Вы тут

Не проста крама, а канцэпт-стор


Кароткая перадгісторыя

Праект, як вядома, мае на ўвазе імпартазамяшчэнне. Ідэя ўвогуле ляжала на паверхні, асабліва пасля сыходу з Беларусі еўрапейскіх брэндаў, якія былі запатрабаваныя спажыўцом і прапаноўвалі шырокі асартымент самага рознага прыгожага і якаснага хатняга начыння і наогул усяго, што аблягчае быт і «ў гаспадарцы спатрэбіцца». Летась, якраз вясной, дацкая сетка Jysk абвясціла аб намеры зачыніць свае крамы ў нашай краіне. Выстраіліся чэргі... Праўда, праз некаторы час крамы яшчэ раз адчынілі дзверы — для распродажу рэшткаў, але потым пра тавары сеткі Jysk (брэнд з 2016 года паспеў адкрыць у нашай краіне 10 крам: у сталіцы, а таксама ў Мінскім раёне, Брэсце і Гродна, Магілёве, Бабруйску, Маладзечна і Пінску) беларусам давялося забыцца на нявызначаны тэрмін. Следам пакінуў Беларусь і шведскі брэнд ІKEA — уласна, увоз тавараў кампанія прыпыніла таксама вясной, а летам перасталі працаваць і анлайн-маркеты. Zara Home ў Беларусі засталася, і менавіта з ёй сёння трэба будзе канкурыраваць будучай сетцы «Да дому», першая ластаўка якой — канцэпт-стор у «Дана Моле».


Ідэя «Да дому» нарадзілася якраз мінулым летам (калі абнаўлялі беларускі павільён ВДНГ), як распавяла журналістам старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна, анансуючы ў верасні 2022-га будучае адкрыццё крамы. Вывучыўшы пытанне, спецыялісты вырашылі, што вытворцаў якаснага і прыгожага хатняга начыння ў нас дастаткова. Тавару хапіла б і на 500 квадратных метраў гандлёвай плошчы, як задумвалася спачатку, але адзін з самых папулярных у сталіцы гандлёвых цэнтраў пакуль прапанаваў у якасці «пробнага шара» плошчу ў 250 м2. Там і размясцілася 10 тысяч найменняў айчынных тавараў для дому ад дзясяткаў вытворцаў — ад буйных прадпрыемстваў (брэнды Blakіt, Добрушскі фарфоравы завод, «Стужка», «Беларускі лён», «Віцебскія дываны», «Світанак», «Палессе», «Белмастацкераміка» і г. д.) да рамеснікаў.

Да дому, да хаты

Фактычна «Да дому» ў «Дана Моле» — гэта не проста крама, а канцэпт-стор. Што гэта за «звер», растлумачым для тых, хто крыху не ў тэме. Аказваецца, канцэпт-стор — гэта не буцік, а своеасаблівая мультыбрэндавая «пячора Аладзіна», дзе ёсць усё: ад прадметаў інтэр’еру да адзення, тэкстылю, прыгожых дробязяў і дызайнерскіх рэчаў. Аб’ядноўвае ўсё гэта пэўная тэма, ідэя, атмасфера і дызайн. То-бок тавары падбіраюцца ў межах абранага погляду на стыль і ў цэлым на жыццё. Канцэпт-сторы, зыходзячы з задумкі, павінны прадстаўляць пакупніку лімітаваныя лінейкі і ўнікальныя рэчы (дарэчы, некаторых прадстаўленых у «Да дому» тавараў няма ў фірменных крамах вытворцаў, іх можна купіць толькі тут).

Закладзеная ў аснову канцэпцыі крамы творчая ідэя адчуваецца адразу каля ўвахода ў гандлёвую прастору. Гэта модны цяпер мінімалісцкі стыль інтэр’еру плюс нацыянальны каларыт. Тут спадабаецца тым, каму блізкае вырашэнне інтэр’ераў з пазіцый прысутнасці ў доме адкрытай прасторы і сонечнага святла. Лаканічнасць, спакой і прастата наогул гістарычна блізкія, як мне здаецца, разуменню прыгажосці і ўтульнасці беларусамі і ў гэтым яно (тое самае разуменне прыгажосці «па-нашаму») сугучнае актуальнаму сёння скандынаўскаму стылю. Нічога дзіўнага — такі стыль асабліва арганічны ў рэгіёнах, дзе звышдастаткова халодных пахмурных дзён, а ў нас — якраз такі клімат. Такім чынам, светлая і вольная прастора, прахалодныя тоны, а таксама натуральныя (шэры, белы, пастэльны блакітны, мятны, лавандавы, ружовы, карычневыя і пясочныя адценні). На гэтым фоне можна расставіць яркія колеравыя акцэнты. Дызайн дапаўняюць утульны тэкстыль, простыя формы і стрыманы лаканічны дэкор плюс перавага натуральных матэрыялаў. Менавіта прыхільнікі такога разумення прыгажосці інтэр’еру застануцца задаволеныя, пабываўшы ў «Да дому». І, дарэчы, такое разуменне прыгажосці, як аказалася, блізкае мінскім пакупнікам. Нават у першай палове буднага дня ў краме дастаткова наведвальнікаў.

— У выхадныя вельмі шмат людзей цэлы дзень, — распавяла прадавец. — А адразу пасля адкрыцця кожны дзень быў як выхадны па колькасці наведвальнікаў і пакупнікоў.

