік, літаратуразнавец Іван Навуменка вынес такую прапанову: «У кожнага пісьменніка ёсць свой раён, які ён добра ведае. Трэба пасылаць пісьменніка туды месяцы на 2-3, ад гэтага будзе карысць. Трэба ўвесці практыку сацыяльнага заказа ў Саюзе пісьменнікаў БССР, у часопісах». Рашэнне: «Разгледзець гэтую прапанову і прыняць меры па яе рэалізацыі». Адказны — Саюз пісьменнікаў БССР... Па вялікаму рахунку, ды і па малому — таксама, наўрад ці што і было зроблена ў гэтым накірунку... 

Кінарэжысёр Алег Белавусаў выступіў з наступнай прапановай: «...аб правядзенні штогадовага Усесаюзнага фестываля мультыплікацыйных фільмаў на базе аднаго з калгасаў ці саўгасаў кожнай вобласці». Даручэнне далі Дзяржкіно БССР, Саюзу кінематаграфістаў БССР: «Вывучыць магчымасць, распрацаваць палажэнне аб фестывалі, прапрацаваць пытанні яго матэрыяльнага і і ідэалагічнага забеспячэння. Увайсці з адпаведнымі дакументамі ў ЦК КПБ, Дзяржкіно СССР, Саюз кінематаграфістаў СССР». 

... Многія прапановы, якія былі агучаны і запратакаліраваны ў ЦК Кампартыі Беларусі, і зараз, праз 35 гадоў, маюць актуальнасць. Нягледзячы на тое, што, здавалася б, час развіваецца так імкліва. Нягледзячы на тое, што за мінулыя дзесяцігоддзі вырасла зусім новае пакаленне. Ці нават — пакаленні. І пісьменнікаў, і чытачоў...

Кастусь ЛЕШНІЦА

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.