Пакуль «Да дому» адзін, але ўжо відавочна, зыходзячы са спажывецкай цікавасці, што такіх крам павінна стаць больш — напэўна, сетка будзе развівацца па Мінску і па ўсёй Беларусі, упэўненая дзяўчына.

Разгледзім дэталі

Яшчэ адзін фактар, які выклікае прыхільнасць да новай крамы, — даступныя цэны. Многія пазіцыі — у разы таннейшыя за імпартныя аналагі. З самых дарагіх — мабыць, пасцельная бялізна (ад 230–270 рублёў набор з натуральнага лёну), а лідзіруе кілім з натуральнай аўчыны (каля 700 рублёў). Але вось жакардавы дыванок экалагічных расфарбовак ад ААТ «Віцебскія дываны», напрыклад, абыдзецца ў залежнасці ад памеру ў 33–53 рублі. Здаецца, такіх цэн сёння ўжо не бывае.

— Дыванкі ў нас разлятаюцца як гарачыя піражкі, — распавяла прадавец.

Удакладнім: 33,73 — дыванок памеру 80×150, 53 рублі з капейкамі — дыван памерам большы. Такія кілімкі вельмі лёгка чысцяцца: і пыласосам, і проста венікам або шчоткай, таму іх часта купляюць у прыхожую. Некаторыя расфарбоўкі ўпішуцца і на кухню — у абедзенную зону.

Дарэчы, пра кухню. Надзвычай мілая кераміка з Радашковіч (ААТ «Белмастацкераміка») не б’е па кішэні: напрыклад, цукарніца — 19,60, а чайны кубачак — наогул 4 рублі 58 капеек. А яшчэ тут можна купіць тыя самыя гліняныя збанкі, у якіх так цудоўна гатаваць парцыённую смажаніну ў духоўцы. Каштуюць яны крыху больш за дзясятку. Збанкі з палівай апетытных, «смачных» карамельных колераў. Талерка дызайнерскай формы стане вашай за 8 рублёў, вазачка — за 18. Святочнае вялікае блюда будзе каштаваць крыху больш за дваццаць рублёў. Падсвечнік — 16. Сімпатычная талерка з хвалістымі бакамі — 8, але ёсць талеркі і наогул за 2 BYN. 8 рублёў каштуе і кубак. Ваза вышынёй крыху менш за 40 см абыдзецца ў 43 рублі. 

А ваза крыху меншая — Br18.

Тэкстыль — падстава для асобнай размовы. Парцьеру 250×270, лён напалову з бавоўнай ад Аршанскага льнокамбіната, у «Да дому» можна купіць за 73,20. Натуральны плед (125 на 200) — за 134,44, ёсць трохі таннейшыя і даражэйшыя. Расфарбоўкі і фактуры самыя розныя: вочы разбягаюцца і хочацца набыць адразу ўсё. Ёсць і ў пастэльных тонах, і тыя, што стануць каляровым акцэнтам. Набор пасцельнай бялізны (чысты лён) у залежнасці ад памераў — ад 250 да 370 рублёў. Затое льняны ручнік будзе каштаваць ад 8 да 9–10 рублёў. А сучасны аналаг класічнага беларускага ручніка (праўда, без вышыўкі) — ён чамусьці на этыкетцы названы «Дарожка дэкаратыўная» — абыдзецца ў 19,62. Калі любіце крэатывіць самі, тут жа можна купіць на аздабленне самыя розныя карункі — імітацыю даматканых. Выглядае выдатна. 14,40 маточак.

З тавараў, якія працуюць на нацыянальны каларыт, хочацца яшчэ адзначыць, напрыклад, розныя віды гарбаты з Белавежскай пушчы, а таксама букецікі сухіх раслін і духмяныя сашэ (шалфей, лаванда, чабор). За букецік прапануецца аддаць 7 рублёў, за сашэ (духмяны мяшочак, яго можна пакласці ў шафу, дзе захоўваецца бялізна, або пакінуць на паліцы з кнігамі) — 8 руб. Здаецца, крышачку шкада столькі за гэткую дробязь, але многія набываюць, расказалі прадаўцы.

Што яшчэ сказаць пра «Да дому»? Ёсць цэлы стэлаж з таварамі для лазні, калі хто любіць папарыцца — а любяць многія. У асартыменце нават венікі — бярозавы і эўкаліптавы (другі, зразумела, даражэйшы за першы). Ёсць хатняе адзенне (самы, напэўна, дарагі варыянт — трыкатаж ад ААТ «Палессе» — 218 руб. 76 кап.) і піжамы (напрыклад, ад ЗАТ «Калінка» — 124 рублі). Тэпцікі — 42,55. Ёсць патэльні, жароўні і рондалі з антыпрыгарным пакрыццём, цэны на гэтыя пазіцыі — не вышэй і не ніжэй ад чаканняў (невялікая патэльня ад ВПУП «Вікторыя» — 50,42, жароўня большага памеру — 85 з капейкамі).

Такім чынам, выснова: ці варта пабываць у «Да дому»? Адназначна варта. Застаецца толькі дадаць, што ў краме дзейнічаюць карткі растэрміноўкі — «Халва» і «Карта пакупак». І гэта таксама працуе ёй у плюс.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.